«Германія не дае трэвел-док — маўляў, мяне не пераследавалі, хоць былі суткі і данаты». Як жывуць без пашпартоў
Жыццё без пашпарта ў чужой краіне — лёс усё большай колькасці беларусаў.

Пасля таго, як увосень 2023 года консульствам Беларусі забаранілі замену і падаўжэнне дакументаў, для вельмі многіх беларусаў за мяжой статус грамадзяніна без пашпарта альбо ўжо сумная рэальнасць, альбо пытанне бліжэйшай будучыні. Devby.io прыводзіць некалькі гісторый.
Германія
«Улады два гады не выдаюць мне шэры пашпарт»
Я пераехаў у Германію ў 2022 годзе. І ўжо год жыву тут без пашпарта — у мяне Blue Card, і па ім я магу працаваць яшчэ прыкладна год.
Што будзе далей, пакуль незразумела: нямецкія ўлады ўжо два гады не выдаюць мне шэры пашпарт (праязны дакумент Германіі), матывуючы гэта адсутнасцю пераследу (у мяне былі суткі ў 2020 годзе і данаты). Хоць афіцыйна заяўляецца, што такія дакументы выдаюцца. Зараз справа ў судзе.
З-за адсутнасці пашпарта я не магу выехаць з Германіі, узнікаюць складанасці з банкамі, а яшчэ немагчыма атрымаць якія-небудзь паслугі анлайн. Напрыклад, я не магу замовіць даведку аб рэгістрацыі (яна патрэбна для змены месца жыхарства, для запрашэння родным і г. д.) або зарэгістраваць новы банкаўскі акаўнт. У нармальных абставінах гэта лёгка робіцца праз аплікацыю у тэлефоне, дастаткова прыкласці ВНЖ па NFC. Але ВНЖ прывязаны да пашпарта, і раз той пратэрмінаваны, то ён таксама не дзейны. Агулам, без пашпарта складана — трэба рабіць шмат лішніх дзеянняў.
Для атрымання грамадзянства Германіі дастаткова пражыць 5 гадоў, мне застаецца 1, 5‑2 гады.
Але для падачы патрэбны сертыфікат аб веданні мовы — яго без пашпарта/праязнога дакумента таксама не атрымаць.
Але да грамадзянства яшчэ далёка, зараз важней атрымаць праязны дакумент, а то так і без працы можна застацца: дадатковы лісток-укладыш да Blue Card скончыцца.
Калі мне так і не ўдасца дамагчыся праязнога дакумента, прыйдзецца запытваць статус бежанца.
Ад devby. Выданню вядомая і гісторыя паспяховай выдачы «шэрага пашпарта» грамадзяніну Беларусі. Але ўводныя ў ёй істотна адрозніваюцца.
Пашпарт скончыўся ў непаўнагадовага беларуса, чый бацька-беларус да гэтага часу ўжо шмат гадоў жыў у Германіі і меў нямецкае грамадзянства. Акрамя таго, мужчына актыўна ў медыяполі падтрымліваў пратэсты, што лёгка было даказаць. Аргументы ён выклаў у пісьме ў міграцыйную службу. Спартыўны клуб, у якім займаецца сын, таксама напісаў хадайніцтва. У выніку ўжо праз 4 тыдні сыну выдалі нямецкі праязны дакумент. Зараз хлопец ужо грамадзянін ФРГ.
Польшча
«Для замены пашпарта не хапіла ўсяго пары тыдняў»
Зыходныя даныя:
- Мы з сям’ёй (я, жонка і непаўнагадовы сын) летам 2021 года паехалі ў Польшчу.
- Мой пашпарт сканчаўся ў красавіку 2023 года.
- Пашпарт жонкі быў старога ўзору з тэрмінам дзеяння больш за 10 гадоў, таму яна яго абмяняла перад ад’ездам.
- Пашпарт сына сканчаўся ў лістападзе 2024 года.
У верасні 2021 года мы падалі дакументы на ВНЖ. Працэс аказаўся неверагодна доўгім, што характэрна для нашага ваяводства. На пачатак красавіка 2023 года ў нас не было нават станоўчай дэцызіі. Да заканчэння майго пашпарта заставалася літаральна пару тыдняў. Я запісаўся ў консульства РБ у Варшаве і паехаў туды ў надзеі атрымаць новы пашпарт.
