Свет44

Вы не чулі пра яго, а ён вызначае кірункі новай, часта нечаканай замежнай палітыкі ЗША

Эндзі Бэйкер — намеснік памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы і роднасная душа віцэ-прэзідэнта Вэнса. Ён вызначае і новую стратэгію Вашынгтона ў дачыненні да Беларусі.

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет (другі злева) размаўляе з дарадцам па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкерам (справа) у Сітуацыйным пакоі Белага дома. Побач — прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Лівіт, дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф і юрыдычны дарадца Дэвід Уорынгтан. Вашынгтон, 21 чэрвеня 2025 года. Фота: Daniel Torok / The White House via Getty Images

Эндзі Бэйкер доўгі час заставаўся амаль незаўважнай фігурай у амерыканскай палітыцы. Шырокая публіка ўпершыню пачула яго імя выпадкова — у сакавіку, калі віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс назваў яго сваёй ключавой асобай у адміністрацыі падчас скандальнай уцечкі з групавога чата, прысвечанага ўдарам па хусітах у Емене.

Аднак, як піша выданне Politico, журналісты якога паразмаўлялі з тузінам чалавек, у тым ліку з супрацоўнікамі Белага дома, высокапастаўленымі еўрапейскімі чыноўнікамі і экспертамі аналітычных цэнтраў, гэтая згадка толькі падкрэсліла парадокс: нягледзячы на амаль поўную адсутнасць публічнасці, Бэйкер стаў адной з цэнтральных постацяў у фарміраванні замежнай палітыкі ЗША.

Менавіта праз яго праходзіць значная частка ідэй, якія вызначаюць як пазіцыю віцэ-прэзідэнта, так і шэраг найбольш рэзанансных рашэнняў адміністрацыі — у тым ліку жорсткі і ўсё больш канфрантацыйны курс у дачыненні да еўрапейскіх саюзнікаў.

Бэйкер непасрэдна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы гучнай прамовы Вэнса на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў лютым 2025 года. У гэтым выступе еўрапейскіх лідараў рэзка крытыкавалі. Галоўная думка заключалася ў тым, што Еўропа сама адступае ад базавых каштоўнасцяў заходняга свету, і менавіта гэта, а не вонкавыя пагрозы, падрывае трансатлантычны саюз.

Тыя ж тэзісы прасочваюцца і ў новай Стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША, у падрыхтоўцы якой Бэйкер таксама адыграў значную ролю. У дакуменце падкрэсліваецца, што аслабленне «цывілізацыйнай упэўненасці» Еўропы і яе заходняй ідэнтычнасці з’яўляецца ключавым выклікам бяспецы. Адначасова там вітаецца рост «патрыятычных» нацыяналістычных сіл на кантыненце і крытыкуецца логіка «бесперапыннага пашырэння» НАТА.

Цяперашняя амерыканская адміністрацыя выступае супраць далейшага пашырэння НАТА.

Такі падыход звязаны з ідэалагічнай пазіцыяй, якую сам Бэйкер называе «рэалізмам», а яго апаненты — ізаляцыянізмам новага тыпу. Ён належыць да таго крыла рэспубліканцаў, якое скептычна ставіцца да замежных ваенных інтэрвенцый і лічыць, што ЗША павінны дзейнічаць, зыходзячы выключна з інтарэсаў уласнай бяспекі ці ўзбагачэння, а не з абстрактных ідэалаў свабоды і дэмакратыі.

У гэтай логіцы любыя альянсы і міжнародныя абавязацельствы павінны пераглядацца, калі яны не прыносяць прамой і відавочнай выгоды Амерыцы. Еўрапейскія дыпламаты ўсё часцей успрымаюць гэты курс як доўгатэрміновы зрух, а не як часовую асаблівасць адміністрацыі Трампа.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа выступае падчас другога прэс-брыфінгу ў місіі ЗША ў Жэневе, Швейцарыя, 23 лістапада 2025 года. На заднім плане каля дзвярэй стаіць намеснік памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Эндзі Бэйкер. Фота: Muhammet Ikbal Arslan / Anadolu via Getty Images

Хлопец з рабочага раёна

Біяграфія Бэйкера шмат у чым тлумачыць ягоныя погляды. Ён вырас у рабочай сям’і ў раёне Норт-Бэй у Сан-Францыска — пралетарскім раёне, дзе быў традыцыйны моцны рабочы рух. Атрымаўшы ступень бакалаўра гісторыі ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі, Бэйкер працягнуў навучанне ў Оксфардзе, дзе ў 2007 годзе атрымаў навуковую ступень і пяць гадоў працаваў выкладчыкам.

Яго дысертацыя, якая пазней выйшла кнігай, была прысвечаная стварэнню міжнароднага парадку пасля Другой сусветнай вайны. У ёй аўтар падкрэсліваў, што стабільнасць гэтай сістэмы трымалася на агульных уяўленнях пра суверэнітэт і прымяненне сілы — і менавіта страта гэтых прынцыпаў, на яго думку, сёння разбурае заходнюю еднасць.

У 2010 годзе Бэйкер перайшоў на працы ў Дзярждэпартамент і пачаў кар'еру кадравага дыпламата. За 13 гадоў службы ён прайшоў праз камандзіроўкі ў Афганістан і працу ў штаб-кватэры НАТА ў Бруселі. Менавіта гэты досвед сфармаваў у ім глыбокі скепсіс адносна амерыканскай замежнай палітыкі. Ён прыйшоў да высновы, што яна служыць інтарэсам эліт і не прыносіць карысці звычайным грамадзянам, асабліва прадстаўнікам рабочага класа, з якога ён сам паходзіць.

Ключавы дарадца ў адміністрацыі Трампа

У 2023 годзе Бэйкер пакінуў дзяржслужбу і пачаў шукаць палітычнага саюзніка, які падзяляў бы яго бачанне. Такім чалавекам стаў Джэй Дзі Вэнс. Іх аб’яднала не толькі падобнае паходжанне, але і перакананне, што амерыканская моц толькі марнуецца за мяжой.

Пасля перамогі Трампа Бэйкер атрымаў магчымасць рэалізаваць свае ідэі на практыцы. Асабліва гэта праявілася ў падыходзе да вайны ва Украіне.

Бэйкер, які свабодна валодае рускай мовай (а таксама балгарскай і персідскай), удзельнічаў у распрацоўцы асноўных параметраў новага курсу амерыканскай адміністрацыі, уключаючы эканамічныя аспекты, такія як пагадненне аб здабычы карысных выкапняў ва Украіне.

Па словах крыніц, яго пазіцыя не з’яўляецца антыўкраінскай — хутчэй, ён імкнецца не нагружаць ЗША забавязаннямі, якія не падаюцца яму жыццёва важнымі. Адначасова такі падыход выклікае занепакоенасць у Еўропе: еўрапейцы мяркуюць, што Бэйкер пераацэньвае сілу Расіі і недаацэньвае яе слабасці.

Пра ўплыў Бэйкера сведчаць канкрэтныя факты: ён прысутнічаў у Сітуацыйным пакоі ў чэрвені 2025 года, калі Трамп назіраў за бамбаваннем іранскіх ядзерных аб’ектаў. Ён таксама ўдзельнічаў у планаванні кампаніі супраць хусітаў і рэакцыі ЗША на напружанасць паміж Індыяй і Пакістанам.

Вясной, падчас маштабных перастановак у Радзе нацыянальнай бяспекі (РНБ), Бэйкер заняў пасаду намесніка памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы. Там ён шчыльна працуе з дзяржаўным сакратаром Марка Рубіа, які адначасова ўзначальвае РНБ, і іншым намеснікам, Робертам Гэбрыэлам-малодшым. Рубіа назваў Бэйкера «каштоўным членам каманды», чый унёсак адыграў ключавую ролю ў прасоўванні парадку дня «Амерыка перш за ўсё».

«Ідэі, якія знаходзяць водгук»

Людзі, знаёмыя з Бэйкерам, адзначаюць, што ён хутчэй нагадвае навукоўца, чым практычнага палітыка. «Ён не палітычная жывёла. Ён вельмі асцярожны — ён стратэг», — кажа адна з крыніц.

Нягледзячы на гэта, уплыў Бэйкера працягвае расці. Ён уваходзіць у групу мысляроў новай хвалі ў Рэспубліканскай партыі разам з такімі фігурамі, як намеснік міністра абароны Элбрыдж Колбі, якія выступаюць за пераарыентацыю амерыканскай палітыкі — у тым ліку на супрацьстаянне Кітаю і скарачэнне прысутнасці ў Еўропе. Унутры адміністрацыі гэтае крыло канкуруе з больш традыцыйнымі «ястрабамі», але сама гэтая барацьба ідэй ужо сведчыць пра глыбокія змены ў амерыканскім палітычным дыскурсе.

З улікам таго, што Вэнс разглядаецца як адзін з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ў 2028 годзе, роля Бэйкера, хутчэй за ўсё, будзе толькі ўзрастаць. Многія ў Вашынгтоне лічаць, што ён застанецца ўплывовай фігурай незалежна ад таго, хто ўзначаліць Рэспубліканскую партыю ў будучыні. Таму для разумення таго, якой можа стаць замежная палітыка ЗША ў найбліжэйшыя гады, варта ўважліва сачыць менавіта за ім.

Каментары4

  • бабруйчанін
    13.04.2026
    Пры Бушэ старэйшам быў Джэймс Бейкер дзяржаўны сакратар
    Прамова Буша у Кіевеі ВР да абвешчання незалежнасці пры ім ці ім гатавалась

    Адзінае адрозненне той раз яны яшчэ хавалісь за словамі аб " дземакрацыі чалавека праў свабод"
    Зараз усе проста - прама
    Карысць гешефэты ЗША і ні дурыце мне галаву " галівудзкімі казкамі")))
  • .
    13.04.2026
    Тут хотя бы ход мыслей и логика ясны. Умный, циничный профи с блестящим образованием и своей позицией - нравится она или нет. Не Трамп, в общем.
  • Рэаліст.
    13.04.2026
    Усе яны ізаляцыяністы, але калі інтарэсы Рассіі - бягуць, аж валасы назад.
    Нлвыя ізаляцыяністы гэта старыя агенты.

Цяпер чытаюць

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці11

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Усе навіны →
Усе навіны

У Косаве дэпутатка закідала яйкамі прэм'ера ВІДЭА

У Мінску чыноўнікі адмянілі расійскую рэйв-вечарынку4

У Падмаскоўі беларускі бомж забіў расійскага бамжа4

У войсках спецназу па загадзе Лукашэнкі фармуюць падраздзяленне з няўдалых аграрыяў і парушальнікаў дысцыпліны25

На Нарачы перакуліўся катамаран1

УСУ знішчылі пазіцыю комплексу СПА С-400 побач з палацам Пуціна1

Сталі вядомыя імёны зніклых у гарах Кыргызстана альпіністаў. Двое з іх беларусы3

У Варшаве прайшоў традыцыйны Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай ФОТЫ29

Супрацоўнікі міліцыі, якія трапілі ў ДТЗ у Кобрыне, шпіталізаваныя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці11

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць