Абезгалоўленая каралева. Чаму тое, што мы пра яе вучылі ў школе, было міфам
Каралеву Францыі Марыю-Антуанету лічылі пустагаловай распусніцай, змоўшчыцай і марнатраўкай. Яе публічна пакаралі на гільяціне. Але зараз вялікая выстава ў лонданскім музеі абвяргае некаторыя міфы пра яе, піша Бі-бі-сі.

«Усе позіркі будуць скіраваныя на цябе», — папярэджвала імператрыца Аўстрыі Марыя Тэрэзія сваю 14‑гадовую дачку, эрцгерцагіню Марыю Антонію. Гэта было ў красавіку 1770 года, і яна рыхтавалася выйсці замуж за будучага караля Францыі Людовіка XVI у Версальскім палацы.
Аднак пільная ўвага, якой падверглася Марыя-Антуанета, як пазней сталі называць эрцгерцагіню, аказалася значна больш жорсткай, чым чакалася.
Яе зневажалі і асуджалі, сцвярджаючы, што непамерная раскоша, якой яна сябе атачыла, давяла краіну да банкруцтва. Гэтыя абвінавачванні ў выніку прывялі да Французскай рэвалюцыі і шакуючага відовішча — публічнага пакарання каралевы на гільяціне.
Ці заслугоўвала яна знявагі, ці была яна пакутніцай, якая аказалася паміж унутранымі канфліктамі, якую знішчыла хлусня?
Для доктаркі Сары Грант, куратаркі выставы «Стыль Марыі-Антуанеты», якая адкрылася ў Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане 20 верасня, яна — «самая модная і найбольш спрэчная каралева ў гісторыі». З нагоды 270‑годдзя з дня нараджэння гэтай неардынарнай асобы выстава праслаўляе яе пачуццё стылю і даследуе некаторыя міфы, звязаныя з ёй.
Адзін з такіх міфаў — яе словы, што сталі крылатымі, «Няхай ядуць пірожныя», якія яна нібыта сказала ў адказ на скаргі аб моцным дэфіцыце хлеба ў краіне.
Насамрэч гэты выраз паходзіць з кнігі Жан-Жака Русо «Споведзь», якую ён напісаў у 1765 годзе, калі Марыі-Антуанеце было ўсяго 10 гадоў, і яна жыла ў Аўстрыі.
Такім чынам, прыпісванне ёй гэтых слоў, што трапіла нават у многія падручнікі гісторыі, было несправядлівым.
Яшчэ адным прыкладам выдумкі стала так званая «справа аб дыяментавым калье» (1785—1786), калі ўпрыгожванне з больш як 600 дыяментаў нібыта было замоўлена ад імя каралевы. Гэта замацавала за ёй рэпутацыю марнатраўкі, нягледзячы на яе апраўданне ў судзе.
Іншыя экспанаты сведчаць пра яе спадчыну як заканадаўцы моды: напрыклад, раскошная мэбля ў стылі французскага адраджэння (1800—1890), якая пераймала элементы яе стылю.
А таксама ружовыя ажурныя туфлі з оскараноснага фільма Сафіі Копалы «Марыя-Антуанета» (2006 года), створаныя Манола Бланікам. У прадмове да каталога дызайнер прызнаецца, што дасюль «захоплены ўсім, што звязана з ёй».
Распусны лад жыцця маладой каралевы, без сумневу, быў соллю на ранах галоднай беднаты. Звязана шлюбнымі путамі з неразумным і нецікавым мужам, які больш цікавіўся паляваннем, чым ёю, яна знаходзіла забаву ў шыкоўных вечарынках, азартных гульнях і модзе.
Яе вытанчаныя сукенкі з велізарнымі крыналінамі, да якіх пасавалі высокія дэкаратыўныя прычоскі, былі паўсюль капіраваны ў той час. Пазней яны натхнілі такіх поп-зорак, як Мадонна і Рыяна, а таксама дызайнераў Вів'ен Уэствуд, Dior і Moschino.
«Мадам дэфіцыт»
Мянушка «Мадам дэфіцыт» таксама была неабгрунтаванай.
Яна траціла менш, чым браты караля, і была толькі адной з шэрагу марнатраўных французскіх манархаў. Але паколькі яна была чужынкай, яе зрабілі зручнай ахвярай за тое, як французскі ўрад распараджаўся фінансамі.
«Менавіта выдаткі на войны насамрэч разарылі Францыю, а не грошы, што траціла Марыя-Антуанета, — расказвае Грант BBC. — Яе бюджэт на гардэроб сёння адпавядае прыкладна 1 мільёну даляраў, але Францыя выдаткавала 11,25 мільярда даляраў толькі на Амерыканскую вайну за незалежнасць».
Нават скарачэнне выдаткаў стварыла ёй новых ворагаў.
«Калі яна перастала насіць шоўк, шаўковая прамысловасць абурылася, лічачы гэта пагрозай свайму існаванню», — кажа Грант.
Калі ў 1783 годзе Марыя-Антуанета паспрабавала стварыць сабе іншы вобраз — больш просты і вясковы, ёй не далі гэтага зрабіць.
«Ад яе чакалі каралеўскага відовішча, — тлумачыць далей Грант. — Менавіта так манархія падтрымлівае сваю ўладу».
Міфы, што акружаюць гэтую раннемадэрную знакамітасць, таксама ігнаруюць яе дабрачыннасць.
Марыя-Антуанета штогод пераглядала свой гардэроб, раздаючы сукенкі сваім слугам. Яна таксама ўсынавіла некалькіх дзяцей, у тым ліку Жана Амількара, родам з Сенегала, якога яна вызваліла з рабства.
Яна таксама «адхіляла ідэі дарагіх падарункаў ад свайго мужа» і «шчодра ахвяравала на дабрачыннасць», расказвае BBC пісьменніца Мелані Бэроуз, якая шмат даследавала гэты гістарычны перыяд.
Бэроуз сцвярджае, што яна была далёка не «пустагаловая ідыётка, якой яе часта малююць», а «дабрадушная, шчодрая і спагадлівая».
Марыю-Антуанету прадставілі французскаму двару як сімвал прымірэння пасля гадоў варожасці з Аўстрыяй. Але яе падазравалі — і часам не без падстаў — у тым, што яна перадавала ваенныя таямніцы Аўстрыі.
Яе лічылі абыякавай да французскага народа, а зняважлівая мянушка L’Autri-chienne (гульня слоў па-французску, што спалучае «аўстрыйка» і «с***а») стала прыкладам таго недаверу, які распальваў грамадскія настроі.
У адрозненне ад караля, каралева не мела афіцыйнай улады і павінна была заставацца ў ценю. Але Марыю-Антуанету лічылі занадта прыкметнай, занадта жвавай і занадта ахвотнай выкарыстоўваць свой шарм для ўмяшання ў палітычныя справы, тайнага лабіравання міністраў і супрацьстаяння канстытуцыйным рэформам, якіх патрабавала краіна.
Што да яе ворагаў, дык яны былі ўпэўненыя, што яе трэба зрынуць. Яны распаўсюджвалі паклёпніцкія брашуры, некаторыя з якіх былі парнаграфічнымі, у якіх яе абвінавачвалі ў распусце, оргіях, лесбійскіх сувязях і нават інцэсце. Хоць адзіным вядомым яе каханкам быў граф Аксель фон Ферзен.
Плёткі «падмацоўвала мізагінія», сцвярджае Грант, дадаючы, што «шмат міфаў з’явілася ў XIX стагоддзі, калі біяграфіі каралевы пісалі мужчыны».
Паводле слоў Бэроуз, каралева насамрэч была досыць сарамлівай. Яна рэдка ўжывала алкаголь, з мужчынамі толькі «лёгка фліртавала» і «ненавідзела, калі яе бачылі голай нават уласныя служанкі».
Аднак стэрэатыпы захоўваюцца. У кнізе «Свет Марыі-Антуанеты: інтрыгі, здрада і распуста ў Версалі» (2020) Уіл Бэшо выказвае здагадку, што яе хранічны крывацёк з маткі быў выкліканы венерычнай хваробай.
Але ён таксама сцвярджае, што яе абражалі і ёй пагарджалі. І хоць ён прызнае яе вінаватай у пошуку задавальнення па-за шлюбам, ён лічыць, што гэта можна зразумець.
Насамрэч «яна была адданай маці», — распавяла доктарка Лаура О’Браен, дацэнтка кафедры сучаснай еўрапейскай гісторыі ва Універсітэце Нартумбрыі ў Вялікабрытаніі.
Яна расказвае пра «больш эмацыйную сувязь», якую каралева мела са сваімі дзецьмі, у адрозненне ад свайго ўласнага выхавання.
Яна была першай французскай каралевай, якая карміла грудзьмі і апраналася так, як гэта адпавядала бацькоўству і жыццю ў яе загарадным доме.
Нязменнае захапленне самай супярэчлівай каралевай Еўропы таксама звязана з яе трагічнай гісторыяй. Дзіця-нявеста з каралеўскай дынастыі, якая стала ахвярай абставінаў і ў рэшце рэшт апынулася ў белай кашулі з кароткай стрыжанай прычоскай на вазку, які вёз яе на смерць.
Для рэвалюцыянераў яна стала сімвалам усяго, што Францыя павінна была змяніць, а яе пакаранне смерцю ў 1793 годзе павінна была ачысціць краіну ад найгоршага, што засталося ад Старога парадку.
Незалежна ад таго, ці была смерць Марыі-Антуанеты апраўданай, яна не змагла спыніць яе ўплыву.
Нават пасля смерці яна працягвала дыктаваць моду — цяпер на кароткія стрыжкі і крывава-чырвоныя чокеры, якія нагадваюць след ад гільяціны.
Яе ненавідзелі тыя, хто верыў у гісторыі пра яе, але ёю таксама захапляліся.
«Для мяне гэта выстава — яшчэ адна здзейсненая мара», — пракаментаваў Бланік у нядаўнім інтэрв’ю. — «Гэта новае апраўданне Марыі-Антуанеты».
Каментары