За свае больш як два стагоддзі існавання Свята-Міхайлаўская царква бачыла рэчы камічныя і трагічныя, нацыянальных герояў і марадзёраў, нявінна асуджаных і зачыншчыкаў зверстваў. І перажыла ўсё, акрамя абыякавасці. Даведаліся больш пра яе гісторыю, адметнасці і пра тое, чаму статус Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА для палескіх цэркваў мы ніколі не дачакаемся.

24 ліпеня са Сцяпанкаў Жабінкаўскага раёна прыляцелі трагічныя кадры, як ахопленая агнём гіне ў пажары адна з нямногіх унікальных барочных цэркваў на Палессі. Полымя дашчэнту вынішчала самую старую частку царквы і амаль нічога не пакінула ад званіцы, прыбудаванай да яе пазней.
Царква на радзіме Касцюшкі
Упершыню праваслаўная царква Святога Арханёла Міхаіла ў Сцяпанках, вядомых у Берасцейскім старостве з XVI стагоддзя, згадваецца пад 1619 года. Гэта быў папярэдні храм, пра выгляд і фундатараў якога нічога не вядома.
Але захавалася гісторыя, як 23 сакавіка 1629 года святара гэтай царквы збіў п’яны шляхціц. Святар Захарый Грынеўскі вяртаўся ад берасцейскага зямяніна Рыгора Рудніцкага, калі на яго накінуўся п’яны і раз’юшаны берасцейскі зямянін Аляксандр Палонскі. Апошні, забыўшыся «на права паспалітае», грэбуючы «баязею Божэю і встыду людскога, не аглядаючы на стан свой шляхецкі», дагнаўшы божага слугу на дарозе, стукнуў яго плоскасцю корда па галаве, параніў, зганіў, «ссараміў ушчыплівымі словамі» без увагі на паважаны ўзрост і святарскі стан, і, «на тым не маючы досць, бараду вырваў». Гэта будзе не апошні раз, калі святар з Сцяпанкаў бязвінна пацерпіць.
У 1656 годзе мясцовая землеўласніца Мураўлеўская саступіла вёску свайму пляменніку Аляксандру Яну Касцюшку, прадзеду Тадэвуша Касцюшкі, нацыянальнага героя чатырох краін.
Калі быў пабудаваны цяперашні драўляны храм, дакладна невядома, яго пабудову адносяць да часу, не пазнейшага за 1780 год, хоць не зусім ясна, з чым звязаная гэтая дата.
У тутэйшым прыходзе штогод святкуецца дзень закладкі храма на прысвятак Ганны, які адзначаецца 22 снежня. Алтар храма, як паведамляў яго былы настаяцель Сяргей Разановіч, быў асвечаны на Святога Міхаіла.
Мяркуючы па тым, што архітэктура храма была своеасаблівай драўлянай інтэрпрэтацыяй мураваных двухвежавых барочных храмаў, ён быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі, у час росквіту гэтага стылю.

Усё XVIII стагоддзе Сцяпанкамі валодалі Касцюшкі: прадзед, дзед, бацька і, відаць, сам Тадэвуш Касцюшка. Нельга выключаць, што продкі Касцюшкаў як уладальнікі вёскі выступалі фундатарамі новай драўлянай царквы, ужо ўніяцкай.
Царква была пабудаваная ў рэдкай для сельскіх драўляных храмаў форме базілікі, якая мае тры нефы, падзеленыя чатырма калонкамі. Базілікальная канструкцыя азначае, што бакавыя часткі былі апушчаны ніжэй за цэнтральную, дзякуючы чаму ў сценах цэнтральнага нефа былі прарэзаны невялікія акенцы, каб у храм трапляла больш святла.

Хутчэй за ўсё, галоўны фасад храма нагадваў фасады цэркваў у Валавелі, Бездзежы і Дзівіне: дах ссунуты ўзад, а на вызваленым месцы з вуглоў зруба вырасталі дзве вежы са складанымі шмат'яруснымі барочнымі купаламі-банькамі. Як піша адзін даследчык: помнік у Сцяпанках высокі і велічны, ён урачыста пануе над тутэйшым асяроддзем з невялічкімі соннымі хацінамі.
Прынята вылучаць асобную заходнепалескую школу дойлідства, каб адрозніваць мясцовую традыцыю ад ўсходнепалескай школы дойлідства, не менш унікальнай. Але і ў межах гэтай школы ёсць адрозненні.

Некаторыя даследчыкі вылучаюць лакальную маларыцкую школу, уключаючы ў яе такія храмы, як цэрквы ў Ляхаўцах, Олтушы, Дзівіне, Вялікіх Сяхновічах і Сцяпанках. У маларыцкай школе палескага дойлідства, у адрозненне ад давыд-гарадоцкай, вельмі выразна і яскрава ўвасобіліся ўплывы еўрапейскага барока.
У перыяд ліквідацыі уніі ў XIX стагоддзі гэта дрэнна дапасоўвалася да прынесеных рускім праваслаўем архітэктурных густаў, што і вызначыла яе немінучы заняпад.
«Блакітны міф»
Сёння храмы мясцовай школы дойлідства апісваюць паэтычна, як «блакітныя цэрквы Палесся», бо яны спрэс памаляваныя ў такі колер. Але гэтае прыгожае абазначэнне не мае пад сабой гістарычнага грунту.
Даступны і ўстойлівы сіні пігмент з’явіўся толькі ў XX стагоддзі. Ні ў час пабудовы, ні ў часы Расійскай імперыі, ні ў міжваенны час «блакітныя цэрквы Палесся» не былі блакітнымі. Былі жоўтага, бэжавага, карычневага, пазней, можа, нават прыглушанага зялёнага, але ніколі — сінімі. Такі адкрыты сіні колер не сустракаецца ў нашым прыродным ландшафце і дысгарманічны яму.
Як адзначаюць спецыялісты, з гэтым колерам на помніках трэба змагацца, а не паэтызаваць, бо ён скажае іх успрыманне і аўтэнтычны выгляд. Следам за сінімі сценамі прыходзяць ультрамарынавыя дахі і кантрасныя да іх залатыя купалы з нітрыду тытану.
Схаванае ўніяцкае хараство

У храме захоўваліся таксама творы жывапісу XVII—XVIII стагоддзяў, запрастольны двух’ярусны алтар з вытанчанымі драўлянымі карункамі навылётнага разьбярства. Нягледзячы на больш познія абнаўленні, на ім заўважныя сляды першапачатковай багатай і разнастайнай паліхроміі. Алтар дае добрае ўяўленне пра пампезнасць старадаўняга інтэр’ера і вытанчанае майстэрства разьбяроў, якія яго стваралі.

Пасля вызвольнага паўстання 1831 года і напярэдадні ліквідацыі Берасцейскай уніі ва ўніяцкіх цэрквах пачалі ўводзіць новыя парадкі, набліжаючы іх да парадкаў расійскага праваслаўя. Гэта тычылася ў тым ліку і сакральнай архітэктуры. Так у 1834 годзе па прапанове кіруючага літоўскага ўніяцкага епіскапа Іосіфа Сямашкі было вырашана зрабіць ва ўніяцкіх цэрквах такія ж іканастасы, як у праваслаўных.


Прыкладна ў гэты час трох’ярусны іканастас з'явіўся і ў царкве ў Сцяпанках. У інтэр'еры таксама знішчылі бакавыя алтары. Драўляныя скульптуры, якія ўпрыгожвалі калісьці ўніяцкую царкву, занеслі на паддашак, адкуль іх пасля забралі ў Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, дзякуючы чаму яны і захаваліся.
Тым не менш нават абразы ў новым іканастасе былі створаны пад адчувальным уплывам барока.
У алтарнай перагародцы злева ад райскіх дзвярэй захоўваўся мясцовашанаваны абраз Маці Божай Сцяпанкаўскай, напісаны ў другой палове XVIII стагоддзя, якому пакланяюцца як цудадзейнаму. Як лічыцца, ён ацалеў у царкоўным пажары, але цяперашняга пажару, відаць, не перажыў.
Абраз быў упрыгожаны драўлянай імітацыйнай шатай з каронамі, зробленай па замове жонкі святара Фёклы Паўловіч.

Упрыгажэннем царквы таксама былі абразы ХІХ стагоддзя: «Успенне святой Анны», «Маленне аб чашы», «Святы Іосіф з дзіцём», «Святыя Іакім і Анна».
Вядома, што царкву пасля рамантавалі прынамсі двойчы — у 1858 і ў канцы 1870-х гадоў. У 1862 годзе ў Сцяпанках адчынілася народнае вучылішча, дзе настаўнічаў святар Свята-Міхайлаўскай царквы.

У 1899 годзе ў Сцяпанкаўскай царкве налічвалася 2585 прыхаджан з 12 вёсак: Сцяпанак, Горак, Драмлёва, Жыціна, Канатопаў, Лоек, Меляшоў, Мажэйкаў, Налезнікаў, Алізарава Става, Падрэчча і Шадзяў. Прычт складаўся са святара і псаломшчыка. Да храма была прыпісаная царква ў маёнтку Жыцін.
У 1902 годзе перад барочным двухвежавым фасадам была пабудаваная званіца ў псеўдарускім стылі — не тое, каб нехта спрабаваў такім чынам русіфікаваць спрадвечнае беларускае дойлідства, але на той момант ніякіх іншых стыляў у драўляным дойлідстве не было.
Краязнаўцы ўвогуле мяркуюць, што праект званіцы мог выканаць знакаміты пецярбурскі архітэктар таго часу, Мікалай Катовіч, выхадзец з беларускай святарскай сям’і, бо тагачасны святар Сцяпанкаўскай царквы, Іаан Міхалоўскі, даводзіўся яму стрыечным братам. Гісторыя хутчэй за ўсё легендарная, бо праекты цэркваў таго часу былі тыпавымі і раздабыць праект прыбудовы званіцы не складала праблемы і ў сталіцы губерні.

У 1915 годзе, калі баявыя дзеянні Першай сусветнай вайны вяліся на тэрыторыі Беларусі, царква ў Сцяпанках была зачынена, а царкоўнае начынне выпраўлена ў глыб Расіі і назад не вярнулася. Набажэнствы аднавіліся толькі ў 1923 годзе, калі храм апынуўся на тэрыторыі Польскай Рэспублікі.
Звон, які скралі двойчы
У пачатку XX стагоддзя царкоўнае брацтва і прыхаджане сабралі 1900 рублёў на капітальны рамонт царквы. На новай царкоўнай званіцы, прыбудаванай да царквы, быў усталяваны высокамастацкі звон, які быў упрыгожаны адмысловым барэльефным арнаментам і меў выключнае гучанне.
Звон быў фундаваны жыхаром суседняй вёскі Шадзі, былым цapкоўным старастам Аляксеем Аксюцікам у 1906 годзе, пра што паведамляе фундушовы надпіс: «Сей колокол сооружен для Степанковской Свято-Михайловской церкви. При настоятеле Иоанне Михаловском. Трудами, усердием и на добровольные пожертвования прихожан при значительной помощи крестьянина Стефана Оксютика».

У часы савецка-польскай вайны байцы Чырвонай Арміі яго знялі, каб вывезці ў Расію. Па чыгунцы звон даехаў да Аранчыцаў, дзе ў час баёў апынуўся на польскім баку. Палякі захапілі яго ў якасці трафея і звезлі ў Варшаву.
У польскай сталіцы ён стаяў на чыгуначнай платформе, дзе яго выпадкова пабачыў нехта са Сцяпанкаў ці яго ваколіц, які здолеў паведаміць пра сваю знаходку землякам. Апошнія, не марудзячы, накіравалі ў Варшаву дэлегацыю вернікаў, якія ўпарта дамагаліся ад польскай улады вяртання звона як царкоўнай маёмасці. Вырашальным стаў фундушовы надпіс на звоне аб яго наданні царкве ў Сцяпанках.

На царкоўнай званіцы да Вялікай Айчыннай вайны знаходзілася яшчэ 5 ці 6 меншых званоў, якія па загадзе акупацыйнай улады прыхаджане павінны былі аддаць. Аднак тыя дамовіліся паміж сабою пакінуць самы вялікі і не званіць у яго, каб зберагчы ад рабаўнічага вывазу. Ператрываўшы вайну, звон маўчаў да заканчэння савецкай эпохі.
Сведка зверстваў нацыстаў
У 1932 годзе настаяцелем стаў Леанід Дружылоўскі, якому даводзілася хрысціць і вянчаць большасць жыхароў вёскі Драмлёва, якая адносілася да яго царквы.
У верасні 1942 года нацысты праводзілі карную аперацыю «Трохвугольнік» супраць савецкіх партызан і мясцовага цывільнага насельніцтва на тэрыторыі паміж чыгункамі Брэст — Кобрын і Брэст — Маларыта. 11 верасня акупанты забілі ў Драмлёве 286 чалавек, з якіх 124 былі дзецьмі, і спалілі вёску. Пасля вайны вёска не адрадзілася.
Нацысты не дазволілі пахаваць загінулых драмлёўцаў, забаранілі рабіць запіс у царкоўных кнігах аб смерці прыхаджан. Святар Леанід Дружылоўскі патаемна працягваў запісваць даныя ў метрыкі, але пра забойства 183 драмлёўцаў у адзін дзень ён не адважыўся напісаць, толькі пакінуў выразную пазнаку вялікімі літарамі: «Сентябрь. ПОГРЕБЕНІЙ НЕ БЫЛО».
Пасля вайны царква не закрывалася, але з 1974 года не мела свайго святара. Царкоўнае жыццё адрадзілася толькі з Перабудовай.
Прыход «тэрарыста»

Сцяпанкаўская царква, як і многія помнікі мінуўшчыны, перажыла за свой час шмат страшных падзей, але ніхто не мог уявіць, што чарга наступных пачнецца ў 2020-я, калі настаяцель будзе абвешчаны «тэрарыстам».
Пасля пратэстаў супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў па справе Міколы Аўтуховіча ў канцы 2020 года былі затрыманыя святар царквы Сяргей Разановіч, а таксама яго жонка Любоў і сын Павел, якія адбываюць драконаўскія тэрміны — да 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яны далі прытулак Аўтуховічу, свайму даўняму знаёмаму, які хаваўся ў падполлі. За гэта і пацярпелі.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА і беларуская абыякавасць
Яшчэ ў 2004 годзе Беларусь унесла ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА цэлы шэраг аб’ектаў: Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абарончага тыпу, ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску, а таксама культавае драўлянае дойлідства Палесся XVII-XVIII стагоддзяў.
За 21 год знаходжання драўляных палескіх храмаў у гэтым ганаровым спісе справа не зрушылася ні на ёту. Нічога не зроблена не толькі на ўзроўні ЮНЕСКА, але нават на мясцовым ўзроўні.

За два дзесяцігоддзі беларускія чыноўнікі нават не змаглі вызначыць, якія ж драўляныя храмы яны хочуць бачыць у спісе Сусветнай спадчыны. У кароткай вытрымцы з дасье, апублікаванай на сайце ЮНЕСКА, згадваюцца толькі цэрквы ў Здзітаве і Олтушы. Відавочна, што гэта не ўвесь спіс, але больш пра яго нічога не вядома.
Увесь гэты час цэрквы Палесся, якія б маглі трапіць у спіс ЮНЕСКА, актыўна перабудоўваюцца і ацыбульваюцца, страчваючы свае шанцы атрымаць калі-небудзь жаданы статус.
У 2015 годзе з’явілася парадаксальная навіна, што толькі плануецца ўнесці ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны пяць драўляных цэркваў Брэсцкай вобласці, а падрыхтоўка намінацыйнага дасье па іх будзе праведзена сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой.

Сярод аб’ектаў называліся драўляныя цэрквы ў вёсках Здзітава, Збірагі, Чэрск, Дзівін і Сцяпанкі. Уважлівы чытач можна заўважыць, што ні царквы ў Здзітаве, ні царквы ў Олтушы, якія непасрэдна згадваюцца ў тэксце на сайце ЮНЕСКА, у спісе чыноўнікаў не аказалася. Проста надзвычай характэрная ілюстрацыя непаслядоўнасці і неразумнасці. І пасля 2015 года зноў поўная цішыня.
Згодна з беларускім заканадаўствам гісторыка-культурныя каштоўнасці, уключаныя або прапанаваныя да ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны, набываюць 0-ю катэгорыі каштоўнасці. Такую ў Дзяржаўным спісе сапраўды маюць і Сафійскі сабор, і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, і Каложская царква ў Гродне, і абарончы храмы ў Сынкавічах, Мураванцы, Камаях, і Аўгустоўскі канал.
Не маюць 0-й катэгорыі толькі драўляныя храмы Палесся. Згаданыя ў намінацыі і брэсцкімі чыноўнікамі цэрквы ў лепшым выпадку маюць толькі 2-ю катэгорыю каштоўнасці. За 21 год з моманту падачы заяўкі ў ЮНЕСКА беларускія чыноўнікі не змаглі нават выканаць уласнае заканадаўства, выкананне якога не патрабуе ніякіх разумовых высілкаў.

Вось атрымліваецца «намінацыя Шрэдзінгера»: яна быццам бы ёсць, але ў той жа момант яе быццам няма для беларускай дзяржавы. А храмы знікаюць проста фізічна: хто пад пластамі сайдынгу і пластыкавых акон, як царква ў Валавелі, а хто ў агні пажару, як царква ў Сцяпанках.
Відавочна, што калі б да Сцяпанкаўскай царквы было стаўленне як да кандыдата ў спіс Сусветнай спадчыны, то там бы было зроблена ўсё, каб прадухіліць падобны знішчальны пажар. Але ніхто за 21 год так і не парупіўся пра такі статус.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦарква ў Сцяпанках згарэла цалкам ВІДЭА
У царкве-шэдэўры, што згарэла пад Жабінкай, да 2020 года служыў святар-палітвязень Разановіч
Згарэў шэдэўр народнай архітэктуры Палесся — царква ў Сцяпанках. Яна засталася на фотах «Нашай Нівы»
Пяць унікальных драўляных цэркваў Палесся, якія абавязкова трэба ўбачыць ШМАТ ФОТА
Каментары