Вядомы эканаміст тлумачыць, чаму пасля 30 трэба зноў ісці вучыцца, і называе самыя запатрабаваныя кампетэнцыі
Яшчэ нядаўна лічылася, што адукацыя, атрыманая ў 22 гады, можа стаць прафесійным падмуркам на дзесяцігоддзі наперад. Але сёння гэтая логіка ўсё часцей не працуе.

Рынак працы змяняецца хутчэй, чым універсітэцкія праграмы паспяваюць абнаўляцца. Штучны інтэлект забірае на сябе руцінныя задачы. Кампаніі шукаюць не проста выканаўцаў, а людзей, якія ўмеюць думаць, адаптавацца, працаваць з нявызначанасцю і перабудоўваць працэсы. І асабліва востра гэта адчуваюць тыя, хто ўжо мае досвед, але раптам сутыкаецца са «столлю».
Мы пагаварылі з дырэктарам Школы эканомікі і бізнэсу BISEB, эканамістам Дзмітрыем Круком, чаму адукацыя сёння — гэта не «раз і назаўсёды», што губляе чалавек, калі перастае вучыцца, і чаму ўзрост 30+ можа быць не слабасцю, а канкурэнтнай перавагай.
«У 30 гадоў чалавек часта лепш разумее, навошта яму вучыцца»
— Сёння ў многіх сферах навыкі хутка састараваюць. Тое, што чалавек атрымаў адукацыю ў 22, не азначае, што ў 35 ён будзе заставацца канкурэнтным прафесіяналам. Які ў адукацыі тэрмін прыдатнасці? Чаму дыплом, атрыманы ў маладосці, больш не гарантуе прафесійнай устойлівасці?
— Гэта праблема самой адукацыі і яе неадпаведнай якасці. Тое, што свет змяніўся і што масавая вытворчасць спецыялістаў, якія могуць выконваць задачы ад «А» да «Я», але не здольныя сыходзіць убок, глядзець шырэй і адаптавацца да новых умоваў — састарэлая мадэль, стала відавочна не сёння.
Напрыклад, яшчэ ў 2013 годзе, калі прымалі адзін з афіцыйных Балонскіх дакументаў, у якасці своеасаблівага эпіграфа гучала такая думка: важна не cтолькі тое, як ты вучыўся, што ты зрабіў, каб атрымаць дыплом, але тое, што ты можаш рабіць, як ты можаш развівацца і вучыцца пасля яго атрымання.
У гэтым сэнсе якасная адукацыя павінна не проста даваць чалавеку набор ведаў. Яна павінна фармаваць яго і даваць магчымасць развівацца ў будучыні. І калі мы глядзім на лепшыя ўніверсітэты свету, яны, безумоўна, адпавядаюць гэтаму трэнду.
Іншая справа, што шмат якія краіны і шмат якія ўніверсітэты запазніліся з гэтай рэакцыяй. Яны ўсё яшчэ застаюцца на ўзроўні таго, што можна назваць універсітэтамі другога пакалення.
Універсітэт трэцяга пакалення ў сваю чаргу арыентуецца на якасці выпускнікоў, якія дазваляюць ім быць запатрабаванымі на рынку працы. Гэта здольнасць хутка змяняцца, адаптавацца да зменлівых умоваў рынку, да новых патрабаванняў працадаўцаў, да іншых кантэкстаў.
Але тут вельмі важная агаворка: гэта не азначае, што фундаментальныя веды больш не патрэбныя.
Калі мы скажам, што фундаментальныя рэчы — шырокае разуменне кантэксту, разуменне таго, як развіваецца індустрыя, разуменне ўзаемасувязяў — адыходзяць на другі план, а цяпер нам трэба толькі ведаць, як пераключацца паміж Claude і ChatGPT, гэта таксама будзе вялікім спрашчэннем.
Сучасная адукацыя павінна спалучаць некалькі рэчаў. Па-першае, засваенне фундаментальных ведаў. Па-другое, шырокія кампетэнцыі і разуменне кантэксту. Па-трэцяе, здольнасць адаптавацца да зменаў. Ёсць добрае англійскае слова — agility. Вось гэтая здольнасць хутка рэагаваць на змены, не губляючы пры гэтым глыбіні разумення, на мой погляд, і ёсць адна з галоўных каштоўнасных рыс сучаснага падыходу да адукацыі ў вядучых універсітэтах.

— У многіх людзей пасля 30 ёсць унутранае супраціўленне: здаецца, што да гэтага ўзросту чалавек ужо павінен «адбыцца»: мець прафесію, статус, стабільны даход. Вяртанне да вучобы можа ўспрымацца як крок назад. Чаму ў сучаснай эканамічнай сітуацыі гэтая логіка не працуе? Чаму пасля 30 варта ісці вучыцца?
— Таму што чалавечая дзейнасць — гэта ў значнай ступені прыняцце рашэнняў ва ўмовах нявызначанасці.
Штучны інтэлект можа выдатна працаваць, калі вы далі яму ўсе ўводныя. Але калі ў нас шмат невядомых, калі трэба прымаць рашэнне ў складанай сітуацыі, адказ усё адно застаецца за чалавекам.
Сёння ступень нявызначанасці ў свеце толькі павялічваецца. Мы жывём у перыяд укаранення General Purpose Technology — тэхналогій агульнага прызначэння, і штучны інтэлект пранікае амаль ва ўсе сферы жыцця. Але ніхто пакуль дакладна не ведае, як гэта зменіць рынак працы, бізнэс і штодзённыя прафесіі.
Калі чалавек глядзіць на свет праз старыя лінзы, ён можа проста не ўбачыць новыя тэндэнцыі. І тут адукацыя патрэбная не як «яшчэ адзін сертыфікат», а як спосаб выйсці за межы сваёй звыклай бурбалкі. І тая самая agility, пра якую я казаў, становіцца яму недаступнай.
— Як чалавек пасля 30 можа атрымаць гэтую здольнасць бачыць шырэй і адаптавацца да новых трэндаў?
— Першае — праз нэтворк з калегамі, калі чалавек выходзіць за межы сваёй звыклай бурбалкі.
Другое — праз сутыкненне з акадэмічным асяроддзем. Універсітэт трэцяга пакалення стварае пляцоўку для новых ідэй, у тым ліку для бізнэсоўцаў. Ён дае магчымасць людзям з розным досведам, рознымі прафесійнымі траекторыямі і рознымі праблемамі сустрэцца і паглядзець на свае пытанні пад іншым вуглом.
Гэта вельмі важна, бо дарослы чалавек часта мае багаты досвед, але гэты досвед можа быць замкнёны ў адным кантэксце. А адукацыйнае асяроддзе дазваляе гэты кантэкст пашырыць.
— Калі параўноўваць чалавека 30+ і маладога выпускніка універсітэта, якія перавагі ёсць у першага?
— Найперш — матывацыя.
З узростам узровень самаасэнсаванасці таго, што ты робіш і навошта ты гэта робіш, на маю думку, бліжэй да 30 выходзіць на пэўны максімум. У 20‑25 гадоў чалавек часта яшчэ выбірае, шукае сябе, не да канца разумее, што яму патрэбна і ў які бок ён хоча рухацца.
Працадаўцу, як правіла, прыемней мець справу з прафесіяналам, які выразна ведае, чаго хоча.
Другая рэч вельмі банальная, але не менш важная — досвед. Ніякі AI не заменіць досвед. Чалавек у 30+ фізічна меў больш сітуацый, у якіх трэба было прымаць рашэнні ва ўмовах нявызначанасці. Ён ужо нешта рабіў, памыляўся, выпраўляў наступствы, працаваў з людзьмі, перажываў крызісы. Гэта яго галоўная перавага.
Дарэчы, калі паглядзець статыстыку па еўрапейскіх краінах, сегмент да 28 гадоў мае самы высокі ўзровень беспрацоўя. Працадаўцы часта ахвотней бяруць людзей бліжэй да 30, бо яны ўжо больш сфармаваныя як прафесіяналы.
