Брытанскі палітык прызнаўся, што браў хабар за прасоўванне расійскіх наратываў. Яго справа ўскрыла механізм, як гэта робіцца
Былы дэпутат Еўрапарламента ад Вялікабрытаніі Натан Гіл прызнаў сваю віну ў атрыманні хабару за прасоўванне прарасійскіх заяў, арганізацыю мерапрыемстваў для блізкага паплечніка Уладзіміра Пуціна і выступы ў падкантрольных Расіі СМІ ў 2018—2019 гадах.

Як паведамляе The New York Times, брытанскі палітык Натан Гіл, былы дэпутат Еўрапарламента ад Уэльса, 26 верасня прызнаў сябе вінаватым у атрыманні хабару за прасоўванне прарасійскіх інтарэсаў на высокім еўрапейскім узроўні.
52‑гадовы Натан Гіл рэпрэзентаваў Уэльс у Еўрапарламенце з 2014 па 2020 год. Сваю кар'еру ён пачынаў у крайне правай Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства (UKIP), якая актыўна агітавала за выхад Брытаніі з ЕС. У 2019 годзе Гіл далучыўся да Партыі Brexit, якая пазней была перайменавана ў Reform UK. У 2021 годзе палітык нават узначальваў выбарчую кампанію партыі ва Уэльсе, аднак на сёння ён больш не ўваходзіць у яе і не займае ніякіх выбарных пасад.
Як паведаміла брытанская пракуратура, Гіл прызнаўся ў васьмі эпізодах хабарніцтва. Паводле звестак следства, ён дзейнічаў па ўказаннях украінскага палітыка Алега Валошына, былога чыноўніка ва ўрадзе Віктара Януковіча і члена прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформ — За жыццё» — які, імаверна быў расійскім агентам.
Валошын быў дэпутатам Вярхоўнай рады Украіны, у якой займаў пасаду намесніка старшыні Камітэта па пытаннях інтэграцыі Украіны з ЕС. Адразу пасля пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны палітык разам з жонкай і двума дзецьмі выехаў у Беларусь, якая часта выступае прыкрыццём для аперацый расійскай агентуры.
У 2022 годзе ЗША і Вялікабрытанія ўвялі супраць Валошына санкцыі за «распаўсюд дэзынфармацыі і прарасійскіх наратываў».
Даручэнні Гір атрымліваў праз WhatsApp. Яны былі накіраваны на падтрымку наратываў украінскага мультымільянера, кума Уладзіміра Пуціна Віктара Медзведчука, які цяпер жыве ў Расіі. І які, па задумах Масквы, у 2022 годзе павінен быў узначаліць новую прарасійскую адміністрацыю Украіны, стаць украінскім лукашэнкам.
Канкрэтныя выпадкі
Гіл прызнаўся, што двойчы выступаў з прамовамі ў Еўрапарламенце, якія былі напісаны па «сцэнарыях», прадстаўленых Валошыным.
Так у снежні 2018 года ён абвінаваціў украінскі ўрад у «рэпрэсіях» супраць прарасійскіх СМІ. «Я цалкам спачуваю Украіне, калі гаворка ідзе пра Крым, пра расійскую агрэсію і ўмяшанне, — заявіў тады Гіл, — але няправільна змагацца з рэпрэсіямі з дапамогай рэпрэсій». Ён заклікаў Кіеў дазволіць тэлеканалам «вяшчаць, падабаецца вам іх пасыл ці не».
Падобнае пасланне ён агучыў і ў сакавіку 2019 года.
У лютым 2019 года, калі ва Украіне супраць Медзведчука распачалі крымінальную справу, Валошын даручыў Гілу выступіць на прарасійскім тэлеканале «112 Украіна».

Па словах пракурораў, брытанскі палітык «дакладна прытрымліваўся вызначанай яму лініі», сцвярджаючы, што Медзведчука «пераследуюць» за яго «палітычныя перакананні». Пазней Гіл атрымаў заданне знайсці іншых дэпутатаў Еўрапарламента для падобных заяў у падтрымку алігарха.
Самым яскравым эпізодам стала арганізацыя ў ліпені 2019 года прэзентацыі «мірнага плана для Данбаса» ад Віктара Медзведчука непасрэдна ў будынку Еўрапарламента. Гіл выступіў у ролі арганізатара і вядоўцы.
На наступны дзень пасля мерапрыемства ў Брусэлі Віктар Медзвядчук сустрэўся ў Расіі з Уладзімірам Пуціным і з гонарам паведаміў пра поспех. Паводле афіцыйнай стэнаграмы Крамля, Медзвядчук, спасылаючыся на сустрэчу з брытанскімі палітыкамі, заявіў, што іх рэакцыя яго «натхніла». Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, назваў падзею ў Еўрапарламенце «вельмі пазітыўнай».
Расследаванне і суд
Доказы супраць Гіла былі знойдзены пасля таго, як у верасні 2021 года яго спынілі ў аэрапорце Манчэстэра ў рамках праверкі па нацыянальнай бяспецы. Тады паліцыя атрымала доступ да яго перапіскі з Валошыным у WhatsApp. Падчас допытаў Гіл адмаўляўся адказваць на пытанні, выкарыстоўваючы права не сведчыць супраць сябе.
На судовым пасяджэнні 26 верасня ён прызнаў віну па васьмі канкрэтных пунктах абвінавачання ў хабарніцтве, але адхіліў абвінавачанне ў «змове з мэтай хабарніцтва», якое ахоплівала перыяд са студзеня 2018 па люты 2020 года.
Паведамляецца, што Натан Гіл быў вызвалены пад заставу. Канчатковы прысуд па яго справе будзе вынесены ў лістападзе.
Украінскі бізнэсмен, абвешчаны на радзіме ў вышук, выкарыстоўваў беларускія банкі для правядзення розных схем
Брытанія заявіла, што ГРУ задоўга да атручвання Юліі Скрыпаль узламала яе імэйл
Вялікабрытанія раскрыла буйную міжнародную сетку па адмыванні крыптавалюты для ўзбагачэння Крамля і аперацый расійскіх шпіёнаў у Еўропе
Як Расія з дапамогай карабля-шпіёна сочыць за падводнымі кабелямі Еўропы
Каментары