Славенія заплаціць беларусу амаль 100 тысяч еўра за тое, што на яго навялі пісталет пры затрыманні, а пасля пратрымалі год за кратамі
Мужчына быў у спісе Інтэрпала па запыце Мінска, таму доўга не маглі вызначыцца, што з ім рабіць.

Беларус, які доўга жыве ў Германіі, атрымае ад Славеніі €47 030 кампенсацыі за 396 дзён, якія той правёў пад вартай, і за страх перад экстрадыцыяй у Беларусь. Сума вырасла пасля таго, як ніжэйшая інстанцыя яе паменшыла, выкінуўшы з разліку самыя цяжкія для мужчыны акалічнасці.
Беларуса затрымалі яшчэ 23 ліпеня 2011 года на пераходзе Ельшане на харвацка-славенскай мяжы. Падставай стала чырвоная картка Інтэрпала, выдадзеная па запыце Мінска. У той самы дзень Акруговы суд горада Копер прызначыў яму арышт.
Пачаўся працэс выдачы. Двойчы славенскія суды дазвалялі экстрадыцыю мужчыны ў Беларусь, але Канстытуцыйны суд Славеніі скасоўваў гэтыя рашэнні і вяртаў справу на новы разгляд. Толькі ў жніўні 2012 года было канчаткова вырашана: адмовіць у выдачы і вызваліць мужчыну. У выніку ён правёў пад вартай 396 дзён, хоць не быў асуджаны нідзе — ні ў Славеніі, ні ў Беларусі.
Да арышту беларус каля 21 года жыў і працаваў у Германіі, дзе ў яго быў працоўны кантракт. Праз зняволенне ён страціў працу. Падчас затрымання на памежным пераходзе паліцэйскі без бачнай падставы навёў яму на галаву пісталет — на вачах у жонкі і дзяцей. У няволі мужчына быў разлучаны з жонкай і двума непаўналетнімі дзецьмі трох і дзевяці гадоў, прычым адно з дзяцей цяжка хварэла. Мужчына схуднеў, у яго развіўся разлад адаптацыі, наступствы якога ён, паводле высноў суда, адчуваў і праз дзесяць гадоў.
Спрэчка дайшла да Вярхоўнага суда Славеніі праз памер кампенсацыі. Беларус першапачаткова прасіў €166 000. Акруговы суд Любляны прызначыў €35 800 — €25 000 за маральную шкоду і €10 800 за страчаны заробак. Апеляцыйная інстанцыя зменшыла маральную частку да €19 800, палічыўшы, што дзяржава не адказвае ні за акалічнасці самога затрымання, ні за страх перад выдачай у Беларусь, бо гэта, маўляў, ляжыць у сферы адказнасці краіны, якая патрабавала экстрадыцыі.
Вярхоўны суд з гэтым не пагадзіўся. У сваім канчатковым рашэнні ад 5 чэрвеня 2024 года ён указаў, што дзяржава не можа пазбегнуць адказнасці, спасылаючыся на тое, што ордар выдала Беларусь, бо менавіта славенскія органы затрымлівалі чалавека і прымалі рашэнні пра яго выдачу. Суд прызнаў, што настаўлены на галаву пісталет на вачах у сям'і парушыў годнасць мужчыны, а страх перад экстрадыцыяй у Беларусь, «дзе дагэтуль дзейнічае смяротнае пакаранне і нізкі ўзровень павагі да правоў чалавека», быў цалкам абгрунтаваны. Гэты страх, падкрэсліў суд, узмацняўся яшчэ і тым, што славенскі суд першай інстанцыі нават пасля ўмяшання Канстытуцыйнага суда зноў прызначыў выдачу. Цэлы год чалавека, паводле фармулёўкі суда, не пакідаў інтэнсіўны страх перад бяспраўем і аўтарытарным рэжымам.
З улікам гэтага Вярхоўны суд павялічыў кампенсацыю за маральную шкоду да €36 230, што адпавядае 25 сярэднім месячным зарплатам у Славеніі. Разам са €10 800 за страчаны заробак агульная сума склала €47 030.
Але намінальныя €47 030 — гэта толькі асноўная сума доўгу. З улікам законнай пені, якая набягае амаль дзесяць гадоў, рэальная сума значна большая. Паводле прыблізных падлікаў, адны толькі пеня-працэнты са жніўня 2015 года складаюць каля €46 тысяч — амаль столькі ж, колькі і сама прысуджаная кампенсацыя. Такім чынам, разам з судовымі выдаткамі агульная сума, якую дзяржава мусіць выплаціць беларусу, набліжаецца да €95 тысяч.
Каментары