На «залатым паўвостраве» ў цэнтры Мінска хочуць знесці велізарны завод і пабудаваць жыллё
Яшчэ адзін ціхі куток Мінска трапіў у поле зроку сталічных горадабудаўнікоў. У хуткім часе перамены могуць прыйсці ў раён вуліц Пуліхава — Чырвонаармейскай — прэстыжнае месца, якое яшчэ называюць «залатым паўвостравам». Тут плануецца знос двухпавярховікаў, сядзібных дамоў, а таксама велізарнага завода. Замест іх недалёка ад набярэжнай Свіслачы з'явяцца шматкватэрныя дамы, грамадскія аб'екты і новая дарога. У адміністрацыі Ленінскага раёна днямі стартуе абмеркаванне праекта. Realt расказвае, што плануецца пабудаваць.

Адміністрацыя Ленінскага раёна Мінска праводзіць грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання ў межах: «вуліца Ульянаўская — вуліца Першамайская — вуліца Пуліхава — вуліца Смаленская — вуліца Леніна». Гаворка ідзе пра тэрыторыю плошчай 78 гектараў.

На гэты момант у межах праектавання жыве ўсяго каля 1500 чалавек. Тут размешчаныя жылыя дамы (сучасныя шматпавярховікі і старыя двухпавярховікі), гатэль «Пекін», станкабудаўнічы завод імя Кірава, аддзяленне Беларускай чыгункі, паліклініка і нават некалькі прыватных дамоў.
Да квартала прымыкае рака Свіслач, галоўная мінская роварная сцежка, а таксама зялёныя зоны — бульвар па вуліцы Пуліхава і парк імя 40‑годдзя Вялікага Кастрычніка. Ёсць тут і гісторыка-культурныя каштоўнасці. Гэта — тэрыторыя былога капішча побач са Свіслаччу, а таксама жылыя кварталы на Першамайскай — Ульянаўскай.


Што тут плануецца зрабіць?
Трэба адзначыць, што планы пераўтварэння гэтага спакойнага кутка сталіцы абмяркоўваюцца не першы раз. Так, адно з гучных грамадскіх абмеркаванняў прайшло тут яшчэ ў 2017 годзе.

Мяркуючы па праекце, для двухпавярховых дамоў па Чырвонаармейскай, 20 і 22 нічога не змянілася. Горадабудаўнікі па-ранейшаму маюць намер іх знесці. На ўчастку, які вызваліцца, прапануецца размяшчэнне сацыяльных або гандлёва-бытавых аб'ектаў.

Таксама пад бульдозер павінна адправіцца жылая сядзібная забудова, якая цудам захавалася тут, — гэта 6 прыватных дамоў па вуліцы Смаленскай.
Адно ж з самых буйных пераўтварэнняў — вынас з праектаванай тэрыторыі пабудоў завода імя Кірава, а таксама складоў і майстэрняў. Трэба адзначыць, што цяпер будынкі на гэтым участку належаць розным кампаніям, якія ў свой час купілі гэтую зямлю на аўкцыёне. У ПДП згадваюцца такія прадпрыемствы, як «Плазма Буд», «Белбізнэсальянс», «Фелікс».


На месцы заводскіх карпусоў у будучыні збіраюцца пабудаваць шматфункцыянальныя комплексы з блокамі жылой шматкватэрнай высокашчыльнай забудовы. Новабудоўлі забяспечаць аўтастаянкамі, паркінгамі і грамадскім транспартам. Таксама ў квартале пабудуюць дзіцячы сад на 230 месцаў, гандлёва-бытавыя цэнтры і спартыўна-аздараўленчы цэнтр.
Дарэчы, у апісанні праекта ёсць цікавая заўвага: «Доля жылой часткі ў складзе шматфункцыянальных комплексаў і будынкаў не павінна перавышаць 50% агульнай плошчы». Акрамя таго, недапушчальна размяшчэнне жылых памяшканняў на першых паверхах збудаванняў.

Як і раней, у планах горадабудаўнікоў значацца новая вуліца і новы мост праз раку Свіслач. Такім чынам праекціроўшчыкі хочуць злучыць Чырвонаармейскую і Леніна. Працягласць новай вуліцы складзе менш за кіламетр. Дарэчы, мінулы раз жыхары выступалі супраць аўтамабільнай дарогі пад вокнамі, бо цяпер там растуць дрэвы і знаходзіцца спартыўная пляцоўка.

У выніку ўсіх зменаў насельніцтва мікрараёна павялічыцца з 1470 да 3800 чалавек, а агульная колькасць кватэр вырасце з 683 да 1693-х. Правесці ўсе пераўтварэнні збіраюцца ў разліковы тэрмін да 2035 года.

Матэрыялы праекта ўжо выкладзеныя на сайце адміністрацыі Ленінскага раёна.
Грамадскае абмеркаванне праекта будзе праходзіць з 29 студзеня па 12 лютага. Заўвагі і прапановы з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» прымаюць у тэрміны правядзення па адрасе: 220006, Мінск, Маякоўскага, 83 (альбо на электронны адрас: [email protected]). Вынікі падвядуць на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічай Рады пры галоўным архітэктару горада Мінска.
Каментары