Культура22

«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з акцёрам Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі

Якая самая складаная частка акцёрскай прафесіі, пра якую не ведае глядач? Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, які святкавалі 27 сакавіка, «Будзьма» спытала пра гэта ў купалаўца Міхася Зуя. А таксама паразмаўлялі пра першыя крокі ў прафесіі, знакавыя спектаклі, разлом 2020 года і тое, чым сёння жыве беларускі незалежны тэатр.

Michaś Zuj

— Міхась, як у вас узнікла любоў да тэатра?

— Не ведаю, ці гэта была любоў, спачатку гэта была зацікаўленасць. Я вучыўся ў  136‑й школе ў Мінску. У старэйшай школе там быў клас з тэатральным ухілам, і я вырашыў туды паступіць. Памятаю, чытаў урывак з твора «Чалавек-амфібія», мне падавалася тады, што я трошкі жудасна чытаю, але мяне ўзялі. Гэта былі вельмі класныя часы, якія мне прыемна ўзгадваць — рабілі спектаклі, бралі ўдзел у конкурсах. З гэтага ўсё пачалося. А ў адзінаццатым класе нават не было пытання, куды паступаць, ведаў дакладна, што гэта будзе Акадэмія мастацтваў. У мяне нават не было ніякага плана B, што буду рабіць, калі не прайду па конкурсе. І я паступіў на тэатральны факультэт.

— Як вы трапілі ў Купалаўскі?

— Напрыканцы вучобы ў Акадэміі мы натуральна ўліліся ў Купалаўскі тэатр. У мяне нават не было нейкага моманту выбару. Нашым майстрам курса ў той час быў мастацкі кіраўнік Купалаўскага — Валерый Мікалаевіч Раеўскі. Нас адразу шэсць чалавек узялі ў Нацыянальны тэатр, гэта была незвычайная сітуацыя, бо ў Купалаўскі звычайна ў год прымалі па адным чалавеку, праз праслухоўванне, гэта было вельмі складана, а мы такой камандай туды заляцелі.

— Якія былі ўражанні, калі вы ўпершыню як малады артыст апынуліся на Купалаўскай сцэне?

— Першы раз у Купалаўскім я трапіў на сцэну літаральна ўцёмную. Быў спектакль «Памінальная малітва», і мяне туды як маладога актора выпісалі выйсці. Я пытаюся: «А хто я?». А мне адказваюць: «Ты ці габрэем будзеш, ці за рускіх. Ну апрані габрэйскі строй». Я пытаюся: «А што рабіць?». А мне кажуць: «Разбярэшся». І вось ужо спектакль блізка, і вось ён ужо пачынаецца, цемра ўсюды, і я ўжо на сцэне. А ў «Памінальнай малітве» такі пачатак, што ўсе акцёры стаяць у коле, запальваецца святло і пачынаецца габрэйскі танец, які я не ведаў. І я мімікрыяй нейкай імітаваў гэты танец. Вось такі быў першы выхад на Купалаўскую сцэну.

Пасля было «чысцілішча масовак», праз якое праходзяць усе маладыя артысты. А першая паўнавартасная роля была Мікіты Лапця ў спектаклі «Ажаніцца — не журыцца», і ў гэты спектакль мяне ўводзіў выдатны рэжысёр Андрэй Андросік. Я там граў такога маладога сялянскага дзівака.

Michaś Zuj

— Які перыяд з гісторыі Купалаўскага, на вашу думку, быў для вас найбольш значным?

— Для мяне самым вясёлым/светлым перыядам у тэатры быў пачатак маёй кар’еры. У нас была такая класная традыцыя — мы некалькі гадоў запар вельмі крэатыўна віншавалі адно аднаго з днём нараджэння. Мяне аднойчы вельмі класна павіншавалі — зрабілі такі дзіцячы дзень народзінаў у Макдональдсе. Усе апранулі адзенне нейкіх вавёрачак, зайчыкаў, нават старэйшыя акцёры і актрысы, і зрабілі сюрпрыз. Гэта быў вельмі класны, вясёлы, кампанейскі перыяд.

Але калі казаць пра плённы, значны час для мяне ў Купалаўскім — мяркую, гэта апошнія гады перад дваццатым. У гэты перыяд у Купалаўскім было вельмі шмат значных спектакляў. Тады ў нас трошку лепшымі сталі заробкі ў тэатры, адбылася рэканструкцыя. Было цудоўна.

А калі казаць пра сучаснасць, лічу, што для купалаўцаў зараз самы складаны час, але і самы цікавы. Вельмі значныя працэсы адбываюцца — няма гэтага адчування, што мы завод па вытворчасці спектакляў. Сёння мы тэатр на колах, без свайго ўласнага памяшкання, але гэты тэатр мае свой уласны голас, які цікава слухаць.
Michaś Zuj

— Як вы ставіцеся да таго, што адбываецца з «Купалаўскім» тэатрам зараз у Беларусі?

— Калі казаць пра тое, як выглядае тэатр сёння, — мы з сябрам не так даўно пры размове пажартавалі, што зараз гэта «Нацыянальны русіфікаваны тэатр на вуліцы Энгельса, 7», яго нават Купалаўскім цяжка назваць. І справа не толькі ў тым, што прыходзіць рэжысёр з Расіі на пасаду мастацкага кіраўніка нацыянальнага тэатра. Я час ад часу праглядаю тое, які рэпертуар зараз у тэатры, як выглядае афіша, як выглядае сайт, якіх акцёраў набіраюць. І, канешне, мне, калі я гляджу на ўсё гэта, трошкі сумна становіцца. Я думаю, што акцёры, якія працавалі ў Купалаўскім да  2020‑га і засталіся працаваць там зараз, адчуваюць, наколькі змянілася мастацкая сітуацыя.

— А як вы ставіцеся да акцёраў, якія засталіся працаваць у тэатры пасля пратэстаў?

— Гэта вельмі цяжкае пытанне, асабліва калі гаворка ідзе пра тых, хто застаўся. Яны ўсе вельмі розныя людзі. Ёсць тыя, хто застаўся і нічога ганебнага пра нас не кажа, але ёсць і такія, якія паліваюць нас брудам. Вядома, былі людзі, якім цяжка было прыняць такія кардынальныя змены, якія ўсё жыццё працавалі ў тэатры, і шкада, што яны не змаглі зразумець нейкіх важных рэчаў. Ну а тых, хто палівае брудам былых калег, што з’ехалі, — ну што, сорамна мне за іх. Я не маю злосці ці крыўды, проста неяк сумна, што так адбываецца.

Michaś Zuj

— Што вы думаеце пра сучасны незалежны тэатр у эміграцыі? Ці ёсць будучыня ў яго?

— Мне падаецца, што незалежны тэатр зараз у вельмі цікавым становішчы. То-бок ён вельмі актыўны, ён як тая рапуха ў бочцы б’е лапкамі, каб збіць вяршкі і дзякуючы гэтаму выжыць.

Нядаўна адбылася дыскусія на тэму «Які зараз стан беларускай культуры», і шмат хто выказваў думку, што ў беларускай культуры зараз адбываецца перыяд адраджэння. Але мне падаецца, што гэта адраджэнне на мяжы выжывання. Гэтае выжыванне адбываецца на маральна-валявых высілках, на ініцыятыве паасобных людзей.

У Варшаве часта адбываюцца беларускія спектаклі, у Любліне зімой прайшоў тэатральны фестываль «Блізкі Усход», які цалкам быў прысвечаны «Вольным Купалаўцам». Можна было ўбачыць, колькі ўсяго паставіла незалежная трупа на працягу гэтых чатырох гадоў. І вельмі класна, што рух ідзе і не спыняецца, і пакуль яшчэ хапае моцы рухацца наперад.

Але відавочна, што і купалаўцам, і ўсім астатнім тэатральным дзеячам, якія жывуць у Варшаве зараз, як паветра неабходна нейкая свая ўласная прастора. Неабходна сталае месца для рэпетыцый, творчых сустрэч, дзе магло б рэалізавацца шмат беларускіх спектакляў і творчых праектаў.
Michaś Zuj

— Што вам дапамагае заставацца ў акцёрскай прафесіі, у творчасці?

— Ведаеце, так склалася, што з 2021 года я менш працую як акцёр. Калі не лічыць, канешне, наш YouTube-канал «ЧынЧынЧэнэл».

Але ў гэтым жа праекце я і адзін са сцэнарыстаў. Шчыра скажу, што сцэнарная праца мне вельмі падабаецца. Магу ўзгадаць створаны намі з Андрэем Кашперскім серыял «Працэсы», які выйшаў на «Белсаце». Я быў адным з шоуранераў гэтага серыяла. Спадзяюся, што будзе другі сезон — мы ўжо працуем над новымі гісторыямі для гэтага серыяла.

Таксама была праца над кароткай стужкай «Суд мёртвых».

То-бок мяне вельмі натхняе аўтарская праца і, канешне, музыка. Зараз у Польшчы мы часцяком выступаем з гуртамі «Zui» і «ili-ili».

Таму ў творчасці, у прафесіі мяне трымае — разнастайнасць, дыверсіфікацыя. То-бок такі час, калі цяжка ўсё паставіць на адну карту. Спадзявацца, што адзін кірунак цябе пракорміць, — відавочна не. Неабходна розным займацца, але гэта вельмі цікава.
Michaś Zuj
Дзмітрый Есяневіч і Міхась Зуй у вобразе чыноўнікаў у праекце «ЧынЧынЧэнэл»

Я бачу, што тут, у эміграцыі, шмат якія акторы спрабуюць сябе і ў рэжысуры, і ў драматургіі, і ў культурным менеджменце. Калі ты працуеш акцёрам у тэатры, звычайна сядзіш на адным месцы, і за цябе ўсё робяць. Зараз тут усё іначай: ёсць драматургічны твор, і каб ён паўстаў, трэба спачатку ездзіць пітчыць і гэтую п’есу, і гэты праект, пісаць у фонды, шукаць фінансаванне, трэба займацца пошукам пляцоўкі і знаёміцца з такімі рэчамі, ад якіх мы як акцёры ў Беларусі былі вельмі далёкія. І мне падаецца, што гэтак адбываецца, гэта добры кірунак — умець ва ўсім гэтым разбірацца.

— Якую ролю адыгрывае беларуская мова ў вашай творчасці?

— Для мяне, калі ёсць магчымасць паўдзельнічаць у нейкім беларускамоўным праекце, я заўсёды з радасцю гэта зраблю. І калі казаць пра музыку, у мяне, напрыклад, няма пытання, на якой мове пісаць спеў, — вядома, па-беларуску. На «ЧынЧынах», канешне, у нас такі фармат, што чыноўнікі не будуць размаўляць па-беларуску, але і там, дзякуючы вобразу Алены ЖалудOk, беларуская мова з’яўляецца на канале.

А спектаклі… Мне здаецца, я ўжо даўно не граў спектаклі на іншай мове. Толькі па-беларуску.

— Якая самая складаная частка акцёрскай прафесіі, пра якую не ведае глядач?

— Напэўна, знайсці нешта новае ў кожнай ролі. Нешта цікавае для сябе.

Бо ў мяне і ў многіх акцёраў ёсць такое: кожны раз, калі пачынаеш працу над новай роллю — адчуваеш, што нічога не ўмееш. Абсалютна. Хаця ў цябе ёсць досвед, але ты зноў як бы вучышся гэтай прафесіі нанова.

І самы складаны — гэта перыяд ад адчування, што ты нічога не ўмееш, да моманту, калі ў цябе нешта пачынае атрымлівацца.

Вось гэты першы крок, калі ты кудысьці даходзіш і нешта знаходзіш. Гэты перыяд пошуку звычайна можа быць вельмі пакутлівы.

— Працягніце, калі ласка, выраз: «Тэатр для мяне — гэта…»

— Тэатр для мяне гэта, напэўна — кампанія, каманда, сябры. Свае/свой — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр.

— А ці ёсць у вас мары? Аб чым яны?

— Мары… Не. Мараў у мяне няма. Ёсць жаданні і мэты. Мроі ёсць, а мараў няма. Ёсць планы, якія не могуць здзейсніцца зараз і, можа, не здзейсняцца ніколі, а найлепшыя планы ў нейкі момант стануць мэтамі і жаданнямі. Я вось так гэта бачу. Напрыклад, жаданне паехаць у Беларусь — для мяне гэта мара на паўзе.

— Што б вы пажадалі калегам і гледачам у Міжнародны дзень тэатра?

— Калегам… Я пажадаў бы сваім калегам — не страціць цікаўнасці, не страціць гэтага цёплага адчування, калі ты прыходзіш да сваіх.

А гледачам я таксама вельмі жадаю не страціць цікаўнасці і да тэатра, і да людзей на сцэне. І гэтую цікавасць не хаваць у сабе. Калі вы ведаеце, што ў вашым горадзе будзе адбывацца беларускі спектакль, і так думаеце:

«Ну, калі-небудзь схаджу!» — я раю гледачу: схадзі зараз, таму што тут і зараз, магчыма, нейкі акцёр або нейкая каманда страчвае веру, надзею і любоў да прафесіі. Прыходзьце і кажыце, калі спадабаўся спектакль, запосціце, скажыце: «Гэта было класна», калі спектакль быў нядобры — не маўчыце, скажыце: «Няўдалы быў спектакль».

Жадаю нашаму гледачу абменьвацца інфармацыяй пра спектаклі, не быць у сваёй бурбалцы, трэба трэскаць бурбалкі і будаваць стасункі, у тым ліку і дзякуючы тэатральнаму мастацтву. Вось гэта, напэўна, галоўнае.

Каментары2

  • SR
    28.03.2026
    Міхась - творца, няўрымслівы хлапчук. Годны актор, рэжысёр, здольны чалавек з вялікім пачуццём гумару.
  • 123
    28.03.2026
    Паглядзiце кiно на youtube.com/@euroradiolive?si=-Vpp0qo7P1YMmKK0
    Там Зуi красiвыя

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся3

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся

Усе навіны →
Усе навіны

Дарога дадому, якая пакуль вядзе праз фронт. У Кіева-Пячэрскай лаўры паказваюць гісторыю Палка Каліноўскага3

«Знаёмы паглядзеў на мяне як на НЛА». Якім Анджэй Пачобут пабачыў Гродна ФОТЫ6

Гродзенскі біскуп сыграў на барабанах на каталіцкім фестывалі моладзі3

Як за дзесяцігоддзе Швецыя амаль закрыла дзверы для мігрантаў9

Расія і Украіна абмяняліся ўдарамі па энергааб’ектах пасля слоў Трампа пра энергетычнае перамір’е9

28‑гадовую ўкраінку з Марыупаля асудзілі ў Мінску за палітыку. Чаму яна прыехала з Польшчы ў Беларусь, няясна4

Анжаліка Борыс: Пачобута паўсюль прымалі як героя10

Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну7

УСУ атакавалі Растоўскую, Самарскую і Варонежскую вобласці

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся3

Памятаеце пару студэнткі і выкладчыка духоўнага вучылішча, які старэйшы за яе на 31 год? Яны разбегліся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць