Адзіны ў вобласці. Бацькі ў Гомелі назвалі сына рэдкім імем з культавага бандыцкага серыяла
У сям’і Таццяны і Аляксея Бархаленкаў расце першынец з вельмі рэдкім імем — Космас. Ён стаў адзіным дзіцем з такім імем ва ўсёй Гомельскай вобласці.

— Усё пачалося з сямейнага прагляду серыяла. Космасам звалі аднаго з галоўных герояў. Імя адразу прыпала да душы, але мы яшчэ разважалі. У радзільні ў сына знайшлі прыроджаную пнеўманію і тэрмінова адправілі ў абласную дзіцячую бальніцу. За ўсім гэтым пра імя згадалі, калі трэба было хоць неяк запісаць дзіця. У галаве, акрамя Космаса, варыянтаў не было, вось так імя стала афіцыйным, — расказала Таццяна «СБ».
Сябры і сваякі рэагуюць на незвычайны выбар па-рознаму, а самі сужэнцы ласкава называюць сыночка Касманаўцікам.
— Калі рабіла торт на першы дзень нараджэння сына, то ўпрыгожыла касманаўтам і планетай з масцікі. Ды і з падарункамі на наступныя святы галаву ламаць не трэба. Як падрасце, падорым тэлескоп, — усміхаецца Таццяна.
Таццяна і Аляксей перажывалі, што да асаблівага імя ў царкве паставяцца негатыўна. Але баяліся дарма — маленькага Космаса назвалі Касьмой.
— Думаем, што рэдкае імя стане бонусам у яго жыцці. Такое дзіця незаўважаным не застанецца. Ды і характар сфармуецца адпаведны: добры, чулы, актыўны, які імкнецца да вялікіх мэт. Усе вакол замілоўваюцца, калі знаёмяцца з сынам. Многія спачатку не вераць, а таму часта прадстаўляем яго адразу з імем па бацьку — Космас Аляксеевіч.
Космас — адзін з галоўных герояў культавага расійскага серыяла «Брыгада», якога сыграў Дзмітрый Дзюжаў. Космас, паводле сцэнарыя, таксама не мянушка, а сапраўднае імя: ягоны бацька, член-карэспандэнт АН СССР, даў сыну рэдкае грэцкае імя, лічачы, што той зможа многага дабіцца ў жыцці. Космас стаў адным са стваральнікаў злачыннай групоўкі.
Каментары