Гісторыя22

Ядзерны рэактар пад Мінскам, які ўзводзілі жыхары Прыпяці. Гісторыя АЦЭЦ у Дружным, якую ўратаваў і пахаваў Чарнобыль

Сёння мала хто з жыхароў Мінска ведае, што ўсяго за 40 кіламетраў ад кальцавой мог дзейнічаць ядзерны рэактар. У пачатку 1980‑х гадоў на пухавіцкіх балотах пачалася грандыёзная будоўля Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі. Гэты аб'ект павінен быў забяспечыць сталіцу танным цяплом, а вакол станцыі вырас узорны пасёлак Дружны. Вясной 1986 года туды эвакуявалі больш за тысячу жыхароў Прыпяці. Людзі, якія ўцяклі ад ядзернай катастрофы, спадзяваліся працягнуць працу на мінскім мірным атаме. Аднак менавіта чарнобыльская трагедыя паставіла крыж на станцыі, ператварыўшы яе ў самы даўгабудны і незвычайны энергетычны аб'ект незалежнай Беларусі.

Мінская ЦЭЦ-5 у Дружным сёння. Фота: minskenergo.by

Абагрэць горад-мільённік

Канец 1970‑х гадоў паставіў перад кіраўніцтвам Савецкай Беларусі не толькі праблему дэфіцыту электрычнасці, якую планавалі вырашыць праз узвядзенне гіганцкіх АЭС па ўсёй рэспубліцы, але і куды больш надзённую задачу — абагрэў Мінска.

Сталіца імкліва расла, набліжаючыся да мільённага насельніцтва. Існыя цеплаэлектрацэнтралі і шматлікія кацельні, якія працавалі на мазуце і вугалі, ужо не давалі рады нагрузцы. Да таго ж яны моцна дымілі, пагаршаючы і без таго складаную экалагічную сітуацыю ў прамысловым горадзе. У дадатак транспартная сістэма СССР была перагружана пастаўкамі вуглевадародаў, і дастаўка тысяч тон паліва ў Мінск станавілася сур'ёзнай лагістычнай праблемай.

Выхад з гэтай сітуацыі маскоўскія і мінскія чыноўнікі пабачылі ў новай тэхналогіі. Замест таго каб будаваць чарговую класічную АЭС, якая выпрацоўвае толькі электрычнасць, далёка ад буйных гарадоў, было вырашана ўзвесці атамную цеплаэлектрацэнтраль (АЦЭЦ). Яе галоўнай задачай павінна была стаць выпрацоўка цеплавой энергіі для ацяплення мінскіх кватэр, а электрычнасць разглядалася як карысны пабочны прадукт.

26 чэрвеня 1980 года ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі сумесную пастанову: Мінскай АЦЭЦ быць, і запусціць яе неабходна ўжо да 1988 года. Што магло пайсці не так, падказваюць самі даты.

Перспектыўныя пляцоўкі для будаўніцтва АЭС, якія разглядаліся ў 1970‑1980‑х гадах. Чырвоным вылучана Сяляўская пляцоўка, дзе мусіла ўрэшце быць пабудаваная першая беларуская АЭС, а таксама Мінская АЦЭЦ, для ўзвядзення якой былі перакінутыя ўсе сілы рэспублікі; сінім — АЭС, якія былі ўзведзены ў суседніх саюзных рэспубліках. Фота: OSM / «Наша Ніва»
Макет Мінскай АЦЭЦ у маштабе 1:1000.

Да лютага 1981‑га канчаткова вызначыліся з пляцоўкай. Каб мінімізаваць рызыкі, але пры гэтым не згубіць эфектыўнасць цеплаперадачы, станцыю вырашылі паставіць роўна за 40 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад сталіцы — у Пухавіцкім раёне, паміж пасёлкамі Свіслач і Рудзенск. Праектам прадугледжвалася будаўніцтва гіганцкай цеплатрасы, якая б злучыла ядзерны кацёл наўпрост з мінскімі батарэямі.

