У студзені 2026 года ў Чачэрску пасля маштабнай рэканструкцыі зноў адкрылася гарадская ратуша. Работы на аб'екце, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя і ўваходзіць у «Залатое кальцо» Гомельшчыны, вяліся з 2024 года. Цяпер тут можна падняцца на назіральную пляцоўку, выпіць гарбаты з графіняй і пабачыць біўні мамантаў.

Праект каштаваў прыкладна 2 мільёны рублёў, сродкі былі вылучаны ў рамках дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС.
Да пачатку работ гістарычны будынак падышоў у стане, які патрабаваў неадкладнага ўмяшання. Апошні раз рамонт тут праводзіўся ў канцы 2000-х, аднак праблемы з вільгаццю і зносам драўляных канструкцый заставаліся нявырашанымі.
Старыя драўляныя канструкцыі пяці вежаў — цэнтральнай і чатырох вуглавых — былі цалкам дэмантаваныя. Для іх аднаўлення выкарыстоўвалі спецыяльны брус, які па індывідуальнай замове выраблялі ў Расіі — толькі там знайшлося прадпрыемства, здольнае выпусціць матэрыял з неабходнымі характарыстыкамі трываласці.


Будынку вярнулі гістарычную вышыню ў 33 метры і аднавілі назіральную пляцоўку з флюгерам. Што праўда, актывісты ў сферы аховы спадчыны адзначаюць, што назіральнай пляцоўкі гістарычна не існавала — яе няма на фота пачатку XX стагоддзя, але яна ёсць на здымках савецкага часу, перад вайной.
Таксама ўнутры будынка стварылі новую вінтавую лесвіцу з граніту.
Каб вырашыць праблему пераўвільгатнення мураваных сцен, прымянілі спецыяльную саніруючую тынкоўку. Яе рэцэптуру распрацоўвалі і выраблялі пад заказ у Гродне.


Пасля завяршэння рэканструкцыі ў будынку зноў адкрыўся Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей, фонды якога налічваюць больш за 20 тысяч прадметаў. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — біўні маманта і прылады працы эпохі палеаліту (узрост каля 30 тысяч гадоў), а таксама калекцыя ўнікальных абразоў Бабіцкай іканапіснай школы. Асобная зала, «Тронная», прысвечана перыяду графаў Чарнышовых. Для турыстаў прадугледжаны элементы анімацыі, напрыклад, сустрэча з акцёрамі ў касцюмах XVIII стагоддзя, і дэгустацыя прадукцыі мясцовага вінзавода.



Геаметрыя замест хаосу
Унікальнасць Чачэрскай ратушы немагчыма разглядаць у адрыве ад гісторыі самога горада. Да 1770‑х гадоў Чачэрск меў тыповую для сярэднявечча хаатычную планіроўку, сфарміраваную вакол замка і дзяцінца.

Сітуацыя змянілася пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі ў 1774 годзе расійская імператрыца Кацярына II падарыла мястэчка свайму фаварыту, першаму беларускаму генерал-губернатару Захару Чарнышову. Граф, які быў прыхільнікам еўрапейскага класіцызму, вырашыў цалкам перабудаваць паселішча. Ён знёс старыя ўмацаванні і ўкараніў новую, строга геаметрычную сетку вуліц.
Вядомы даследчык беларускай архітэктуры Юрый Чантурыя адзначаў, што планіроўка Чачэрска мае дзіўнае падабенства з праектам рэканструкцыі Лондана пасля Вялікага пажару 1666 года аўтарства Крыстафера Рэна. У аснове ляжала ідэя стварэння відавых перспектыў, якія замыкаліся архітэктурнымі дамінантамі.

У цэнтры гэтай сістэмы была пабудавана ратуша. Вакол яе, на аднолькавай адлегласці, размясцілі чатыры храмы-ратонды: тры праваслаўныя царквы і адзін касцёл, з якіх да нашых дзён ацалела толькі Спаса-Праабражэнская царква, аўтарства якой прыпісваецца Джакама Кварэнгі.
Сам будынак ратушы ў сваёй архітэктуры спалучае класіцызм з элементамі псеўдаготыкі, такімі як спічастыя завяршэнні акон, што было характэрна для таго часу.

А ці была ратуша?
Хоць будынак традыцыйна называюць ратушай, гісторыкі дагэтуль спрачаюцца наконт яго рэальнай функцыі. Дакументальна не вызначана, ці выконваў гэты будынак функцыю магістрата, для якой першапачаткова прызначаўся.


Ёсць верагоднасць, што прыгожая пабудова з выразнымі вежамі служыла хутчэй сімвалам новай улады і цэнтрам горадабудаўнічай кампазіцыі, чым рэальным адміністрацыйным аб'ектам. Затое дакладна вядомы больш позні лёс будынка: архіўныя дадзеныя сведчаць, што ў 1863 годзе тут размяшчалася сельскае вучылішча, а ў 1884 годзе — аптэка.
Сёння, пасля завяршэння рэстаўрацыі, будынак працягвае служыць гораду, цяпер ужо ў якасці захавальніка яго гісторыі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬАднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?
Падчас рэстаўрацыі сінагогі ў Ваўкавыскім раёне знайшлі падмурак невядомага будынка
Пад Ружанскім палацам адкрыліся невядомыя раней сутарэнні — яны вытрымалі пажары і цяжкую будаўнічую тэхніку
Каментары
Нашы Гісторыкі сёння робяць шмат дзе толькі дазволенаю імперый гісторыю Беларусі -Літвы, цікава на фатаздымке іконы , Ўніяцкі стыль ? 19с. Акупацыя, без супраціву, дзеля Маскоўскіх імперыялістаў і іх служак вандроўкі