У людзей 30+ ёсць пэўныя перавагі — пры ўмове, што яны могуць скараціць разрыў паміж сабой і маладзейшымі ў тым, што датычыцца agility і новых тэхналогій, у тым ліку скілы ў AI.
У маладзейшага пакалення гэты навык часта ўжо ўбудаваны: яны «лічбавыя абарыгены». Але дзякуючы матывацыі людзі 30+ могуць гэта даганяць. І тады іх досвед пачынае працаваць разам з новымі навыкамі.

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант. Некаторыя працадаўцы хочуць бачыць у камандзе маладых супрацоўнікаў, каб лепш разумець паводніцкія патэрны новага пакалення: як яны спажываюць тавары, як прымаюць рашэнні, як камунікуюць. Але мець у камандзе прадстаўніка 30+, які разумее абодва бакі — і больш традыцыйную логіку, і новыя паводніцкія мадэлі — гэта стратэгічна важна.
«Мы часта лічым, колькі каштуе адукацыя. Але не лічым, колькі каштуе адмова ад яе»
— Бывае, чалавек добры спецыяліст, мае досвед, працуе якасна, але больш не расце — ні ў заробку, ні ў пасадзе, ні ў магчымасцях. Як зразумець, у чым прычына «кар'ернай столі» і як яе прабіць?
— Такая столь можа ўзнікаць па розных прычынах. Часам справа ў персанальных кампетэнцыях. Чалавек як спецыяліст дасягнуў пэўнага ўзроўню, але далей для росту яму ўжо не хапае новых навыкаў, новага бачання, іншага спосабу працаваць.
А часам праблема не ў чалавеку асабіста, а ў індустрыі, у якой ён працуе. Сфера можа сама дасягнуць сваёй столі: яна больш не расце, не дае ранейшых магчымасцей, не стварае новых траекторый. І тады чалавек упіраецца не ў сваю асабістую мяжу, а ў мяжу рынку.
Калі праблема ў індустрыі, рэцэпт можа быць толькі адзін — пераходзіць у іншую сферу. Гэта натуральны эканамічны працэс. Але калі чалавек не можа перанесці свае навыкі ў новую галіну, яму патрэбна перанавучанне. А гэта ўжо патрабуе адукацыі.
Калі ж гаворка пра асабістую столь, важна зразумець, па якіх кампетэнцыях ты не дацягваеш. Магчыма, ты не стаў горшым за сябе ўчорашняга. Але свет пабег наперад, і ты ўжо не адпавядаеш новым крытэрыям.
У такой сітуацыі адказ зноў жа звязаны з адукацыяй — і з магчымасцю паглядзець на сябе з іншай перспектывы.
Рынак чакае іншага ўзроўню аналітычнага мыслення, тэхналагічнай гнуткасці, умення працаваць з новымі інструментамі, будаваць працэсы і камунікаваць у іншым кантэксце.
І калі ты не мяняешся разам з гэтымі крытэрыямі, ты пачынаеш адставаць — нават калі ўнутры сваёй старой сістэмы ўсё яшчэ выглядаеш моцным спецыялістам.
— Мы звычайна добра лічым, колькі каштуе адукацыйны курс ці праграма. Але значна радзей лічым, колькі каштуе рашэнне не вучыцца. Што чалавек патэнцыйна губляе — у заробку, кар’еры, магчымасцях — калі застаецца са старым наборам навыкаў?
— Ёсць велізарная колькасць даследаванняў, якія паказваюць пазітыўную аддачу ад адукацыі.
Чым больш ты адукаваны, тым больш ты атрымліваеш. Гэта фактычна аксіёма сучаснай эканомікі.
Але важна не толькі тое, што ў цябе ёсць адукацыя як фармальны факт. Важна, ці адпавядае гэтая адукацыя сённяшняму рынку.
Калі ўчора твая адукацыя лічылася бліскучай, а сёння свет сышоў наперад, яе аддача пачынае зніжацца, асабліва ў параўнанні з тымі, хто працягваў развівацца.
Заробкі ў топ-групах растуць хутчэйшымі тэмпамі. Умоўна кажучы, сярэдні заробак можа павялічвацца на 3% у год, а ў прэміум-сегменце — на 10%-20%.
То-бок чалавек губляе не толькі колькасна, не толькі пэўную суму грошай. Ён губляе якасна: паступова ссоўваецца ў іншы прафесійны кластар. Адмова ад адукацыі можа азначаць, што чалавек выпадае з групы, дзе адбываецца самы хуткі рост.
І гэта не заўсёды заўважна адразу.

— Слухаю вас і згадваю банкруцтва Дэтройта — як прыклад таго, што можа здарыцца з горадам і эканомікай, якія занадта доўга трымаюцца за адну індустрыю. Ёсць і іншы паказальны кейс — японская кампанія Toto. Яна вядомая найперш сваімі «разумнымі» ўнітазамі, але яе керамічныя кампаненты аказаліся запатрабаванымі ў вытворчасці паўправаднікоў, а значыць — і ў інфраструктуры для AI. У выніку кампанія здолела выкарыстаць новы тэхналагічны трэнд і рэзка ўзмацніць свае пазіцыі. На ўзроўні асобнага чалавека гэта працуе падобным чынам.
— Я ў сваю чаргу прывяду прыклады адаптацыі з фондавага рынку.
Адзін з іх — кампанія Bloom Energy. Гэта амерыканская кампанія, якая займаецца новымі энергетычнымі рашэннямі. Яна здолела выкарыстаць попыт на новыя носьбіты энергіі і за адносна кароткі перыяд — прыкладна за паўтара года — паказала вельмі моцны рост капіталізацыі.
Другі прыклад — Palantir Technologies (да якой шмат хто адносіцца неадназначна, але з бізнесовага пункту гледзішча яна, як мінімум, заслугоўвае ўвагі). Гэта кампанія, якая фактычна стварыла новы сегмент рынку на скрыжаванні вайсковых тэхналогій, аналітыкі і працы з дадзенымі.
У абодвух выпадках важна разумець: гэта не проста шанцаванне. Гэта вынік прадуманай стратэгіі і прасунутых кампетэнцый. Гэта здольнасць убачыць попыт, які толькі фармуецца, зразумець, як ён будзе развівацца, і апынуцца ў патрэбным месцы з патрэбным наборам рашэнняў.
Такія прыклады добра паказваюць: адаптацыя — гэта не проста ўменне «ісці за модай». Гэта здольнасць бачыць структурныя змены і своечасова перабудоўваць пад іх сваю стратэгію.
«Самымі каштоўнымі становяцца тыя, хто ўмее перабудоўваць працэсы»
— За апошнія гады кампаніі перажылі пандэмію, вайну, санкцыі, рэлакацыю, скачок AI, змену паводзін кліентаў і каналаў продажаў. Гэта змяніла не толькі рынкі, але і чаканні ад супрацоўнікаў. Як змяніўся запыт бізнэсу да людзей? Хто сёння лічыцца найбольш каштоўным спецыялістам і якія навыкі выходзяць на першы план?
— Калі глядзець на даследаванне World Economic Forum The Future of Jobs, там выразна бачна:
руцінныя навыкі цэняцца ўсё менш. Іх усё часцей можа замяняць AI.
Сёння сярод самых запатрабаваных навыкаў — аналітычнае мысленне, крытычнае мысленне і крэатыўнасць.
Але ёсць яшчэ адзін пласт, які, на мой погляд, становіцца надзвычай важным. Я называю гэта архітэктурнымі навыкамі. Гэта здольнасць бачыць не толькі сваю асобную функцыю, а сувязі паміж рознымі працоўнымі працэсамі — і разумець, як гэтыя працэсы можна перабудаваць.
Напрыклад, ёсць маркетолаг. Ён бачыць, што AI можа забраць частку яго функцый. І ў яго ёсць два шляхі. Першы — абараняць старую ролю і рабіць выгляд, што нічога не змянілася. Другі — самому пераасэнсаваць і перабудаваць працэс так, каб выкарыстаць AI як інструмент і павысіць прадукцыйнасць кампаніі.
Калі чалавек разумее, як паміж сабой звязаныя маркетынг, продажы, аналітыка, камунікацыя, праца з кліентам і можа пераналадзіць гэты працэс, ён становіцца вельмі каштоўным.
Сёння каштоўны не толькі той, хто добра выконвае сваю функцыю. Каштоўны той, хто бачыць сістэму і разумее, як яе можна перабудаваць у новых умовах.
— Сёння ў адукацыі ёсць два полюсы: з аднаго боку павярхоўныя марафоны, якія абяцаюць залатыя горы, з другога — доўгія фундаментальныя праграмы. Ваша школа BISEB прапануе практыка-арыентаваныя інтэнсівы на 12—18 гадзін, а таксама MBA для тых, каму патрэбны больш сістэмны ўзровень. Чаму фармат кароткіх інтэнсіваў можа быць асабліва карысным для дарослых людзей і бізнэсу?

— Многія людзі не маюць часу на доўгае навучанне праз штодзённую «цякучку». У іх ёсць праца, бізнэс, сям’я, іншыя абавязкі. Але гэта не значыць, што ім не патрэбнае развіццё.
Як адна з опцый, мы прапануем альтэрнатыўны механізм, які дазваляе чалавеку паглядзець на асобныя сферы пад новай перспектывай, атрымаць практычныя інструменты і нэтворк.
Такія курсы можна разглядаць як дапаўненне ці ўваход да больш шырокіх праграм, напрыклад MBA, або як падрыхтоўку да іх. Але яны маюць і самастойную каштоўнасць: дапамагаюць чалавеку не «закасцянець», не замкнуцца ў звыклых падыходах і своечасова ўбачыць, што вакол ужо змянілася.
Напрыклад, курсы па public speaking, праектным менеджменце, крызісных камунікацыях — гэта тое, што людзі і кампаніі хочуць бачыць тут і цяпер. Гэта не абстрактныя веды на далёкую будучыню, а навыкі, якія можна хутка прымяніць у працы або бізнесе.
Карысць у тым, што ўдзельнікі працуюць не толькі з тэорыяй, але і з рэальнымі кейсамі. Гэта могуць быць іх уласныя праекты або рэалістычныя сітуацыі, вельмі блізкія да таго, з чым яны сутыкаюцца ў працы.
Важнае і жывое ўзаемадзеянне. Людзі вучацца не толькі ў выкладчыка, але і адзін у аднаго: праз абмеркаванні, пытанні, прыклады з уласнага досведу.
І сам кароткі інтэнсіўны фармат дазваляе хутка ўвайсці ў тэму, атрымаць новыя рамкі мыслення і зразумець, куды рухацца далей.
— Калі надыходзіць момант, калі чалавеку патрэбны ўжо не кароткі курс, а фундаментальная праграма MBA?
— Калі чалавек сутыкнуўся са «столлю» — індустрыяльнай ці асабістай.
Кароткі курс падыходзіць, калі трэба пракачаць асобны навык, паглядзець на канкрэтную сферу з новага боку, атрымаць практычны інструмент.
MBA патрэбны тады, калі чалавек разумее: для далейшага росту яму неабходна сістэмна нарасціць кампетэнцыі. Калі ён хоча рухацца вышэй не толькі ў межах сваёй функцыі, а разумець бізнэс як цэласную сістэму.
Наша праграма General MBA — для менеджменту сярэдняга і вышэйшага звяна, які хоча нарасціць кампетэнцыі і пасунуць гэтую столь вышэй.
Гэта важна і для беларусаў, якія апынуліся ў новых умовах. Іншая краіна — гэта іншыя патэрны, іншыя бізнэс-правілы, іншая камунікацыя. Каб працаваць з міжнародным бізнэсам, трэба гаварыць з ім на адной мове.

— Цяпер вялікая колькасць ведаў даступна анлайн: лекцыі, відэа, кнігі, AI-інструменты. У чым перавага афлайн-навучання?
— Найперш гэта нэтворк.
Студэнты часта недаацэньваюць тое, што могуць атрымаць адзін ад аднаго. Універсітэт — гэта не месца, куды лектар прыносіць нейкія патаемныя веды. Гэта працэс сумеснай творчасці і пошуку новага.
Вельмі важна, калі побач з табой ёсць людзі з іншым досведам, іншымі пытаннямі, іншымі прафесійнымі гісторыямі. Часам каштоўнасць адукацыі не толькі ў тым, што сказаў выкладчык, а ў тым, якую дыскусію гэта запусціла ў групе.
Анлайн можа быць зручным, але ён часта прытупляе частку кагнітыўных навыкаў. А жывое ўзаемадзеянне дапамагае «не затупець» — у тым ліку дзякуючы досведу калег.
Асабліва гэта важна для беларусаў у эміграцыі. Калі чалавек апынуўся ў іншай краіне, яму важна не замыкацца ў сваёй бурбалцы. Адукацыйная прастора можа стаць месцам, дзе ён бачыць іншыя бізнэс-практыкі, іншыя спосабы камунікацыі, іншыя падыходы да кіравання.
Гэта не адбываецца імгненна. Але гэта адзін з крокаў, які дапамагае інтэгравацца ў міжнароднае бізнэс-асяроддзе.
— Нядаўна ЕГУ, часткай якога з’яўляецца ваша школа, прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй» у Беларусі. Як гэта паўплывала на студэнтаў і якія меры бяспекі вы прапануеце?
— Я не магу адказваць ад імя ўсяго ўніверсітэта, толькі за сваю структурную адзінку.
Афіцыйная пазіцыя ўніверсітэта такая: на тэрыторыі ЕС і Літвы гэтае рашэнне не прызнаецца правамерным, нашыя дыпломы прызнаюцца ў Еўропе і даюць старт кар'еры. Але што датычыцца Беларусі — так, пэўная небяспека для людзей унутры краіны існуе, гэта наша рэчаіснасць. І гэта сапраўды важная тэма.
Рэктар і афіцыйныя асобы выказваліся аб тым, якія робяць захады для абароны студэнтаў Універсітэта. Ад сябе я магу толькі пажадаць, каб гэтыя захады былі візуалізаваныя і далі плён: каб студэнты бачылі гарантыі на будучыню і разумелі, як менавіта ўніверсітэт працуе з існымі рызыкамі.

— Назавіце тры прычыны інвеставаць у сваю адукацыю ў 2026 годзе.
— І не толькі ў 2026, але ў любым годзе.
Першая: адукацыя заўсёды была і застаецца адной з найлепшых інвестыцый з самай высокай аддачай.
Другая: у эпоху ўкаранення AI вельмі важна не закасцянець і заставацца канкурэнтным. Свет будзе мяняцца, і чалавек павінен мець здольнасць мяняцца разам з ім.
Трэцяя: для беларусаў па-за межамі краіны адукацыя — гэта адзін з найлепшых спосабаў інтэгравацца ў міжнароднае бізнэс-асяроддзе і не замыкацца ў гета.
Вучыцца пасля 30 — гэта не прыкмета таго, што чалавек «не паспеў» або «адстаў». Наадварот, гэта нармальная стратэгія чалавека, які бачыць, што свет змяняецца, і не хоча стаяць на месцы.
Сучасная адукацыя — гэта ўжо не пра дыплом у рамцы. Гэта пра здольнасць кожны раз нанова разумець, што адбываецца вакол, дзе твае моцныя бакі, чаго табе не хапае і як заставацца ў будучыні, якая ўжо пачалася.

Каментары