Недалёка ад аўстрыйскага горада Імст, што ў федэральнай зямлі Ціроль, у аўтамабільным тунэлі адбылася аварыя з удзелам грузавіка, якім кіраваў беларус. Пра гэта паведаміла мясцовая паліцыя, піша сайт «Беларусь и мир».

ДТЗ здарылася ў чацвер 2 ліпеня днём каля 12:10 у Ропенскім тунэлі на аўтабане А12, дзе з-за дарожных работ рух ажыццяўляўся па адной трубе.
Фура пад кіраваннем 42‑гадовага беларуса накіроўвалася ў бок горада Брэгенц, у той час як легкавы аўтамабіль з 60‑гадовым аўстрыйцам за рулём — у іншы бок.
З пакуль невядомых прычын легкавік выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з паўпрычэпам аўтацягніка, пасля чаго яго занесла і развярнула ўпоперак праезнай часткі.

Аўстрыец атрымаў траўмы неўстаноўленай ступені цяжкасці і пасля аказання першай дапамогі быў дастаўлены на хуткай у бальніцу горада Замс. Беларус не пацярпеў.
Абодва транспартныя сродкі атрымалі значныя пашкоджанні. Тунэль быў закрыты прыкладна да 14:00 на час правядзення ачышчальных работ. Рух арганізавалі ў аб’езд.
Каментары