На прыёме мне растлумачылі, што калі б у мяне ўжо была дэцызія (нават без пластыкавай карты), рашэнне аб выдачы новага пашпарта было б станоўчым. Але ў нашай сітуацыі ўсё залежала ад меркавання консула. Калі праз пару тыдняў я прыехаў па дакумент, аказалася, што мне проста падоўжылі пашпарт на 2 гады. Іранічна: яшчэ праз 10 дзён я атрымаў дэцызію, гэта значыць мне не хапіла ўсяго пары тыдняў, каб аформіць новы пашпарт на 10 гадоў. Ну, а канец гісторыі ўсе ведаюць: у верасні 2023 года беларусам было адмоўлена ў магчымасці атрымання/падаўжэння пашпарта ў консульствах.
Улічваючы, што пашпарт сына сканчаўся ў лістападзе 2024 года, а мой — у красавіку 2025 (з улікам падаўжэння), я вырашыў падаць нас на польскія праязныя дакументы (далей PDP — Polski Dokument Podróży) адразу пасля сканчэння дзеяння майго пашпарта. Сабраў усе патрэбныя дакументы і ў канцы красавіка адправіў іх поштай у жонд (на той момант гэта была адзіная опцыя).
Абыйду дэталі чакання, перапісак і званкоў на інфалінію. У жніўні, пры чарговым званку, мне паведамілі, што PDP гатовыя. Але з-за доўгага запісу на атрыманне забраць іх удалося толькі ў канцы верасня гэтага года.
Атрымліваецца, што даты выпуску PDP — апошнія дні ліпеня, тэрмін дзеяння — 1 год, але фактычна на рукі я атрымаў іх толькі ў канцы верасня. Гэта значыць яны будуць дзейнічаць толькі 10 месяцаў.
З-за чакання PDP я прапусціў дзве магчымыя даты падачы на новыя карты ВНЖ (у чэрвені і ў кастрычніку), бо бягучыя дзейнічаюць да сакавіка 2026 года. На снежань мне ўдалося запісацца на падачу. Застаецца спадзявацца, што новую карту аформяць у больш кароткія тэрміны, чым першую, бо PDP сканчаецца ў канцы ліпеня 2026 года.
У такім выпадку ў нас можа не быць ні дзеючай карты ДНЖ, ні дзеючага пашпарта.
А гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да цяжкасцяў у:
— ужондзе пры атрыманні гатовай карты ВНЖ (хоць, нібыта, там часам ідуць насустрач і выдаюць карты нават пры скончаным пашпарце/PDP);
— банках — там могуць заблакаваць/закрыць рахункі.
Застаецца толькі спадзявацца, што тэрміны будуць больш спрыяльнымі і з гэтымі праблемамі мы не сутыкнемся.
У планах у нас і далей перабівацца з PDP — добра, што грамадзянам Беларусі ў Польшчы па спецпалажэнню не трэба даказваць немагчымасць атрымання новага пашпарта. Думаю, на атрыманне карты рэзідэнта ЕС/грамадзянства адсутнасць пашпарта не паўплывае.
Вось калі Польшча адменіць спецпалажэнне для беларусаў, тады нават не ведаю. У гэтым выпадку тысячы беларусаў могуць застацца без PDP, і атрыманне/падаўжэнне ВНЖ для іх значна ўскладніцца. Спадзяюся, польскія ўлады гэта разумеюць.
У такіх абставінах маральны стан вагаецца ад спакойнага (усё ж прывык ужо) да крайне стрэсавага.
«Раздражняе пачуццё бяссілля»
Адсутнасць дзеючага пашпарта пакуль ні на што не ўплывае. Адзінае паведамленне з гэтай нагоды прыйшло з грузінскага банка, дзе ў мяне быў рахунак. Але гэтым рахункам я ўжо некалькі гадоў не карыстаюся, таму нічога не рабіў.
А так ёсць польскі ДНЖ да канца 2026 года. Да яго прывязаны рахунак у польскім банку. І калі дзесьці трэба паказаць dokument tożsamości, то карты побыта дастаткова. З краіны выязджаць я не магу, бо чакаю рашэнне аб міжнароднай абароне, таму і для мэтаў падарожжаў пашпарт у моманце мне не патрэбны.
Рашэння аб міжнароднай абароне чакаю ўжо каля года, спадзяюся на жэнеўскі пашпарт. І на тое, што яго дадуць да заканчэння бягучага ДНЖ.
Але спачатку перыяд чакання рашэння па абароне падоўжылі з 6 да 15 месяцаў, а цяпер увогуле замарозілі тэрміны разгляду заявак. Так што крыху трывожна.
Увогуле сітуацыя так сабе. Раздражняе пачуццё бяссілля. Таму што быў план: атрымаць абарону да сканчэння тэрміну дзеяння пашпарта (ён скончыўся праз паўгода пасля падачы). Але хочаце рассмяшыць польскую бюракратыю? Раскажыце ёй аб сваіх планах.
Які план цяпер? Пакуль маю заяўку будуць разглядаць (першасную альбо апеляцыйную пры адмове), то для мяне нічога не змяняецца. Проста чакаеш у Польшчы. Табе выдаюць спецыяльнае пасведчанне асобы і доступ да рынку працы.
Калі ж адмовяць у абароне і я вырашу не мучыцца з судамі і апеляцыямі, то можна падацца на новы ВНЖ (напрыклад, па працы) са скончаным пашпартам. Здаецца, такое таксама магчыма, але трэба ўдакладняць.
«Каб з’ездзіць у Турцыю, давялося атрымліваць візу»
Я ў Польшчы, пашпарт скончыўся год таму, аформіў праязны дакумент. Не сказаць, каб нешта змянілася, акрамя скарачэння колькасці краін, куды можна з’ездзіць без візы. Так, каб з’ездзіць у Турцыю, давялося атрымліваць візу ў варшаўскім консульстве (анкета, фота, пацвярджэнні броні гатэля, выпіска з інтэрнэт-банкінгу + аплата і тры тыдні чакання). На мяжы мой дакумент вывучалі крыху даўжэй чым звычайна, але ўсё окей.
Ну і яшчэ ёсць невялікая нязручнасць: калі пры бюракратычных працэдурах патрэбны пашпарт, а я замест яго дастаю праязны дакумент, ва ўсіх на твары ўзнікае здзіўленне і недавер.
Затрымкі ўзнікалі, напрыклад, калі я рэгістраваўся па месцы жыхарства і калі рэгістраваў машыну. Аднаго ВНЖ было недастаткова. Абодва разы супрацоўніцы сыходзілі куды-небудзь з маім праязным дакументам кансультавацца, але ў выніку ўсё было окей.
Што да польскага грамадзянства, то шлях да яго ніяк не змяняецца з-за адсутнасці пашпарта.
«Жыць можна, але маральна вельмі цяжка»
Жыву ў Польшчы тры гады, апошнія паўгода — без пашпарта, але з ВНЖ і праязным дакументам.
У Польшчы так можна спакойна жыць. Працадаўцаў адсутнасць пашпарта ніяк не хвалюе, я спакойна мяняў працу — дастаткова ВНЖ і дазволу на працу.
Паспеў з’ездзіць у Германію і Нідэрланды. Перад палётам у Амстэрдам супрацоўніца на чэкіне паспрабавала прабіць мой праязны дакумент праз сканер для пашпартоў, але ён не прабіўся (бо там чыпа няма). Яна спытала старэйшага, ці можна мне ехаць, той сказаў: ніякіх праблем, прыемнага палёту.
У банку адзін раз даў праязны дакумент, але яго пакруцілі ў руках, не зразумелі, што гэта такое, і ўзялі ДНЖ.
У пачатку гэтага года я атрымаў статус дадатковай абароны. Спадзяюся на атрыманне ПМЖ, праўда нехутка. Некалькі месяцаў я быў без працы і не плаціў падаткі, з-за гэтага адтэрмінавалася атрыманне карты рэзідэнта ЕС. Але дапабарона адкрыла магчымасць жыць у краіне і праз пяць гадоў атрымаць ПМЖ па абароне.
У гэтым годзе я ў агульнай колькасці не працаваў чатыры месяцы. У першы раз проста скончылася праца на нашай «галеры». Потым уладкаваўся ў казіно і не дацягнуў па хардскілам. Потым скончыліся грошы ў стартапе. Зараз працаўладкаваўся зноў, і ўсё стабільна.
Але маральна вельмі цяжка. Я па-іншаму зірнуў на жыццё. Вярнуцца ў Беларусь я не магу. Жыць з думкамі аб тым, што, калі застанешся ў Польшчы без працы, то паедзеш у турму, цяжка. Асабіста мяне гэта матывавала шмат вучыцца, каб быць запатрабаваным на рынку. Гэта мяне і выратавала, так як дазволіла знаходзіць працу на складаным рынку. Ціснулі таксама думкі аб тым, што ВНЖ па працы могуць выдаць толькі на паўгода, а праязны дакумент даюць толькі на год і яго дачакацца, і што рабіць, калі па тэрмінах не паспею. Пасля атрымання дапабароны стала лягчэй.
«У банку прыйшлося даказваць, што я не вярблюд»
Некалькі гадоў таму скончыўся беларускі пашпарт, але на той момант я ўжо атрымала статус бежанца, і мне аформілі так званы жэнеўскі пашпарт — праязны дакумент, выдадзены ў адпаведнасці з Жэнеўскай канвенцыяй 1951 года.
Адрозненне ад праязнога дакумента толькі ў тым, што жэнеўскі пашпарт выдаецца на два гады, а стандартны dokument podróży — на адзін год. Гэта вельмі мала, таму такія мігранты — закладнікі жондаў. Працэс падаўжэння займае прыкладна два месяцы, але гэта лічыцца максімальна хутка. У некаторых ваяводствах чаканне можа расцягвацца да 6+ месяцаў.
Многія афіцыйныя ўстановы, асабліва банкі, не лічаць гэты праязны дакумент паўнавартасным пасведчаннем асобы.
Напрыклад, банк Santander доўгі час не прымаў dokument podróży і аўтаматычна блакаваў рахункі, калі ў кліента не было дзеючага ВНЖ/пашпарта. У мяне адбылася менавіта такая сітуацыя: я прыйшла dokument podróży, але так як мая карта побыта ўжо скончылася і знаходзілася ў працэсе замены, банк даслаў паведамленне аб магчымай блакіроўцы. Прыйшлося даказваць, што я не вярблюд, але ў банку ўпарта не разумелі, чаму я не магу памяняць пашпарт у пасольстве або з’ездзіць у Беларусь. Толькі нядаўна Santander змяніў свае ўнутраныя правілы і пачаў прызнаваць dokument podróży, але, наколькі мне вядома, іншыя банкі па-ранейшаму яго не прымаюць.
Акрамя таго, dokument podróży (да нядаўняга часу) не падыходзіў для афармлення крэдыту або іпатэкі. Верагодней за ўсё, з ім немагчыма таксама афіцыйна зарэгістраваць шлюб, таму што для гэтага патрэбны дзеючы пашпарт грамадзяніна, якога ў мяне цяпер няма.
Падарожжы таксама становяцца сур’ёзным выпрабаваннем. Фармальна можна выязджаць за межы ЕС, але на практыцы гэта звязана з мноствам рызык. Часта патрабуюцца візы, а атрыманне візы з такім дакументам — асобная цяжкасць. Да ўсяго гэтага дадаецца тое, што некаторыя авіякампаніі проста не разумеюць, што гэта за дакумент, і могуць адмовіць у пасадцы. Асабліва калі гаворка ідзе аб краінах, якія не ўваходзяць у ЕС: Турцыя, Егіпет, экзатычныя напрамкі. Таму нават калі ёсць віза, усё роўна застаецца рызыка, што на польскім баку ў самалёт могуць не пусціць, так як перастрахоўваюцца «на ўсялякі выпадак».
Складанасці ўзнікаюць і ў паўсядзённых сітуацыях. Напрыклад, калі мне прыйдзецца мяняць здымную кватэру, зусім незразумела, як гэта будзе выглядаць: многія ўласнікі жылля не прызнаюць такі дакумент і ставяцца да яго з недаверам. Тое ж тычыцца і польскіх працадаўцаў, якія проста не разумеюць, што гэта за пашпарт і на якіх падставах ён выдадзены, з-за гэтага могуць быць лішнія пытанні і перашкоды пры працаўладкаванні.
Кажуць, што на заканадаўчым узроўні абмяркоўваецца ідэя прызнаць дакумент dokument podróży афіцыйным дакументам, які сведчыць асобу, але пакуль гэта застаецца толькі абмеркаваннямі.
Адзінае, што цешыць — што для беларусаў гэты дакумент пакуль выдаюць бясплатна.
Каментары