Культура55

Харакіры, Антыхрыст і неанацысты — усё гэта новы спектакль Свабоднага тэатра пра бюракратыю. Паглядзелі прэм’еру

Беларускі Свабодны тэатр сваё 20‑годдзе адзначыў прэм’ерай — спектаклем «Установа асалоды» («Urząd Przyjemności»). У пастаноўцы галасы Антыхрыста, неанацыстаў, святара, эмігрантаў, Дзіка-прарока, Мікалая Каперніка і Міхаіла Агінскага зліваюцца ў адну панк-гісторыю, у якой расказваюць пра бяздушную бюракратыю і антычалавечую сістэму дзяржаўных устаноў.

Афіша спектакля «Установа асалоды» («Urząd Przyjemności»). Фота: «Наша Ніва»

Большая частка спектакля ідзе на польскай мове і найперш разглядае польскую бюракратыю — каманда Belarus Free Theatre, датычная да прэм’еры, знаходзіцца ў Польшчы, куды вымушана эмігравала ў 2021 годзе. Але, як «Нашай Ніве» пракаментавала адна з рэжысёрак і актрыс Юлія Шаўчук, «бюракратыя тут такое ж лайно, як ва ўсім свеце».

Менавіта таму спектакль будзе цікавы не толькі жыхарам Польшчы, але і ўсім, хто спрабуе знайсці сваё месца на планеце і легалізавацца.

«Я сама вельмі люблю Польшчу, адчуваю Варшаву другім домам, але бюракратыя і легалізацыя тут нармальна так па мне ездзяць — яны неаднаразова гублялі мае паперкі, я вельмі доўга не магла зрабіць праязны дакумент (дакумент, які выдаецца замежнікам для паездак за мяжу, калі ў іх сканчваецца пашпарт. — НН). Цяпер ён у мяне скончыўся, і вось я ўжо паўтара месяца чакаю ліст з запрашэннем проста прынесці арыгіналы», — дзеліцца набалелым рэжысёрка.

Падобны досвед маюць і іншыя ўдзельнікі трупы, таму частка іх гісторый лягла ў аповед. Сюды ж дадаўся хор з каментарыяў на Гугл-картах, прысвечаных ужонду (мясцовай адміністрацыі) для замежнікаў на Marszałkowska 3/5. Рэйтынг установы на карце сёння — 2.1, што красамоўна кажа пра настроі яго наведнікаў.

«Той выпадак, калі нават адна зорка — гэта хвалебны водгук. Такой жудаснай арганізацыі сто год не бачыла», — адзін з водгукаў там.

Японца Ямамоту (Паўла Гарадніцкага) настолькі даймаюць безвыніковыя паходы па чыноўніках, што адмова яму ў часовым відзе на жыхарства робіцца для яго апошняй кропляй — ён сканчвае жыццё самагубствам, правёўшы рытуальнае харакіры.

Японец (Павел Гарадніцкі) скардзіцца на тое, што да яго ставіліся не як да чалавека

Тут мы ўжо пераходзім да выдуманай часткі пастаноўкі, якая пры ўсіх сваіх гіпертрафіраваных, абсурдных персанажах і сітуацыях утрымлівае ў сабе вельмі жыццёвыя сэнсы.

Галоўны герой тут — Антыхрыст, ён жа супрацоўнік ужонда Мацей (рэжысёр і акцёр Раман Шыцько), які мае жонку і дзяцей (прычым не простых, а будучых неанацыстаў). У справах сям’і Мацей амаль не ўдзельнічае, пагружаны ў працоўныя абавязкі і рэфлексіі.

Мацей (Раман Шыцько) з жонкай Мартай (Валянціна Сізаненка) і дзецьмі

Калі разглядаць гэтага персанажа па-за рэлігійнай традыцыяй, ён увасабляе ў сабе чалавечы гонар і эгаізм, спробу ставіць сябе на месца Бога. У дадзеным выпадку бога лакальнай дзяржаўнай установы, якая вяршыць лёсы людзей і атрымлівае задавальненне ад сваёй долі ўлады над і так патрапанымі жыццём эмігрантаў з Беларусі, Украіны і не толькі. Што тут і казаць — нават палякам дастаецца ў чэргах — ім, можа, не дастанецца крыўднае «Шкындзёхай ва Украіну», але яны таксама рызыкуюць прасядзець у чарзе і не дачакацца выкліку свайго 250‑га нумарка.

Мацей (Раман Шыцько) — у цэнтры

Чыноўнікі тут часам выглядаюць як монстры, гатовыя разарваць тых, хто недастаткова моцна хоча застацца ў іх роднай краіне і не гатовы для гэтага на ўсё — падымацца рана, стаяць у чэргах з ночы, даносіць усё новыя і новыя дакументы і пераклады. Словам, прасочваецца і другі бок медаля: саміх работнікаў дзяржустановаў праца жорстка прагінае.

У прамым сэнсе — у вобразе акрываўленага Мацея з вялізным дылда гледачы бачаць чалавека, якога няслаба так адцягала праца. А тут яшчэ новая пастанова — цяпер ужонды будуць працаваць толькі раз на тыдзень да 18.00. Як тут паспееш прыняць усіх ды яшчэ ўціхамірыць незадаволены, гучны натоўп пад дзвярыма? Які плюецца не толькі ад самой недасканаласці сістэмы, а і ад тых, з кім прыходзіцца шоргацца ў калідоры — ідэалагічных ворагаў. Напрыклад, рускіх і ўкраінцаў. Адны крычаць у калідоры пра Пуціна, іншыя пра Бандэру, трэція пра Лукашэнку і гібрыдную акупацыю — злосць льецца фантанам, бо яна распірае знутры і часцей яе няма куды выплюхнуць.

Музычнае афармленне ад Post.modern.therapy

Наўмысна перабольшанае памкненне палякаў-чыноўнікаў да ўлады не адзіная падстава для чорнага гумару. Тут дастаецца і жаданню запісаць усіх вядомых людзей у свае, у палякі. А таксама ідэалагізацыі дзяцей праз казкі, дзе апавядаецца пра веліч роднага краю. А якая нацыя так бы мовіць, не без грашкоў?

Праз маскуліннасць, агрэсію і фанабэрыстасць Мацея па выніку прабіваецца крызіс ідэнтычнасці. Ён — самотны чалавек, які згубіў арыенціры, нешчаслівы ні на працы, ні дома, дзе яго выключна прэсуюць за няўдзел у выхаванні дзяцей. Мацей спрабуе знайсці кампанію ў бардэлі, а таксама вядзе дыялогі з галавой памерлага самурая, якую ён забраў сабе, зачараваны яе прыгажосцю — толькі з ёй ён можа размаўляць па душах.

Мацей (Раман Шыцько) і Ева (Станіслава Шаблінская)

Так працягваецца роўна да таго моманту, пакуль да яго ва ўжонд не завітвае беларуска-ўцякачка Ева (Станіслава Шаблінская), якая збегла з Беларусі з адной сукенкай. Нягледзячы на тое, што «яна была апошні раз шчаслівай пяць гадоў таму», яна здолела захаваць у сабе сапраўдную шчырасць і дабрыню. Яна аказваецца адзінай, хто пакідае на адрас Мацея пазітыўны водгук на Гугл-картах. Той расчулены і натхнёны.

Праўда, пакуль гэта адзіны добры эпізод на даляглядзе. Сістэма назапасіла больш істотных мінусаў, чым плюсаў. Са сваёй ксенафобіяй, агрэсіяй, адсутнасцю навыку пачуць нават самага блізкага, са скінхэдамі, якія анансуюць уласныя правілы жыцця, для якіх ідалы (раса, нацыя, правадыр) вышэй за сапраўдныя духоўныя каштоўнасці, набліжаецца канец свету. У навінах анансуюць, што хутка на Зямлю ўпадзе метэарыт. Гэта дадаткова пацвярджае Дзік-прарок, які наядаецца зямлі, таксама вырашаючы адысці ў іншы свет раней прызначанага.

Дзік-прарок у труне
Сцэна пахавання Дзіка. Можна пабачыць, што на цырымонію развітання прыйшлі яго сябры — Грыб, Ліса і Вожык. Праўда, як адзначае Рок-музыка (Юля Шаўчук) іх не апынулася побач, калі Дзіку сапраўды патрэбная была падтрымка

Высвятляецца, што нават Дзіка мучыла тое, што адбываецца вакол. І яго сум ад гэтай карцінкі, яго самотнасць у асэнсаванні звар’яцеласці — такія ж, як смутак іншых неабыякавых, яшчэ чуллівых людзей. Усе нацыі роўныя ў сваім смутку, усіх эмігрантаў аб’ядноўвае неабходнасць змагацца за тое, каб стаць на ногі і здабыць Дом. Усе людзі, не зважаючы на нацыянальнасць, маюць на яго права.

