«Вясна» паразмаўляла з Вікторыяй пра пяць гадоў зняволення, пра ціск у ПК-24, што ў Рэчыцкім раёне, пра медычную дапамогу, якую адкладалі да крытычнага стану, пра галадоўкі, падчас якіх у яе пачыналі адмаўляць ныркі, ды пра пастаяннае адчуванне, што тэрмін можа стаць бясконцым. Публікуем вялікую гутарку з былой палітзняволенай.

«Гомельскі ізалятар пасля 24‑й калоніі я ўспрымала як санаторый»
Вікторыю затрымалі ў лістападзе 2020 года па справе тэлеграм-чату «Кіроўцы 97% Мінска». Спачатку ёй выставілі абвінавачванні паводле арт. 342 і паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса. Але ў лютым 2021 года справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства. Але тут жа супраць яе выставілі ўжо новыя абвінавачванні — паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Першы прысуд Вікторыі агучылі яшчэ летам 2021 года. Тады ёй прызначылі два з паловай гады калоніі. Але на волю па заканчэнні гэтага тэрміну палітзняволеная так і не выйшла — у зняволенні яе чатыры разы асудзілі паводле арт. 411 КК (непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі), дадаючы кожны раз па яшчэ адным годзе зняволення. А незадоўга да памілавання і прымусовай дэпартацыі супраць жанчыны распачалі ўжо шостую крымінальную справу — паводле арт. 410 КК (дзеянні, якія дэарганізуюць працу папраўчай установы, што выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Гэта першы выпадак завядзення крымінальнай справы супраць палітвязняў паводле гэтага артыкула.
На час судоў і да разгляду апеляцыйных скаргаў Вікторыю кожны раз этапавалі ў гомельскі СІЗА № 3.
Паводле яе слоў, пасля бесчалавечных умоў утрымання ў жаночай калоніі № 24, умовы ў СІЗА былі для яе адносна мяккімі: «Гомельскі ізалятар я ўспрымала як санаторый, бо я сапраўды туды прыязджала адпачываць. Пасля 24‑й калоніі, трапляючы туды, я знаходзілася ў абсалютна нармальных умовах, у якіх павінен знаходзіцца любы чалавек, які трапляе ў тыя месцы. Так, былі пэўныя нюансы: адзіночнае ўтрыманне, але ўсё было ветліва, карэктна і паважліва. Мне не перадавалі лісты, не аддавалі перадачы і пасылкі ад старонніх людзей. Але я ўжо была да гэтага гатовая, бо праходзіла праз гэта не адзін раз. Медычная дапамога мне аказвалася, харчаванне было як ва ўсіх. Кнігі выдаваліся на пастаяннай аснове і паводле крытэрыяў майго выбару.
Нічога дрэннага са мной у ізалятарах за ўвесь час не адбывалася. У гомельскім, безумоўна, былі абмежаванні, уціск. Нам пастаянна нагадвалі, што мы пэўная катэгорыя людзей, да якой будзе пэўны падыход. Але сказаць, што быў нейкі ціск, я не магу. Медыцынская дапамога аказвалася на роўных умовах з усімі.
На Жодзіна было крыху больш жорстка, там ужо пачаліся карцары. Але я не магу сказаць, што там быў фізічны або псіхалагічны ціск. Так, у іх была «каманда» на працу пэўнага характару са мной. Але я гэта ўспрымала цалкам адэкватна. Але на «асобы» яны не пераходзілі: не было зневажанняў, абразаў, фізічнага гвалту ў дачыненні да мяне».
Па словах былой палітзняволенай, супрацоўнікам забаранялі з ёй размаўляць на любыя тэмы. Пры спробе завязаць размову, каб нешта даведацца ці папрасіць, ёй давалі зразумець, што ніякага кшталту камунікацыя немагчымая.
Вікторыя кажа, што ўмовы ў гомельскай жаночай калоніі № 4 значна мякчэйшыя, чым у ПК № 24 у Зарэччы.
«ПК-4, вядома — гэта абмежаванні, рэжым, ПУР, выкананне патрабаванняў. Зразумела, што мы ўсё гэта адмаўляем, бо былі незаконна асуджанымі і сам факт нейкага прымусу адмаўляецца псіхікай. Але ў ПК-4 мяне ніхто не прыніжаў. Калі я знаходзілася ў ШІЗА і ПКТ, да мяне прыходзілі супрацоўнікі ды звярталіся выключна з імем па бацьку.
Была пэўная каманда, я гэта разумела, ды і супрацоўнікі не моцна хавалі, што павінен быць пэўны прэс. Але я не магу сказаць, што там было да мяне нейкае пэўнае стаўленне — там было выкананне пэўных задач. Ім трэба было раскруціць мяне на 411 артыкул, і яны гэта рабілі. Ціск заключаўся ў тым, што нам пастаянна незаконна малявалі гэтыя рапарты ні за што, пастаянна змяшчалі ў камеры ШІЗА і ПКТ. Але гэта не таму, што ім гэтага хочацца ці падабаецца, а таму што яны людзі-выканаўцы і выконваюць загад з верху.
Яшчэ я вельмі добра запомніла, калі ў 2022 годзе Паліне Шарэндзе-Панасюк у ПКТ супрацоўнікі прынеслі дакументы па абмежаванні яе бацькоўскіх правах. Ёй сказалі распісацца ў дакуменце, што яна з гэтым азнаёмілася. На што яна адказала, што сваімі дзецьмі яна не гандлюе, таму падпісваць нічога не будзе».
Па словах былой палітзняволенай, супрацоўнікі самі прапаноўвалі напісаць ёй прашэнне аб памілаванні, але прымусу да гэтага не было, як і пакарання за адмову.
Пасля пераводу з каранціну ў атрад Вікторыю, як і ўсіх зняволеных, размеркавалі на працу. Але жанчына адразу папярэдзіла, што яна не будзе шыць форму для сілавых структур. Яна не адмовілася выходзіць на працу, але падкрэсліла, што менавіта гэта яна выконваць не будзе.
«Мяне вельмі доўга спрабавалі пераканаць. Я сказала, што я дарослы чалавек і самастойна прымаю рашэнні. Мне сказалі, што будуць наступствы. На наступную раніцу мяне прывялі на фабрыку, і я зноў сказала, што форму шыць не буду. Мяне выклікала начальніца цэха, на той момант гэта была грамадзянская жанчына. Яна мне сказала: «Аляксандраўна, вы з майго кабінета не пойдзеце датуль, пакуль вы не пагодзіцеся сесці за машыну. Калі на гэта прыйдзецца выдаткаваць дзень — я патрачу. Але я вас угавару. Яно таго не варта. Я знайду вам працу, якая будзе адпавядаць вашым патрабаванням і стандартам. Я прыдумаю вам працу: або ручнікі, або прасціны. Калі вам непрыемна шыць форму, то вы не будзеце гэтага рабіць. Я не хачу, каб у дачыненні да вас былі прынятыя карныя захады».
У выніку да працы Вікторыя прыступіла на сваіх умовах. Жанчына ўспамінае, што ў першыя гады зняволення па медычную дапамогу не звярталася, бо не было неабходнасці.
«Я пачала фізічна рассыпацца толькі за год-паўтара ды так званага вызвалення — ужо на 24‑й калоніі. Таму асабіста па меддапамогу ў ПК-4 я не звярталася. Медыкаменты ад родных, якія яны адпраўлялі ў медычных бандэролях, мне аддавалі. А начальнік без праблем падпісваў заявы на вітаміны».
«ПК-24 — гэта пекла»
Папраўчая калонія № 24 — установа для жанчын, якія паўторна ўчынілі злачынства. На гэты момант там утрымліваюць толькі дзвюх палітзняволеных жанчын: Вольгу Маёраву і Алену Лазарчык. Калонія вядомая сваімі бесчалавечнымі ўмовамі ды ціскам на палітзняволеных.
«ПК-24 — гэта пекла. Я не ўяўляю як я і Паліна гэта ўсё вытрымалі і засталіся ў здаровым розуме. У добрых атрадах я не сядзела. Толькі ў апошні год перад вызваленнем мяне змясцілі ў асобны атрад, які лічыцца лепшым. Але я там прабыла кароткі перыяд часу. Там была загадчыца гаспадаркі, якая мяне ўвесь час схіляла да супрацоўніцтва, казала, як ёй мяне шкада, і як я павінна ўсё падпісаць, бо мяне чакаюць дома».
