У «Аземпіка» з'явіўся сур'ёзны канкурэнт. Амерыканцы ўжо часцей купляюць менавіта гэты прэпарат для пахудзення
Яшчэ год таму дацкая фармацэўтычная кампанія Novo Nordisk лічылася безумоўным лідарам у галіне прэпаратаў для пахудзення. У чэрвені 2024 года яе акцыі былі на піку, вырасшы на амаль 300% за тры гады. Аднак толькі за апошні год яны ўпалі на 60%. У чым прычына?

Дацкая фармацэўтычная кампанія Novo Nordisk першай выйшла на рынак з ін’екцыйным прэпаратам для лячэння дыябету, і ў хуткім часе назва «Аземпік» стала сінонімам новага класа папулярных прэпаратаў для пахудзення.
Але канкурэнцыя пачала даганяць, новыя выпрабаванні лекаў расчаравалі, акцыі кампаніі ўпалі, а ў маі 2025 года яе генеральны дырэктар пакінуў пасаду. На гэтым тыдні акцыі кампаніі ўпалі больш чым на 60 мільярдаў еўра пасля таго, як яна апублікавала прагноз аб зніжэнні продажаў і прыбытку.
Як піша The Financial Times, асноўным фактарам заняпаду лічыцца імклівы рост Eli Lilly, амерыканскага канкурэнта, якому ўдалося выпусціць больш эфектыўныя прэпараты — Mounjaro і Zepbound. Клінічныя даследаванні паказалі, што гэтыя сродкі забяспечваюць большае зніжэнне вагі (21% у Mounjaro супраць 16% у Wegovy) і маюць менш пабочных эфектаў.
У ліпені 2025 года, паводле даных аналітычнай кампаніі IQVIA, у ЗША колькасць рэцэптаў на Mounjaro ад Eli Lilly склала 622 000 у тыдзень, перасягнуўшы Ozempic ад Novo Nordisk (607 000). Таксама Zepbound абышоў Wegovy па колькасці рэцэптаў. Упершыню доля рынку Ozempic у гэтай катэгорыі лекаў упала ніжэй за 50%, што стала важным псіхалагічным і рынкавым рубяжом для Novo Nordisk.
Аналітык Эмілі Філд з Barclays называе падзенне долі рынку Novo Nordisk «павольнай аўтакатастрофай», бо Eli Lilly не толькі захапіла лідарства ў продажах, але і апярэдзіла ў распрацоўцы новых лекаў.

Памылкі стратэгіі і маркетынгу
Яшчэ адна прычына ў тым, што Novo Nordisk не была гатовая да маштабаў попыту. Кампанія абапіралася на прагнозы продажаў, заснаваныя на менш эфектыўным прэпараце Saxenda, і не змагла своечасова павялічыць вытворчасць сваіх новых хітоў, што прывяло да дэфіцыту і страты часткі рынку.
Калі пацыенты і лекары сутыкаліся з недахопам Ozempic і Wegovy, яны пераходзілі на прадукты Eli Lilly або даступныя рэплікі. Хоць Novo Nordisk пазней набыла заводы Catalent для павелічэння вытворчасці, ранняя памылка ў прагназаванні попыту мела працяглыя наступствы. У той жа час Eli Lilly хутчэй вырашыла свае праблемы з пастаўкамі.
Novo Nordisk спазнілася і з разуменнем новай дынамікі рынку, дзе спажыўцы ўсё часцей гатовы абмінаць страхаванне і купляць прэпараты самастойна. Яна арыентавалася на продаж інсулінавых сродкаў праз дактароў, а не на прамую працу з пацыентамі і медыйны маркетынг.
Eli Lilly, наадварот, хутка зразумела гэтую дынаміку і запусціла платформу LillyDirect у студзені 2024 года для прамых продажаў пацыентам па даступных цэнах. Novo Nordisk, у сваю чаргу, адрэагавала толькі ў сакавіку з аналагічнай платформай NovoCare.
Культурны фактар і няўдача новай распрацоўкі
Культурны фактар таксама адыграў сваю ролю. Паводле аналітыка BMO Capital Markets Эвана Сейгермана, Eli Lilly як амерыканская кампанія лепш разумела тонкасці рынку ЗША. У той час як Novo Nordisk спрабавала адначасова выходзіць на розныя міжнародныя рынкі, Eli Lilly сканцэнтравалася на аптымізацыі ў ЗША.
У снежні 2024 года акцыі Novo Nordisk рэзка ўпалі пасля таго, як кампанія апублікавала вынікі выпрабаванняў свайго новага ін’екцыйнага прэпарата для пахудзення CagriSema.
Аналітыкі абвінавацілі кампанію ў празмернай самаўпэўненасці: яна абяцала сярэдняе зніжэнне вагі на 25%, але не папярэдзіла, што пацыенты маглі самастойна рэгуляваць дозу, што паўплывала на эфектыўнасць. У выніку ўдзельнікі выпрабаванняў страцілі ў сярэднім 23% вагі.
Аднак, як заўважаюць эксперты, нават з улікам праблем рынак застаецца гіганцкім: больш за мільярд чалавек ва ўсім свеце пакутуюць ад залішняй вагі. Гэта дае шанец на аднаўленне. Унутры кампаніі ёсць разуменне, што патрэбна пераарыентацыя на спажыўца, і некаторыя крыніцы кажуць пра энтузіязм у пошуку новай стратэгіі.
Аднак з улікам канкурэнцыі не толькі з боку Eli Lilly, але і такіх вытворцаў, як Roche, Amgen, AstraZeneca, дацкай фармацэўтычнай кампаніі Novo Nordisk давядзецца дзейнічаць хутчэй, смялей і больш гнутка, каб вярнуць страчанае лідарства.
З Беларусі сышла кампанія Novo Nordisk. Што цяпер будзе з пастаўкамі інсуліну?
У ЗША ін'екцыі для пахудання афіцыйна ўхвалілі ў якасці лекаў пры сардэчных захворваннях
Дацкі фармгігант захоплівае свет лекамі ад атлусцення, але эканоміка Даніі пад пагрозай. Як так?
Белавешкін: «Аземпік» проста інструмент, а не нейкі цуд, які ўсім універсальна падыходзіць
Каментары