Працэс рэпетыцый спектакля «Urząd Przyjemności» заняў у трупы два месяцы. Але варта адзначыць, што акцёры гарманічныя ў сваіх ролях. Асобна хочацца вылучыць Рамана Шыцько з яго ідэальнай польскай мовай, складанай фізічнай партыяй (бегаць па сцэне з дылда і голай дупай восеньскім вечарам чаго толькі каштуе) і эмацыйным дыяпазонам, які ён на сябе ўзваліў.

Раман Шыцько разам з Паўлам Гарадніцкім

Таксама цікава тут ззяе Павел Гарадніцкі, які выканаў адразу некалькі эпізадычных, але вельмі яркіх роляў — Японца, Святара, Скінхэда і Міхала Агінскага.

Павел Гарадніцкі ў вобразе Міхала Агінскага

Сапраўднай магіі і часам адчування, што ты на панк-канцэрце, дадавала жывая, надрыўная музыка ад групы Post.modern.therapy, а таксама сама пляцоўка — дворык мясцовага сквота Skłot Syrena.

На прэм’еры Свабоднаму тэатру пашанцавала з цёплым надвор’ем, пры тым што літаральна за пару дзён да падзеі, на адной з рэпетыцый бура з дажджом зносіла ўсё што магчыма — і намёт, і экран. Гэтая прыродная непрадказальнасць, па словах рэжысёраў, была і застаецца галоўнай складанасцю падчас выступаў на свежым паветры. На ўзроўні з ёй можа быць толькі спроба сінхранізаваць графікі дарослых людзей для збору на творчы варушняк. Але для Свабоднага тэатра гэта было і застаецца місіяй, якую нельга кінуць па шляху.

Калектыву 20 гадоў, каманда ў вымушанай эміграцыі, але і ў Беларусі ім не прыходзілася салодка. Так ці інакш, пры ўсіх недасканалых умовах яны працягваюць падымаць на сцэне вострапалітычныя, сацыяльна балючыя тэмы. Не без дробкі перчыку і выкліку, але ў гэтым — увесь Belarus Free Theatre.

Амаль усе квіткі на бліжэйшыя паказы ў Варшаве ў верасні і кастрычніку раскупленыя, але яшчэ застаюцца на 11 кастрычніка.

Каментары5

  • Барадзед
    21.09.2025
    Хотим дом! Хотим стать королями польской недвижимости! Хотим инвестировать в недвижимость в Польше, но нечего. Слабо растет бизнес Валерия Сахащика. Мало строителей из РБ привлекаются для работы в Польше.
  • Сумерки насущного
    21.09.2025
    ідэальнай польскай мовай, складанай фізічнай партыяй (бегаць па сцэне з дылда і голай дупай восеньскім вечарам чаго толькі каштуе)
    Что тут скажешь? Какой зритель такой теар.
  • Зюзь
    22.09.2025
    Адчуванне, што Халезін і К патрохі з'язджаюць...

    ...з глузду

Цяпер чытаюць

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю50

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Усе навіны →
Усе навіны

Чыноўнік ад турызму наракае, што ў Беларусі вельмі кепскія гатэлі2

У Мінску заўважылі дзіўны аўтамабіль, бітком набіты людзьмі і поні2

«Золатава ў калоніі ў аўтарытэце, яна выдатная швачка»3

Украінскія дроны атакавалі Маскву5

Сікорскі — Расіі: Пасля не ныйце. Мы вас папярэдзілі33

Пасля арышту таксіста-шпіёна польскія спецслужбы масава цягаюць беларусаў на допыты10

У Магілёве затрымалі брата палітвязня Чавусава

У Заслаўі чалавек сотнямі разводзіць у кватэры пацукоў. Суседзі стогнуць і скардзяцца2

Расследавальнікі знайшлі дубайскага кашалька Лукашэнкі, які пабудаваў бізнэс-імперыю ў Літве і застаўся па-за санкцыямі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю50

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць