Яўген Афнагель: Пяць гадоў турмы таго каштавалі, таму што я бачыў Беларусь свабоднай
Яўген Афнагель — каардынатар руху «Еўрапейская Беларусь», адзін са стваральнікаў моладзевага руху «Зубр». Пасля падзеяў 2010 года ён жыў у эміграцыі, але ў 2016 годзе вярнуўся ў Беларусь. У верасні 2020 года яго затрымалі, у траўні 2021‑га асудзілі на 7 гадоў паводле абвінавачання ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Амаль пяць гадоў ён правёў у калоніі і ў магілёўскай турме № 4, прайшоўшы праз ШІЗА і ПКТ. 11 верасня 2025 года яго разам з іншымі палітвязнямі гвалтоўна вывезлі да літоўскай мяжы. Сёння ён у Вільні, але лічыць сябе па-ранейшаму асуджаным, піша «Белсат».

«Нават прайшоўшы праз гады зняволення, я не шкадую пра гэты крок»
— Яўген, у вас была магчымасць застацца ў эміграцыі. Чаму вы ўсё ж вярнуліся ў Беларусь?
— У 2016 годзе я вярнуўся з многіх прычынаў. Беларусь — гэта мая радзіма: тут тады былі бацькі, сябры, блізкія. Але галоўнае — я адчуваў, што Беларусь падыходзіць да моманту вялікіх пераменаў. Жыць у эміграцыі і назіраць збоку за тым, што адбываецца ў краіне, для мяне было невыносна. За мяжой у цябе ёсць бяспека, адносны камфорт, але разам з гэтым ёсць і пастаяннае адчуванне: ты ўбаку. Ты чытаеш навіны, перажываеш, але каб рэальна змяніць сітуацыю ў краіне, трэба ў ёй жыць.
Тады ў Беларусі ўсё было інакш: кіпела жыццё, адчувалася энергія, сілы для пераменаў. Ужо тады было відаць, што пратэсты ў бліжэйшыя гады будуць нашмат больш масавымі, чым былі раней. Былі акцыі супраць «падатку на дармаедства», былі выступы падчас парламенцкай кампаніі. Улады спрабавалі абараняцца, але ўсе бачылі іх слабасць, грамадства ўсё больш выяўляла рашучасць. Было ясна: наступіць час, калі сотні тысяч людзей выйдуць на вуліцы.
Мы ў нашай камандзе разумелі: калі хочам пераменаў, трэба быць у Беларусі. Трэба рыхтаваць людзей, гаварыць з імі, тлумачыць, падтрымліваць, разам працаваць над стратэгіяй перамогі. Менавіта гэта падштурхнула да вяртання.
У 2016 годзе я вярнуўся дадому. Я разумеў, што гэта рызыка, што турма больш чым верагодная. Але я вырашыў: лепш сустрэць гэтыя падзеі ўнутры краіны, чым потым шкадаваць, што прапусціў іх, застаючыся за мяжой.
Але я вырашыў: лепш сустрэць гэтыя падзеі ўнутры краіны, чым потым шкадаваць, што прапусціў іх, застаючыся за мяжой.
Нават прайшоўшы праз гады зняволення, я не шкадую аб гэтым кроку. Ведаю, зрабіў правільна.
«Мы разумелі, што прысуд ужо напісаны загадзя»
— У верасні 2020 года вас затрымалі. Як гэта адбылося?
— 25 верасня да мяне сталі біцца ў дзверы, папярэдне заблакаваўшы ўсю сувязь. Стала зразумела, што будуць браць, мы з маімі калегамі былі да гэтага гатовыя, добра, што ўдалося максімальна адцягнуць гэты момант. Пакуль выломлівалі дзверы, гэта заняло хвіліны тры-чатыры, я спакойна дапіў кубак кавы, прагледзеўшы яшчэ раз змест тэлефона і камп'ютара. Потым узброеныя сілавікі ўварваліся ў кватэру, прыставілі пісталет да галавы, павалілі на падлогу, пачаўся ператрус. Затрымлівалі нас адначасова ў розных месцах Менску: мяне, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча.
Везлі галавой у падлогу, я не бачыў, куды менавіта. Потым ужо зразумеў, што гэта хутчэй за ўсё Следчы камітэт. Там адразу паказалі артыкул у Крымінальным кодэксе. Было ясна: пачынаецца іншае жыццё.

— Суд быў закрыты. Як вы перажылі той працэс?
— Суд пачаўся ў траўні 2021 года ў Магілёве. Усё адбывалася за зачыненымі дзвярыма: сваякоў і журналістаў не дапусцілі, спаслаліся на фармулёўку «Справа змяшчае матэрыялы, якія ёсць дзяржаўнай таямніцай». Насамрэч ніякіх сакрэтных звестак падчас працэсу не было, проста ўлады не хацелі, каб беларусы і свет убачылі гэты фарс.
На лаве падсудных разам са мной апынуліся людзі, якіх я добра ведаў і паважаў: Ірына Шчасная, Павел Севярынец, Максім Вінярскі, Дзмітрый Казлоў, Павел Юхневіч, Андрэй Войніч.
Мы разумелі, што прысуд ужо напісаны загадзя, таму проста выкарыстоўвалі шанец правесці час разам, пагаварыць.
25 траўня суддзя Ірына Ланчава абвясціла пастанову: мне, Севярынцу і Войнічу — па 7 гадоў, астатнім ад 4 да 5. Гэтыя лічбы для нас асаблівага значэння не мелі, мы разумелі, што ў рэальнасці яны могуць стаць і большымі, і меншымі, усё залежыць ад таго, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі, ад ціску на рэжым Лукашэнкі, ад салідарнасці. Тое, што я і амаль усе мае сябры, якія тады былі ў клетцы суда, цяпер на волі, паказвае, што мы мелі ў гэтым рацыю.
«Адміністрацыя ўсімі сіламі спрабавала пераканаць, што пра палітвязняў усе забыліся»
— Што для вас было самым цяжкім у зняволенні?
— Першыя месяцы я правёў у калоніі ў Наваполацку. Чатыры месяцы — і ўжо ў студзені 2022 года мяне перавялі ў штрафны ізалятар, потым у ПКТ, стала ясна: мне зробяць больш жорсткім рэжым і адправяць у «крытку» — гэта значыць, у магілёўскую турму № 4.
Гэтая турма — зусім іншыя ўмовы. У калоніі ты можаш хоць бы хадзіць па тэрыторыі, бачыць неба, дрэвы, мець зносіны з іншымі палітвязнямі, са сваякамі. Ёсць магчымасць атрымліваць прадуктовыя перадачы, часцей тэлефанаваць.
У «крытцы» гэтага няма. Маленькая камера, вільгаць, цьмянае святло, адсутнасць свежага паветра, пастаянныя праверкі. Максімум — бандэроль два кілаграмы раз на год. Пакупкі — на адну базавую велічыню ў месяц. Пасылкі не дазволеныя. Цябе ізалююць ад усяго.
Там ты маеш зносіны толькі з сукамернікамі. Часта гэта былі людзі з паламанай псіхікай: хтосьці правёў 15—20 гадоў у турме, хтосьці сядзіць за жорсткае забойства. Жыць побач з такімі людзьмі — асобнае выпрабаванне. Адміністрацыя выкарыстала гэта мэтанакіравана як інструмент ціску.
Фактычна большую частку тэрміну — тры гады — я правёў менавіта ў «крытцы».

— Як вы трымаліся ў такіх умовах?
— Ціск быў увесь час. Адміністрацыя знаходзіць слабыя месцы ў кожнага: у кагосьці здароўе, у кагосьці сямʼя, у кагосьці павелічэнне тэрміну, фізічная расправа. Выкарыстоўваюць усе. Мяне пазбаўлялі спатканняў, перадачаў, кніг, падручнікаў, забіралі запісы, кідалі ў ШІЗА.
Ратавала падтрымка — яна адчувалася заўсёды, нягледзячы на высілкі адміністрацыі, якая ўсімі сіламі імкнулася пераканаць палітычных зняволеных, што пра іх усе забыліся, яны нікому не патрэбныя. Я заўсёды ведаў, што гэта не так.
Вялікі дзякуй усім, хто дапамагаў. Сябрам, аднадумцам, праваабаронцам, краінам вольнага свету. Тым, хто падтрымліваў семʼі зняволеных, хто пісаў лісты, — з вясны 2022 года яны не даходзілі, але я ведаў, што яны былі, што іх было шмат. Гэта было вельмі важна і патрэбна. Трэба працягваць пісаць лісты палітвязням і далей.
Асобна хачу падзякаваць незалежным медыям. Вашыя тэксты чытаюць і тыя, хто нас ахоўвае, і тыя, хто аказвае ціск на палітвязняў, хто вырашае, ці пазбавіць спаткання, ці пасадзіць у ШІЗА. Калі пра зняволенага пішуць, яго цяжэй забіць ці скалечыць.
— Пра што вы думалі ў зняволенні?
— Вядома, найперш пра блізкіх людзей. Я ведаў, што ім было вельмі цяжка, нашмат цяжэй, чым мне. Мой бацька, бацькі маёй жонкі не дачакаліся гэтага дня, і я да гэтага часу не магу змірыцца з думкай, што іх больш няма.
Часта ўспамінаў 2020 год. Мы яшчэ ў 2019‑м ведалі: пасля сфальсіфікаваных выбараў на вуліцы выйдуць сотні тысяч людзей. Мы жылі і працавалі дзеля гэтага. Многія тады лічылі, што такое немагчыма. Мы ж ведалі, што так будзе, і казалі пра гэта, словы з інтэрвʼю пачатку 2020 года пра тое, што на вуліцах будзе мільён беларусаў, трапілі нават у матэрыялы крымінальнай справы. Самае галоўнае — мы бачылі ўсё гэта на свае вочы.
Гэтыя ўспаміны, разуменне таго, што беларусы сталі іншымі, сталі народам, які навучыўся змагацца, абараняць сябе, сталі крыніцай сілаў, якія дазволілі прайсці праз усе выпрабаванні.
— Вы былі ў няволі, калі пачалася вайна ва Украіне. Як вы даведаліся пра гэта?
— Гэта быў люты 2022 года. Я тады ўжо быў у штрафным ізалятары і рыхтаваўся да этапу ў «крытую» турму. Пра тое, што справа ідзе да вайны, было зразумела яшчэ ўвосень, у студзені, калі расейскія ўлады паўтаралі: «Не, ніякай вайны не будзе, гэта проста вучэнні». Але ўсім было ясна, што ўсё ідзе менавіта да вайны.
Яшчэ ў 2015 годзе на сустрэчах з украінскімі палітыкамі беларуская апазіцыя наўпрост папярэджвала: вайна будзе, і Беларусь у ёй таксама акажацца замяшаная. Украінцам тады казалі: не варта спадзявацца на дамоўленасці з Лукашэнкам, бо ўварванне з тэрыторыі Беларусі ўсё роўна адбудзецца.
Нам адказвалі: «Мы падтрымліваем стасункі з Лукашэнкам, каб пазбегнуць вайны, каб не было ўварвання з Беларусі». А мы казалі: «Уварванне ўсё роўна будзе. Ён не той чалавек, якому можна верыць». На жаль, мы зноў мелі рацыю.

«Свабода — гэта калі спыняюцца рэпрэсіі»
— Раскажыце пра дзень, калі вас вызвалілі.
— «Вызваленне» ў двукоссі. 11 верасня 2025 года мяне забралі з шпацырнага дворыка а 10:15 раніцы. Сказалі сабраць рэчы, забралі запісы, вельмі прыспешвалі. Потым павезлі ў Менск, у Следчы ізалятар КДБ, вядомы як «амерыканка».
Там у адной камеры нас аказалася 13 чалавек. Пазней мы зразумелі, на якой падставе нас абʼядналі ў асобную групу: менавіта нас планавалі выкінуць з краіны без пашпартоў. Ноч мы правялі там, а на наступны дзень нас вывезлі да літоўскай мяжы.
Дакументаў пра тое, што мы свабодныя, нам не далі. Юрыдычна мы застаемся асуджанымі. Таму я кажу: гэта не вызваленне, а гвалтоўнае выправаджэнне. Нас хочуць пазбавіць нашай радзімы. Для многіх гэта больш цяжкае пакаранне, чым турма.
— Як вы ставіцеся да такога гандлю: палітвязні ў абмен на саступкі рэжыму?
— Гэта цынічная гульня. Выпускаюць некалькі дзясяткаў чалавек, а саджаюць яшчэ больш. Мы застаемся абʼектамі гандлю. Лукашэнка выкарыстоўвае палітвязняў як закладнікаў, каб выгандлёўваць паслабленні ў найбольш балючых для яго пытаннях.
Казаць пра «свабоду» ў такіх выпадках няправільна. Свабода — гэта калі спыняюцца рэпрэсіі. Калі не зʼяўляецца новых палітвязняў. Калі цябе не выкідаюць з тваёй краіны. Ад Лукашэнкі трэба патрабаваць поўнага спынення палітычных рэпрэсіяў. Толькі тады можна казаць, што гэтая праблема вырашаная.
— Мікалай Статкевіч адмовіўся ехаць за мяжу. Як вы ацэньваеце ягоны ўчынак?
— Гэта мужны ўчынак. Ён зламаў гульню Аляксандра Лукашэнкі і тых, хто хацеў выкарыстаць гандаль для зняцця санкцыяў, прымусіў лічыцца з сабой. Так паводзяць сябе сапраўдныя лідары — людзі, якія адчуваюць і разумеюць сваю адказнасць за краіну. Ганаруся тым, што магу назваць Мікалая Віктаравіча сваім паплечнікам і сябрам.
Лукашэнка вельмі помслівы чалавек, ён вельмі хваравіта перажывае свае правалы. Трэба разумець, што жыццё Мікалая Статкевіча цяпер пад пагрозай. Наша задача — дамагчыся ягонага хутчэйшага вызвалення.
— Што для вас значыць 2020 год?
— Гэта вяршыня нашай барацьбы, упэўнены, што не апошняя. Жнівень — верасень 2020 года — адны з самых шчаслівых момантаў майго жыцця. Я бачыў свабодную Беларусь, бачыў, якой яна можа быць у будучыні. Я бачыў мільёны людзей на вуліцах, бачыў наймагутнейшую энергію, якая зыходзіць ад іх, самаарганізаванасць, крэатыў, узаемадапамогу. Гэта было неверагодна.
Такія ўспаміны немагчыма сцерці. Гэта дае зарад аптымізму і веры. Я магу сказаць: пяць гадоў турмы таго каштавалі. Таму што я бачыў Беларусь свабоднай.

Галоўнае — памятаць: перамены рэальныя
— Сёння вы ў Вільні. Якія вашыя планы?
— Цяпер я чакаю від на жыхарства. Самае важнае для мяне — гэта зносіны з сям'ёй, з сябрамі. Гэтага больш за ўсё не хапала ў турме. Хачу нагнаць упушчаныя гады, чытаць, даведацца, што змянілася ў свеце. Мая мэта тая ж, што і раней: свабодная Беларусь.
— Што вы хацелі б сказаць беларусам сёння?
— Памятайце, што было ў 2020 годзе, верце ў сябе, у наш народ. У 2019 годзе, напярэдадні выбараў, хтосьці казаў: «Пратэстаў не будзе, усім усё роўна, нічога не зменіцца». Хтосьці кажа так і цяпер. Але мы ўсе бачылі 2020 год, адчулі нарэшце смак свабоды. Працэсы, якія пачаліся тады, незваротныя.
Беларусь — частка Еўропы. У нас ёсць саюзнікі, у нас ёсць героі — усе, хто выходзіў у 2020-м, усе, хто цяпер у турмах, усе, хто абараняе Беларусь, усю Еўропу ва Украіне, усе, хто нам дапамагае. Нас шмат, мы сталі мацнейшыя і разумнейшыя.
Галоўнае — памятаць: перамены рэальныя. Тое, што камусьці здаецца немагчымым сёння, становіцца рэальнасцю заўтра. Як хутка наступіць нашае заўтра — залежыць толькі ад нас.
Каментары