Грамадства55

Першая вясна на волі. Ніна і Уладзімір Лабковічы расказалі пра сваю гісторыю кахання і жыццё пасля турмы

Больш як 20 гадоў таму яны пазнаёміліся ў Харкаве. А пазней Ніна пераехала дзеля каханага ў Беларусь з Казахстана.

Ніна і Уладзімір Лабковічы. Тут і далей фота «Нашай Нівы»

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч правёў за кратамі чатыры з паловай гады — большую частку сямігадовага тэрміну, прызначанага яму па так званай «справе Вясны». 

13 снежня 2025 года ён нечакана апынуўся сярод 123 палітвязняў, якіх памілавалі і выдварылі з Беларусі. Уладзіміра вывезлі ва Украіну, адкуль ён ужо дабіраўся да сям'і ў Вільню. Шлях да свабоды быў доўгім і складаным: месяцы ў адзіночнай камеры, пагрозы новымі крымінальнымі справамі, у тым ліку за «здраду дзяржаве» праз яго праваабарончую дзейнасць.

Увесь гэты час яго чакалі жонка Ніна і трое дзяцей — дачка і двое сыноў-блізнят. Пасля вызвалення Уладзіміра сям’я зноў вучыцца простым рэчам — шпацыраваць па новым горадзе, хадзіць у краму, гатаваць разам вячэру і размаўляць без турэмных абмежаванняў.

Мы сустрэліся з Лабковічамі ў Вільні, прайшліся па старым горадзе і пагаварылі пра жыццё пасля кратаў, лісты дзецям і доўгія гады чакання.

Першая вясна пасля кратаў

Мы ідзём па брукаванай вуліцы Вільні, за спінай гара Гедыміна. Уладзімір Лабковіч акуратна падтрымлівае Ніну за локаць — каб не паслізнулася. Снег месцамі ўжо амаль сышоў, але на вузкіх вуліцах старога горада яшчэ месцамі слізка. Гэта першая сумесная вясна пары пасля больш чым чатырох гадоў зняволення праваабаронцы.

— Раскажыце, як у вас тут справы, як праходзіць адаптацыя ў Вільні?

Уладзімір крыху задумваецца.

— Мне, вядома, значна лягчэй, чым шмат каму з тых, з кім я выйшаў у канцы снежня, — кажа ён. — Бо я адразу трапіў у сям’ю. З першай хвіліны быў у атачэнні жонкі і дзяцей. І гэта вельмі сагравае. Я адразу апынуўся ў гэтай цеплыні сямейнага жыцця. І гэта вельмі паскарае адаптацыю.

Уладзімір гаворыць павольна, нібы яшчэ прызвычайваецца да гэтага новага рытму — рытму жыцця без сцен і рэжыму.

— Ёсць складанасці ў сацыялізацыі, — прызнаецца ён. — Вялікі горад, грамадскі транспарт, вялікія крамы. Калі вакол шмат людзей, я даволі хутка стамляюся. Я вельмі доўгі час быў у турэмным рэжыме ізаляцыі. Гэта нават цяжэй, чым у калоніі — у плане чалавечых кантактаў і магчымасці рухацца. Але цяпер ужо значна лягчэй, чым у першыя тыдні. Час — ён усё вырашае.

Ніна слухае і ківае. Яна ў Вільні ўжо некалькі гадоў — з 2022-га. За гэты час горад стаў ёй амаль родным.

— Цяпер я ўжо яму паказваю Вільню, — усміхаецца яна. — Калісьці Уладзь мяне знаёміў з гэтым горадам, а цяпер атрымліваецца наадварот.

— Якія ў вас былі эмоцыі, калі Уладзімір нарэшце вярнуўся дадому?

Ніна на секунду задумваецца, нібы зноў пракручвае той дзень у памяці.

— Эмоцыі вельмі станоўчыя. Мы гэтага вельмі доўга чакалі. І ўсё роўна ў такія моманты ёсць адчуванне лёгкага шоку — напэўна, у любой сям’і, калі пасля доўгай разлукі сустракаеш каханага чалавека. Нібы глядзіш нейкі мультфільм: усё адбываецца, але здаецца трохі нерэальным. А ўжо калі прыходзіш дадому і разумееш, што родны чалавек сапраўды побач — вось тады прыходзіць адчуванне: усё, гэта па-сапраўднаму. 

Яна кажа, што гэта адчулі і дзеці.

— Уладзь не бачыў іх чатыры з паловай гады, яны вельмі выраслі. Але ён заўсёды шмат ім пісаў, вельмі падрабязна — каб не страціць гэты дотык, сувязь з дзецьмі. 

Каханне, якое пачалося на выбарах

Уладзімір Лабковіч — праваабаронца, юрыст, адзін з твараў праваабарончага цэнтра «Вясна». Менавіта за сваю праваабарончую дзейнасць ён правёў у зняволенні больш за чатыры гады.

Ніна — з іншага прафесійнага свету.

— Я заўсёды была звязана з бізнэс-анёламі, са стартап-экасістэмамі, з менеджментам розных праектаў у галіне інавацый, — кажа яна. 

Пра сябе Ніна гаворыць коратка і без асаблівай ахвоты.

— Я не настолькі публічны чалавек як Уладзь, — усміхаецца яна. 

Уладзімір і Ніна разам ужо 21 год. Іх гісторыя пачалася ў 2004 годзе — у Харкаўскай вобласці ва Украіне.

— Мы былі назіральнікамі на выбарах, — успамінае Уладзімір. — Я прыехаў з беларускай камандай ад «Вясны». Нас нават затрымалі ў Мінску, каб мы не трапілі на назіранне. Трымалі ў РАУСе, пакуль не паехалі цягнікі. Потым выпусцілі — і мы ўжо рознымі шляхамі дабіраліся ў Харкаў. Там працавала і каманда з Казахстана. У ёй была Ніна. Мы выпадкова апынуліся ў адной пары назіральнікаў. Пяць дзён працавалі разам на выбарчых участках Украіны. Размаўлялі, пазнавалі адзін аднаго. І ўжо тады я адчуў, наколькі гэта дарагі для мяне чалавек.

Ніна смяецца:

— Гэта было перад Калядамі. Памятаю, як мяне вельмі ўразіла, што беларусы пайшлі ў касцёл. І гэта былі маладыя людзі, зусім не тыя, пра каго звычайна думаеш, калі гаворыш пра касцёл. Яны былі такія разумныя, цікавыя, адкрытыя.

Тады яны пазнаёміліся не вельмі блізка — проста як калегі з розных каманд назіральнікаў. Але Ніну ўразіў узровень людзей, з якімі яна там сустрэлася.

— І праз столькі гадоў я ўжо ведаю многіх з іх, — кажа яна. — Хтосьці займаецца літаратурай, хтосьці — правам, хтосьці — міжнароднымі дачыненнямі. Вельмі розныя людзі, але ўсе вельмі цікавыя і моцныя. Я тады падумала: беларусы — проста коцікі. І цяпер, праз столькі гадоў, думаю гэтак жа.

Пасля выбараў яны раз'ехаліся кожны ў сваю краіну, але працягвалі падтрымліваць сувязь: пісалі лісты адно аднаму. Праз пэўны час Уладзімір запрасіў Ніну да сябе ў Беларусь. Яна пагадзілася. 

— Вам не было страшна вось так пераязджаць у новую краіну?

— Ой, слухайце, хто ў 24 гады наогул чагосьці баіцца? — смяецца Ніна.

— Ніна, калі вы пазнаёміліся з Уладзімірам, вы ж ужо ведалі, што ён займаецца праваабарончай дзейнасцю ў Беларусі. Ці не было ў вас тады страхаў, што гэтая дзейнасць можа быць небяспечнай? Што могуць быць пераследы, затрыманні або іншыя рызыкі?

— Калі гэта адносіны і калі перад табой твой каханы чалавек, ты, канешне, разумееш, што рызыкі ёсць. Мы ж адэкватныя людзі, якія рэалістычна глядзяць на жыццё і думаюць пра будучыню. Але ў мяне тады быў вельмі просты падыход: пра гэта я падумаю заўтра. І гэта дакладна не было ніякім стоп-фактарам. Зусім.

«Тыя выклікі, якія стаяць перад намі сёння, нават большыя, чым у часы нашай маладосці»

— Уладзімір, вы выглядаеце сур’ёзным чалавекам… 

— О так, сур’ёзны чалавек! — смяецца Ніна і дадае: — На самой справе ў яго самае лепшае пачуццё гумару з усіх, каго я ведаю.

— Уладзімір, у вас юрыдычная адукацыя, вы з сям’і інжынераў. Маглі б выбраць спакойную кар’еру. Але замест гэтага пайшлі ў палітыку, грамадскую дзейнасць: БНФ, «Малады фронт», пасля «Вясна». Навошта вам гэта было патрэбна?

— Магчыма, калі б я не быў юрыстам, мяне б нікуды і не вынесла, — кажа Уладзімір. — Але я вельмі добра памятаю 1996 год. Рэферэндум для змены Канстытуцыі. Нашы выкладчыкі, юрысты — многія з іх былі катэгарычна супраць таго, што адбывалася. І ўжо тады адчувалася: свабоды, якія былі ў 90-х, пачынаюць знікаць. Бел-чырвона-белыя сцягі, рок-н-рол, гэтае агульнае адчуванне свабоды і будучыні — нібыта нехта спрабуе ўсё гэта забраць назад.

Ён усміхаецца — крыху іранічна.

— Я тады быў рамантычна перакананы: трэба проста мабілізавацца, моладзі напружыцца на два-тры гады — і ўсё зменіцца. Я думаў: вось скончу ўніверсітэт у 2000 годзе, і ўжо не будзе патрэбы ні ў палітычнай, ні ў грамадскай дзейнасці. Але атрымалася інакш. Сітуацыя станавілася толькі горшай. Мы ўсё больш адступалі, свабоды станавілася ўсё менш. І вось мы прыйшлі да 2026 года, калі «Вясна» працуе ў эміграцыі, а я зноў паступова вяртаюся да грамадскай дзейнасці. І, здаецца, тыя выклікі, якія стаяць перад намі сёння, нават большыя, чым у часы нашай маладосці.

— Вы не раз казалі — і пасля вызвалення, і раней — што сям’я для вас самае галоўнае. Але ваша дзейнасць заўсёды была складанай. Ці не было хоць раз шкадавання, што вы выбралі менавіта гэты шлях?

Уладзімір адказвае амаль адразу.

— Не было. Нават у турме. Нават у самыя змрочныя часы ў мяне не было шкадаванняў за тое, што я раблю. Бо гэта слушная справа. Гэта проста пачуццё праўды і вера ў тое, што ты робіш. Я шчыра веру, што мы на баку дабра. Для мяне гэта настолькі відавочна, што мне нават цяжка кагосьці ў гэтым пераконваць.

Але адно, прызнаецца ён, давалася цяжэй за ўсё.

— Мне было вельмі балюча за сям’ю. Бо тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю Ніны і дзяцей, — гэта, безумоўна, наступствы маёй пазіцыі і маёй дзейнасці. Я бязмежна ўдзячны Ніне за тое, што яна не зламалася. За тое, што засталася мурам у маім жыцці — тым, на што я мог абаперціся нават у самыя цяжкія моманты зняволення.

Асобна ён згадвае дзяцей.

— Калі мы сустрэліся пасля майго вызвалення, гэта ўжо былі зусім іншыя людзі, чым тыя, з кім я развітаўся ў дзень затрымання. Мы вельмі хутка зноў пазнаёміліся, пасябравалі. Хлопчыкі яшчэ ў сваім дзіцячым свеце, а вось дачка — гэта ўжо цэлая эпоха. За гэтыя гады яна з маленькай дзяўчынкі ператварылася ў дарослага чалавека. Роўна праз тыдзень пасля майго вяртання мы адзначылі яе 18-годдзе. Я баяўся, што нам спатрэбіцца час, каб звыкнуць адзін да аднаго, але ўсё адбылося вельмі хутка і натуральна. Мы нават адразу згадалі нашы старыя жарты. Але вялікі кавалак супольнага жыцця ўсё ж быў страчаны. І цяпер мы гэта наганяем. Кожны дзень. Я і сёння абсалютна перакананы: няма нічога важнейшага за сям’ю — за дзяцей, за жонку. І ўсё, што я раблю і буду рабіць далей, — гэта таксама ў пэўным сэнсе даніна павагі ім.

Ніна слухае і дадае ад сябе:

— Уладзь таксама наш тыл. Калі сям’я для цябе — галоўная каштоўнасць, то ты проста прымаеш усё, што з гэтым звязана. І тое, што робіць Уладзь, і тое, што робяць іншыя праваабаронцы, — гэта правільна, дзеля сапраўды правільных рэчаў. Так, ёсць рызыкі, але я гэта таксама падзяляю і прымаю. Мы на адным баку.

«Страх скончыўся толькі тады, калі Уладзь зайшоў у дом»

Мы заходзім у маленькую кавярню. Тут цёпла і пахне карыцай. 

Ніна замаўляе каву, а Уладзімір дадаткова бярэ кока-колу.

Калі напоі прыносяць, ён тлумачыць:

— У зняволенні кока-кола была заўсёды як маленькае свята. Ты маеш 40 рублёў на месяц, а кола каштуе 3 рублі, таму мы маглі дазволіць яе сабе толькі па святах. Але 25 Сакавіка, у Дзень Волі — абавязкова. Таму цяпер я яе вельмі люблю.

— Спадарыня Ніна, за гэты час ці былі моманты, калі вам станавілася сапраўды страшна? 

— Вядома. Самае страшнае — гэта невядомасць. Калі не атрымліваеш ліста ад Уладзя — страшна. Калі няма запланаванага званка — страшна. Мне здаецца, гэты страх скончыўся толькі 18 снежня, калі Уладзь зайшоў у дом. А да гэтага… з 14 ліпеня 2021 года, калі яго затрымалі, я жыла ў пастаянным страху за яго і чаканні.

Яна крыху паціскае плячыма.

— Гэты страх, часам больш востры, часам меншы, быў увесь час.

Уладзімір успамінае раніцу 14 ліпеня, калі да іх прыйшлі сілавікі.

— Было каля шостай раніцы. Я ўжо не спаў, дзеці спалі. Калі пачулі грукат у дзверы, адразу было зразумела, хто прыйшоў. Тады ў Беларусі мы ўжо былі амаль апошнімі з грамадскіх арганізацый, хто яшчэ заставаўся. Частка калег выехала ў Вільню, таму калі а шостай раніцы грукаюць у дзверы — ясна, што гэта не малочнік.

Ніна пайшла да дзяцей, а Уладзімір адкрыў дзверы.

— Я сказаў: давайце ўсё спакойна, у мяне дзеці. Я адамкну, і ніхто не будзе перашкаджаць. Яны паводзілі сябе вельмі карэктна. Я папрасіў спачатку сабраць дзяцей і адправіць іх да бабулі, а ўжо потым рабіць ператрус. Яны пагадзіліся.

Дзеці былі здзіўленыя, але бацькі паспрабавалі іх супакоіць. Яны паехалі да бабулі і нават змаглі пазваніць, каб сказаць, што дабраліся.

— Гэта быў апошні раз, калі я бачыў іх перад арыштам, — кажа Уладзімір. — І я потым шмат разоў шкадаваў, што не абняў іх як след, не сказаў нейкіх важных слоў. Але ў такіх сітуацыях ты проста не ведаеш, як сябе паводзіць. Ператрус прайшоў спакойна. Не было ні «тварам у падлогу», ні выламвання дзвярэй. Быў такі эпізод. Я быў у школьным бацькоўскім камітэце ў дачкі, і ў мяне ляжаў канверт з грашыма, якія клас збіраў на патрэбы дзяцей. Там былі паперкі з прозвішчамі і сумамі. Сілавікі спачатку вельмі ўзрадаваліся: «А, гэта заробкі? За мітынгі?» Я растлумачыў, што гэта проста бацькоўскі збор. Яны паглядзелі і сказалі: «Добра, пакідаем». 

Пасля ператрусу Уладзіміра павезлі спачатку ў ДФР, потым у Следчы камітэт. Ён разумеў, што яго затрымаюць, але не думаў, што гэта будзе так надоўга. Але самым цяжкім было іншае: у той жа дзень затрымалі і Ніну.

— Калі мне сказалі пра гэта, гэта быў, напэўна, самы страшны момант за ўвесь гэты час. За сябе хвалявацца заўсёды лягчэй, чым за блізкага чалавека.

Пазней, ужо ў СІЗА на Валадарцы, ён выпадкова сустрэўся ў калідоры з Алесем Бяляцкім, кіраўніком праваабарончага цэнтра «Вясна» і нобелеўскім лаўрэатам. Той чытаў матэрыялы справы і, усміхнуўшыся, сказаў: «Уладзь, вельмі класныя паказанні ў Ніны, яна крутая».

Уладзімір усміхаецца: 

— Я цалкам згодны з гэтай ацэнкай.

Праз 10 дзён допытаў Ніну адпусцілі, неўзабаве яна разам з дзецьмі выехала з Беларусі. Рашэнне прымалася проста ў адзін момант.

«Почырк у Уладзя… як у доктара»

— Ніна, наколькі складана было тлумачыць дзецям, што адбываецца?

— Я заўсёды казала дзецям праўду. Калі вярнулася дадому пасля затрымання, мы проста селі і спакойна ўсё абмеркавалі. Старэйшай дачцэ тады было 13 гадоў — яна шмат што разумела. Сынам было па 10, для іх самым складаным была менавіта невядомасць. Таму мы вырашылі: нічога не хаваем. Уладзь пісаў лісты асобна кожнаму, мне, дачцэ і сынам. У кожнага з дзяцей быў свой дыялог з татам. Гэта вельмі дапамагала падтрымліваць сувязь.

Ніна смяецца:

— Праўда, почырк ва Уладзя… як у доктара. Таму лісты сынам я часта чытала ўголас, а яны ўжо самі адказвалі. Часам лісты не даходзілі месяцамі, але дыялог усё роўна не знікаў.

Дзеці вельмі тонка счытваюць дарослых. Яны заўсёды ведалі, што тата для іх — герой, быў і застаецца зараз. Нядаўна ў школе ім задалі сачыненне на тэму «Мае героі», і яны напісалі пра тату.

— Ніна, калі летась пачалі вызваляць палітвязняў этапамі, ці было гэтае пастаяннае чаканне — убачыць імя Уладзіміра ў спісах? 

— Кожны раз быў як маленькі інфаркт. Сэрца проста замірае. Асабліва цяжка было ў святы, калі ўсе сем’і чакаюць. Мы таксама спадзяваліся: вось, можа цяпер, можа зараз… Але я для сябе вырашыла: пакуль не буду ведаць на сто адсоткаў, не буду верыць. І гэта вельмі цяжка — так сябе наладзіць.

Уладзімір згадвае ўжо момант вызвалення:

— Калі нас выпусцілі, нам далі адзін тэлефон на ўсіх — прыкладна на пяцьдзясят чалавек. Мы вырашылі, што кожны мае па дзве хвіліны на першы званок. Чалавек з тэлефонам проста сеў а восьмай раніцы і ўстаў толькі на наступны дзень — увесь час была чарга.

Ніна дадае, што першы званок ад Уладзіміра вельмі адрозніваўся ад турэмных званкоў. 

— Там у іх толькі дзесяць хвілін на званок. І ты ведаеш, што цябе слухаюць. Хочаш сказаць усё, але гаворыш намёкамі, паўтонам, такой «птушынай мовай». Гэта не размова. Але першыя хвіліны пасля вызвалення былі зусім іншымі. Гэта было вельмі эмацыйна: «Ніна!», «Уладзь!». Вольная размова. Нават голас быў іншы. Тэмбр, інтанацыя — усё змянілася.

— Пасля вызвалення да мяне падышлі валанцёры, — расказвае Лабковіч. — Яны спыталі: «Вы Уладзь Лабковіч з «Вясны»?» Я адказаў: «Так». І яны сказалі: «Вас шукаюць калегі». Далі мне тэлефон — а там наша супрацоўніца. Яна расказала, як яны сустрэлі Алеся Бяляцкага. Ён вызваляўся іншым шляхам і ўжо быў у Вільні. Я тады папрасіў: «Дайце мне тэлефон Алеся». Можна сказаць, скарыстаўся такой маленькай «карупцыяй» — калега для калегі. Мой першы званок быў яму: хацеў яго павіншаваць. Эмоцый было вельмі шмат. А ўжо потым я стаў у чаргу, каб патэлефанаваць дадому.

Ужо пазней у яго з'явіўся свой тэлефон, і ўвесь шлях з Чарнігава да Вільні ён размаўляў з Нінай. 

— Нас часам пыталі, што першае мы сказалі адно аднаму падчас сустрэчы. Але да моманту сустрэчы мы пяць дзён без перапынку размаўлялі, — кажа Ніна. 

Першы дзень у Вільні пасля вызвалення прайшоў вельмі хутка. Спачатку яны паехалі ў офіс «Вясны», пабылі там хвілін дваццаць, а потым паехалі дадому. Там Уладзіміра чакалі дзеці і першыя абдымкі. А пасля — зусім звычайная рэч, якая ў той момант здавалася амаль святам:

— Мы пайшлі ў краму. Купляць цёплыя пальчаткі, вопратку. Была зіма, шмат снегу, вельмі холадна. А пасля ўвечары мы ўсе разам вельмі доўга размаўлялі, — згадвае Уладзімір.

Ніна ўсміхаецца:

— Уладзь цяпер проста такі «тата-тата». Пасля столькіх гадоў растання яны нібы наганяюць страчаны час. Сыны шмат размаўляюць з бацькам — пра ўсё: ад палітычных навін да тэхналогій. Часам мы нават мусім іх спыняць, бо яны могуць надта глыбока сыходзіць у гэтыя размовы.

Уладзімір водзіць дзяцей у басейн, яны гуляюць у шахматы, разам вучаць урокі.

— Калі справа даходзіць да беларускай мовы, я кажу: «Усё, ідзіце да Уладзя», — жартуе Ніна. — Я ж не вучылася ў Беларусі, мне цяжэй з беларускай мовай.

Яшчэ адна сямейная традыцыя — гатаваць разам.

— Сёння, напрыклад, гатавалі стэйкі, — кажа Ніна. — Адзін з сыноў вельмі любіць гатаваць і ўвесь час пытаецца: «Калі ўжо будзем?»

Яны таксама часта ходзяць разам у краму. І там дзеці часам выступаюць у ролі настаўнікаў.

— Уладзь губляецца каля касаў самаабслугоўвання, — смяецца Ніна. — Кажа: «Крамы, у якіх няма касіраў, — гэта проста жах! Як карыстацца гэтымі штукамі?» Дзеці яму ўсё тлумачаць і вельмі ганарацца, што могуць навучыць тату.

Пакуль сям’я звыкае да новага жыцця, застаюцца і практычныя пытанні.

— З дакументамі пакуль няпроста, — кажа Уладзімір. — У мяне фактычна няма нічога — ні пашпарта, нічога. Таму трэба проста набрацца цярпення і чакаць. Але ўжо снуем планы, хочам крыху падарожнічаць. Першая паездка, напэўна, будзе ў Рым.

«Я дома там, дзе мы ўсе разам»

Напрыканцы нашай гутаркі зрабілі невялікі бліц.

— Хто ў вашай сям’і першым ідзе мірыцца?

— Я, — не задумваючыся адказвае Уладзімір. — Я заўсёды вінаваты. Жонка заўсёды мае рацыю.

— Ніна, якая рыса мужа можа вас раздражняць?

Яна смяецца:

— Гэта, напэўна, самае складанае пытанне за ўсю нашу гутарку. Нічога не раздражняе. Гэта хутчэй залежыць ад майго настрою, а не ад яго самога.

— Уладзімір, калі не праваабарона, то што?

— Нічога. Ні ў чым іншым я сябе не бачу. 

— Якім адным словам вы б назвалі адзін аднаго?

— Каханы, — кажа Ніна.

— Каханая, — адказвае Уладзімір.

— Што для вас цяпер азначае дом?

Уладзімір адказвае пасля невялікай паўзы:

— Дом — гэта калі ўсе разам. Калі дзеці вяртаюцца са школы, калі Ніна вяртаецца з працы. Не важна, у якой краіне і ў якіх сценах. Я дома там, дзе мы ўсе разам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары5

  • Уф
    08.03.2026
    Кранальна
  • Журба
    08.03.2026
    [Рэд. выдалена]
  • бабруйчанін
    08.03.2026
    Уладзю Пашанцавала з Нінай ....
    Рады за іх ..

Цяпер чытаюць

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Пяць вежаў да неба: як вядзецца будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра ў Мінску8

Заміроўская: Пакуль я не пішу кнігі12

Трамп хоча, каб Інфанціна стаў генеральным сакратаром ААН13

Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію7

Егіпет уводзіць электронныя візы. Як сістэма будзе працаваць для беларусаў?

На Беларусі быў яшчэ адзін крыж, падобны да крыжа Еўфрасінні Полацкай. Што з ім стала?18

Сырскі: У якім бы статусе я ні быў, я буду служыць Украіне да Перамогі4

У Армавіры ў выніку атакі беспілотнікаў гарыць нафтабаза

У польскім Быдгашчы знайшлі мужчыну і жанчыну, якія напалі на сямейную пару з Беларусі14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў4

Малады работнік «Мінск-Арэны» павінен заплаціць 71 мільён даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць