У гадавіну трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у Беларусі традыцыйна праходзіла акцыя «Чарнобыльскі шлях». Але апошнія гады праз масавыя рэпрэсіі праводзіць яе стала немагчыма. Таму цяпер беларусы збіраюцца на мітынгі ў памяць пра трагедыю за мяжой.



У Вільні мітынг і канцэрт прайшлі на плошчы Кудзіркі. Сабралася каля паўсотні людзей — яны прыйшлі з гістарычнымі сцягамі Беларусі, а таксама са сцягамі Украіны і Літвы, паведамляе «Салідарнасць». На плакатах развешаная рэзалюцыя беларускіх грамадскіх арганізацый да 40‑годдзя чарнобыльскай катастрофы.
Са сцэны, акрамя іншага, на літоўскай мове прагучаў урывак «Чарнобыльскай малітвы» Святланы Алексіевіч.
Дзмітрый Кучук, дарадца Ціханоўскай у пытаннях навакольнага асяроддзя, са сцэны правёў паралелі з эпідэміяй COVID-19, пра якую ўлады змаўчалі, і чарговым разам нагадаў пра пагрозы, якія зыходзяць ад Беларускай атамнай электрастанцыі і расійскай ядзернай зброі для Беларусі і Еўропы.
У памяць аб ахвярах і ліквідатарах дыпламаты з розных краін, прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, грамадскія актывісты і праваабаронцы, уключаючы Алеся Бяляцкага і іншых «вясноўцаў», якія адзначаюць сёння 30‑годдзе арганізацыі, усклалі кветкі да помніка «маці Чарнобыля» ў віленскім парку Льва Сапегі.


Беларусы Варшавы таксама далучыліся да «Чарнобыльскага шляху». 26 красавіка каля помніка Каперніку сабрала больш за 100 чалавек, паведамляе Офіс Ціханоўскай.

«Чарнобыльскі шлях» у Варшаве. Фота: «Белсат»
Выступілі Вячаслаў Сіўчык, ксёндз Вячаслаў Барок, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, прадстаўнік рады БНР Аляксей Дзікавіцкі. Вёў мітынг музыка Аляксандр Памідораў. Удзельнікі трымалі плакаты з партрэтамі палітвязняў і расцяжкамі супраць размяшчэння ядзернай зброі.

Акцыя да гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у Варшаве. Фота: Офіс Ціханоўскай
Пачаўся мітынг з выканання беларускага, украінскага, польскага гімнаў. Пасля мітынгу ўдзельнікі прайшлі шэсцем да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.



Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары