У Мінску цукровы дыябет першага тыпу выявілі ў дзіцяці ва ўзросце 10 месяцаў
Зараз хлопчку год і 9 месяцаў.

Самаму маленькаму пацыенту Гарадскога дзіцячага эндакрыналагічнага амбулаторнага аддзялення Мінска на момант пастаноўкі дыягназу «цукровы дыябет» было ўсяго 10 месяцаў. Цяпер дзіцяці 1 год і 9 месяцаў. Пра гэта паведаміла галоўны доктар 2‑й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Алена Ляшэвіч, піша БелТА.
Загадчыца аддзялення Алена Кіслая назвала асноўныя прыкметы захворвання ў дзяцей: моцную смагу, частае мачавыпусканне і павышаны апетыт, які суправаджаецца стратай вагі. Пры з'яўленні такіх сімптомаў бацькам раяць звярнуцца ў паліклініку і праверыць узровень цукру ў крыві. Паводле слоў урача, чым раней будзе прызначана лячэнне, тым вышэйшыя шанцы на спрыяльны вынік.
Колькасць дзяцей з цукровым дыябетам першага тыпу, якія знаходзяцца пад наглядам гарадскога аддзялення, паступова расце. У 2006 годзе іх было 290, у 2016‑м — 470. За студзень — верасень 2026 года на ўліку ўжо знаходзіліся 845 пацыентаў.
Паводле слоў Алены Ляшэвіч, рост захваральнасці назіраецца ва ўсім свеце. Дыябет — мультыфактарнае захворванне: на яго развіццё могуць уплываць харчаванне і экалагічныя ўмовы. Спецыялісты таксама не выключаюць уплыву COVID-19. Яшчэ адна прычына павелічэння колькасці выяўленых выпадкаў — развіццё дыягнастычных магчымасцяў.
Каментары