«Будзеце жыць у гасцініцы, колькі спатрэбіцца». Мэр Гомеля сустрэўся з жыхарамі пашкоджанага выбухам дома
Старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў правёў сустрэчу з жыхарамі дома №3 па вуліцы Косарава, што пацярпеў ад выбуху. Кіраўнік адказаў на пытанні пра планы аднаўлення будынка і грашовыя кампенсацыі.

У пачатку размовы мэр заўважыў, што ў сітуацыі, якая склалася, самае галоўнае — набрацца цярпення, расказвае «Белка».
«Паверце, мы робім усё магчымае, каб вярнуць людзей да нармальнага жыцця. Распрацаваны алгарытм дзеянняў па аднаўленні пацярпелага пад'езда. Выконваць работы будзе Гомельскі ДБК, які калісьці будаваў гэты дом. Нешта канкрэтнае па тэрмінах зараз сказаць цяжка, але мы прыкладзём усе намаганні, каб зрабіць усё як мага хутчэй».
Зараз рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя для ўмацавання дома і аднаўлення яго разбуранай часткі.
Папярэдне пад'езд будзе адноўлены ў першым квартале 2026 года.
«Галоўная задача гарадскіх улад у гэты перыяд, — працягнуў Уладзімір Прывалаў, — прыкласці максімум намаганняў, каб ніхто з пацярпелых не адчуваў сябе пакінутым або пакрыўджаным».

Жыхары дома, каго часова пасялілі ў гатэлі «Сож», спыталі, як доўга ім можна будзе там жыць. З гэтай нагоды ходзяць розныя чуткі. «Будзеце жыць столькі, колькі спатрэбіцца» — сказаў Прывалаў.
Спыталі жыхары пацярпелых кватэр і пра кампенсацыю.
На гэтыя мэты, паводле слоў Уладзіміра Прывалава, ужо выдадзена больш за мільён рублёў. У залежнасці ад памеру шкоды кожная сям'я атрымае ў сярэднім каля 100 тысяч рублёў.
Падобныя сустрэчы Уладзімір Прывалаў з жыхарамі дома на Косарава паабяцаў праводзіць рэгулярна.
17 снежня ў выніку выбуху газу ў адной з кватэр абрынуліся пліты сёмага і восьмага паверхаў.

Пры разборы завалаў на шостым паверсе 22 снежня а 21:30 было знойдзена цела жанчыны.
З інфармацыі «НН», выбух адбыўся пры ўстаноўцы навясной столі ў кватэры.
Каментары