Меркаванні5252

Мікола Бугай: Мышыная валтузня — гэта не палітыка

Разрываўся паміж опцыямі, як падгуляць рэжыму, піша Мікола Бугай. Вырашыў зрабіць гэта, адказаўшы Юрасю Губарэвічу.

Перадвыбарчая ўлётка кааліцыі «Латушка і «Рух за Свабоду» на выбарах у Каардынацыйную раду 2026 года. Фота: Наша Ніва

Заракаўся я пісаць пра гэтыя выбары ў Каардынацыйную раду, бо і мне, і ўсім маім сябрам у Беларусі яно фіялетава, але вымушаны ўсё ж уставіць свае пяць капеек. Спакусіў мяне Юрась Губарэвіч, лідар руху «За свабоду» і ўдзельнік Каардынацыйнай рады, які напісаў у фэйсбуку:

«Знаходзячыся ў прававым поле ЕС, вельмі цяжка разрывацца паміж дзвюма опцыямі: жаданнем падгуляць (адпрацаваць замову?) рэжыму і магчымасцю адгрэбці ў судзе за распаўсюд недаставернай інфармацыі (любыя супадзенні выпадковыя)».

Празрысты намёк на публікацыю «Нашай Нівы», у якой мы звярнулі ўвагу, што верыфікацыю выбарцаў даверылі кампаніі з расійскімі каранямі і гісторыяй выцекаў.

Бачыць змову ва ўсім, што не супадае з тваёй пазіцыяй ці з тваімі інтарэсамі, — няправільна.

Калі камусьці нешта недаспадобы, гэта не значыць, што нехта робіць тое са злым намерам. І на пратэсты за грошы выходзілі, ага.

Юр'ю, усё проста. Як толькі Павел Лібер назваў кампанію, наш журналіст рашыў праверыць, а што за яна.

Гэта наша задача як СМІ — правяраць усё, што мы можам праверыць. Нам за гэта людзі данацяць, а не за агітацыю за шчасце.

Вядома, лепш было б, каб тая публікацыя з’явілася раней, ну але Лібер у інтэрв'ю назваў кампанію тады калі назваў — 7 мая, напярэдадні выбараў. Журналісты ж не тэлепаты.

Наша справа — папярэдзіць. Справа арганізатараў — рашаць, што рабіць з тым, што выявілі журналісты. Мяркуеце вы, што нармальна давяраць праверку дакументаў Sumsub-у — надзейны ён, прапанаваў ён самы выгадны па спалучэнні цаны і якасці варыянт — ну ок.

Не СМІ вінаватыя ў тым, што ў выбарах у КР мала людзей удзельнічае. Проста немагчыма дасягнуць масавага ўдзелу выбарцаў у такіх выбарах ва ўмовах масавых рэпрэсій.

Не СМІ — ваша праблема, ды і ўвогуле праблемы не ў тым, у чым вы іх бачыце.

Нешматлікасць удзельнікаў адкрывае прастору для маніпуляцый. Спецслужбам не складана загадаць пяці сотням ідэолагаў прагаласаваць. Тэхнічнай магчымасці адхіліць такія галасы няма — у нас жа таямніца галасавання, дый што, не грамадзяне Беларусі яны? — а волевыяўленне будзе кардынальна скажоным. І пасля будзеце думаць, як выкручвацца і што тлумачыць грамадству, калі самы нягеглы выбарчы спіс раптам давядзецца абвяшчаць нібыта пераможцам.

Гэта ж вам не праймерыз у еўрапейскіх краінах і ЗША, ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі, якія праходзяць з удзелам вялікай масы людзей і з выкарыстаннем звычайнай сеткі выбаркамаў.

Або іншая патэнцыйная міна запаволенага дзеяння. Звычайныя людзі ўхіляюцца ад удзелу ў выбарчых камісіях такіх кампаній, як КР, бо спецслужбы з радасцю прасоўваюць сваю агентуру на любыя такія пасады. Гісторыя Мельнікавай стала дзікай дыскрэдытацыяй і павінна была навучыць нават тупых. Але праблема ў тым, што механізмаў прадухілення такой інфільтрацыі проста не існуе ў нашых умовах.

Магчыма, КР і трэба. Не бачу практычнага сэнсу ў ёй, але вам, палітыкам, відней: лічыце, што яна вам трэба, захоўвайце яе. Можа, насамрэч рэзалюцыі пра сітуацыю ў Венесуэле выглядаюць для вас больш прадстаўнічымі, калі прымаюцца менавіта ад імя «протапарламенту». Аднак ці трэба выбары, калі на іх ніхто не хоча галасаваць?

Структуры для каардынацыі дзеянняў грамадства і для рэпрэзентацыі Беларусі патрэбныя, але фарміраваць на гэтым этапе іх лепш па нейкім іншым прынцыпе, больш рэалістычным. 

Не спрацавала прыгожая задума ўсеагульных выбараў у КР? Значыць, шукайце іншыя спосабы арганізаваць працэс адбору дэлегатаў. Іначай праз два гады колькасць выбарцаў зраўняецца з колькасцю ахвотных абрацца ў КР. 

Кангрэс дэмакратычных сілаў складалі прадстаўнікі ад рэальных, правераных справамі структур і асяродкаў. І неяк структура працавала. А вось праймерыз нават у больш спрыяльных умовах 2020‑га ўшчэнт праваліліся. Праймерыз прайшлі, час патрацілі людзі, грошы патрацілі, а кандыдат з іх не вырас. Каму як не Юр’ю Губарэвічу пра тое памятаць. Вось не думаў я, што мне з ім некалі давядзецца палемізаваць.

Два гады таму я пісаў, і гэта застаецца актуальным:

«Дзеля чаго мабілізоўвацца цяпер? Ва ўмовах рэпрэсій, якія ні беларускае грамадства, ні яго заходнія саюзнікі не могуць ні спыніць, ні нават змякчыць, людзі імкнуцца зберагчыся і зберагчы па максімуме. І такі падыход — рацыянальны. Нерацыянальна ў такіх умовах, наадварот, было б падстаўляць усё новых людзей пад рэпрэсіі. Гэта то нічога нікому не дае.

Цяпер самы час, каб ціха множыць любыя нягучныя, непублічныя, няпафасныя справы, якія дапамагаюць Беларусі заставацца беларускай, а беларусам — заставацца беларусамі, жыць і працаваць. Часы мяняюцца, і палітыка таксама мусіць мяняцца разам з імі».

Каментары52

  • Хівук - Несьцерчук
    12.05.2026
    справаздачацца перад спонсарамі
  • П-ц
    12.05.2026
    Але ж у гэтую мышыную вазню валяць грошы, а чаму б некаторым асобам не пагуляць у палітыку за чужой кошт?
    Тым больш, што "мельнікавы" ужо з галавой ў справе КР, дый супрацоўнікам кдб нічога не замінае прагаласаваць з пашпартам прыкрыцця, каб стварыць кучнасьць выбаршчыкаў
  • Tut
    12.05.2026
    Гучыць як: "давайце прызнаем, што лукашэнка перамог, спынім палітычную барацьбу і дзейнасць офісу, АПК і КР"

Цяпер чытаюць

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме1

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

Усе навіны →
Усе навіны

Арменія збіраецца ў найбліжэйшы час падаць заяўку на ўступленне ў ЕС5

«Усе, хто хацеў, працу знайшлі». Як жывуць беларускія айцішнікі ў Латвіі4

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?11

Мужчына думаў, што знайшоў добрую вакансію на нафтавай платформе ў Нарвегіі, але страціў грошы

«Кладзём на сумленне!» Чым жыве Вадзім Галыгін12

«Украіна іншая і свайго не аддасць». Зяленскі павіншаваў краіну з Днём незалежнасці5

Арцыбіскуп Кандрусевіч вярнуўся да службы пасля месяца лекавання2

«Палёт замест пяці гадзін заняў дзесяць». Сям’я футбаліста Аляксандра Глеба не без прыгод даляцела да Стамбула12

На рынку ёсць незвычайная альтэрнатыва студыям і брэжнеўкам. Што такое бізнэс-апартаменты, якія ў іх плюсы і мінусы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме1

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць