Меркаванні2525

«Гісторыя поўная нечаканасцяў, і не ўсе яны непрыемныя». Пісьменніца Крысціна Сабаляўскайце паразважала пра ВКЛ, Беларусь і Расію

Літоўская інтэлектуалка і пісьменніца Крысціна Сабаляўскайце ў інтэрв’ю выданню «Салідарнасці» расказала пра смешную сітуацыю падчас прэзентацыі раманаў Silva rerum па-беларуску, любімыя месцы ў Вільні і прычыны нелюбові да Расіі.

«Silva rerum»

Дзякуючы перакладу Сяргея Шупы (выдавецтва «Вясна»), беларускія чытачы цяпер могуць пазнаёміцца з усімі чатырма тамамі віленскай сагі Silva rerum — рамана пра жыццё шляхты ў XVII—XVIII стагоддзях. Гэта не толькі адна з найлепшых кніг у гісторыі Літвы, але і бестсэлер, высока ацэнены таксама ў Польшчы і Латвіі.

Пісьменніца Крысціна Сабаляўскайце — аўтарка гістарычных раманаў і адна з самых уплывовых культурных фігур Літвы, меркаваннем якой цікавяцца і да якога прыслухваюцца.

Kryscina Sabaliaŭskajcie
Фота: «Белсат»

— На прэзентацыі перакладу Silva Rerum у «Беларускім доме» ў Вільні напачатку сакавіка чытачы задавалі вам пытанні па-беларуску, а вы адказвалі па-польску. Здавалася, вы амаль усё разумелі. Ці сутыкаліся раней з беларускай мовай, каб крыху яе разумець?

— Так, сапраўды амаль усё зразумела, і гэта было вельмі прыемна. Калі свабодна валодаеш польскай і рускай мовамі, гэта нескладана — падобныя славянскія структуры, пазнавальныя карані слоў.

Многія палякі таксама даволі добра разумеюць беларуса. Шкада толькі, што я не магу выказаць думкі па-беларуску, таму давялося гаварыць па-польску — за гэта прашу прабачэння, але спадзяюся, аўдыторыя мяне лепш зразумела.

Kryscina Sabaliaŭskajcie

— Чытачы са здзіўленнем даведаліся, што вы паходзіце з роду Нарвойшаў — галоўных герояў Silva Rerum. Раскажыце, калі ласка, пра гэта.

— Так, атрымалася смешная сітуацыя — падчас сустрэчы мяне спыталі, ці я кантактую з сучаснымі нашчадкамі Нарвойшаў. Паколькі ў зале ў той момант была мая мама, дзецца не было куды, давялося прызнацца.

Гэта — мае продкі па матчынай лініі, бесперапынную генеалогію гэтай галіны мы ведаем да пачатку XVI стагоддзя, маем некаторыя захаваныя дакументы і рэчы, аднак прозвішча змянілася — жаночы генеалагічны лёс. Можа, і добра, бо гэта дало пэўную дыстанцыю і аўтаіронію ў дачыненні да сямейных гісторый і анекдотаў.

«Silva Rerum»

— Вы казалі, што працягу Silva Rerum не будзе, бо вам не падабаецца XIX стагоддзе. Чаму? З-за расійскай акупацыі ці з іншых прычын?

— З-за эстэтыкі і светаадчування — яно для мяне занадта экзальтаванае, рамантызаванае, і адначасова — ханжаскае, пурытанскае. Для мяне гэта — стагоддзе імперый, паліцэйскіх дзяржаў, псеўданацыянальных міфаў, бюракратыі. Я не адчуваю яго так добра, яно не захапляе мяне эстэтычна так, як эпоха барока (Крысціна Сабаляўскайце — гісторык мастацтва, — «Салідарнасць»).

— Сёння сярод беларусаў можна сустрэць зусім розныя погляды на гісторыю ВКЛ. А як вы глядзіце на гісторыю ВКЛ — і на ролю продкаў беларусаў у ёй?

— Адзіны агульны погляд на гісторыю ўласцівы толькі аўтарытарным рэжымам, таму плюралізм поглядаў сам па сабе — гэта нічога дрэннага. Важна толькі, наколькі гэтыя погляды навукова абгрунтаваныя.

Я заўсёды кажу, што там, дзе жаданае пачынаюць прымаць за рэальнае, заканчваецца навука і пачынаецца ідэалогія. А ідэалагічная інтэрпрэтацыя гісторыі — гэта ўжо нічога добрага. Таму на гісторыю ВКЛ я імкнуся глядзець перш за ўсё як навукоўца.

Прыступаючы да канкрэтнай гістарычнай крыніцы, стараюся падыходзіць да яе без папярэдніх установак. Як археолаг, які пачынае раскопкі — бо невядома, што можна знайсці: можа, скарб залатых манет, а можа — месца масавых забойстваў. Гістарычная праўда часам можа быць і непрыемнай, але спелая свядомасць павінна ўмець яе прыняць.

Варта памятаць, што масавая памяць пра ВКЛ на працягу XIX стагоддзя сістэматычна сціралася — царская імперыя на акупаваных тэрыторыях праводзіла палітыку divide et impera, імкнулася пасварыць палякаў з літоўцамі, а народы, якія жылі ў ВКЛ, — паміж сабой.

Да таго, яшчэ ў часы Касцюшкі, гаварылася словамі III Статута, што «літовец — гэта той, хто любіць свабоду і паважае Статут Літвы», гэта значыць — літоўская ідэнтычнасць была палітычнай, грамадзянскай, прававой, а таксама каталіцкай, а не этналінгвістычнай.

Моцная палітычная, грамадзянская ідэнтычнасць якраз і перашкаджала акупантам, асабліва на такой вялікай тэрыторыі, як былое ВКЛ.

Добрае пытанне — каго мы будзем лічыць продкамі беларусаў. Ад маіх продкаў засталіся лісты, напісаныя па-польску (цяжка сказаць, ці ўсе яны гаварылі па-літоўску — гэта я ведаю толькі пра Францішка Нарвойша і некаторых пазнейшых сваякоў), мелі землі, рассеяныя ад Жамойці да Ашмян (значыць — і на тэрыторыі сучаснай Беларусі), але лічылі сябе літоўцамі.

Дык ці можам мы, скажам, пра членаў маёй сям'і, якія мелі адзін з маёнткаў у канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, казаць як пра «продкаў беларусаў»? Бо яны ў той час лічылі сябе літоўцамі і не ўяўлялі, што гэта за ідэнтычнасць — беларус.

Я перакананая, што мы павінны паважаць людзей мінулага, і калі гаворым пра іх ідэнтычнасць — не можам нацягваць яе на капыл нашага сённяшняга разумення і ўяўлення. Мы павінны лічыць іх тымі, кім яны лічылі сябе самі, як яны самі сябе называлі.

Таму ў гэтых адносінах вельмі красамоўныя матрыкульныя кнігі еўрапейскіх універсітэтаў XVII—XVIII стагоддзяў, у якіх студэнты з Рэчы Паспалітай вельмі выразна пазначалі, кім яны сябе лічаць: Polonus, Lituanus, Borussus (жыхарамі Прусіі — С.) ці яшчэ кім. Цікава было б даследаваць, калі ўпершыню ў крыніцах з’яўляецца самаідэнтыфікацыя «беларус» (не ў значэнні тэрыторыі, а ў значэнні нацыянальнасці).

Акрамя таго, ідэнтычнасць нават у межах адной сям'і можа мяняцца з часам, і гэта — нармальна. Аднойчы мне давялося ўдзельнічаць у даволі камічнай дыскусіі ў Польшчы — адзін з яе ўдзельнікаў сцвярджаў, што вось Эмілія Плятэр, калі б жыла сёння, непазбежна ідэнтыфікавала б сябе як полька, а не літоўка.

У мяне гэта выклікала смех — адна з маіх найлепшых сябровак — нашчадак роду Плятэраў, і таму добра вядома, што ў канцы XIX стагоддзя погляды сям'і разышліся: адна галіна засталася польскамоўнай і сапраўды пазней атаясамлівала сябе з палякамі, а другая галіна сям'і стала зусім «літваманамі» і вестунамі літоўскага нацыянальнага адраджэння — ад іх пазней паходзілі Уладас Путвінскіс (заснавальнік руху Стральцоў) і Марыя Путвінскайце (жонка мастака Антанаса Жмуйдзінавічуса).

Таму сёння спекуляваць, кім лічыла б сябе Эмілія Плятэр — поўная бессэнсоўнасць, поўны агістарызм.

Падкрэслю — давайце паважаць людзей мінулага, дазволім ім быць тымі, кім яны самі сябе лічылі. Не будзем рабіць з іх ідэалагічных пудзілаў паводле нашага сённяшняга разумення ідэнтычнасці.

— Мая мама паходзіць з Карэліцкага раёна (каля Навагрудка), дзе нарадзіліся вядомыя ў Вільні людзі: Ян Чачот, Ігнат Дамейка, Ян Булгак. Якія месцы Беларусі вы наведвалі, цікавячыся гісторыяй, і пры якіх абставінах?

— На жаль, з прычыны палітычных абставін апошні раз я была ў Беларусі ў 2013 годзе — мела ўнікальную магчымасць наведаць Нясвіж, Мір, Мінск. Якраз тады я пісала Silva Rerum III, таму гэта быў неацэнны досвед, які вельмі спатрэбіўся ў кнізе.

Да таго ж, яшчэ ў апошнія гады XX стагоддзя, калі я працавала ў Нацыянальным музеі, разам з калегамі пабывала ў Навагрудку, Лідзе, у месцах, звязаных з Адамам Міцкевічам, мела кантакты з беларускімі музейшчыкамі — тады планавалася зрабіць выставу пра «Пана Тадэвуша» і абставіны яго стварэння.

— Чаму, на вашу думку, маленькая Літва сёння з’яўляецца незалежнай, а Беларусь, якая ў некалькі разоў большая, у многіх адносінах падпарадкоўваецца Расіі?

— Думаю, што Літва са сталіцай Вільняй як пераемніца дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага, мабыць, усё ж з’яўляецца галоўнай носьбіткай гэтага гена свабоды, якая не спалохалася і вырвалася ў 1990-м.

З боку Расіі мы зведалі тактыку «падзяляй і ўладар», неаднойчы — і ў XIX стагоддзі, і ў 1940 годзе, і ў паваенны час, калі праз рэпрэсіі і дэпартацыі праводзіўся стратацыд літоўцаў (знішчэнне найбольш адукаванай, найбольш грамадзянскай часткі грамадства), сацыяльная інжынерыя і прамыванне мазгоў, але, мне здаецца, нават нашы савецкія партыйныя бонзы заўсёды хацелі трымацца як мага самастойней і скрозь сціснутыя зубы ўсё роўна па-свойму ненавідзелі рускіх.

А за што Расію любіць? Такая велізарная, такая багатая і прыроднымі рэсурсамі, і чалавечымі талентамі краіна, а на працягу ўсёй гісторыі яе эліта, якая купаецца ў вульгарнай раскошы, так усё раскрадае, што народ пастаянна жыве ў беднасці і брудзе.

Таму, каб утрымліваць свае масы ў спакоі, Расіі пастаянна патрабуецца ўяўны знешні вораг і вайна: ёй пастаянна трэба агрэсіўна лезці да суседзяў (і не толькі), умешвацца ў справы іншых краін і траціць на гэта вёлізарныя сродкі, замест таго каб накіраваць гэтыя грошы сваім простым людзям, навесці парадак ва ўнутраных справах і жыць багата.

Расія — ганебная краіна, якая не цэніць сваіх людзей і не здольная навесці парадак у сябе. А там, дзе яна заваёўвае — усё губіць, адкідвае назад у беднасць, ляноту, п’янства і адсталасць, апаганьвае і знішчае.

Такі лад жыцця заўсёды быў чужы літоўцу, і літоўцы, можа, гістарычна менш пакорлівыя перад любой уладай.

— Якія асацыяцыі ў вас выклікае Беларусь?

— Перш за ўсё — адчуванне якраз той культурнай самабытнасці і агульнасці Вялікага Княства Літоўскага і, думаю, наш дыялог падчас сустрэчы, тое, як беларускія чытачы чытаюць мае кнігі і кажуць, што гэта — «свая» гісторыя — сведчыць пра гэта. Гэта — часта агульная гісторыя, агульныя адчуванні, агульныя пачуцці.

Другая асацыяцыя — вельмі сумная, з прычыны таго, што доўгія дзесяцігоддзі адбываецца ў вашай краіне. Думаю, што працавітыя і творчыя людзі Беларусі заслугоўваюць свабоды, дэмакратыі і жыцця як нармальныя еўрапейцы.

— Калі я быў у Яшунах (Салечніцкі раён Віленскага павета), то сустрэў людзей, якія з’яўляюцца грамадзянамі Літвы, адчуваюць сябе палякамі і гавораць па-беларуску. Як гэта ацэньваць? Ці можна лічыць гэта спадчынай Рэчы Паспалітай, ці гэта нешта іншае?

— Як я ўжо казала — усе гэтыя гістарычна наслоеныя складнікі не перашкаджаюць адзін аднаму. Грамадзянін Літвы, які адчувае сябе палякам і гаворыць на дыялекце польскай мовы, іншым, чым у Польскай рэспубліцы, які вам нагадвае беларускую мову — я асабіста з гэтым не маю ніякіх праблем.

Важна, каб такая асоба была лаяльная Літоўскай рэспубліцы, бачыла яе як краіну, у якой ёй добра, якую хоча будаваць разам з усімі грамадзянамі, і ведала таксама дзяржаўную літоўскую мову, каб магла паўнавартасна функцыянаваць у грамадстве.

— Вайна Расіі супраць Украіны працягваецца. Як, на вашу думку, будзе выглядаць будучыня краін нашага рэгіёна (краін Балтыі, Беларусі, Украіны) праз 50 гадоў?

— Ну, праз 50 гадоў мяне дакладна ўжо не будзе на гэтым свеце, таму мне цяжка прагназаваць. Я не празорца і не палітолаг.

Як чалавек, які прафесійна цікавіцца гісторыяй, магу сказаць толькі адно — гісторыя часам бывае поўная нечаканасцяў, і не ўсе яны абавязкова бываюць непрыемныя — адраджэнне літоўскай дзяржавы ў 1990 г. і велізарны прагрэс, які мы зрабілі, сённяшні высокі ўзровень жыцця ў Літве (багацей мы, мабыць, ніколі не жылі) пра гэта сведчаць.

Акрамя таго, ужо шмат гадоў я паўтараю, што свабода — гэта не факт, а працэс, які трэба падтрымліваць штодзённымі ўчынкамі і рашэннямі. Таму трэба ахоўваць сваю свабоду любой цаной і заўсёды быць гатовымі яе абараніць.

Kryscina Sabaliaŭskajcie

— Вашы продкі жылі ў Вільні, вы там выраслі і з’яўляецеся ганаровым грамадзянінам гэтага горада. Якія тры месцы ў Вільні вам найбольш падабаюцца?

— Я бясконца люблю від на 360 градусаў з балкона Святаянскай званіцы (частка ансамбля Віленскага ўніверсітэта. — «Салідарнасць») — ён сапраўды захапляе дух, адтуль выразна відаць розныя канфесійныя часткі Вільні, розныя стылі, і, калі я гляджу, кожная вулка звязаная для мяне з маімі асабістымі прыгодамі і ўспамінамі.

Касцёл Святога Юрыя — хоць і не дзейны, мне вельмі дарагі, бо там маліліся цэлыя пакаленні маёй сям'і, і, хутчэй за ўсё, менавіта там адбыўся таемны шлюб Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста. Ну і мой дом, у які заўсёды прыемна вяртацца.

— На вашу думку, у чым сэнс жыцця?

— Адзін з маіх любімых вершаў — «Чытаючы Марка Аўрэлія» Томаса Венцлавы. Ён такі глыбокі, літоўская мова ў ім такая прыгожая і дасканалая, што яго, мабыць, немагчыма адэкватна перакласці на іншыя мовы. Ужо толькі дзеля такой паэзіі варта вывучыць літоўскую мову.

Кожны раз, калі я чытаю яго, у мяне на вачах выступаюць слёзы, бо ўвесь верш — менавіта пра стаіцызм і сэнс жыцця перад тварам вечнасці. І ў ім ёсць такія словы:

Колькі табе дадзена, столькі дадзена. Ёсць толькі суровы абавязак —

Не шукаць сэнсу, не прыніжацца і не наракаць.

Каментары25

  • Ян Сабалеўскі
    02.04.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Беларусь — гэта Літва ў сваёй гістарычнай сутнасці
    02.04.2026
    вы не пагроза імперыі, а мы пагроза., Tak, Беларусь — гэта Літва ў сваёй гістарычнай сутнасці — паводле тэрыторыі, прававой традыцыі і культурнага развіцця, сфармаванага Вялікім Княствам Літоўскім. Блытаніна ў значнай ступені ўзнікла праз назву: “Беларусь” стала ўжывацца пасля мангола‑маскоўскай акупацыі і імперскага перайменавання. Прынцыпова тое, што было перайменавана, можа быць перайменавана і назад. I вяскоўцы пад Менскам ў 70х Бачылі сабе Літвінамі і ў Польшчы нашу мову называюць Літоўскай (НН) і сёння .
  • Мы?
    02.04.2026
    вы не пагроза імперыі, а мы пагроза.,
    Снайдэр не падтрымлівае тэорыю «змовы Раманавых» ці «крадзяжу назвы». Ён тлумачыць гэта як натуральны і балючы працэс мадэрнізацыі, дзе сучасная Літва паспяхова манапалізавала брэнд «ВКЛ», а беларускі рух апынуўся ў больш складаных умовах.

Цяпер чытаюць

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА22

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Усе навіны →
Усе навіны

Сіноптыкі паабяцалі мокры снег у наступныя дні

Масква пужае Арменію: праз збліжэнне з ЕС Арменія страціць 30% эканомікі3

Такер Карлсан выбачыўся за падтрымку Трампа9

Стваральнікі Max кажуць, што ў іх месенджары зарэгістраваліся 1,3 мільёна беларусаў7

Лукашэнка даручыў пастрожыць падрыхтоўку кіроўцаў у аўташколах16

Нацбанк выпусціў манету з 12 гранямі, якая каштуе 23 тысячы рублёў1

34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле7

«Праца дысцыплінуе». Былых зняволеных адправілі збіраць камяні14

Палітзняволеная, якая выйшла на волю ў канцы лютага, нарадзіла дзіця1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА22

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць