Грамадства11

Апошняе слова Марфы Рабковай: Мы набліжаем надыход нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў свае сілы!

У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня палітзняволеную каардынатарку Валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў). Яна не прызнала віну ні па адным з дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, па якіх яе абвінавацілі. Цяпер Марфа — палітзняволеная, якой прызначаны самы вялікі тэрмін па «палітычнай справе» сярод жанчын і праваабаронцаў у Беларусі. 17 верасня будзе два гады, як 27-гадовую дзяўчыну ўтрымліваюць за кратамі ў СІЗА-1. За гэты час у яе памерлі бацька і бабуля, пачаліся моцныя праблемы са здароўем. Праваабаронцам «Вясны» перадалі прамову, якую Марфа Рабкова рыхтавала да апошняга слова — публікуем яе цалкам.

Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка

«Мы жывём у эпоху перакручаных ісцін: дабро караецца, зло праслаўляецца, паняцце свабоды звужаецца да межаў уласнай свядомасці, пры гэтым урываюцца і ў гэтую зону, выкарыстоўваючы арт. 13 Крымінальнага кодэкса, так званы «намер». Думказлачынства цяпер не існуе дзесьці ў антыўтопіях, а квітнее ў беларускай рэчаіснасці.

Усё сваё жыццё я пражыла пры кіраванні Лукашэнкі. Я нарадзілася і вырасла ў межах гэтай сістэмы. Вы навешваеце на мяне бірку экстрэміста, сцвярджаеце, што я з'яўляюся «дэструктыўным элементам», «азлобленай», што я «згубіла свае карані». Але я такая ж частка грамадства, як і вы ўсе. Маё адрозненне толькі ў тым, што я называю рэчы сваімі імёнамі і не магу на іх не рэагаваць. Гвалт — гэта гвалт, рэпрэсіі — гэта рэпрэсіі, а вайна — гэта вайна. І іначай быць не можа. Мне сорамна, калі дарослыя і адукаваныя людзі закрываюць свае вочы і вушы, супакойваюць сваё сумленне, не ўдумваюцца ў тую дзейнасць, якой займаюцца. Колькі трэба адвагі, каб не рабіць дрэннага? Колькі трэба мужнасці, каб у межах сваёй сферы ўплыву дзейнічаць паводле агульначалавечых канонаў? Што трэба для таго, каб спыніць ланцуг распачатага зла? З чым мы ўсе застанёмся, калі ўсё скончыцца? Што мы будзем казаць сваім дзецям і ўнукам? Што вы пакінеце пасля сябе ў гэтым свеце? Пытанні, адказы на якія вы трымаеце перад самімі сабой і будучыняй, а яна кожную секунду прымінае нас да сябе.

Я не прызнаю віну ні па адным выстаўленым абвінавачванні. Лічу іх цалкам сфабрыкаванымі, абсурднымі, выдуманымі супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Калі ў краіне няма арганізаванай злачыннасці, відаць, яе трэба стварыць.

Дзеля таго, каб апраўдаць існаванне цэлага ўпраўлення, якое ў апошняе дзесяцігоддзе маштабна пашырылася і дазваляе сабе такія метады працы, якія, хутчэй, нагадваюць дзеянні Гестапа, а не супрацоўнікаў, пакліканых абараняць людзей.

Я таксама не лічу вінаватымі тысячы людзей, якія пакутуюць у турмах нашай краіны. Кожны чалавек мае правы, кожны чалавек з'яўляецца асобай, кожнае меркаванне павінна паважацца, а жыццё і свабода з'яўляюцца найвышэйшымі і абсалютнымі каштоўнасцямі. Гуманізм, справядлівасць, эмпатыя, развіццё, адказнасць за тое, што адбываецца вакол нас, — гэта вехі, на якіх стаіць будучыня. Адмаўляючы іх, вы адмаўляеце саму будучыню, якая ў кожным разе надыходзіць, яна непазбежная. Будучыня — гэта змены, бо прагрэс — гэта заўжды рух і імкненне наперад. Беларускі народ заслугоўвае годнага ўзроўню жыцця, паважлівага стаўлення да сябе, захавання правоў кожнага чальца грамадства, дзяржавы, якая будзе працаваць дзеля народа, а не насуперак яму.

Хачу падзякаваць свайму цудоўнаму мужу, сваёй маме, усёй сваёй сям'і, сябрам і блізкім, калегам, адвакатам, а таксама ўсім неабыякавым беларусам і беларускам за дапамогу і салідарнасць на гэтым цярністым шляху зняволення. Дзякуй, што не забываеце мяне і застаяцеся са мной.

Я бачыла столькі добрых і светлых твараў, я бачыла столькі сапраўдных людзей, што ўпэўненая: мы абавязкова ўсё пераадолеем, па-іншаму проста быць не можа. Штораз, калі мы дапамагаем адно аднаму, клапоцімся, працягваем руку ўзаемадапамогі, выказваем салідарнасць, калі наша сэрца не глухое да чужога болю — мы набліжаем надыход нашай будучыні, нашай Беларусі. Не адчайвайцеся і верце ў сябе, у свае сілы! Праўда на нашым баку!

Жыве Беларусь і Слава Украіне!»

Чытайце таксама:

«Я ведаю — будучыня належыць нам». Моцнае апошняе слова Аляксандра Францкевіча

«Такое відовішча не вартае нават пухавіцкага палаца культуры», — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове 

Каментары1

  • Яўген
    08.09.2022
    Годныя словы годнай Беларускі

Цяпер чытаюць

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца8

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску аднавілі ўстаноўку электронных табло з раскладам на прыпынках, але з агаворкамі4

Мсціслаўцам паабяцалі «абсалютную бяспеку» — у раёне прайшлі абмеркаванні могільніка радыеактыўных адкідаў13

У офісе палітыка ад «Альтэрнатывы для Германіі» знайшлі кубак з надпісам «Армія Расіі»17

Мінабароны РФ заявіла пра падрыхтоўку масаваных удараў па ўкраінскай энергетыцы3

З’явілася графіка, якая паказвае, колькі часу Расія беспакарана біла па цывільных складах Украіны, калі тая не адказвала5

Джон Коўл заявіў, што спадзяецца дамагчыся вызвалення палітвязняў у сярэдзіне верасня10

Літоўскага блогера, які вазіў турыстаў у Чарнобыльскую зону, пасадзілі ў Беларусі за палітыку8

У Салігорску да Дня горада паставілі скульптуры кратоў21

Знішчыў адзенне, выліў шампуні, сапсаваў нават кроплі для вачэй. Былы каханак ноччу прабраўся ў кватэру беларускі ў Батумі44

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца8

«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць