Літоўская мытня пачала арыштоўваць некаторыя аўтамабілі, якімі кіруюць беларусы. Вось у чым прыкол
Апошнімі дня пачала з'яўляцца інфармацыя пра тое, што ў беларусаў арыштоўваюць машыны, калі яны ўязджаюць на іх у Літву. Гэта здарылася з Mazda CX-5, якая выехала з ЕС 31 сакавіка, а 3 чэрвеня на ёй вярталіся назад. Тое самае адбылося прынамсі з адным Jeep Grand Cherokee і адной Audi Q7. Але тычыцца гэта толькі пэўнай катэгорыі аўтамабіляў і звязана з санкцыямі.

Тэма затрымання машын актыўна абмяркоўваецца ў колах дальнабояў і тэматычных блогераў. Пазней пра парушэнні паведамілі і ў літоўскай мытні.
Чаму менавіта дальнабоі загаварылі першымі?
Рэч у тым, што ў дальнабойніцкіх колах, асабліва за апошнія некалькі гадоў, стала папулярнай тэма афармлення так званых пашпартоў серыі РР.
Раней беларускія грамадзяне, якія афіцыйна выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, атрымлівалі пашпарт адмысловай серыі РР.
Апошнія некалькі гадоў пашпартоў серыі РР не выдаюць, замест гэтага ставяць штампы аб пастаноўцы на пастаянны консульскі ўлік у звычайны пашпарт, але ў народзе гэтую працэдуру па-ранейшаму называюць атрыманнем пашпарта РР.

Дальнабоям і іншым грамадзянам Беларусі, якія працуюць у ЕС, але хочуць прыязджаць на радзіму на машыне, такі пашпарт дае адразу дзве перавагі: па-першае, можна прыязджаць на аўто з замежнай рэгістрацыяй і афармляць часовы ўвоз як замежнік, то-бок не пакідаючы фінансавай гарантыі, якая раўняецца мытам за ўвоз гэтага транспартнага сродку.
Простымі словамі — гэта дае магчымасць ездзіць па Беларусі на машынах з літоўскімі, польскімі ці яшчэ якімі нумарамі і не плаціць мыта, утылізацыйны збор ды іншыя плацяжы.
Апроч таго, аўто на еўрапейскіх нумарах — гэта яшчэ і магчымасць без абмежаванняў перасякаць межы Беларусі і ЕС.
Каб дальнабоі і іншыя беларусы абмяжоўваліся толькі гэтымі перавагамі аўто з еўрапейскай прапіскай, то ніякіх праблем на мяжы ў іх бы не ўзнікала.

Эканомія, якая пачала вылазіць бокам
Другая перавага «пашпарта РР» крыецца ў тым, што іх уладальнікі могуць не толькі афіцыйна выехаць на пастаяннае месца жыхарства ў іншую краіну, але і вярнуцца назад.
Пры гэтым чалавек, які стаў на пастаянны консульскі ўлік, пры вяртанні ў Беларусь можа прывезці сваю маёмасць, якую ён меў у іншай краіне, без аплаты мыта.
У гэты спіс уваходзяць і аўтамабілі. Галоўнае, каб такая машына ці іншы транспартны сродак прабылі на ўліку ў краіне, куды чалавек выехаў на ПМЖ, не менш за шэсць месяцаў да вяртання ў Беларусь.
І як паказвае практыка, многія дальнабоі актыўна карыстаюцца такой магчымасцю і, дачакаўшыся ўсіх фармальнасцей па тэрмінах валодання аўто за мяжой, вяртаюцца з замежнага ПМЖ у Беларусь.
А паколькі аўто лічыцца асабістай маёмасцю, то яго ўвозяць у Беларусь без аплаты мыта, што дазваляе эканоміць не адну тысячу еўра.

І чым большы аб'ём рухавіка, тым большая эканомія на мыце, пад «пашпарт РР» стараліся прыганяць аўто з вялікім аб'ёмам. І гэта важны момант, бо яшчэ з лета 2024 года санкцыі забараняюць экспарт у Беларусь аўто з аб'ёмам, большым за 1,9 літра.
Выключэнне — машыны, старэйшыя за пяць гадоў, але ў такім выпадку клірэнс мусіць быць меншы за 165 мм, таму джыпы, паркетнікі, мікрааўтобусы і некаторыя мінівэны з аб'ёмам, большым за 1,9 літра, фактычна апынуліся пад поўнай забаронай на экспарт у Беларусь.
У навіне пра затрыманне дзвюх машын у Медніках размова акурат ідзе пра падсанкцыйныя аўто: красовер Mazda CX-5, які мае мінімальны аб'ём рухавіка 2.0, і Jeep Grand Cherokee, у якога мінімальны аб'ём у лінейцы складае 3 літры.
У Беларусь заехалі на літоўскім аўто, а выехалі ўжо на беларускім
Паводле інфармацыі ад літоўскай мытні, Mazda CX-5 пакінула тэрыторыю ЕС 31 сакавіка 2026 года. На той момант аўтамабіль меў літоўскую рэгістрацыю, але ўжо 3 чэрвеня тая самая Mazda CX-5 вярталася з Беларусі ў Літву як аўто, зарэгістраванае ў Беларусі, без афармлення экспарту з Літвы ў трэція краіны. Гэта і стала падставай для затрымання аўто і завядзення адміністрацыйнай справы.
Аналагічная сітуацыя адбылася з Jeep Grand Cherokee, які пакінуў ЕС 14 кастрычніка 2025‑га з літоўскімі нумарамі, але таксама пазней быў зарэгістраваны ў Беларусі без афармлення экспарту.
Адзін з блогераў-дальнабояў, які актыўна асвятляе гэтую тэму, днямі зачытваў пратакол, які яму даслаў нехта з падпісчыкаў. З яго вынікае, што размова ідзе пра вываз аўто ў Беларусь у абыход санкцый. А факт мытнага афармлення ў Беларусі быў у тым ліку правераны праз афіцыйную базу на сайце беларускай мытні.

І гэта не адзінкавы выпадак, калі падсанкцыйныя аўто затрымліваюць на мяжы. Таксама мытня Літвы днямі паведамляла пра затрыманне Audi Q7, якая прыехала з Беларусі, і VW Transporter з Расіі, які, як высветлілася, быў адначасова зарэгістраваны ў Літве і Расіі, а ягоны ўладальнік змяняў нумары ў залежнасці ад мяжы, якую той перасякае.
Як трэба рабіць па законе?
Абедзве машыны затрыманыя праз падазрэнні ў абыходзе санкцый. Далейшы лёс гэтых машын будзе вырашаць суд.
У сваіх паведамленнях літоўская мытня нагадвае, што для законнага экспарту аўто з ЕС у трэція краіны абавязкова трэба афармляць экспартную (ЕХ) дэкларацыю.

І калі размова ідзе пра аўто, якія не падсанкцыйныя, то зрабіць гэта не складана, а вось з падсанкцыйнымі не ўсё так проста.
У тэорыі, вядома, заяўнік можа спрабаваць спасылацца на тое, што экспарт у Беларусь адбываецца ў межах перавозкі сваёй маёмасці, таму санкцыі нібыта тут ні пры чым.
Але ж сітуацыя, калі чалавек сапраўды праз доўгі час вяртаецца з ЕС у Беларусь, і выпадкі, апісаныя вышэй, хутчэй за ўсё, не маюць нічога агульнага.
Бо калі чалавек, які працуе ў Літве, афармляе на сябе аўто і пасля вывозіць яго ў Беларусь, дзе рэгіструе на беларускія нумары і вяртаецца назад у Літву, пастаяннае месца пражывання ён змяняе толькі фармальна, бо едзе назад у Літву, дзе мае дазвол на жыхарства і працуе, як і раней.
То-бок дэ-факта гэтая шчыліна ў заканадаўстве выкарыстоўваецца перш за ўсё для таго, каб абысці абмежаванні Еўрасаюза і не плаціць мыта ў Беларусі.
Пры гэтым варта адзначыць, што пра ніякія абмежаванні для грамадзян Беларусі з еўрапейскімі ДНЖ па куплі аўто ў ЕС, а таксама па паездках на іх у Беларусь размова не ідзе.
У зоне рызыкі не толькі кемлівыя дальнабоі
Выглядае, што займець праблемы пры ўездзе ў ЕС на аўто з беларускімі нумарамі могуць не толькі тыя людзі, якія скарысталіся гэтай шчылінай.
Аўтамабіль, раней прывезены па такой самай схеме, праз нейкі час можа набыць любы ахвотны. А пра тое, што машына трапіла ў Беларусь у абыход еўрапейскіх нормаў, новы ўласнік можа нават не здагадвацца.
Да таго ж у Беларусі за апошнія два гады з'явілася пэўная колькасць машын, якія адмыслова прывезлі пад замову або на продаж у абыход еўрапейскіх санкцый.

Такія аўто таксама ў зоне рызыкі, бо іх экспарт у Беларусь быў нелегальным. І няважна — зроблена гэта праз экспарт у трэція краіны або машына проста так выехала з ЕС без экспартнай дэкларацыі.
Таму беларусам, якія набываюць патрыманыя аўто, трэба трымаць у галаве думку пра гэтую дадатковую рызыку.
Праверыць дату мытнага афармлення аўто ў Беларусі можна па VIN-нумары на сайце мытні. Калі вы бачыце, што аўто прывезена з Еўропы і размытнена ў Беларусі пасля 4 чэрвеня 2024 года, то варта дадаткова паглядзець, ці не было яно на той момант падсанкцыйным.
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары
Дэ-факта яны тупа выкарыстоўвалі гэты схематоз выключна дзеля таго, каб наягорыць адразу два бакі: ЕС і РБ.
Мяркую, што суд улічыць факт таго, што ўсе гэтыя пераезды былі фіктыўнымі і вынясе ім прысуд за абыход санкцый. І тут усё вельмі проста даказаць, бо яны самі ехалі на тых жа аўто на працу ў Літву, толькі з бел нумарамі, а гэта значыць, што ў іх ёсць літоўскі ВНЖ і для Літвы, яны як былі яйнымі падатковымі рэзідэнтамі, так і засталіся і казкі пра вываз сваёй маёмасці не праканаюць. Гэтыя ёлупні самі сабе праблем нарабілі, бо думалі, што самыя разумныя.