«Было ўказанне, каб я была проста жывая»
Медыцынская дапамога ў Зарэччы былой палітзняволенай не аказвалася: «Калі ты хварэеш, то медычная дапамога там — «дапамаглі б ды няма чым». Супрацьвірусныя прэпараты там не прызнаюцца. І там адкрыта заяўляюць, што табе іх не дадуць з двух нагодаў: першая — іх там проста няма; другая — навукоўцамі не даказана станоўчае ўздзеянне супрацьзапаленчых або антыбіётыкаў на арганізм. Па медбандэролях складана: на нейкія простыя вітаміны мне заявы падпісвалі, на нешта больш сур'ёзнае — не. Бо гэта ўсё — такі сігнал дадому пра тое, што з табой нешта не так і табе патрабуецца дапамога. Таму такога фармату заявы на бандэролі мне, вядома, не падпісвалі».
Ужо ў Зарэччы ў жанчыны пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем. Пагаршала сітуацыю адсутнасць медычнай дапамогі.
«Там паляцелі суставы, з'явілася тахікардыя, пасыпаліся зубы. Я разумела з кожным днём, што ламаюся ўсё больш і больш. І кожны раз, калі ты звяртаешся па дапамогу, табе кажуць: «У вас маленькі тэрмін. Выйдзеце — палекуецеся». Але, улічваючы, што тэрмін мой быў бясконцым, і ўсё гэта разумелі, то гучала гэта як здзек».
Вікторыя ўпэўненая, што на пагаршэнне здароўя паўплывалі адразу ўсе фактары: стрэс, беднае харчаванне, умовы ўтрымання, недахоп вітамінаў, холад у ШІЗА. Спачатку праблемы пачаліся з зубамі. Гэта адна з самых распаўсюджаных праблем у зняволеных. Са словаў Вікторыі, калі ў гомельскай калоніі стаматолаг ёсць, то ў Зарэччы нават не было магчыма да яго звярнуцца. Пазней да гэтага дадаліся гінекалагічныя праблемы.
«Сама гінекалагіня казала, што ў яе ёсць пытанні да таго, што мне забараняюць аказваць медычную дапамогу. Яна сама пацвярджала, што мяне трэба вывозіць на горад і паказваць вузкапрофільным спецыялістам. Адзінае — мне рабілі УГД, якое пацвярджала, што праблемы ёсць і пагаршаюцца.
Мы спрабавалі замаўляць па іншых пытаннях медыкаменты з дому. Я піла, не спыняючы тыя прэпараты. Гінекалагіня казала, што тлумачыла гэта начальніку калоніі, але сама на яго рашэнне паўплываць ніяк не магла.
За ўвесь час зняволення мяне ні разу не вазілі ў лякарню, хоць гінекалагіня абгрунтоўвала гэтую неабходнасць. Але яна нічога не магла зрабіць, як і аказаць на месцы неабходную дапамогу.
Я думаю, не начальнік прымаў рашэнне, каб не вывозіць мяне на лякарню. Думаю, што яму наогул абыякава было на мяне і маё здароўе. Было ўказанне, каб я была проста жывая. Проста паездка ў горад — гэта агалоска».
«У лякарню мы вас вывезем толькі ў непрытомным стане»
За ўвесь перыяд зняволення Вікторыя некалькі разоў абвяшчала галадоўкі. Але толькі тады, калі разумела, што больш ня можа вытрымаць ціску.
«Напрыклад, я знаходжуся ў штрафным ізалятары. Я разумею, што падстаў няма, але змясцілі туды, бо загад. І ў гэтую самую паганую, самую брудную, самую смярдзючую, маленькую камеру, што не праветрываецца, да мяне падсаджваюць асацыяльных людзей з псіхічнымі адхіленнямі, што не ўмеюць і не хочуць карыстацца сродкамі гігіены. Там смурод стаяў такі, што вочы рэзала. Там пастаянны абарот людзей: адны 10 сутак адседзелі, на іх месца прыходзяць іншыя. А ты ўжо галавой едзеш, ад гэтых людзей, ад гэтых умоў. І ты проста стамляешся ад гэтага. Я часам нават не ведала, што супраць мяне склалі чарговы рапарт. Мне проста прыходзілі ды казалі: «Кульша, вам яшчэ 15 сутак ад начальніка калоніі. І ты разумееш, што проста ўжо не вытрымаеш, тады галадоўка здаецца адзіным магчымым спосабам адсюль выбрацца. Бо галадоўка — гэта пагаршэнне здароўя і нейкія наступствы, якія прымусяць іх зразумець, што ёсць пагроза для жыцця. Па-іншаму іх немагчыма спыніць. Чым больш ты трываеш, тым больш ціску псіхалагічнага і фізічнага на цябе аказваецца. Але мая галадоўка ніколі не была спосабам маніпуляцыі».
«Калі ты разумееш, што можаш памерці ў любы момант — гэта спыняе»
Падчас адной з галадовак без ежы яна змагла пратрымацца 49 дзён. У першыя тры тыдні лекары на яе не звярталі ніякай увагі, успамінае Вікторыя. Не вымяралі ціск, не цікавіліся самаадчуваннем. Затым, калі па знешнім выглядзе Вікторыі стала зразумела, што галадоўка ўжо мае наступствы, лекары пачалі правяраць яе стан, яшчэ праз тыдзень — узялі кроў на аналізы, вымяралі тэмпературу і ціск. Яшчэ праз некалькі дзён палітзняволенай паставілі кропельніцы. Вікторыя кажа, што прычынай гэтаму сталі праблемы з ныркамі.
«Раней у мяне з імі не было ніякіх праблем, а тут адразу пачыналі адмаўляць ныркі. Адразу ў мачы з'явілася вялікая колькасць ацэтону і бялку. А начальнік медчасткі сказаў, што гэтая гісторыя без дыялізу для мяне не скончыцца.
У калоніі мне двойчы аказвалі рэанімацыйную дапамогу: калі пачалася гіпаглікемія, бо цукар упаў ніжэй адзінкі, а другі раз, калі ў ПКТ у мяне абрынуўся ціск 60 на 40. Памятаю мала, было жудаснае самаадчуванне.
Да ежы я вярталася, калі разумела, што медычная дапамога слабая і я ў неапраўданай рызыцы. Калі б мяне дома не чакалі мама і дачка, я б можа і пайшла да канца. Але калі ты разумееш, што можаш памерці ў любы момант — гэта спыняе».
Падчас галадоўкі ў гомельскім СІЗА стан Вікторыі рэзка пагоршыўся: пачаліся праблемы з ныркамі. Замест неадкладнай шпіталізацыі ёй фактычна далі зразумець, што дапамога будзе абмежаванай — і што ў лякарню яе вывезуць толькі тады, калі яна ўжо не зможа гаварыць і страціць прытомнасць.
«Калі я трымала галадоўку ў гомельскім СІЗА, яны маніпулявалі тым, што ў мяне адмаўлялі ныркі. А яны сапраўды адмаўлялі ў нейкі перыяд часу. Начальніца медсанчасткі сказала: «Вікторыя Аляксандраўна, вы павінны разумець, што меддапамогу мы будзем вам аказваць у межах сваіх магчымасцяў. Арганізм ваш трымаецца, ён не моцна зношаны, але ў бальніцу мы вас вывезем толькі ў непрытомным стане, калі вы будзеце ў несвядомым стане і не зможаце размаўляць». Гэта значыць адвезлі б ужо толькі на дыяліз — калі ныркі проста адмовілі б».
«У ШІЗА мяне ўтрымлівалі ў сукупнасці больш за год»
Былая палітзняволеная ўспамінае, што ў камеру ШІЗА да яе і да Паліны Шарэнды-Панасюк заўсёды падсаджвалі жанчын з псіхічнымі разладамі, якіх не маглі ўтрымліваць у агульных атрадах. Утрыманне з такімі жанчынамі, па словах былой палітзняволенай, небяспечнае і невыноснае.
«ШІЗА — гэта холад. У ізалятары мяне ўтрымлівалі бясконца. За ўвесь перыяд майго знаходжання ў 24 калоніі, у ШІЗА мяне ўтрымлівалі ў сукупнасці больш за год. У нейкі момант ты проста перастаеш кантраляваць час. Бывала, да мяне падсаджвалі новых жанчын, яны ў мяне пыталіся, колькі я тут знаходжуся. А я нават не ведаю. Час цягнецца і цягнецца. Гадзін няма, календароў няма. Па-мойму, сутак 70 я была без выхаду. У атрадзе я не была практычна ніколі».
За пяць гадоў зняволення Вікторыі разрад швачкі ёй прысвоілі толькі за тры тыдні да вызвалення. Яго можна атрымаць толькі пасля трохмесячнай стажыроўкі. Гэта значыць, што з 2021 года і да пачатку 2025 года Вікторыя не знаходзілася ў атрадзе агулам нават трох месяцаў — увесь час яе адпраўлялі ў ШІЗА або ПКТ, або пераводзілі ў СІЗА дзеля чарговага суда. Да разраду швачкі Вікторыя лічылася на фабрыцы ў статусе «вучаніцы». На наступны дзень пасля прысваення разраду яе зноў змясцілі ў ШІЗА.
Вікторыю за чатыры гады ў калоніі чатыры разы судзілі паводле арт. 411 КК і кожны раз дадавалі да прысуду па адным годзе пазбаўлення волі. Па словах былой палітзняволенай, яе ўвесь час судзілі за адны і тыя ж парушэнні.
ПКТ у калоніі № 24 па ўмовах практычна нічым не адрозніваецца ад ШІЗА, але там дазволена чытаць кнігі, спаць на пасцельнай бялізне, хадзіць на шпацыр на 20 хвілін кожны дзень.
Акрамя пазбаўлення зняволеных спатканняў і званкоў, знішчэння лістоў, пераводу ў ШІЗА і ПКТ, адміністрацыя калоніі актыўна выкарыстоўвае псіхалагічны ціск.
«Напрыклад, была сітуацыя, калі я прыйшла з фабрыкі, а мне загадчык гаспадаркі кажа, што я сёння буду дзяжурнай па прыбіральні. Я сказала, што ў графіку я не стаю. На што мне адказала, што цяпер стаю і пасля праверкі я мушу прыступіць да ўборкі. Трэба — прыступлю. Праходзіць праверка і пасля яе заўважаю, што ідзе супрацоўнік аператыўнай часткі з відэакамерай. Прыходзіць у атрад, кліча мяне і кажа: «А цяпер вы будзеце мыць прыбіральні, а я буду гэта здымаць. Калі адмовіцеся, то супраць вас будуць складзеныя матэрыялы за адмову ад выканання законных патрабаванняў адміністрацыі. І вось ты бачыш перад сабой дэгенерата, які паводзіць сябе так, бо разумее, што я знаходжуся ў заведама больш уразлівым становішчы адносна яго. І зрабіць ты нічога не можаш: ні спрачацца з ім, ні нешта яму даказваць. Бо гэта пацягне за сабой чарговыя рэпрэсіі. Калі канчаецца ўся гэтая экзекуцыя і ты выходзіш з прыбіральні, табе сорамна глядзець людзям у вочы, бо цябе публічна прынізілі. Але ў атрадзе людзі ўсё разумелі і не было цкавання. Яны падыходзілі і казалі, што гэта трэба проста вытрымаць і казалі не паддавацца на правакацыі.
У 24‑й калоніі працуюць замбаваныя людзі. Яны агалоскі быццам наогул не баяцца. У мяне было такое адчуванне, што, калі б там супрацоўніку сказалі паваліць мяне на падлогу і дабіць нагамі, ён бы гэта зрабіў».
«Ты пачынаеш думаць, што ты не выйдзеш ніколі»
Самым цяжкім за час зняволення, на думку Вікторыі, было адчуванне, што яна можа ніколі не выйсці на волю.
«З гэтым абсалютна немагчыма змірыцца. Ты да гэтага не абвыкаеш. Калі адразу першы 411, потым другі, трэці, чацвёрты, калі ты чуеш пастаянна, што ты ніколі не выйдзеш. Ты пачынаеш думаць, што так, напэўна, і ёсць, што ты не выйдзеш ніколі. Таму ты перастаеш марыць, перастаеш будаваць планы.
