«Ніхто не ведае, ці зможа здрадзіць блізкім людзям, калі пачнуць біць токам». Дудзінскі — пра свой новы раман, дабро і зло
Тэлевядоўца і шоумен Дзяніс Дудзінскі напісаў у 2025 годзе свой першы раман «Патыбулюм» — кнігу пра тое, як за 10 дзён без адзінага стрэлу разбурыць горад і дэмаралізаваць гарадскую супольнасць. Кнігу пра гераізм, баязлівасць і журналістыку. У шчырай гутарцы з «Белсатам» аўтар рамана распавядае, што б ён зрабіў на месцы Лукашэнкі ў 2020 годзе, чаму не пабяжыць, калі на Варшаву паляціць атамная бомба, і ці існуе ў чалавеку зазор паміж «героем» і «баязліўцам».

«Белсат»: Дзяніс Дудзінскі — вядоўца шматлікіх канферэнцыяў, карпаратываў, праграмы «Раніца з «Белсатам» і навагодняга канцэрту. І тут раптам — кніга. Сур'ёзная. Дзе ты знайшоў час і сілы на тое, каб яе пісаць і напісаць?
Дзяніс Дудзінскі: Шмат гадоў таму адзін мой прыяцель падзяліўся лайфхакам: для таго, каб скідаць адмоўныя эмоцыі і засынаць вечарам альбо забаўляць сябе, седзячы ў чарзе ў паліклініцы, пачынаеш займацца своеасаблівай медытацыяй. А менавіта — нешта накідваць у галаве, прыдумляць нейкія вобразы і развіваць сюжэты. І гэта афігенна спрацавала.
У мяне не было мэты, што я пачну пісаць. Я пісаў у галаве, прыдумляў свае маленькія светы, ідэі… 10 гадоў таму я першы раз паспрабаваў гэта. І нейкія сюжэты пачалі нараджацца. Я думаю, вось і гэтаму сюжэту, які я выклаў у «Патыбулюме» (patibulum у лацінскай: папярочная перакладзіна крыжа, прызначанага для распяцця — рэд.), напэўна, гадоў 10 будзе. Але ёсць і іншыя сюжэты, не менш цікавыя. Проста ў нейкі момант ты разумееш: у цябе ў галаве ўжо ўсё ёсць, у тваёй галаве жыве кніга. І табе застаецца проста сесці і перанесці ўсё на камп’ютар або паперу.
— А потым — выдаць…
— Я спачатку і не планаваў выдаваць. Гэта была ўжо другасная ідэя. Падумаў, ну добра, занясу ў выдавецтва, а раптам! Проста хацелася вызваліць галаву, каб ужо не мучыць сябе перапісваннем у галаве. Хопіць, маўляў, ужо гэтых герояў мучыць! І на працягу года я гэта пераносіў на паперу. Я ж нікуды не спяшаюся! У мяне няма ніякіх абавязацельстваў. Але калі ў выдавецтва аднёс, — гэта ўжо сур'ёзная справа.
«А што б зрабіў бы на месцы Лукашэнкі ў 2020 годзе?»
— Дзеянне кнігі разгортваецца ў акупаваным 10 гадоў таму горадзе, які ставяць перад выбарам: свабода, за якую трэба заплаціць крывёю трох гараджанаў, або — горад будзе разбураны. Як нарадзілася ідэя сюжэту?
— Яно само прыйшло. Ішоў-ішоў, ляжаў-ляжаў, спаў-спаў і тут — опа! Тым больш, фактычна, калі гораду і гараджанам прапануюць выбар, — гэтая ідэя не новая. Мы гэта сустракалі ў выдатным творы «Візіт дамы» Дурэнмата. Потым ёсць «Д'ябал і сеньярыта Прым» Каэллю. Тое ж самае. Угода. Мая ідэя інавацыйная толькі тым, што тут у мяне тры чалавекі, і любы варыянт выбару — дрэнны. Няма добрага выбару. І, у рэшце рэшт… Стоп: каб не спойлерыць, не буду далей расказваць.

— Ведаеш, што я падумаў, калі прачытаў «Патыбулюм»? Падумаў: Дудзінскі напісаў інструкцыю разбурэння гарадоў. Падабаецца табе такая фармулёўка?
— Мне — вельмі… Я люблю зло. Пачнем здалёк: зло мяне прыцягвае. У яго шмат узроўняў і падузроўняў. Я вельмі люблю, напрыклад, чытаць кнігі і глядзець фільмы пра станаўленне Гітлера, Мусаліні, фашызму наогул. Я хачу разумець, як у прынцыпе з мілага дзіцятка можа вырасці такі персанаж. Як ідэя фашызму магла трансфармавацца ў такую чэрнь. І як толькі я сустракаюся з нейкім адмоўным персанажам, Лукашэнкам, напрыклад, ці Пуціным, я пачынаю ставіць сябе на ягонае месца. А што зрабіў бы я? Што я зрабіў бы на месцы Лукашэнкі ў 2020 годзе? Я, напэўна, закрыў бы ўсе межы адразу. Прашу прабачэння за выраз, адпіз…ў бы парачку асабліва актыўных, але межы б закрыў, каб ніводзін пацук з карабля не збег. Каб вы ўсе тут…
— Сапраўды так робяць гэкашнікі ў Горадзе з «Патыбулюму»: закрываюць межы.
— Менавіта. Падзагаловак рамана гучыць так: «Дзесяць дзён аднаго гораду». Спачатку я не ведаў колькі. Спачатку быў тыдзень. Думаў, што за тыдзень, у прынцыпе, горад можа павесціся на гэтыя прапановы кіраўніка. Пісаў-пісаў, гляджу — не: больш трэба. За тыдзень горад не зламаць. Два тыдні? Зашмат. А вось 10 дзён — можа быць. Гэта значыць натуральным шляхам усё прыйшло да дзесяці дзён. Я проста рушыў за сітуацыяй. Гэта не я яе прыдумаў — яна развівалася сама сабою, а я проста апісваў.
Тое ж самае было і з галоўнымі героямі: яны са мной спрачаліся. Ой, не палохайся, гэта не шызафрэнія. Я пішу, напрыклад: «Раніцай ён устаў і паехаў у тэлецэнтр». А герой мне адтуль у адказ: «Не, я не хачу нікуды ехаць». Я такі: «У сэнсе, ты не хочаш? Там далей трэба развіць, так трэба…». А ён мне: «Не!» І ў мяне ступар. Дзень, два, тыдзень нічога не магу напісаць. Добра, добра, застанешся ўдома — і што? І так, сапраўды, яны самі мне часам дыктавалі…
Я ж не пісьменнік. У мяне ўпершыню гэта. Таму я вось з такім захапленнем пра гэта распавядаю.

«Я свайму ўнутранаму дзіцяці не здрадзіў»
— Але, Дзяніс, не ўпершыню ж: у 2022 годзе ў цябе выйшла кніга пад назвай «Рассказки».
— А выйшла, дарэчы, ва Украіне, на расейскай мове. Атрымалася так, што яшчэ да вайны я меў зносіны з украінскімі пісьменнікамі і выдаўцамі, і ў нейкі момант яны мне прапанавалі: «Слухай, ты вось у фэйсбуку і ў інстаграме пішаш нейкія замалёўкі, а давай збярэм гэта ўсё і выдамо». Я кажу: «Давайце!» Але пачалася вайна і ўсё гэта, зразумела, заглухла. А дзесьці летам зноў з выдавецтва мне напісалі: маўляў, слухай, ты беларус, застаўся ва Украіне, распавядаеш пра Украіну — і мы хочам аддзячыць табе і выдаць тваю кнігу. Я ім: «Ого, ну выдатна!» І выдалі. Прадавалася электронная і папяровая версіі. Але ўжо не прадаецца, бо ва Украіне цалкам закрылі тэму з расейскай мовай — гэта пад забаронай. А насамрэч у мяне больш за 50 кніг напісаных.
— Што?.. У галаве?
— Не, не ў галаве (смяецца). Яны не мастацкія. Скончыўшы інстытут замежных моў, я працаваў у выдавецтве ў Адама Глобуса ў «Сучаснай літаратуры». І там я выступаў як аўтар-складальнік. Ну, напрыклад, кнігі «Войскі спецыяльнага прызначэння краінаў свету». Я ішоў у ленінку, збіраў матэрыял, нешта перакладаў. Ці там: «100 прароцтваў Опцінскіх старцаў», «100 прароцтваў Алены Блавацкай». Ну, нейкія такія рэчы.
— То бок увесь гэты час ты насіў унутры сябе пісьменніка, які час ад часу цябе турбаваў: «Гэй, Дзяніс, калі ўжо?..»
— Так, і мне падабалася гэта. Разумееш, я ў жыцці атрымаў усё, пра што марыў дзіцём. Абсалютна ўсё! Я свайму ўнутранаму дзіцяці не здрадзіў і аддаў яму ўсё: падарожжы, працу на тэлебачанні, на радыё, гульню ў тэатры, здымкі ў кіно. І ў мяне засталіся толькі тры мары. Напісаць сур'ёзную кнігу. Наведаць канцэрт гурта Depeche Mode. І трапіць у Аўстралію. І вось: я ніколі не паеду на канцэрт Depeche Mode. Гэта мой любімы гурт з дзяцінства. І я разумею, што, калі я пайду на яго канцэрт, у мяне ў жыцці адной марай стане менш. І я буду як Хемуль, які прыляпіў апошнюю марку, і яму няма чаго больш збіраць. І ў Аўстралію я не паеду. Хоць… карацей, пакуль што дзве мары ў мяне засталіся.
«Цяпер усе мы — абсалютна ўсё! — гушкаемся на гэтых арэлях…»
— Сур'ёзную кнігу ты ўжо напісаў. Вернемся ў горад. Яго жыхары тэлефануюць з тэлефонных будак і носяць біблейскія імёны. Тэлеаператар Марк здымае на касеты. Я не знаходжу ніякіх зачэпак або маркераў, каб прывязаць дзеянне раману да якога-небудзь вызначанага месца і пэўнага часу. Дзе мне прызямліць гэты горад?
— Нідзе. Я спецыяльна так рабіў. Адзначу яшчэ, што гэты горад не мае імя і ён без краіны. Як толькі ты даеш гораду імя — на -град,-бэрг або -віль, гэта адразу прывязвае яго да якой-небудзь тэрыторыі. З'яўляюцца якары. А я не хацеў, каб былі нейкія якары. Кожны сам сабе дамалюе. І я спецыяльна даваў персанажам Імёны, якія не маюць нацыянальнай прывязкі: Фелікс, Марк, Саламон, Марыя, Серафіма… гэта вось такое — у нідзе і ніколі. А час? Так, тэлебачанне, трамваі — ясна, што не рыцарскі век. Але інтэрнэту яшчэ няма.
— Слухай, а калі б быў? Калі б сюжэт «Патыбулюму» разгортваўся ў наш час — эпоху інтэрнэту і сацыяльных сетак, працэс паскорыўся б?
— Ён ускладніўся б, прычым невядома, якім чынам. Мог бы паскорыцца да аднаго дня, а мог бы расцягнуцца на доўгія месяцы. Я не ведаю. Таму і сышоў ад ідэяў мабільных тэлефонаў і інтэрнэту. Каб не перашкаджала.
— Проста было б непрадказальна?
— Гэта як кінуць запалку ў лесе: там могуць быць тарфянікі ўнізе, і гэта ўспыхне, і будзеш тушыць невядома колькі. А можа быць так, што ўсё згасне, і нічога не адбудзецца.
— Вось у такі час мы жывём…
— Так. Адзін з маіх любімых фільмаў — «І зноў ён тут». Там вельмі добра паказваецца, як працуе інтэрнэт. У Берліне на нейкай пустцы зніадкуль з'яўляецца Гітлер. Сапраўдны Гітлер. У наш час. Ён сустракае беспрацоўнага рэпарцёра, і ў Гітлера цяпер пад рукой ёсць інтэрнэт, тэлебачанне і радыё…
— Невыпадкова галоўным героем рамана ты зрабіў тэлерэпарцёра Фелікса…
— Так, тэлебачанне ў гэтай гісторыі адыгрывае вельмі важную ролю. Вонкавая інфармацыя аказвае вялікі ўплыў на чалавека, якім бы крытычным мысляром ён сябе ні лічыў. Гэта можна назіраць і сёння ў сацсетках. Людзі могуць у гэтую ж секунду накінуцца на чалавека, якога хтосьці з боку абвясціў, што ён нібыта няправільна выказаўся…
— Ці наадварот — стварыць героя.
— Ды наогул лёгка! Памятаеш, мы ў дзяцінстве казалі: «Першае слова даражэй за другое»? Гэта цяпер выйшла на першы план. Хто першы сказаў — так і будзе. То бок, калі я цяпер дзе-небудзь напішу, што, напрыклад, Святлана Ціханоўская заявіла, што Расея мусіць перамагчы, мне скажуць: Дзяніс, ну нейкія доказы патрэбныя, што ж ты лухту нясеш. Але зерне сумневу ўжо кінутае. Мне патэлефануюць з усіх тэле– і радыёпарталаў: «Дзяніс, адкуль у цябе такая інфармацыя?». А я ім: «Адзін чалавек сказаў, я не магу адкрыць хто, але паверце, так яно і было». І ўсё! Людзі будуць казаць: «А я заўсёды ведаў, што Ціханоўская такая, і Дудзінскі пацвердзіў мае здагадкі». І самае жудаснае, што не трэба ніякіх доказаў. Плясь — і ўсё. Гэта жудасна, і цяпер усе мы — абсалютна ўсё! — гушкаемся на гэтых арэлях…
«Добра, а калі табе прапануюць мільён, здасі свайго дружбана?»
— Фелікс кажа свайму аператару, цытую: «Нас з табой накіравалі здымаць падзеі, вінаватым у якіх стаў чалавек, якога мы ненавідзім, але сказаць нічога дрэннага пра яго мы не маем права, бо гэты чалавек плаціць нам грошы за гэтую працу…» Ты падзяліўся з галоўным героем сваім досведам працы на дзяржаўным тэлебачанні ў Беларусі?
— Ну, тэхнічна ў мяне не было досведу працы ў Агенцтве тэлевізійных навінаў. А гэта практычна асобная дзяржава ў дзяржаве. Там сваё нешта адбываецца, а ўсе астатнія: «Надвор'е», «Калыханка», «Добрай раніцы, Беларусь» — гэта для іх пясочніца нейкая. Мы перыядычна перасякаліся з навінамі, гэта яшчэ да 2020 года было. У курылцы, напрыклад, або ў калідоры. І часта было так, што яны глядзяць на гадзіннік, маўляў, пара выходзіць у эфір, і прамаўляюць з іроніяй у голасе такую фразу: «Ну ўсё, пара, пайду збрашу што-небудзь». Ці яшчэ гаварылася пры сустрэчы так: «Ну, што, як справы, прадажная журналістыка?» «Прадаёмся пакрысе, прадаёмся», — гучаў адказ. Пахіхікалі і пайшлі рабіць свае справы. Што я перанёс у кнігу…
— Гэты цынізм ты перадаў аператару Марку, так? «Праца ёсць праца. Добра заплацяць — добрая праца, дрэнна заплацяць — дрэнная праца…» — кажа ён.
— Так, праца і праца. Прычым, вось гэты тонкі момант: калі ты рэпарцёр — ты ў кадры, твой твар ведаюць, і па гэтым твары будуць біць потым, калі што. Аператару прасцей: ён за кадрам — і, у прынцыпе, да яго, як той казаў, пытанняў асабліва няма. А тое, як перавярнуць або данесці праўду, — гэта ўжо пытанне рэпарцёра: можна сказаць, што гэта добрыя людзі б'юць дрэнных, а можна — што дрэнныя б'юць добрых. Таму, скажам так, праца аператара заўсёды больш сумленная.
— Прыёр, святар, кажа галоўнаму герою: «Чалавек важны, але горад і грамадства важнейшыя і вышэйшыя». Адказу Фелікса не прыводжу. Як ты б адказаў на такое сцвярджэнне?
— Ізноў-такі, кожны чалавек сам для сябе вызначае, гатовы ён закрыць сабой амбразуру ці не. Я — не! Я буду жыць толькі для сябе і для сваіх родных, блізкіх, сяброў. Для мяне чалавек важнейшы.
— Гэта значыць, што, апынуўшыся ў натоўпе з блакітным квітком патэнцыйнага героя і ахвяры, ты б з добрай волі не ўзышоў на эшафот у імя свабоды гораду?
— Я б не хацеў узысці. І седзячы вось тут з табой, за кубачкам кавы, я кажу: не. Ды гарыць ён гарам, гэты горад! Я знайду, як ціхенька сабраць у вузельчык свае штучкі, перайсці ў іншы горад і спакойна там жыць. А вось гэтыя вашы разборкі, хто з рацыяй, хто вінаваты, хто добры, а хто дрэнны, квіточкі, х…ечкі…
Але! Апынуўшыся вось у такой сітуацыі, ніхто з нас — ніхто! — не ведае, як ён павядзецца. Ніхто не ведае, ці зможаш ты здрадзіць блізкім людзям, калі цябе пачнуць біць токам. Гэта мы цяпер такія: ды ніколі, ды ты што! Добра, а калі табе прапануюць мільён, здасі свайго дружбака? Не? А 10 мільёнаў? Добра, а калі пры гэтым табе пачнуць рукі адразаць? А? А тады здасі?.. Я не ведаю, у які момант болю або абяцаных залатых гор я пачну здаваць усіх, прычым з лёгкім сэрцам…
«Толькі так: эшафоты і мёртвыя з косамі стаяць»
— Гэта значыць, наогул кажучы, ты напісаў кнігу пра прыроду чалавека. Калі цяпер у кафэ забяжыць чалавек з аўтаматам, то…
— Я не ведаю, ці схаплю я яго за руку, схаваюся за цябе ці выштурхаю наперад нашага фатографа…
— Паміж героем і падлюгай у чалавека, па-твойму, вельмі маленькі зазор…
— Гэта, ведаеш, як пытанне замярзання вады. Вада замярзае пры мінус нуль і вяртаецца ў стан вадкасці пры плюс нуль. Усе смяюцца: ну што гэта такое — мінус нуль? Як гэта можа быць? Можа. І — вада замярзае. Ці наадварот. Нейкі мікрон усё вырашае. Мікрон!
— «Усе хочуць у героі. А ты б змог вось так сядзець і піць каву з відам на эшафот?» — пытаецца Фелікс у Марка. Табе не здаецца, што мы толькі гэтым і займаемся цяпер: посёрбываем каву ў асяроддзі эшафотаў?
— Так, гэта ўжо Чэхаў. Вакол свет бурыцца, а яны сядзяць у садзе, гарбату п'юць.
— А ў Беларусі, як распавядаюць, спакойна папіваюць піўко ў бары з відам на СІЗА…
— Я больш страшную рэч скажу. У Харкаве разбамбавалі дом, ратавальнікі трупы выносяць, а за вуглом людзі сядзяць і п'юць каву.
— Ты верыш наогул у людзей? Твой герой прызнаецца, што не.
— Давер да людзей ёсць, веры ў іх — няма. Я дастаткова даверлівы чалавек, жонка смяецца заўсёды з гэтага. То бок, калі да мяне падыдуць і папросяць грошай, маўляў, я табе заўтра вярну, то я дастану і дам. І калі чалавек не верне, я ўсё роўна буду даваць гэтыя грошы. А вось глабальнай веры ў людзей, у тое, што чалавецтва зможа дасягнуць нейкага кансэнсусу і дабрабыт спадзе на нас усіх — не. Толькі так: эшафоты і мёртвыя з косамі стаяць. Толькі так.
І больш за тое — я прымаю гэта. Гэта нас хтосьці, я не ведаю, са школы, напэўна, запэўніў, што дабро перамагае зло. А чаму гэта раптам дабро павінна перамагаць зло? Ну, рабяты, шыбеніцы, эшафоты — такая прырода чалавека. І чым хутчэй ты змірышся з гэтай рэальнасцю, тым табе будзе прасцей, цікавей і лягчэй жыць, працаваць, кахаць, пераадольваць нейкія перашкоды. Хочаш ісці бурыць эшафоты? Ну, ідзі, я табе магу толькі сказаць, што ты дурань. Хоць мы ўсе перыядычна паводзім сябе як дурні, праўда?..
«Што б ні адбывалася — мяне гэта не тычыцца»
— Дакладна. Такім чынам: які крыж, даруй, пацібулум, узваліў на свае плечы і панясе Дзяніс Дудзінскі, дапіўшы сваё капучына?
— Лёгкасць. Лёгкасць. Мае сябры называюць гэта «дудызмам». Хай вось цяпер пачнецца землятрус, вулкан будзе вывяргацца, атамная бомба паляціць на Варшаву — я буду сядзець ціхенька піць каву, размаўляць з добрымі людзьмі і проста сузіраць.

— Але не… Я пабягу…
— Не трэба. Навошта нервавацца? Што б ні адбывалася — мяне гэта не тычыцца. У мяне ёсць сябры, у мяне ёсць каханы чалавек, выдатныя заняткі. Учора я смокінг дадатковы купіў сабе, аксамітны. Я вяду імпрэзы. Пайшоў і купіў. З адлівам, аксамітны. Я шчаслівы. Зараз прыйду дадому, у мяне жонка прастыла, абдыму яе, зраблю індычку. І больш нічога не мае значэння.
Што? Беларусь будучыні? Так, гэта, напэўна, добра, але я вельмі хачу, каб людзі палюбілі сябе. Я вельмі хачу, каб людзі атрымлівалі нейкае маленькае задавальненне. Нейкае вось. А ўсё астатняе будзе. Ці не будзе…
— І што, думаеш, тады гарады застануцца незруйнаванымі?
— Так, так. І, як мая вельмі добрая знаёмая ў 2020 годзе сказала, калі мы абмяркоўвалі, што адменім смяротнае пакаранне ў дэмакратычным грамадстве. Яна казала: «Абавязкова адменім, толькі дайце мне тры дні спачатку — тры дні і агнямёт, калі ласка». І вось я цалкам з ёй згодны. Адменім, будзем усе вельмі добрыя, будзем любіць, у нас будзе мір і дабрабыт. Але зрабіце мне на тры дні свята непаслушэнства…
— І што б ты ў першы дзень зрабіў?
— Блін, гэта… Спачатку б я… Спіс бы… Ооо, я не ведаю. Не ведаю!
— Які яшчэ спіс — будзеш сядзець і піць каву. Цябе гэта не тычыцца. Лёгкасць.
— Разумееш, але тут жа як: хтосьці ж захоча і да цябе прыйсці з бейсбольнай бітай або агнямётам…
Каментары