«Шкада, што людзі мяне лічаць такім ідыётам». Дзядок расказаў, як яго змаглі высачыць пасля пяці месяцаў падполля
Анархіст Мікола Дзядок у 2020 годзе амаль паўгода жыў у падполлі, хаваючыся ад сілавікоў. 12 лістапада 2020 ён быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа на кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна. У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» Дзядок расказаў, што адчувае чалавек, які хаваецца на працягу доўгага тэрміну, які ў яго быў план і як яго змаглі вылічыць.

Адной з распаўсюджаных версій затрымання Міколы Дзядка з'яўляецца версія, што ён нібыта прыехаў на спатканне ў Мінск, трапіў на камеры і быў распазнаны сістэмай «Кіпод».
«Мне шкада, што мяне людзі лічаць такім ідыётам», —
заўважае Мікола і згадвае:
«Я не ездзіў у Мінск на спатканне са сваёй дзяўчынай, таму што цудоўна разумеў, што за ёй, хутчэй за ўсё, будуць сачыць. Бо тое, што я ў вышуку, я бачыў праз вялікую процьму крыніц. Там проста такія ўжо хады рабілі губазікаўцы, гэта проста можна шпіёнскае кіно здымаць… Я сустрэўся з іншай дзяўчынай, са сваёй сяброўкай».
Дзядок губляецца ў здагадках, як яго маглі вылічыць. Хутчэй за ўсё, яго зафіксавалі камеры на станцыі метро «Магілёўская»:
«Дакладна не ведаю як, але па ўсім бачна, што нягледзячы на тое, што я быў у бейсболцы, у масцы на твары, вылічылі. Як мы ведаем, у алгарытме ўжо тады была хада, вопратка, вушы, адкрытыя вочы, адкрытыя ўчасткі твару. Потым справа тэхнікі. Ад гэтай камеры на станцыі метро «Магілёўская» прасачылі да майго месца жыхарства».
Згадваючы сваё затрыманне, Мікола адзначае, што так яго ніколі не затрымлівалі.
«Яны заходзілі з двух бакоў: адзін з дзвярэй, другі з балкона. Прытым у яго быў так званы нож Боўі, па-простаму, цясак. Ён ім разбіў шкло ў дзвярах балкона. Хаця яно проста адчынялася. Навошта ён гэта зрабіў? Мусіць, любіць фільмы шпіёнскія, баевікі. А далей проста са старту пачалі гасіць».
Жыццё ў падполлі
Тым, каму цікава даведацца, што адчувае чалавек, які хаваецца ў падполлі, Мікола Дзядок раіць прачытаць успаміны рускага рэвалюцыянера, аднаго з лідараў партыі эсэраў Барыса Савінкава, у якіх аўтар «цудоўна апісвае атмасферу ў эсэраўскім падполлі, як яны хаваліся, як філёры іх высочвалі».
«Занятак падпольшчыка — гэта занятак не для слабанервовых. У вышуку ты, канечне, сядзіш у стане жорсткай параноі. І яшчэ менты робяць усё, каб гэтую тваю параною абцяжарыць», —
даводзіць Дзядок і згадвае адзін выпадак:
«Быў адзін гусь нейкі, ябацька. Я здагадваюся, хто гэта, не буду казаць, з пула так званых журналістаў СБ. Ён пад рознымі нікамі пісаў (…) нібыта ён незалежны журналіст: «Микола, я там проезджал в таком-то месте, слышал омоновцев, которые говорили, что едут к тебе».

Як тлумачыць Дзядок, такім чынам сілавікі разлічвалі на тое, што ён запанікуе. Ён сцвярджае, што ведае выпадкі, калі людзі не вытрымлівалі пастаяннай нервовай напружанасці і самі здаваліся:
«Ну вось такія хады брудныя рабілі: высадзіць на параною, бо сапраўды цяжка, цяжка знаходзіцца ў вышуку, абвастраецца параноя. Трывожнасць каласальная. Таму многія людзі не вытрымліваюць. Я рэальна ведаю сярод крымінальнікаў шмат гісторый, калі яны не вытрымлівалі і ішлі самі здавацца».
Смешны выпадак
Мікола згадаў адзін з момантаў, які з ім адбыўся яшчэ на пачатку яго жыцця ў падполлі. Яго ён назваў «смешным»:
«У самым-самым пачатку я прачнуўся ад таго, што а 8‑й гадзіне грукаюць у дзверы. Грукаюць моцна. І некалькі чалавек гавораць між сабой. І такія нават словы: «Ну што, будзем ламаць?» Я думаю: «Ну ўсё, прывет». А гэта, аказваецца, суседзяў знізу заліваў. Я проста адкрыў ім, пастараўся максімальна зрабіць твар, як быццам я звычайны чэл, я не анархіст у падполлі».
Дапамога беларусаў
На пытанне пра побытавыя аспекты жыцця ў падполлі — як ён забяспечваў сябе ежай, грашыма, карыстаўся інтэрнэтам, не выдаючы сябе, — Дзядок адказаў, што не хацеў бы раскрываць усе сакрэты, але агучыў асноўныя моманты.

Па словах Міколы, грошы ў яго былі, а галоўную дапамогу аказвалі людзі, якія яго хавалі. Ключавым момантам было тое, што гэтыя людзі не мелі ніякага дачынення да пратэснай дзейнасці: «яны альбо не хадзілі, альбо хадзілі эпізадычна». Ён падкрэсліў, што знайсці такое бяспечнае месца («непаленую ўпіску») было вельмі важна, бо з цягам часу ў яго практычна не засталося знаёмых, якія б не былі заўважаныя ў актывізме.
«Мне дапамагалі людзі, якія самі знаходзіліся не ў самым лепшым матэрыяльным і сямейным стане, якія рызыкавалі вельмі моцна, бо я проста з жахам уяўляў, што будзе, крый Божа, калі да іх уварвуцца проста ў якасці помсты за тое, што яны мяне хавалі», —
адзначае Мікола Дзядок і выказвае глыбокую падзяку гэтым людзям.
Па словах Міколы, людзі, якія яму дапамагалі, «не анархісты, не пратэстуны, не экстрэмісты». Але яны рызыкавалі таму, што інтуітыўна разумелі, што ён робіць правільную справу. Гэты досвед, як ён прызнаўся, дапамог яму па-сапраўднаму паверыць у беларускі народ, бо ён на ўласныя вочы ўбачыў, што сярод звычайных жыхароў Беларусі ёсць такія людзі.
«Мікола, які быў твой план? Колькі можна хавацца ў гэтай таталітарнай сістэме і паспяхова гэта рабіць?» — пацікавіўся Мікіта Мелказёраў.
«Плана не было, я проста прытрымліваўся прынцыпу: рабі, што робіш, і няхай будзе, што будзе», — адказаў Мікола Дзядок.
«Паступіў указ вынішчыць маральна канчаткова». Першае вялікае інтэрв’ю Міколы Дзядка пасля вызвалення
Свет проста яшчэ не ўяўляе маштабаў таго, што адбываецца ў Беларусі — Мікола Дзядок
Мікола Дзядок: Варыянт застацца ў турме не разглядаў
Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання
Каментары
А то ў мяне ёсць сваяк, па меркаванні якога я вінаваты. Бо проста пераехаў у Польшчу.
Па іх меркаванні мы ўсе вінаватыя.