«Так аказалася лепш, правільней не толькі для мяне, дакладней, не для мяне».

Некалькі дзён таму Мікола Статкевіч у сваім тэлеграм-канале апублікаваў пытанне ад былога сябра партыі. Частка пытання тычылася «пэўнага дэмакратычнага рэсурса», «арыентаванага на нацыянальную культуру». У прыватнасці, што «відэаканал гэтага рэсурсу рэгулярна дае слова даносчыцы, з-за якой былі зняволеныя яе калегі». У пытанні таксама згадвалася «вызваленая палітзняволеная, якая прызнаецца ў супрацоўніцтве са сваімі катамі, ухваляе іх, ды яшчэ заяўляе, што ніхто не мае права папікнуць яе гэтым».
Падобна, што размова ішла пра Вольгу Лойку і Насту Лойку — так былі інтэрпрэтаваны іх інтэрв'ю.
Мікола Статкевіч на гэта адказаў, што ніколі не папікаў і не папікне нікога, хто дзеля сваёй свабоды падпісаў нейкае «прашэнне», а наадварот, заўсёды радуецца, што для некага скончылася турэмнае пекла.
«Іншая справа, калі дзеля вызвалення нехта ідзе на даносы, на стукацтва. Лічу, што гэта найвялікшая подласць — абменьваць сваю свабоду на свабоду іншых людзей. Даносчыкі для мяне падонкі, з якімі я не маю ніякіх спраў. Тыя, хто патурае ім, тыражуе іх погляды ці жыццё, нармалізуе іх подласць. Мабыць, у душы «нармалізатараў» таксама ёсьць нешта падобнае. (…)
Што тычыцца апраўдання ўласных катаў, то міжволі ў галаву прыходзіць убачанае у дзяцінстве — як сабака ліжа боты гаспадару, калі той б'е яго. Што ж трэба зрабіць з чалавекам, каб давесці яго да стану таго сабакі?»
Рэагуючы на папрокі Статкевіча ў свой бок, Вольга Лойка заўважыла, што крытыка з боку Статкевіча яе хутчэй радуе, бо сведчыць аб тым, што турма не змяніла палітыка.
«Магу яшчэ раз паўтарыць, што ад маіх асабістых дзеянняў ніводзін супрацоўнік Тутбая ці нейкі іншы супрацоўнік не пацярпеў. У мяне была магчымасць не ўдзельнічаць у гэтым фільме. Было б горш… Вось проста калектыўны розум прымаў рашэнне. Дзякуй тым, хто ўдзельнічаў. Так аказалася лепш, правільней не толькі для мяне, дакладней, не для мяне. Проста зараз ёсць нейкія рэчы, якія немагчыма растлумачыць цалкам. І мянтоў трэба слухаць менш», — даводзіць Лойка.
Вольга давала інтэрв'ю дзяржаўнаму каналу, калі была ў Беларусі і частка яе калег заставаліся ў СІЗА. Па яе словах, першым, хто ёй пазваніў пасля выхаду прапагандысцкага фільма, быў муж Марыны Золатавай Васіль. У яго ацэнцы выказванні Лойкі былі «звычайным бухценнем наёмнага супрацоўніка».
«Усім зразумела, што справа Тутбая са мной ніяк не звязаная, што магчымасці неяк паўплываць на супрацоўнікаў у мяне былі выключна мінімальныя, і дзякуй богу, што я змагла імі скарыстацца так, як змагла. Я спадзяюся, што потым гэтую гісторыю мы раскажам у фарбах, яна вельмі такая забаўная ўвогуле, але даволі складаная», — заўважыла Вольга Лойка.
Што тычыцца Марыны Золатавай, то, па словах Лойкі, у былой галоўнай рэдактаркі Tut.by да яе прэтэнзій няма.
Праваабаронца Наста Лойка ў сваім першым інтэрв'ю пасля зняволення тлумачыла сваё стаўленне да сілавікоў:
«Вы мне зрабілі балюча, але я гатовая забыцца, дараваць вам гэта і не прыгадваць. Яны ж кажуць, што далі нам шанец. «Памілоўка» — шанец на новае лепшае жыццё. Мы — аб'ект гандлю. Нам далі шанец тым, што нас прадалі і дазволілі нам выехаць. Нават не дазволілі, нас прымусова вывезлі. Але я ім таксама дам шанец, нічога кепскага пра іх не скажу. Яны рабілі сваю працу, яны рабілі працу як умелі і лічылі патрэбным. Кепска гэта ці добра, эфектыўна ці неэфектыўна — пакажа час, і тады сапраўды зможам размаўляць. Зараз я не бачу сэнсу пра гэта казаць».
Наста Роўда заўважыла, што не разумее такой пазіцыі і параўнала яе з падобнымі выказваннямі Марыі Калеснікавай.
«Мне здаецца, што яны вельмі падобныя (…) праз тое, што яны так не хочуць паказацца слабымі, так хочуць паказаць, што на іх гэта ніяк не паўплывала, іх гэта не зламала, іх гэта не змяніла, не хочуць асуджаць і ўвогуле вяртацца да гэтай тэмы», — выказала сваё меркаванне Роўда.
Аднак Вольга Лойка прапанавала іншае бачанне. Яна расказала, што многія вызваленыя палітвязні, з якімі яна размаўляла, свядома выбіраюць маўчанне або стрыманасць у словах, бо далі абяцанне зрабіць усё магчымае для тых, хто застаўся за кратамі.
«Зараз важна дастаць астатніх. Я абяцала, што я паспрабую што-небудзь для іх зрабіць. (…) Мы потым раскажам пра свае болі і праблемы», — так, паводле Вольгі, гучыць матывацыя тых, хто апынуўся на волі.
Наста Роўда, са свайго боку, агучыла папулярную ў грамадстве думку аб тым, што такая пазіцыя можа быць шкоднай. Яна заўважыла, што калі заходнія партнёры змагаюцца за вызваленне беларусаў, а самі ахвяры пасля выхаду пазбягаюць тэмы катаванняў, гэта можа стварыць ілюзію «нармальнасці» ўмоў утрымання і дэматываваць міжнародную супольнасць.
«Яна ж не кажа, што было нармальна. Яна кажа: «Я не хачу расказваць пра тое, як гэта было». (…) Тая ж Наста Лойка ў інтэрв'ю сваім фіксуе, што пасля таго, як выйшлі папярэднія групы вязняў, якія плакалі нават, расказваючы пра той досвед страшны, які ім давялося перажыць, умовы палепшалі. Умовы вывазу палепшалі, таму што свет пабачыў, якое гэта пекла», — парыравала Вольга і заклікала грамадства да большай эмпатыі і разумення:
«Давай чалавеку, які вось толькі выйшаў з такіх страшных умоў, дамо трошкі кіслароду, трошкі прасторы, трошкі магчымасці адчуць сябе ў бяспецы, адчуць, што ты не аб'ект здзекаў, не аб'ект хейту, не аб'ект прэтэнзій. Што ты можаш паправіць здароўе, ты можаш пагаварыць пра штосьці з псіхолагам, ты можаш даведацца ва ўсіх сваіх блізкіх, што адбылося за гэты час, ты можаш з усімі ўбачыцца, зразумець, на якім ты свеце знаходзішся, і потым, магчыма, ты будзеш гатовы да гэтага. Людзі не гатовыя расказаць пра тое, што з імі было, проста па нашым запыце».
Для тлумачэння гэтай закрытасці Вольга выкарыстала метафару «мужчыны ў доктара»: чым больш чалавек прызвычаіўся быць «жалезабетонным» і трымаць усё на сваіх плячах, тым цяжэй яму прызнацца, што ў яго хоць нешта баліць і хоць нешта яго турбуе.
-
Ты рускамоўны чалавек свету ці ты чалавек беларускі? Кейс Насты Рагатко
-
«Валасы дыбарам». У ютубе з'явіліся відэаролікі па гісторыі Беларусі, ад пачатку да канца напісаныя штучным інтэлектам
-
Наста Рагатко: Усіх, хто супраць удзелу беларусаў у івэнтах расіян, я чакаю ўбачыць на кірмашах польскіх, брытанскіх, іспанскіх
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары