У Крупскім раёне зафіксавалі вялікага мядзведзя. Жывёліну зняла камера назірання ў лесе. Відэа, апублікаванае Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, хутка разышлося ў сацсетках, выклікаўшы актыўнае абмеркаванне, піша «Смартпрэс».

Паводле паведамленняў паляўнічых, на запісе бачны сапраўды буйны асобнік — яго нават назвалі «гігантам». Мяркуецца, што гэта дарослы самец, які аглядае сваю тэрыторыю.
Карыстальнікі інтэрнэту адрэагавалі па-рознаму: ад захаплення да страху. Некаторыя адзначалі, што відэа выглядае амаль як кадры з фільма жахаў.
Мядзведзі ў Беларусі часцей за ўсё сустракаюцца ў паўночных і паўночна-ўсходніх рэгіёнах, асабліва ў Віцебскай вобласці. Аднак апошнія гады яны ўсё часцей з’яўляюцца і ў паўночных раёнах Міншчыны. Гэта звязана з паступовым аднаўленнем папуляцыі і павелічэннем колькасці жывёл.
Звычайна мядзведзі выбіраюць глухія лясныя тэрыторыі з балотамі, рэкамі і азёрамі, дзе менш людзей і дастаткова корму. Таму сустрэчы з імі найчасцей адбываюцца ў мала кранутых чалавекам прыродных зонах.
Каментары
Гэта "скінволкер".