Варта адзначыць, што савецкія інжынеры ўлічвалі блізкасць да сталіцы і не збіраліся ставіць там рэактары канальнага тыпу (РБМК-1000), падобныя да тых, што пазней выбухнуць у Чарнобылі. Праектавальнікі з Горкаўскага аддзялення «Атамцеплаэлектрапраекта» заклалі ў дакументацыю два вода-вадзяныя энергетычныя рэактары ВВЭР-1000. На той момант гэта была даволі новая, але куды больш бяспечная і стабільная тэхналогія. Дарэчы, рэактары менавіта такога, хоць і мадэрнізаванага тыпу сёння працуюць на БелАЭС у Астраўцы.

Праектная магутнасць Мінскай АЦЭЦ павінна была скласці ўражальныя 2000 МВт электрычнай і 1800 Гкал/гадз цеплавой энергіі. Для параўнання, магутнасць сучаснай БелАЭС у Астраўцы складае ўсяго 2400 МВт, а вось атамная электрастанцыя, якую ў 1970‑я гады планавалі пабудаваць каля Віцебска, дасягала аж 8000—10 000 МВт.

Горад-сад на балотах

Як і любая савецкая мегабудоўля, узвядзенне АЦЭЦ пачыналася не з закладкі рэактара, а са стварэння інфраструктуры і горада для будучых атамшчыкаў. У 1983 годзе ў пухавіцкія балоты прыехалі каля трох з паловай тысяч чалавек.

Гэта была, бадай, апошняя класічная камсамольская будоўля ў гісторыі БССР, куды сцягваліся маладыя спецыялісты і рабочыя з усяго Савецкага Саюза.

Пасёлак Дружны будавалі на балоце, адкуль загадзя былі вывезены мільёны тон торфу і куды было завезена яшчэ больш грунту. Фота: kp.ru
Пачатак будаўніцтва. Фота: citydog.io

Умовы для старту былі спартанскімі. Выбраная пляцоўка ўяўляла сабой суцэльнае балота. Будаўнікам давялося правесці каласальную працу: спачатку асушыць тэрыторыю, затым вывезці мільёны тон торфу (гэты працэс называўся вытарфоўкай), а пасля намыць з дапамогай земснарадаў гіганцкія аб'ёмы пяску і грунту з суседніх вадаёмаў. Толькі пасля трамбоўкі гэтага штучнага падмурка пачалася забіўка паляў пад першыя панэльныя дамы.

Макет планіроўкі пасёлка Мінскай АЦЭЦ, які пасля зготвання ядзернага праекта быў рэалізаваны менш чым на палову. 

Савецкія горадабудаўнікі не былі абмежаваныя ні ў фінансаванні, ні ў прасторы. Новы «атамаград» праектаваўся па ўсіх стандартах індустрыяльнай утопіі: шырокія праспекты, багацце зеляніны, пешаходныя бульвары і поўная сацыяльная інфраструктура.

Генеральны план меў строгую сіметрыю: жылыя масівы раздзяляліся развітым грамадскім цэнтрам з маштабным Палацам культуры, а зверху абрысы горада павінны былі нагадваць гіганцкага матылька, які ляціць на поўдзень, перагукаючыся з хрэстаматыйкай мадэрнісцкай планіроўкай сталіцы Бразіліі аўтарства Лусіу Косты. Гэта быў сапраўдны рай для пешаходаў: патокі аўтамабіляў і людзей не перасякаліся, а паркінгі выносіліся за кальцавую дарогу.

Праца геадэзіста на будоўлі ў Дружным. Фота: minskenergo.by

Планіроўка раёна нагадвала мінскія мікрараёны часоў перабудовы, але з цікавымі нюансамі. Напрыклад, акрамя стандартных пяці– і дзевяціпавярховак, тут будавалі своеасаблівыя «таўнхаусы» — двухпавярховыя кватэры з уласнымі палісаднікамі, якія раздаваліся ў парадку звычайнай чаргі шараговым будаўнікам і дактарам.

Увосень 1985 года першыя дамы былі гатовыя да засялення. Тады ж населены пункт атрымаў сваё імя. Паводле мясцовай легенды, назву выбіралі праз конкурс школьных сачыненняў. Дзеці напісалі, што калі сюды прыехалі людзі розных нацыянальнасцяў з усяго СССР і жывуць у згодзе, то і пасёлак павінен называцца Дружным.

Будаўніцтва адміністрацыйна-бытавога корпуса. Фота: minskenergo.by
Сучасны выгляд адміністрацыйна-бытавога корпуса. Фота: Гугл Карты
Заліўка падмурка трубы Мінскай АЦЭЦ. Фота: minskenergo.by

Аднак мірнае і светлае жыццё Дружнага доўжылася нядоўга. Будоўля ішла бадзёра, пускарэзервовая кацельня, неабходная для запуску будучых рэактараў, ужо была змантаваная, а ў падмуркі станцыі лілі бетон. Але набліжалася 26 красавіка 1986 года — дзень, які назаўжды зменіць і лёс самога пасёлка, і стаўленне да ядзернай энергетыкі ў свеце.

Трагічная іронія: прыпяцкі дэсант у Дружным

Выбух на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС вясной 1986 года падзяліў гісторыю савецкай энергетыкі на «да» і «пасля». Яго непасрэдныя наступствы літаральна праз некалькі дзён адбіліся і на лёсе пухавіцкай будоўлі.

Калі ў пачатку мая савецкія ўлады ўрэшце прызналі маштабы катастрофы і пачалі татальную эвакуацыю 50‑тысячнай Прыпяці (горада-спадарожніка ЧАЭС), перад імі паўстала праблема: куды падзець тысячы вузкапрофільных спецыялістаў-атамшчыкаў і будаўнікоў?

Будаўнікі на будоўлі ў Дружным. Фота: drugniy.info

Аптымальным рашэннем стала іх пераразмеркаванне на іншыя падобныя аб'екты Савецкага Саюза. Так Дружны, дзе жылы фонд узводзіўся хутчэй, чым сама станцыя, прыняў адзін з самых вялікіх «дэсантаў» эвакуяваных.

Ужо ў маі 1986 года, літаральна праз пару тыдняў пасля трагедыі, у Дружны пачалі масава прыбываць жыхары Прыпяці. Усяго сюды перасялілі каля 1200 чалавек — спецыялістаў, інжынераў, будаўнікоў і іх сем'і. Жудасная гістарычная іронія: людзі, якія толькі што згубілі свае дамы, працу, ранейшае жыццё і здароўе з-за выбуху ядзернага рэактара, прыехалі за 300 кіламетраў, каб… працягваць будаваць іншы ядзерны рэактар зусім побач з мільённым Мінскам.

Будынак на пярэднім плане — нязвыклы для савецкага будаўніцтва прыклад зблакаваных двухпавярховых дамоў-таўнхаусаў. Фота: citydog.io

Для многіх «прыпяцкіх» выбар на карысць Мінскай АЦЭЦ быў прадыктаваны не толькі наяўнасцю свабодных кватэр, хоць першапачаткова з-за адсутнасці мэблі перасяленцам даводзілася спаць проста на падлозе ў пустых пакоях. Беларусь лічылася больш спакойнай і забяспечанай рэспублікай, да таго ж геаграфічна і ментальна блізкай да іх роднага ўкраінска-беларускага памежжа. Яны разлічвалі, што іх досвед спатрэбіцца на новай станцыі, якая гарантавала ўсе сацыяльныя прывілеі закрытых «атамаградаў».

Будаўніцтва Дружнага. Фота: citydog.io

Аднак настроі сярод мясцовых жыхароў і асабліва ў самім Мінску імкліва мяняліся. Па меры таго, як да людзей даходзіла рэальная інфармацыя пра маштабы радыяцыйнага забруджвання і наступствы Чарнобыля, у грамадстве пачаў нарастаць панічны страх перад мірным атамам — радыефобія.

Перспектыва атрымаць усяго за 40 кіламетраў ад сталіцы яшчэ адну АЭС стала ўспрымацца не як тэхналагічны прарыў, а як патэнцыйная бомба запаволенага дзеяння. Жыхары навакольных вёсак і мінчукі былі настроены катэгарычна варожа да працягу будоўлі.

Кансервацыя і страхі за будучыню

Пад ціскам грамадскай думкі і аналізу рызык саюзныя ўлады вымушаныя былі саступіць. 1 ліпеня 1987 года выйшла пастанова ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР «Аб кансервацыі Мінскай АЭС». На той момант будаўніцтва зайшло ўжо даволі далёка: быў закладзены падмурак пад першы рэактар, збудавана значная частка прамысловай інфраструктуры, падведзеныя камунікацыі і ўведзена ў строй пускарэзервовая кацельня.

Спыненне праекта было ўспрынята жыхарамі Дружнага не з палёгкай, а з трывогай. Будаўнічыя ўпраўленні пачалі масава з'язджаць з пасёлка на ўзвядзенне новага горада атамшчыкаў ва Украіне — Славуціча. Для будаўнікоў, і асабліва для тых 1200 перасяленцаў з Прыпяці, кансервацыя азначала крушэнне надзей на стабільную будучыню.

Усе выдатна разумелі: без статусу «атамнай будоўлі» і стратэгічнага аб'екта пасёлак імгненна пазбавіцца элітнага маскоўскага забеспячэння. Замест гарантаваных прадуктаў і прамтавараў людзям пагражала перспектыва апынуцца сам-насам з дэфіцытам, які ўжо пачынаў татальна ахопліваць савецкую эканоміку.

Артыкул у газеце «Известия» аб спыненні будаўніцтва Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі. 1988 г.

Больш за тое, спынілася і будаўніцтва самога горада. Генплан быў рэалізаваны ледзьве на палову, і ідэальны «матылёк» застаўся з адным крылом. Грамадскага цэнтра з гіганцкім Палацам культуры так і не з'явілася (пазней на яго месцы пабудуюць царкву), а велізарная бальніца, дзе нібыта хацелі размясціць даследчы цэнтр анкалогіі для чарнобыльцаў, засталася ў выглядзе двух недабудаваных карпусоў.

Саюзны ўрад, разумеючы, што ў пухавіцкія балоты ўжо ўкапаны мільёны рублёў і сотні тысяч тон бетону, прыняў кампраміснае рашэнне. Інжынерам даручылі перапрафіляваць аб'ект: замест АЦЭЦ тут павінна была з'явіцца звычайная цеплаэлектрацэнтраль, якая б працавала на арганічным паліве — прыродным газе і мазуце.

Перабудоўваць АЭС у ЦЭЦ даручылі беларускім праекціроўшчыкам з філіяла УНДПІэнергапрам. Гэтае рашэнне дазволіла захаваць працоўныя месцы і дало пасёлку шанец на выжыванне. Але ніхто ў той момант не падазраваў, наколькі доўгім і пакутлівым акажацца шлях да запуску першага энергаблока.

Цяжкае нараджэнне ўнікальнай ЦЭЦ-5

Пераход ад атамнага праекта да газава-мазутнага супаў з яшчэ адным глабальным катаклізмам — распадам Савецкага Саюза. У пачатку 1990‑х гадоў фінансаванне з Масквы спынілася, і маладая незалежная Беларусь засталася сам-насам са спадчынай саюзных гігантаў.

Для будоўлі пад Рудзенскам пачаліся самыя змрочныя часы. Грошай на дарагое абсталяванне не было, пастаўкі спыняліся, а тысячы будаўнікоў і інжынераў апынуліся перад пагрозай беспрацоўя. Перад кіраўніцтвам аб'екта стаяла задача любым коштам захаваць унікальны прафесійны калектыў (каля 2500 чалавек) і не даць інфраструктуры ператварыцца ў руіны.

У гэты перыяд Дружны ўтрымліваўся фактычна за кошт пускарэзервовай кацельні, якая ацяпляла сам пасёлак, Свіслач і суседнія прадпрыемствы.

Нягледзячы на ўсе фінансавыя перыпетыі, будаўніцтва, хоць і павольна, працягвалася. Перапрафіляванне атамнай станцыі ў звычайную цеплаэлектрацэнтраль запатрабавала неардынарных інжынерных падыходаў, і ў выніку новая станцыя, якая атрымала назву Мінская ЦЭЦ-5, увабрала ў сябе мноства ўнікальных тэхналогій, нетыповых для энергетыкі таго часу.

Галоўнай візуальнай і тэхнічнай адметнасцю ЦЭЦ-5 стала адсутнасць традыцыйных градзірняў — велізарных бетонных вежаў для ахалоджвання вады, якія звычайна дамінуюць над любымі буйнымі электрастанцыямі. Іх будаўніцтва палічылі занадта дарагім.

Пырскальныя басейны Мінскай ЦЭЦ-5. Фота: Мінскэнерга

Замест гэтага была рэалізаваная эфектная сістэма ахалоджвання праз пырскальныя басейны (пырскалы). Гарачая тэхнічная вада, якая адпрацавала свой цыкл, пад ціскам выкідваецца ў паветра праз сотні фантанаў, астывае і падае ў спецыяльнае штучнае возера, адкуль зноў забіраецца на патрэбы станцыі. Натуральныя страты вады папаўняюцца за кошт рэсурсаў ракі Свіслач.

Сёння гэтыя гіганцкія фантаны з'яўляюцца не толькі тэхнічным рашэннем, але і ці не галоўнай мясцовай славутасцю, дзе ў сонечныя дні пастаянна вісяць вясёлкі.

Зала кіравання Мінскай ЦЭЦ-5. 2001 г. Фота: operby.com

Акрамя таго, ЦЭЦ-5 стала першай станцыяй у Беларусі, дзе ўкаранілі цалкам аўтаматызаваную мікрапрацэсарную сістэму кіравання яшчэ на этапе мантажу абсталявання. Усе працэсы, ад стану засовак на трубах да кантролю выкідаў з 240‑метровай трубы, адсочваліся і кіраваліся з манітораў на цэнтральным шчыце.

Лукашэнка на ўрачыстым пуску першага энергаблока Мінскай ЦЭЦ-5. 13 жніўня 1999 г. Фота: president.gov.by 

Эпапея з будаўніцтвам першай чаргі завяршылася толькі напярэдадні новага тысячагоддзя. 4 жніўня 1999 года першы энергаблок магутнасцю 330 МВт нарэшце даў ток у аб'яднаную энергасістэму краіны.

Гэта быў знакавы момант: ЦЭЦ-5 стала першай буйной цеплавой электрастанцыяй на тэрыторыі ўсяго былога СССР, уведзенай у эксплуатацыю пасля яго распаду.

Будаўніцтва Мінскай ЦЭЦ-5 у 2001 годзе. Фота: operby.com

Ад атамаграда да горада-спадарожніка

Сёння, праз больш чым сорак гадоў пасля забіцця першых паляў у пухавіцкія балоты, ЦЭЦ-5 і пасёлак Дружны жывуць сваім, далёкім ад атамных амбіцый жыццём. У 2012 годзе на станцыі завяршыўся яшчэ адзін важны этап: з дапамогай кітайскіх інвестыцый і спецыялістаў быў запушчаны другі, больш сучасны і эканамічны парагазавы энергаблок, які павялічыў агульную магутнасць станцыі да больш чым 700 МВт. Хоць гэта ўдвая менш, чым планавалася ў першапачатковым ядзерным варыянце, ЦЭЦ-5 застаецца адным з найважнейшых вузлоў беларускай энергасістэмы.

Сучасная забудова Дружнага. Фота: Яндэкс Карты
Сучасная забудова Дружнага. Фота: Яндэкс Карты

Што ж тычыцца самога Дружнага, то лёс яго жыхароў аказаўся моцна прывязаным да сталіцы. Сёння ў пасёлку жыве каля 10 тысяч чалавек. З тых 1200 перасяленцаў з Прыпяці засталося каля пятай часткі — многія з часам вярнуліся ва Украіну або раз'ехаліся па іншых краінах, але тыя, хто застаўся, сталі неад'емнай часткай мясцовай гісторыі.

Дружны так і не быў завершаны, заходняе «крыло матыля» так і не з’явілася, усходняе было рэалізавана толькі часткова. Фота: Гугл Зямля
Дружны на спадарожнікавым здымку 2021 года. Вольныя тэрыторыі паступова забудоўваюцца жытлом, ужо не прытрымліваючыся плана ідэальнага сацыялістычнага горада. Фота: Гугл Зямля

Парадокс сітуацыі ў тым, што на самой ЦЭЦ-5 працуе толькі невялікая доля жыхароў Дружнага. Кожную раніцу тысячы людзей кіруюцца на працу ў Мінск, ператвараючы пасёлак у класічны маятнікавы прыдатак сталіцы.

Шырокія праспекты і ўтульныя таўнхаўсы, закладзеныя яшчэ ў савецкія часы з разлікам на статус элітнага «атамаграда», сёння патрабуюць мадэрнізацыі і рамонту. Мясцовыя жыхары скардзяцца на недахоп забаўляльнай інфраструктуры для моладзі і час ад часу ўзнікаючыя праблемы з камунікацыямі.

Схема-развіцця Мінскай аграмерацыі з вытворчым кластарам ЦЭЦ-5. 

У апошнія гады ўлады вярнуліся да ідэі развіцця гэтай агламерацыі, якая ўключае Дружны, Рудзенск і Свіслач, надаўшы ёй статус афіцыйнага горада-спадарожніка Мінска. Плануецца, што менавіта на тым гіганцкім полі, якое было расчышчана ў 1980‑я гады пад другую палову горада атамшчыкаў, пачнецца маштабнае жыллёвае будаўніцтва.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • А
    12.05.2026
    Цікава, колькі ж страчаных магчымасцяў было ў Беларусі
  • Ігар Лямеш
    12.05.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Купля кватэры праз кааператыў замест іпатэкі: як працуе сістэма, падобная да піраміды, і што кажуць удзельнікі і эксперт1

Купля кватэры праз кааператыў замест іпатэкі: як працуе сістэма, падобная да піраміды, і што кажуць удзельнікі і эксперт

Усе навіны →
Усе навіны

Каля Белавежскай пушчы ствараюць музычную трасу з песняй «Песняроў»

У мінскім заапарку правядуць фестываль агню. Кажуць, што жывёлы будуць у памяшканнях, таму ўсё нармальна4

Яшчэ адзін лайнер ізалявалі з-за віруса — на борце Ambition памёр пасажыр1

Трамп прыляцеў у Кітай

Абноўлена база вышуку Расіі: цяпер у ёй амаль 6 000 беларусаў5

Пяскоў: Зяленскі павінен аддаць УСУ загад спыніць агонь, каб Масква і Кіеў маглі перайсці да поўнафарматных перамоў29

Латвія збіраецца цалкам скасаваць аўтобусныя паездкі ў Беларусь40

Віцэ-спікерка КР Лізавета Пракопчык звярнулася з просьбай дапамагчы ёй з пазыкамі на $12 тысяч. Што з гэтага выйшла?28

Марка Рубіа паляцеў у Кітай у спартыўным касцюме, як у Мадура7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Купля кватэры праз кааператыў замест іпатэкі: як працуе сістэма, падобная да піраміды, і што кажуць удзельнікі і эксперт1

Купля кватэры праз кааператыў замест іпатэкі: як працуе сістэма, падобная да піраміды, і што кажуць удзельнікі і эксперт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць