У 100 гадоў памерла дачка жанчыны, якая нібыта вышыла арнамент для сцяга БССР. А бацька яе загінуў падчас сталінскіх рэпрэсій
Пра смерць 100‑гадовай Зінаіды Пашкевіч, дачкі расстралянага падчас Вялікага тэрору ў 1937 годзе ў Оршы Аляксея Маркевіча, паведамляе Orsha.eu. Жанчына да канца жыцця дабівалася права паставіць помнік свайму бацьку на месцы меркаванага расстрэлу.

Зінаіда Пашкевіч
Упершыню Аляксея Маркевіча асудзілі ў 1932 годзе на адзін год пазбаўлення волі за адмову ўступаць у калгас. Наступным разам супрацоўнікі НКВД прыйшлі па яго 10 кастрычніка 1937 года. Дачка згадвала:
«Калі па яго прыйшлі, ён хацеў уцячы — залезці на дах праз комін і саскочыць. Але ж НКВДшнікі стаялі вакол хаты. Ну і забралі. А мы бяжым за ім следам. Ён кажа: «Дзеткі, не бяжыце». А яны яго — у плечы, у плечы. Потым прывязалі да сядла і змусілі бегчы за канём. І стралялі ўгару, каб нас напалохаць».
Пасля арышту адзінага кармільца жонка Аляксея Маркевіча Матрона з дзецьмі ўцякла з дому і хавалася ў сваякоў. Жылі ў галечы. Да іх ставіліся як да сям'і «ворага народу». Маці адпраўлялі рыць канавы і працаваць у лесе. За працу нічога не плацілі. Ад голаду памерлі двое з шасці дзяцей.
Пераслед Маркевічаў скончыўся толькі пасля вайны. Суседа Саўку, які пісаў даносы, асудзілі. Яму далі 8 гадоў за тое, што ён рваў каласкі на калгасным полі.
Камуністычныя ўлады старанна хавалі інфармацыю пра сапраўдны лёс Аляксея Маркевіча. Амаль 60 гадоў сям'я была перакананая, што бацьку саслалі ў Сібір.
«Мы думалі, што ён далёка сагнаны. І вось мой бацька за свае рукі, за сваю працу загінуў», — згадвала Зінаіда Пашкевіч.
Праўду сям'я даведалася толькі напрыканцы 1990‑х гадоў, калі сын Аркадзь (памёр у 2017 годзе) атрымаў у КДБ даведку пра расстрэл бацькі ў Оршы.
Матрона Маркевіч, жонка Аляксея Маркевіча і маці Зінаіды Пашкевіч, лічыцца аўтаркай арнаменту, які пазней стаў часткай сцяга БССР. Менавіта гэты ўзор прасунуў яе родны брат, навуковец Міхаіл Кацар і прыпісаў аўтарства сястры, хоць цяперашнія навукоўцы моцна сумняюцца, што яна сапраўды мела да яго дачыненне.
У 2015 годзе ў цэнтры Сянна Матроне адкрылі помнік. У мясцовым краязнаўчым музеі жанчыне прысвяцілі асобны стэнд, а прапагандысцкія каналы здымалі пра яе пафасныя рэпартажы. Пры гэтым гісторыю яе мужа старанна змякчаюць ці абыходзяць.
У 2018 годзе Зінаіда Пашкевіч звярнулася ў Аршанскі райвыканкам з просьбай дазволіць паставіць помнік бацьку на адным з меркаваных месцаў расстрэлаў у Оршы — Кабыляцкай гары.
«Сцяг з арнаментам маёй маці, Матроны Сяргееўны Маркевіч, пабываў у космасе, а муж ейны ў бур'яне ляжыць», — пісала яна ў звароце. У тым жа годзе жанчына ўпершыню наведала Кабыляцкую гару.
З дзяржаўным тэрорам сутыкнуліся і нашчадкі расстралянага Аляксея Маркевіча. Ягоная праўнучка таксама трапіла пад палітычныя рэпрэсіі лукашэнкаўскага рэжыму і была вымушаная з'ехаць з Беларусі.
Арнамент на сцягу БССР. Містыфікацыя прафесара Кацара
30 гадоў таму прайшоў рэферэндум, пасля якога замянілі Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг
Сілавікі правялі ператрус у мінскай кватэры вядомага даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча
У Вільні адкрылася выстава, прысвечаная месцу сталінскіх расстрэлаў пад Оршай. Што адбывалася ў Кабыляках?
Вандалы зноў апаганілі мемарыял на месцы сталінскіх расстрэлаў на Аршаншчыне
Каментары