Мінску трэба выдушыць з сябе правінцыйнасць і вярнуць нахабства і бляск Вялікага Горада
Ці сапраўды Мінск завялікі для Беларусі? Ф. Раўбіч пярэчыць і Сяргею Навумчыку, і Адаму Глобусу. Не трэба «рассталічваць» Мінск, піша ён. Наадварот, трэба ратаваць яго ад вясковай ментальнасці, якая ператварае галоўны горад краіны ў вялізны спальны раён без амбіцый і агню.

Адам Глобус у нядаўнім інтэрв’ю прапанаваў культываваць сталічнасць, бо правінцыйнасці ў нас стае. На фоне застойных культурна-палітычных дыскусій, дзе гадамі мусоліцца адно і тое ж, гэтая думка адчуваецца глытком свежага паветра. Нібыта прыадчыніліся дзверы ў прастору, куды мы раней нават не зазіралі.
Нельга сказаць, што аўтар дае нейкі адказ, чаму сталічнасць важная і патрэбная, акрамя таго, што яна збівае правінцыйную пыху, робіць чалавека звычайным. Гэтую фанабэрыю мы бачым штодня: учарашнія вяскоўцы любяць моршчыць нос і гучна заяўляць, што ім «гэты ваш Мінск зусім не падабаецца» — як быццам гэта можа зачапіць некага са сталічных.
Гэта праява ўласных комплексаў: калі ты адчуваеш сябе менш вартым за сталічных, бо сам правінцыял, то чаму б не паспрабаваць апусціць сталіцу на ўзровень ніжэй? Гэтыя комплексы, як слушна заўважыў Глобус, звычайна хутка знікаюць — сталічнае метро лёгка лекуе такую хваробу.

Вялікі горад дае ўсё, і адзінае, чаго ён патрабуе наўзамен, — гэта прыняць яго рытм. Ён дорыць раскошу быць сабой, бо ў вялікім натоўпе ўсім на цябе ўсё адно.
І чым больш глухая мясцовасць, тым, як ні парадаксальна, мацнейшая прага далучыцца да таго самага «зненавіднага» на словах Мінска, бо гэтыя людзі цудоўна разумеюць, ад чаго яны бягуць. Сталіца, у адрозненне ад правінцыі, прымае ўсіх.
«Засталічная» Беларусь
І тут у дыскусію ўступае былы дэпутат Сяргей Навумчык з тэзісам, які гучыць як дыягназ: Беларусь, маўляў, занадта «засталічаная», а Мінск — анамалія, якая зашмат на сябе перацягвае.


Навумчык сцвярджае: «Сёння Менск сканцэнтраваў на сабе практычна 100% уплыву… Гэта — анамалія. У дэмакратычных краінах такой канцэнтрацыі няма».
Гэта няпраўда. Прыгожая, папулярная ў шырокіх колах, але няпраўда.
Мінск — не анамалія. Гэта абсалютна звычайны еўрапейскі горад, калі казаць пра яго маштабы і ўплыў у межах краіны.
Мы не можам дакладна вымераць той самы «ўплыў ва ўсіх сферах», але і па-за Мінскам ёсць буйныя бальніцы, працуюць тэатры і музеі, універсітэты і навуковыя ўстановы, ладзяцца вялікія святы і спартыўныя спаборніцтвы.
Нельга сказаць, што жыхары рэгіёнаў Беларусі пастаўлены перад выбарам — або ў Мінску, або нідзе. Альтэрнатыва ёсць, а гэта ўжо ніяк не 100% уплыву.
Навумчык адкрыта не кажа, але «ненармальныя» памеры сталіцы Беларусі адносна іншых гарадоў і ў цэлым краіны — папулярнае тлумачэнне яе нібыта звышуплыву на ўсе сферы жыцця.
Не варта лічыць, што нейкая прапорцыя насельніцтва сталіцы да насельніцтва найбуйнейшых гарадоў і насельніцтва краіны ў цэлым ёсць правільнай. На поўначы Беларусі мноства драбнюткіх паселішчаў, па некалькі дзясяткаў на сельсавет, а на Палессі — гіганцкія вёскі, якіх можа быць усяго 3‑4 у адным сельсавеце таго ж памеру па насельніцтве. Якая з гэтых сістэм рассялення правільная? Ніякая, кожная з іх узнікла ў адказ на канкрэтныя прыродныя, эканамічныя і палітычныя ўмовы ў канкрэтнай мясцовасці.
Мінск — горад-пераростак?
Але давайце паглядзім сухую статыстыку:
Мінск — гэта каля 22% насельніцтва краіны. Ён у 4 разы большы за другі горад, Гомель. Ці гэта «горад-пераростак» у сучасным свеце? Абсалютна не.
Паглядзіце на дэмакратычную Еўропу:
У Нарвегіі Осла большы за Берген у 4 разы.
У Эстоніі Талін большы за Тарту ў 4,6 раза.
У Латвіі Рыга большая за Дзвінск у 7,6 раза!
У Ісландыі Рэйк’явік перавышае другі горад у 11,5 раза.

Рыга (32% насельніцтва краіны), Талін (33%) і Рэйк’явік (36%) — вось сапраўдныя «галавасцікі». І нічога, цалкам сабе дэмакратычныя краіны.
Мінск жа са сваімі 22% стаіць у адным шэрагу з Венай (22,1%) і Тыранай (24,7%). Агулам мы з 9‑мільённай Аўстрыяй у гэтым плане амаль браты-блізняты.
Дый тыя сталіцы, якія фармальна выглядаюць вельмі малымі адносна ўсёй краіны — Лісабон (5,4%), Стакгольм (9,4%), Афіны (6,2%), — калі глядзець у межах агламерацый, аказваюцца цалкам супастаўнымі з Мінскам. Пры гэтым сам Мінск ледзь не «стаіць у полі» і не мае побач нічога істотнага, што дазволіла б яму «нарасціць» сваю вагу.
Для параўнання: у Лісабонскай агламерацыі жыве каля 27,8% насельніцтва краіны, у Афінскай — 29,4%, у Стакгольмскай — 23,4%. У Мінскай агламерацыі — ад 23% да 28,5% у самым шырокім разуменні, калі ўлічваць зону 1,5‑гадзіннай даступнасці, якая ахоплівае значную частку Беларусі.
Так што размовы пра нейкую «надзвычайную разбухласць» Мінска — гэта хутчэй плён фантазій і правінцыйных фрустрацый, якія мала чым падмацаваныя. У сухіх лічбах Мінск выглядае максімальна звычайным еўрапейскім горадам.
Рым як правобраз сталіцы

Не кажучы ўжо пра прабацьку ўсіх еўрапейскіх сталіц — антычны Рым. Ён быў проста каласальным, дасягнуўшы нечуванай лічбы мільён жыхароў у часы росквіту — лічбы, недасяжнай для Еўропы яшчэ паўтара тысячагоддзя. Магчыма, гэта яго ўрэшце і загубіла, але як ён жыў!
Рым быў першым выпадкам, калі горад стаў чымсьці значна большым, чым проста месцам, дзе знаходзіўся сталец валадара. Гэта быў не горад у імперыі — гэта была імперыя вакол Горада. Рым быў самадастатковай каштоўнасцю, адзінай каштоўнасцю, якую варта было жадаць і за якую варта было змагацца.
Стагоддзі да яго і стагоддзі пасля Рыма існавалі гарады-дзяржавы, існавалі імперыі, у якіх сталіцай было месца, дзе сядзеў урад і знаходзіўся кіраўнік. Але больш за тысячу гадоў у Еўропе не існавала ідэі сталіцы як самадастатковай каштоўнасці.
І вось сёння мы зноў апынуліся на тым гістарычным этапе, калі для большасці дзяржаў сталіца — гэта ўжо не проста цэнтральны горад. Гэта нешта большае: сімвал і маніфест, матэрыяльнае ўвасабленне нацыянальных амбіцый і мараў, апірышча духу і адначасова вольніца ды распусніца.
Дэцэнтралізацыя дзеля дэцэнтралізацыі
Далей Навумчык, агаворваючыся, што ў якасці прыкладу сёння «прыводзіць нямодна», звяртаецца да ЗША, адзначаючы, што палітычная сталіца Вашынгтон там існуе асобна, а культурныя, медыйныя, адукацыйныя і эканамічныя цэнтры размеркаваныя па ўсёй краіне.
Гэта сапраўды так, але прыклад ЗША не тое што «нямодны», а проста некарэктны — па маштабах, геаграфіі, палітычнай арганізацыі і гістарычным досведзе. Злучаныя Штаты абсалютна непадобныя да Беларусі, гэтак жа як Кітай, Індыя, Іран ці нават суседняя Расія. Мы не можам параўноўваць сябе з гэтымі краінамі, бо яны ўладкаваныя прынцыпова інакш.

Тое, што норма для шматмільённай федэральнай дзяржавы, расцягнутай ад акіяна да акіяна, ніякім чынам не магло б натуральна ўзнікнуць у адносна невялікай, роўнай і аднароднай Беларусі.
У Еўропе не бракуе краін, якія хаця б па некалькіх параметрах можна лічыць супастаўнымі з Беларуссю: Аўстрыя, Партугалія, Нідэрланды, Чэхія, Венгрыя ды іншыя. Навумчык прыводзіць у якасці прыкладу Чэхію, дзе Канстытуцыйны суд месціцца не ў сталіцы, а ў Брне — прыкладна за 200 кіламетраў ад Прагі. Выпадак цікавы і амаль унікальны ў пярэстай еўрапейскай практыцы.
Канстытуцыйны суд з’явіўся ў Брне ў 1991 годзе, калі сацыялістычнай Чэхаславакіі ўжо не існавала, але дзве краіны яшчэ былі аб’яднаныя ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку. Брно знаходзілася прыкладна на паўшляху паміж палітычнымі сталіцамі абедзвюх частак федэрацыі і пасля яе распаду судовая ўлада па інерцыі засталася на ранейшым месцы.

Да падобных выняткаў можна аднесці і Нідэрланды, дзе канстытуцыйнай сталіцай з’яўляецца Амстэрдам, але ўрад, парламент і суды месцяцца ў Гаазе, а таксама Германію, дзе ключавая судовая ўлада сканцэнтраваная ў Карлсруэ. Да аб’яднання Германіі функцыі сталіцы ФРГ выконваў маленькі Бон, нягледзячы на суседства з буйнымі гарадамі Рурскага басейна. Аднак пасля падзення Берлінскай сцяны пытанне пра тое, дзе павінна быць сталіца Германіі, фактычна не паўставала, хаця і сёння ў Боне месціцца шэраг федэральных устаноў.
Гэта ўсё ўнікальныя выпадкі, а не панацэя.
Навумчык разважае пра тое, якой магла б быць краіна, калі б Канстытуцыйны суд знаходзіўся не «праз дарогу», і Лукашэнка не мог бы проста перайсці вуліцу і дамовіцца з яго старшынём Ціхінём.
Чытаць гэта, шчыра кажучы, нават крыху смешна: у адной сітуацыі будуць плакацца, што ўрадавыя ўстановы размешчаныя занадта блізка, у іншай — што занадта далёка. Бо ў большасці выпадкаў праблема не ў адлегласці, а ў палітычным таленце.
Тут можна прывесці і контраргумент: а што, калі вайна, і органы ўлады раскіданыя па краіне — па гарадах, частка з якіх ужо можа апынуцца ў аблозе?
Ідэя «раскідаць уладу па правінцыях» гучыць прыгожа толькі ў мірны час. Часта ўяўляецца, што цэнтралізацыя, «засталічнасць» небяспечныя па прынцыпе «ўсе яйкі ў адным кошыку», але на практыцы ў момант крызісу найбольш эфектыўнай аказваецца сітуацыя, калі ўлада не проста побач, а фактычна ў адным месцы, здольная хутка прымаць рашэнні і дзейнічаць скаардынавана.
Менавіта ў ваеннай парадыгме асабліва востра адчуваецца, што сталіца — гэта сапраўдная каштоўнасць, а не просты эпітэт да назвы вялікага горада. Нават калі органы ўлады эвакуяваныя, падзенне сталіцы амаль заўсёды ўспрымаецца як падзенне краіны.
Досыць узгадаць прыклады, калі ўтрыманне сталіцы, нягледзячы на страшны кошт, вызначала лёс дзяржавы, і параўнаць іх з тым, як імгненна ламаліся палітычныя сістэмы пасля страты сталіцы. Мы ўсе добра разумелі, якімі маглі быць наступствы, калі расійскія войскі падступілі да межаў Кіева.
Мінск хворы, бо недастаткова сталічны
Няма ніякай «дыктатуры Мінска» ў Беларусі, ёсць дыктатура правінцыі, якая захапіла Мінск.
Сёння сталіца Беларусі — гэта еўрапейскі мегаполіс з душой старшыні калгаса.
Паглядзіце на ўладу. Павальна ўсё кіраўніцтва — і краіны, і самога горада — гэта глыбокія правінцыялы.

Мінскам кіруюць людзі, якія яго не любяць, не адчуваюць і не разумеюць. Для іх горад — гэта проста вёска на парадак большага маштабу, якую трэба «ўпарадкаваць»: пакасіць траву, абрэзаць дрэвы, пафарбаваць бардзюры і забараніць усё незразумелае.
Мінск прагне мэра, для якога ён будзе каштоўнасцю, якой быў Рым для рымлян, а не чарговай прыступкай у кар’еры. Але пакуль беларуская сталіца застаецца ў путах правінцыйнасці, і тут нельга не пагадзіцца з Глобусам, што нам бракуе сталічнасці.
Уласна гэта і ёсць тое, што адрознівае Мінск ад паўнавартасных сталіц.

Трэба памятаць, што горад — гэта падмурак цывілізацыі з моманту яе з'яўлення. Менавіта ў гарадскім тыглі, у гэтай плюралістычнай, цеснай прасторы, дзе штодзённа сутыкаюцца тысячы непадобных адно да аднаго людзей, нараджаюцца новыя ідэі, новыя сэнсы, тэхналогіі і свабоды. Горад вызначае будучыню для ўсіх.
Мы ўваходзім у эру «новага сярэднявечча», калі вялікія гарады зноў становяцца тым, чым былі гарады Італіі ў часы Дантэ, — самастойнымі палітычнымі і культурнымі цэнтрамі, якія канкуруюць паміж сабой і дасягаюць неймавернага росквіту ў межах уласных сцен.
Зямля ж навокал, якая стагоддзямі служыла духоўнай апорай для аграрных народаў і прадметам гонару нацыянальных дзяржаў, паступова перастае мець самастойнае значэнне.
Што такое Венецыя без сваёй тэрафермы? Гэта ўсё яшчэ бліскучая Венецыя. А што такое тэраферма без Венецыі? Нішто.
Горад-карміцельца
Міф пра тое, што «сталіца аб’ядае рэгіёны», трэба разбурыць. Усё наадварот. Гэта сталіца і вялікія гарады агулам цягнуць на сваім гарбу нерэнтабельную, паміраючую глыбінку.
Горад пакорліва выплачвае заробак медсястры ў вясковым фельчарскім пункце і ўтрымлівае дамы культуры, у якія ніхто не ходзіць. Гэта вялікі цяжар, за які гарады бяруць плату людзьмі — больш з правінцыі ўзяць няма чаго.
Сталіца не мае права адмовіцца ад гэтага цяжару, нават калі зямля страціць усялякую каштоўнасць і адзінай каштоўнасцю застануцца людзі: правінцыі, яе гінтэрланд — гэта пярэстая мантыя, якая ўпрыгожвае сталіцу, калі нацыя ўскладае на яе карону першынства.
Калі б мы падышлі да пытання цынічна, то высветлілася б: часам бывае танней перасяліць усіх жыхароў дэпрэсіўных раёнаў у гарады, навучыць іх пісаць код, чым падтрымліваць жыццё ў мядзведжых кутах. Карысці ад іх у офісах і кавярнях было б больш, чым ад гібення на мехдварах.
Давайце прызнаем: вёска памірае і яна непазбежна памрэ. Нам проста больш не патрэбная вёска, калі пытанне забеспячэння прадуктамі харчавання больш не стаіць не ў адной з развітых краін. Гэта не трагедыя, гэта эвалюцыя.
Мы яшчэ пабачым, як прырода ачысціцца настолькі, што паміж гарадамі не будзе нічога: вернуцца дзікія жывёлы ў пушчы, зарастуць грунтавыя вуліцы, абваляцца шыферныя дахі. Вясковасць захаваецца як экзотыка, у скансэнах і ў аграсядзібах, якія будуць служыць адпачынку і рэакрэацыі гараджан.
І гэта нармальна. Гарады не павінны класціся ў труну разам з вёскай з пачуцця салідарнасці.
Праметэеўскі агонь прагрэсу

Бяда Беларусі сёння ў тым, што паміраючая вёска, ухапіўшыся пасінелымі пальцамі, цягне за сабой у магілу жывы горад.
Кіраўнікі-правінцыялы прынеслі ў Мінск сваю філасофію «стабільнасці», якая на справе ёсць філасофіяй павольнай смерці.
Горад мусіць гарэць. Гарэць ідэямі, грашыма, амбіцыямі, мастацтвам, бунтамі, скандаламі, праметэеўскім агнём прагрэсу. У Беларусі гарады больш не гараць. Яны дагараюць, полымя затухае.
Пакуль гарады іншых краін развіваюцца, беларускія гарады перасталі. Яны растуць у маштабах, літаральна пухнуць ад людзей, але не развіваюцца: не былі рэалізаваныя неабходныя інфраструктурныя праекты, не былі загоеныя ваенныя і паваенныя раны, не з’явіліся новыя тэатры, цыркі, заапаркі — многае іншае. Паўсюдны заняпад навукі, адукацыі, мастацтваў і архітэктуры, узмоцнены дзяржаўнай цэнзурай і палітычнымі звальненнямі; шэрасць ды цішыня — усё гэта назапашваецца і паступова гасіць агонь прагрэсу.

Людзі едуць у горад, каб уцячы ад старых устояў і бессэнсоўнага гібення, але ў сённяшняй Беларусі з ім можна сутыкнуцца і ў буйных гарадах, і нават у сталіцы. Гэта ціхае, незаўважнае паміранне.
Страчаная сама ідэя не толькі сталічнасці, але і гародскасці. Адзінае разуменне горада, якое засталося ў «правінцыйнай Беларусі» — гэта месца, дзе ў неахопных панэльных раёнах мільёны людзей кладуцца спаць, каб зранку паехаць на працу.
Нам не трэба «рассталічваць» Мінск, як прапануе Навумчык. Наадварот. Нам трэба выдушыць з Мінска навязаную правінцыйнасць, вярнуць яму права на арыстакратызм, нахабства і бляск.
Мінск павінен перастаць быць проста вялікім населеным пунктам і стаць тым, чым ён мусіць быць — Вялікім Горадам.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Давай спіс-1917, ФСБ, адрыў Лукашэнкі, Каліноўскі, Маркс (ужо ёсць), імпЕ(Э) рыя, Дугін. Пачынай няўдалая ябацькавая нейрасетка, ты нават не чалавек.