Кіно22

Вячэра, пасля якой ужо не будзе як раней

Сямейная пара запрашае на вячэру сваіх суседзяў, разлічваючы на звычайны прыемны вечар. Аднак сустрэча хутка ператвараецца ў ланцуг шчырых прызнанняў, правакацыйных размоў і нечаканых адкрыццяў. Чым усё гэта скончыцца — галоўная інтрыга фільма «Запрашэнне», які ўжо можна паглядзець у кінатэатрах Беларусі.

Фота: imdb.com

Сёлета летні кінапракат запоўнены супергероямі, старажытнагрэцкімі ваярамі, іншапланетнікамі і героямі прыгодніцкіх фільмаў. На гэтым фоне «Запрашэнне» (The Invite) выглядае амаль анамаліяй. Тут няма ні эпічных бітваў, ні спецэфектаў, ні пагоняў.

На першы погляд, «Запрашэнне» — чарговая камедыя пра сямейную пару, якая трапляе ў няёмкую сітуацыю. Насамрэч фільм не з'яўляецца арыгінальнай гісторыяй — гэта англамоўны рымейк іспанскай стужкі Sentimental (2020), знятай паводле папулярнай п'есы Els veïns de dalt («Суседзі зверху») рэжысёра і драматурга Сеска Гая.

Амерыканскую адаптацыю зняла актрыса і рэжысёрка Алівія Уайлд, якая таксама выканала адну з галоўных роляў. Яе партнёрамі па здымачнай пляцоўцы сталі Сэт Роген, Пенелопа Крус і Эдвард Нортан.

У фільма камерны фармат — амаль усё дзеянне адбываецца ў адной кватэры ў Сан-Францыска. Уайлд вырашыла весці здымкі ў храналагічным парадку — ад першай сцэны да апошняй. Паводле рэжысёркі, гэта дазволіла акцёрам паступова пражываць развіццё сваіх персанажаў. Акрамя таго, фільм здымалі на 35‑міліметровую плёнку. Паводле Уайлд, гэта прымушала ўсіх загадзя вызначацца з тым, як павінна выглядаць кожная сцэна, і быць упэўненымі ў сваіх рашэннях, бо расход плёнкі быў абмежаваны.

У цэнтры гісторыі — сямейная пара Джо (Сэт Роген) і Анджэла (Алівія Уайлд), чый шлюб ужо даўно перажывае не найлепшыя часы. Іх новыя суседзі зверху — Піна (Пенелопа Крус) і Хок (Эдвард Нортан) — вядуць настолькі бурнае інтымнае жыццё, што рэгулярна не даюць спаць Джо і Анджэле. Каб лепш пазнаёміцца з суседзямі, Анджэла запрашае іх на вячэру, хоць для яе мужа гэта становіцца поўнай нечаканасцю.

Атмасфера за сталом паступова становіцца ўсё больш напружанай. Размова пераходзіць ад ветлівай гутаркі да асабістых прызнанняў, а затым — да ўзаемных папрокаў і нечаканых прапаноў.

Высвятляецца, што Піна і Хок рэгулярна ладзяць групавыя сэксуальныя сустрэчы і лічаць такую форму адносін цалкам натуральнай. Для Джо і Анджэлы, якія даўно пазбягаюць шчырых размоў пра ўласны шлюб, гэта становіцца нагодай упершыню адкрыта пагаварыць пра назапашаныя крыўды, расчараванні і свае сапраўдныя жаданні.

Калі ж госці прапануюць гаспадарам далучыцца да адной з такіх сустрэч, кожнаму з герояў даводзіцца адказаць не толькі на правакацыйную прапанову, але і самому сабе — ці сапраўды ён шчаслівы ў сваіх адносінах.

Па словах Алівіі Уайлд, некаторыя сцэны з'явіліся дзякуючы прапановам саміх акцёраў. Пенелопа Крус, напрыклад, прапанавала дадаць маналог пра перыменапаўзу, якога першапачаткова не было ў сцэнары.

Актрыса палічыла, што яе гераіня — сэксолаг і псіхатэрапеўтка — абавязкова павінна закрануць тэму ўплыву жаночых гармонаў на самаадчуванне і сэксуальнасць. «Калі яна будзе гаварыць пра сэкс, яна павінна гаварыць і пра гэта», — тлумачыла Крус. Ідэя спадабалася рэжысёрцы, і сцэна ўвайшла ў фінальную версію фільма.

Сусветная прэм'ера «Запрашэння» адбылася ў студзені 2026 года на кінафестывалі Sundance. 9 ліпеня стужка выйшла на экраны беларускіх кінатэатраў. На агрэгатары рэцэнзій Rotten Tomatoes фільм мае 96% станоўчых водгукаў ад кінакрытыкаў, а на IMDb яго сярэдняя ацэнка складае 7,8 з 10.

Каментары2

  • Мелатанiн
    17.07.2026
    Упэўнены, што ў фiнале гаспадары пераканалi гасцей, што важлiвей устрымывацца i добра спаць)
  • Знак якасці
    18.07.2026
    Вось зараз падумаў, а Пенялопачка, здаецца, мая улюбёная акторка. Падабаюцца ўсе фільмы з ёй. Глядзеў гэты фільм, і вам трэ

Цяпер чытаюць

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве12

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Усе навіны →
Усе навіны

Каб выправіць прыкус, беларуска рашылася на распілоўванне сківіцы — і не пашкадавала. Але вынесці такую аперацыю зможа не кожны9

Чаму гэтую пісьменніцу ХІХ стагоддзя так часта экранізуюць? У чым яе феномен?2

Як нам па-беларуску перадаваць паняцце wellness?29

ФІФА выключыла магчымасць пераносу фіналу чэмпіянату свету з-за лясных пажараў у Канадзе

Сямёра супрацоўнікаў склада Wildberries у Тамбоўскай вобласці загінулі ў выніку атакі ўкраінскіх дронаў11

Тлушч памерлых людзей стаў новым трэндам у касметалогіі3

Каля Нацыянальнай бібліятэкі выстраілася вялікая чарга на дыджэй-сэт на даху ФОТЫ1

Навукоўцы ўпершыню выявілі падобную да Зямлі планету з атмасферай2

Кітайскі стартап выпусціў ШІ-мадэль, якая абышла амерыканскія аналагі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве12

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць