Гурневіч: У гісторыі пераможца заўсёды выглядае тым, хто меў план. Але вырашаюць нечаканасці і выпадковасці
Ніякага плану ў 2020 годзе і не магло быць. Годзе шукаць вінаватых. Калі ў кагосьці атрымліваецца зрынуць аўтарытарны рэжым, то ён, вядома ж, выдае гэта за геніяльны план. Але калі гэта не вайсковы пераварот, то гэта ілюзія. Падзенне рэжыму — гэта заўсёды суплёт акалічнасцяў, выпадковасцяў, слабасці апанента, якая можа нарадзіцца ў працэсе, або ў выніку нават дробнай памылкі, піша журналіст Дзмітрый Гурневіч у фэйсбуку ў адказ на даўнія спрэчкі сярод беларусаў, якія выбухнулі з новай сілай пасля нядаўніх выказванняў Марыі Калеснікавай.

У жніўні 1991 года група камуністаў-радыкалаў хацела спыніць развал СССР і зладзіла путч, але той, парадаксальна, толькі прыспешыў крах саўка. Путч праваліўся, камуністы былі ў шоку, і гэта дало старт «параду незалежнасці». Гэта не быў чыйсці геніяльны план. Гэта была страшная памылка камуністаў, якой скарысталіся народныя франты, у тым ліку і БНФ. Слава ім за гэта!!!
Калі рухнуў рэжым Чаўшэску ў Румыніі, то імпульсам стала не геніяльная шматхадоўка, а дэманстрацыя, якую сагналі ў падтрымку дыктатара. Але нешта пайшло не так. Стомленыя і абураныя людзі пачалі скандаваць лозунгі супраць Чаўшэску. Пачалася мітусня. Гэтым скарысталіся «маладыя ястрабы» рэжыму і расправіліся з тыранам. Але шлях гэтай краіны да дэмакратыі ўсё яшчэ зусім няпросты.
Пачытайце, як рухнуў таталітарызм у Албаніі. Там «чорт нагу зломіць» у гэтай гісторыі. Думаю, што і самі албанцы ў шоку, што сёння яны свабодная краіна.
Перамены ў Польшчы не адбыліся ў выніку геніяльнага плану «Салідарнасці».
Пасля ўвядзення ваеннага становішча ў 1981 годзе апазіцыя была ў глыбокім падполлі. Але блізкі калапс СССР і эканамічны крызіс у самой Польшчы прымусіў камуністаў ісці на кампраміс і абвесціць часткова свабодныя выбары. Не было ніякіх мільённых маршаў, якія б прымусілі да гэтага Ярузельскага. Але камуністы з трэскам прайгралі тыя выбары, пераацаніўшы свае магчымасці. Хоць частка той апазіцыі да сёння спрачаецца, што «круглы стол» быў памылкай і што трэба было выносіць камуністаў на руках.
У краінаў Балтыі пасля акупацыі таксама не было ніякага геніяльнага плану. Пачаў сыпацца савок — яны скарысталіся магчымасцю. Калі б існаваў шыкоўны план, што і каму замінала рэалізаваць яго на дзесяткі гадоў раней? Бо моцны савецкі рэжым замінаў. А чаму Фінляндыя стала незалежнай у 1917-м, а не ў 1910-м? Бо ў другім выпадку царызм быў яшчэ моцны, а праз 7 год яго не было. І скінулі яго зусім не фіны.
Рэжым Лукашэнкі таксама моцны. Ён не прыйшоў у 1994 годзе на гатовую дыктатуру, ён яе ствараў крок за крокам, прадумана, скурпулёзна, наладзіўшы «выдатную» сістэму. Не толькі на штыках, давайце будзем шчырыя. Шмат каму і на штыках не ўдаецца доўга пратрымацца. І вяртаемся ў 2020-ты. Лідары апазіцыі, партый, кандыдаты, сядзяць у турмах. Частка таленавітых лідараў за мяжой. Ціханоўская толькі выехала, у яе нулявы досвед у палітыцы, дэпрэсіўны стан. Хаос, немагчыма нічога прадказаць.
І тут выходзіць мільён па ўсёй краіне. Такога ніколі не было. Гэта быў сюрпрыз для ўсіх. Тады здавалася, што ўлада вісіць на валаску, што пойдзе назад, што вымушаная будзе шукаць кампраміс, бо ў грамадстве «раздрай і шатаніе». Самае рацыянальнае для апанентаў улады ў такой сітуацыі — паглыбляць палітычны крызіс, які дэсакралізуе вярхушку і дэматывуе эліту. І гэта адбывалася.
Памятаю нейкую сустрэчу з Генадзем Давыдзькам у тыя дні. Ён, адданая аўчарка Лукашэнкі, прамым тэкстам казаў: народ, вы перамаглі, Лукашэнка ўжо не будзе такі, як раней, а цяпер трэба шукаць згоду. І многія мясцовыя ўлады пачалі даваць заднюю. Дазвалялі мітынгі, запрашалі апазіцыю на размовы.
У рэжыму таксама не было ніякага плану. Проста сістэма з 30 гадовым досведам аказалася мацнейшай, чым разумныя, прыгожыя, адважныя і мірныя людзі.
Роўна тое самае адбылося ў Польшчы ў 1981 годзе. Я буду настойваць, што гэта самы аптымальны прыклад для нас. У іх было ўсё: усеагульная нянавісць да камуністаў, магутная нацыянальная свядомасць, мільённая «Салідарнасць» (арганізацыя, а не хаатычная маса на вуліцы), была падтрымка Касцёла, генеральны страйк на заводах, сусветная салідарнасць, аўтарытэт Яна Паўла ІІ. Улада, здавалася, цярпела фіяска і здала назад. І апазіцыі ўсё роўна не ўдалося. За маленькай перамогай і кампрамісам з рэжымам у 1980-м, калі іх патрабаванні выканалі, наступіў 1981‑шы — ваеннае становішча і поўны калапс апазіцыі. І палякі, якія выдатна разумеюць беларускія рэаліі, такія як Агнешка Рамашэўска, гісторык Антоні Дудэк, не маюць сумневаў — паводзіны рэжыму Лукашэнкі былі ў 2020‑м больш жорсткімі, чым у ПНР падчас ваеннага становішча.
«Салідарнасць» перамагла праз 8 год. Але… неспадзяванка, праз некалькі год яна страціла ўладу, бо людзі расчараваліся, іх жыццё не стала хутка лепшым. Да ўлады вярнуліся посткамуністы, тыя самыя, якія душылі апазіцыю. І тут самая вялікая неспадзяванка. Яны, тыя хто яшчэ 5 год таму цалаваўся з маскоўскімі таварышамі, сталі празаходнім урадам, які прывёў Польшчу ў ЕС і НАТА.
Ці быў у камуністаў такі план у 1989 годзе, калі яны абвяшчалі свабодныя выбары? Канешне, не.
У гісторыі пераможца заўсёды выглядае тым, хто меў план. Але вырашаюць нечаканасці, выпадковасці, стан страху ўлады, супярэчнасці ўнутры яе, разгубленасць, кантэкст, а найбольш, думаю, асабістыя інтарэсы самых зацікаўленых гульцоў. Магчымы толькі рух навобмацак, з павязкай на вачах, і ўменне скарыстацца ўмовамі, але ніяк не пралічаны геніяльны сцэнар.
Статкевіч — Калеснікавай: Людзі не скаціна на базары
Павел Латушка адказаў на заклік Калеснікавай: Як перамагчы рак, калі яго не лячыць?
Андрэева Калеснікавай: Цёплы кампрэс з прыгожадушнага самападману не дапаможа
Навумчык пра наступствы 2020 года: Трагедыя нацыянальнага маштабу
Фядута рэзка адказаў Калеснікавай: За што вы змагаліся ў 2020 годзе, не цікавіць нікога, акрамя мядзведзяў з берлінскага заапарка, якія вас атачаюць
Калеснікава: У 2020‑м я змагалася не супраць Лукашэнкі, а за людзей, свабоду і свабодныя выбары
Каментары
Значыць так. 30 год гэтыя "лідэры" рыхтаваліся за грантавыя грошы каб прыйсці да ўлады. І вось час Ч. І ўсе разгубленыя? Як так??? А дзе были Лябедзька, Губарэвіч, Рымашэўскі, В. Вячорка, Мілінкевіч і г.д. Чаму спрабавалі штосьці зрабіць і арганізаваць недасведчаныя людзі, напрыклад, футбольныя фанаты, розныя Nехты, а тыя хто рыхтаваўся да гэтага "часу Ч" адседжваліся ў карчах?
Народныя франты - гэта нацыянальныя рухі з натуральна матываванымі ўдзельнікамі. А не Клуб ненавіснікаў Лукашэнкі выходнага дня.
[Зрэдагавана]