Калі я ў перадапошні раз прыехала ў СІЗА паводле 411‑га і да мяне падышоў аператыўны супрацоўнік, ён спытаў, як я маюся. Я яму сказала, што ён задае такія дурныя пытанні, бо я зноў прыехала паводле новай крымінальнай справы. Я сказала, што настолькі стамілася ад гэтага ўсяго, што мне было б, напэўна, прасцей, калі б мне далі ўжо гадоў 15 і проста пакінулі ў спакоі. Я яму кажу, давайце аформім яўку з павіннай, вы мне дасце гадоў 8 і пакінеце ў спакоі. Ён спытаў, ці ёсць за што мяне судзіць. Я прапанавала яму напісаць там усё, што лічыць патрэбным, а я ўсё падпішу. Хоць здрада дзяржаве, я нават чытаць не буду, проста падпішу. А ён сказаў, што яму так не цікава. Гэта значыць здзекавацца кожны год гэтымі этапамі, ШІЗА і судамі — цікава».
«Ты думаеш Шарэнда наогул пра цябе ўспамінае?»
У калоніі такі моцны ціск аказвалі не толькі на Вікторыю, але і на Паліну Шарэнду-Панасюк. Жанчын утрымлівалі ў суседніх штрафных ізалятарах. Для падтрымкі адна адной часам ім хапала проста кіўка галавой. Пасля вызвалення Паліны, Вікторыю спрабавалі настройваць супраць вызваленай палітзняволенай. Але іх сувязь — гэта тое, што падтрымлівала Вікторыю. Для яе было важна, каб хоць адна з іх апынулася на волі і змагла расказаць пра ўсе жахі жаночай калоніі № 24.
«Калі мы сядзелі з Палінай, у нас было адно жаданне — каб адсюль выйшла хаця б адна з нас і пачала казаць пра гэты жах. І, калі Паліна выйшла, яны пачалі маніпуляваць сітуацыяй. Казалі: «Вось Шарэнда выйшла, з'ехала ў Польшчу, ты думаеш яна наогул пра цябе ўспамінае? Яна нават ніводнай паштоўкі табе не даслала. Я разумела, што гэта не так. Немагчыма было нават уявіць, каб яна выйшла і не пачала гаварыць. Вось гэтай надзеяй я і жыла: каб хаця б адна з нас выйшла. Ніхто з нас нават уявіць не мог, што такое можа быць у 21 стагоддзі, у прававой дзяржаве. Вось ён [Лукашэнка] кажа: «Год беларускай жанчыны». Ды ён жа з намі проста ваюе. Гэта мы такі страх на яго пакідаем. Ён не толькі нас ізаляваў, чагосьці пазбавіў — ён нас проста знішчае. Пра які год беларускай жанчыны можа ісці гаворка, калі столькі незаконна асуджаных жанчын у турмах за тое, што проста выказалі сваё меркаванне.
Я Паліне шалёна ўдзячная. Мы калі сустрэліся, нават размаўляць не маглі, проста абняліся і плакалі. Яна калі выйшла, мне супрацоўнікі казалі: «Ты Шарэнду павінна ненавідзець за тое, што яна выйшла, а ты сядзіш». Я ім кажу, што я шчаслівая, але вам гэтага ніколі не зразумець. І Паліна была б радая і шчаслівая, калі б я выйшла. Гэта вялікае шчасце, што хаця б камусьці з нас удалося. А яны гэтага не разумелі.
Мы заўсёды верылі, што пра нас не забыліся. Унутрана адчуванне і надзея на тое, што пра нас памятаюць, дапамагала перажыць зняволенне. Мы пра гэта проста не ведаем. Можа быць, не могуць зрабіць усё, каб змяніць гэтую сітуацыю, але пра нас дакладна не забыліся».
«Я падумала, што гэта труп», — пра вываз з калоніі ды прымусовую дэпартацыю
Вызваленне для Вікторыі стала нечаканым, улічваючы, што за тыдзень да яго супраць жанчыны распачалі ўжо сёмую крымінальную справу, паводле якой ёй пагражала да 10 гадоў пазбаўлення волі.
«Заканчэнне майго тэрміну — 23 студзеня 2026 года. Я разумела, што гэта малаверагодна, але вельмі хацелася верыць. А 5 снежня мой свет быў зруйнаваны, калі мне паведамілі пра новую крымінальную справу».
У канцы лістапада 2025 года Вікторыя атрымала сур'ёзную траўму ў калоніі, пасля якой яе вывезлі ў бальніцу Гомеля. Там да яе прыйшоў супрацоўнік Дэпартамента выканання пакарання і намякнуў, што ў бліжэйшы час яе могуць вызваліць. Але жанчына не паверыла, бо ёй неаднаразова абяцалі гэта з 2023 года. У мінулы раз яе схілялі да супрацоўніцтва з ГУБАЗіК і КДБ, але яна адмовілася.
Пасля лякарні Вікторыю перавялі не ў ПК-24, а ў медчастку гомельскай калоніі № 4. На раніцу, 13 снежня, па яе прыйшлі супрацоўнікі ды сказалі збіраць рэчы. Вікторыя — адна з 123 палітзняволеных, якіх прымусова дэпартавалі з Беларусі адразу з месцаў зняволення. Жанчыне не аддалі пашпарт — толькі даведку аб пацвярджэнні асобы.
«Я была ўпэўненая, што мяне павязуць на 24‑ю калонію. Мяне вывелі ў калідор, а там стаяла скрынка з маімі рэчамі грамадзянскімі, мне сказалі пераапранацца. Тады я зразумела, што нешта не тое адбываецца. Бо па этапе нас возяць у робе турэмнай. І калі я ўбачыла пакецік з грашыма, і супрацоўнік сказаў мне распісацца ў дакументах аб зняцці грошай з майго асабовага рахунку, я зразумела, што нешта адбываецца. Мне ніхто не казаў, што мяне вызваляюць, а я і пытанняў не задавала. Я толькі спытала пра пашпарт, на што мне адказалі, што гэта мяне цікавіць не павінна.
Мяне вывелі за тэрыторыю калоніі, там стаяў мікрааўтобус, супрацоўнікі ў балаклавах і форме. Мне сказалі заходзіць, а ў мяне быў гіпсавы гарсэт на шыі. Я ўбачыла, што на пярэднім сядзенні ляжаў мужчына ў цывільным адзенні таксама з кайданкамі на руках. Тварам у сядзенне ляжаў у нейкай такой недарэчнай позе, што я не магла зразумець, як так наогул можна. Паколькі гэтая карціна настолькі сюррэалістычная была, я падумала, што гэта труп. Бо гэта было цела без руху. І першая мая думка — мяне вывозяць. Мне дапамаглі зайсці ў мікрааўтобус, бо рукі былі зашпіленыя кайданкамі.
Мне сказалі легчы, але я адказала, што не магу, бо ў мяне зламаная шыя. Тады мне дазволілі сесці, але рукі мусяць быць у зоне бачнасці. Хоць у кайданках. Мне надзелі на галаву сумку і павезлі.
Мяне трошкі адпусціла, калі я пачула, што мужчына, які ляжаў, пачаў гаварыць. Ён папрасіў перавярнуцца, бо ў яго ўсё зацякло. Ён папрасіў хоць бы на каленях ехаць. У выніку яму дазволілі сесці. Я разумела, што гэты чалавек таксама па падобнай гісторыі, што мы едзем не ў 24‑ю калоніі, таму я выказала здагадку, што нас вывозяць».
«У мяне да апошняга было адчуванне, што ўсіх вывезуць, а мяне ў калонію вернуць»
Размаўляць і задаваць пытанні падчас шляху было забаронена. Іх прывезлі ў поле, дзе стаялі аўтобусы, на якіх палітвязняў везлі на мяжу. Вікторыю і мужчыну вывелі з машыны, знялі кайданкі, але рукі пераматалі скотчам, завялі ў аўтобус. Па словах жанчыны, яна нават не меркавала, што яе могуць вывезці ва Украіну.
«Я зусім не разумела, куды нас вязуць. Тыя, у каго на вачах былі шапкі, маглі бачыць хоць бы заход сонца. А ў мяне была торба на галаве, таму я паняцця не мела, куды нас вязуць. Сумку з мяне знялі толькі ва ўкраінскім аўтобусе, і скотч на руках разрэзалі. Толькі тады мы ўбачылі, што гэта Украіна. У мяне, напэўна, менш здзіўлення было б, калі перада мной была Бразілія або Венесуэла. Бо Украіна, ваенныя дзеянні, закрытыя межы … Як гэта наогул магчыма. Але безумоўна гэта была радасць.
Калі нас перасаджвалі ва ўкраінскі аўтобус, кдбшнік хадзіў, здымаў на тэлефон. Я сядзела плакала, калі зразумела, што нас усё ж вывозяць. Бо ў мяне да апошняга было адчуванне, што ўсіх вывезуць, а мяне ў калонію вернуць.
Як такі здзек. Таму я заплакала, калі знялі сумку з галавы. А яна здымае і кажа: «Чаго ты плачаш, радавацца мусіш». Я адказала: «Я б патлумачыла, але баюся, што ты проста не зразумееш».
Мне здаецца, што ва ўсіх у аўтобусе да апошняга былі сумневы, што нас рэальна выпускаюць. Гэта значыць нам было ўсё адно, куды нас вывозяць. Галоўнае — што гэта ўсё скончылася».
«Замоўчванне — гэта шлях у нікуды, гэта развязвае ім рукі»
Вікторыя ўпэўненая, што ўсе факты жорсткага абыходжання ў дачыненні да палітвязняў, а таксама факты катаванняў, ціску і жудасных умоў утрымання павінны агучвацца, бо маўчанне развязвае рукі сілавікам.
«Абсалютна ніякія гісторыі пра чалавека са свабоды ніяк не ўплываюць на стаўленне адміністрацыі да яго. Калі людзі выходзяць і пачынаюць распавядаць гэтыя жахі, ну чым яны могуць мне нашкодзіць? Да мяне было такое стаўленне па нейкім вызначаным індывідуальным сцэнары. Выйшаў Іваноў, распавёў, як яму было дрэнна. І што?
Усе гэтыя зверствы трэба безумоўна апублічваць. Бо лепш не будзе, горш — малаверагодна. Калі пачынаецца ціск, то гэта дакладна не таму, што нехта нешта сказаў. І калі маўчаць, то з намі там можна рабіць усё што заўгодна, і ніхто пра гэта не даведаецца. Паводле гэтага 411 артыкула можна круціць людзей і пра гэта нават ведаць ніхто не будзе. Людзі будуць хварэць, а пра гэта ніхто не даведаецца. Паглядзіце, як атрымалася са Статкевічам, ніхто нават не ведаў.
Я лічу, што замоўчванне — гэта такое глупства. Думаю, гэта ўсё мусіць грымець. Для статыстыкі, каб адсочваць, колькі там знаходзіцца людзей. Гэта выклікае вялікі грамадскі рэзананс, уключна з міжнародным. Пра гэта трэба крычаць на ўсіх платформах. Замоўчванне — гэта шлях у нікуды, гэта развязвае ім рукі. Чым менш гэта асвятляецца, тым больш у іх магчымасці рабіць гэта беспакарана. Таму вельмі важна агучваць іх прозвішчы, рабіць іх бачнымі. Каб яны не думалі: «А, бздура, напісалі пра 24‑ю калонію». А калі «Іваноў» будзе разумець, што заўтра яго прозвішча будзе паласкацца ў СМІ, гэта будзе чытаць яго сям'я, дзеці, суседзі, калегі жонкі, тады ён 10 разоў падумае, як сябе паводзіць. Мне здаецца, гэта павінна іх спыняць».
Каментары
Вікторыя ўразіла яшчэ тады, калі злілі запіс яе размовы ў ГУБАЗіКе, як яе спрабавалі зламаць, а дарэмна.
"Адразу папярэдзіла, што яна не будзе шыць форму для сілавых структур."
(і далей, з папярэдняга артыкулу)
"Не хацела казаць супрацоўнікам «грамадзянін начальнік», ну бо якія яны мне начальнікі?"
"Разам з тым незразумела, чаму карнікі не ўсведамляюць, што існуе асобная катэгорыя людзей, якіх немагчыма зламаць фізічна ці псіхалагічна. Такія людзі хутчэй скончаць жыццё самагубствам, чым стануць на калені перад злачынным рэжымам."
Тое, што нельга патрабаваць або чакаць ад людзей, але што вельмі паважаеш, калі бачыш.
Вікторыі аб'яднацца з сям'ёй, паправіць здароўе, адпачыць ад пекла, якое прайшла.
І няхай з Вамі ўсё будзе добра!
І няхай вызваліцца наша Беларусь!
Бо праз такіх, як Вы, - Жыве! І будзе жыць...
Спыталі б лепей пра шлях трансфармацыі гераіні ад бессаромнай фальсіфікатаркі на "выбарах" да сапраўднага барацьбіта з узрошчанай гэткімі ж цынікамі сістэмай. Ці гэта ўжо не Вясноўская тэма?