Памёр апошні з братоў Бельскіх, якія партызанілі ў Налібоцкай пушчы
У ЗША ва ўзросце 98 гадоў памёр Арон Бельскі, самы малодшы з братоў Бельскіх, якія падчас Другой сусветнай вайны стварылі ў Налібоцкай пушчы самы вялікі лясны лагер для яўрэяў у акупаванай Еўропе. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Да вайны сям’я Бельскіх жыла ў вёсцы Станкевічы каля Налібоцкай пушчы, дзе яны былі адзінымі яўрэямі. У сям’і Давіда і Бэлы Бельскіх было 11 дзяцей. Старэйшы сын, Туўя, вучыўся ў яўрэйскай і польскай школах, служыў у польскім войску, ведаў шэсць моў.
Пасля нямецкага ўварвання ў 1941 годзе сям’я Бельскіх панесла вялікія страты: двух братоў і частку родных нацысты расстралялі, малодшы Арон, у той час падлетак, цудам уратаваўся. У снежні 1941 года браты стварылі ў лесе невялікі партызанскі атрад з 17 чалавек. Камандзірам стаў Туўя. З часам атрад вырас да сотняў людзей.
Атрад Бельскіх стаў вядомы тым, што прымаў усіх яўрэяў, у тым ліку жанчын, дзяцей і старых, у той час як іншыя партызанскія групы часта адмаўлялі ім. Туўя лічыў галоўнай задачай не столькі баявыя дзеянні, колькі ратаванне людзей: «лепш выратаваць адну старую яўрэйку, чым забіць дзесяць немцаў».
З часам лагер ператварыўся ў сапраўдную «вёску ў лесе» — з пякарняй, кузняй, школай, бальніцай і нават вяселлямі. Пры гэтым атрад вёў і баявыя дзеянні: падрываў эшалоны і масты, удзельнічаў у засадах, знішчыў сотні ворагаў. Падчас вялікай нямецкай аперацыі «Герман» у 1943 годзе атрад выжыў, схаваўшыся ў балотах.
Усяго браты Бельскія выратавалі ад знішчэння каля 1230 яўрэяў. Немцы прызначылі вялікую ўзнагароду за галаву Туўі. Пасля вызвалення Беларусі ўсе браты засталіся жывымі, акрамя Асаэля, які загінуў у Чырвонай Арміі пад канец вайны.
Браты Туўя, Зусь і Арон пасля пераследу з боку НКУС уцяклі спачатку ў Польшчу, потым у Палесціну, а ў сярэдзіне 1950‑х пераехалі ў ЗША. Там яны жылі ў Брукліне, працавалі ў транспартнай сферы. Туўя памёр у 1986 годзе, Зусь — у 1995-м, а малодшы Арон яшчэ доўга жыў у Маямі аж да ўчарашняга дня.
Каментары
Па сённяшні дзень бачна вынікі гэтага вашагна руска-савецкага "вызвалення ". Бачна, што не наш пісаў артыкл, а нейкі ўсходнік. У Гурневіча ў запісе няма такіх слоў.