«Плакаў вельмі, казаў, што яго ўсе пазнаюць»: падпалкоўнік-участковы дабіўся, каб яго былую жонку судзілі
Участковы інспектар Бараўлянскага аддзела міліцыі Мінскага РУУС Аляксей Губіч напісаў заяву на былую жонку. Сілавік паскардзіўся на разгалошванне яго персанальных дадзеных.

На старонцы Анжалікі Вараб’ёвай у Threads разгортваецца сапраўдны серыял. Жанчына распавядае ці то драму, ці то камедыю — як закахалася ў сілавіка і думала, што будзе за ім як за каменнай сцяной. Але ж аказалася, што падпалкоўнік — мамчын сынок, які бесперапынку перапісваецца з мамай і старэйшай сястрой.
Анжаліка апісвае, як яе свякроў (да яе маладзёны павінны былі ездзіць на лецішча дапамагаць з рамонтам) прыходзіла ў пакой да пары зранку і пачынала цалаваць свайго сына, які ляжаў у ложку з жонкай.

Апошняй спробай захаваць шлюб стала сумесная паездка ў санаторый. Жанчына спадзявалася «склеіць тое, што трэснула». Але ж і там сілавік увесь час дасылаў маці і сястры справаздачы. Анжаліка вярнулася з рашэннем падаць на развод — але нечакана высветлілася, што яна цяжарная.

У выніку шлюб нічым добрым не скончыўся. Сёлета ў студзені пара пайшла ў суд афармляць развод, апісвае былая жонка. Цяпер Анжаліка абвінавачвае Аляксея ў шмат чым: ад таго, што ён выносіў службовыя дакументы з працы, да хатняга гвалту.
Жанчына сцвярджае, што шмат гадоў сілавік здзекаваўся з жонкі і дачок, старэйшае дзіця (гэта дачка Анжалікі ад першага шлюбу) давёў да спробы суіцыду: «Калі хапаў мяне за горла, я казала: «Бі!». Ён казаў: «Я знішчу цябе так, у мяне сувязі і пагоны».
Адбылося, з яе словаў, ужо некалькі судоў. Анжаліка піша, што яе былы муж прайграў усе працэсы і цяпер абавязан сплаціць ёй 15 400 рублёў — але просіць у суда растэрміноўку на два гады.

Трэба адзначыць, што раней кар'ера Аляксея ішла ўгору. Па інфармацыі ад Belpol, да 2018 года Губіч працаваў у Дэпартаменце выканання пакаранняў і галоўным упраўленні ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама.
У 2020 годзе (тады пара пазнаёмілася) мужчына быў падпалкоўнікам у цэнтральным апараце МУС, працаваў ва ўпраўленні міжнароднага супрацоўніцтва старшым інспектарам па асаблівых даручэннях.
Яшчэ ў 2024 годзе Губіч сядзеў на ідэалагічнай лекцыі для кіраўніцтва і супрацоўнікаў падраздзяленняў цэнтральнага апарата і цэнтральнага падпарадкавання Міністэрства ўнутраных спраў — слухаў пра Саюзную дзяржаву.
А летась ён лятаў па працоўных пытаннях у В'етнам.

Але нешта ў кар’еры Аляксея зламалася — яго панізілі і адправілі працаваць участковым.
Анжаліка сцвярджае, што ўсё гэта праз яе намаганні. Жанчына дайшла да міністра ўнутраных спраў — пасля чаго Губіч атрымаў строгае дысцыплінарнае спагнанне і быў паніжаны на службе.

Сілавік жа на сваю нечаканую папулярнасць у сацсетках пакрыўдзіўся. Анжаліка распавядала, што чатыры гадзіны правяла ў пастарунку — аказваецца, былы муж напісаў на яе заяву за разгалошванне асабістых звестак.
Цяпер жа яна паведаміла, што адбыўся суд: Анжаліку аштрафавалі на 5 базавых (гэта 225 рублёў). Кажа, што былы муж «плакаў вельмі, казаў, што яго ўсе пазнаюць».

Жанчына лічыць, што нічога не парушыла, бо артыкул з імем, прозвішчам і пасадай яе былога ўжо апублікавала газета «Прысталічча». Плюс да таго, імя і прозвішча ўчастковага змешчаныя на розных стэндах.
Каментары