За якія відэа ў сацсетках могуць прыцягнуць да адказнасці? І размова не пра пратэсныя ролікі
Часта тых, хто няправільна паркуецца або па-хамску сябе паводзіць, здымаюць на відэа і выкладаюць у сеціва. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Андрэй Гаеў сцвярджае, што такі самасуд чыніць нельга.

«Калі ёсць нейкі момант парушэння чалавекам, звязаны з прыпаркаваным ім няправільна аўтамабілем, ці з парушэннем грамадскага парадку, ці з абразай аднаго грамадзяніна іншым, то неабходна звяртацца ў праваахоўныя органы», — сказаў Андрэй Гаеў БелТА, дадаўшы, што распаўсюджванне звестак пра чалавека без яго згоды — парушэнне закона. «Самасуд ладзіць нельга, ёсць прыкметы парушэнняў — на гэта ёсць упаўнаважаныя органы».
У Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных неяк звяртаўся чалавек, пра якога выклалі негатыўны ролік у тыктоку. «Было пацверджана, што падстаў для размяшчэння такога роду інфармацыі не было. І грамадзянін, які размясціў такую інфармацыю, быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці», — расказаў Андрэй Гаеў.
«Нядаўна адбылася сітуацыя з настаўнікам у школе, які быў прыцягнуты адміністрацыяй установы адукацыі да адказнасці. Гэта стала даступна ўдзельнікам школьнага чата, дзе адзін з бацькоў гэтыя звесткі размясціў. Пра настаўніка стала распаўсюджвацца інфармацыя персанальнага плана ў межах канкрэтнага выпадку сярод значнага кола асоб. У выніку чалавек не змог працягнуць працу ў гэтай установе адукацыі. І выбраная справа жыцця аказалася для яго закрытай», — расказаў Гаеў.
Да крымінальнай адказнасці аднойчы прыцягнулі беларуса, які негатыўна паказаў працу работніка крамы. Тая інфармацыя, па словах Гаева, псіхалагічна паўплывала на работніка і яго дзіця. Таму на таго, хто размясціў яе, завялі крымінальную справу, бо былі прычынены маральныя пакуты.
Часам бачанне Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных разыходзіцца з падыходам іншых органаў. Так, у цэнтры выказваліся, што выводзіць на табло нумары машын тых, хто не прайшоў тэхагляд або не прышпіліўся, не па законе. ДАІ з гэтым не пагадзілася.
Каментары