Свет11

Еўрапейскія краіны раскрылі сетку, якая вярбуе падлеткаў-кілераў

Яе кіраўнік хаваецца ў Іране.

Аціла Азімаў пазіраваў з пісталетам за тры месяцы да свайго нападу на выпадковую, як аказалася, ахвяру. Фота: паліцыя Швецыі

У адным з прыгарадаў Стакгольма з цемры зімовай ночы выйшаў мужчына, апрануты ў чорнае. У яго быў пісталет. Ён падышоў да 20‑гадовага Мурада Абдэлькадэра, студэнта, які вяртаўся дадому пасля рабочай змены ў «Макдональдсе», піша Бі-бі-сі.

Узброены чалавек пачаў страляць і працягваў выпускаць у Абдэлькадэра адну кулю за другой, падыходзячы ўсё бліжэй. Апошнюю кулю ён выпусціў у галаву, калі Мурад ужо ляжаў на зямлі.

Забойцам аказаўся 18‑гадовы падлетак Аціла Азімаў. І ў лютым 2025 года ён забіў не таго чалавека.

Азімаў, які атрымаў за гэты напад пажыццёвае пакаранне, стаў кілерам за грошы — яго наняла сетка пад назвай «Факстрот», арганізаваная злачынная групоўка, звязаная з іранскімі ўладамі. Пошук старонніх выканаўцаў для заказных забойстваў — яе спецыялізацыя.

Мяркуецца, што з 2022 года «Факстрот» замовіў каля 35 забойстваў, а таксама здзейсніў напады — паспяховыя або няўдалыя — на еўрапейскія аб’екты, звязаныя з Ізраілем. У двух выпадках выкарыстоўваліся выбуховыя рэчывы і гранаты.

Групоўка наймае для такіх нападаў падлеткаў і абяцае ім наяўныя грошы за выкананне заданняў. Плаціць даводзіцца рэдка, бо выканаўцаў звычайна затрымлівае паліцыя.

Азімава, пазней вылічанага па камерах вонкавага назірання, прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Фота: паліцыя Швецыі

Менавіта так адбылося з нарвежскім падлеткам Ёханэсам Натландам, якога на гэтым тыдні прысяжныя ў Олд-Бэйлі (Цэнтральным крымінальным судзе ў Лондане) прызналі вінаватым у змове з мэтай забойства ў Заходнім Ёркшыры, на поўначы Англіі.

Аператыўная група GRIMM — еўрапейская супольнасць, створаная для барацьбы з гэтай праблемай, — сцвярджае, што маладых кілераў знаходзяць праз сацыяльныя сеткі, а заданні выдаюць ім у фармулёўках, падобных да інструкцый у камп’ютарных гульнях.

Паводле слоў Эндзі Краага з Цэнтра па барацьбе з сур’ёзнай і арганізаванай злачыннасцю пры Еўрапале, уразлівыя маладыя людзі становяцца «кілерамі на аўтсорсінгу».

Рава Маджыд, лідар «Факстрота» разам з Алі Шэхад Ахмедам, адным з найбліжэйшых паплечнікаў. Фота: паліцыя Швецыі

Дыямант Саліху, журналіст-расследавальнік шведскага вяшчальніка SVT, на працягу трох гадоў вывучаў дзейнасць групоўкі «Факстрот» і яе сувязі з Іранам.

«Іранскі рэжым аддае лідару «Факстроту» загады прыцягваць яго сетку да нападаў на сваіх ворагаў, — тлумачыць ён. — Гэта могуць быць дысідэнты, журналісты, настроеныя супраць рэжыму, або людзі, звязаныя з Ізраілем».

Гэтае супрацоўніцтва пачалося пасля кастрычніка 2023 года, калі Маджыд з’ехаў з Турцыі ў Тэгеран.

«Працягваць свабодна жыць у Іране ён мог толькі пры ўмове, што яго людзі будуць дапамагаць рэжыму», — кажа Саліху.

У красавіку 2025 года, праз месяц пасля арышту маладога нарвежца Натланда, якому было ўсяго 18 гадоў, «Факстрот» і сам Рава Маджыд трапілі пад санкцыі ўрада Вялікабрытаніі.

Натланд прыляцеў у Вялікабрытанію спецыяльна для таго, каб выканаць заданне «Факстроту» недзе ў раёне паўночнага горада Хадэрсфілд.

Нарвежац Натланд паказаў паліцыі, якая арыштавала яго, дзе знаходзілася схованка з ганарарам за забойства. Фота: аддзел па барацьбе з тэрарызмам

Выпадак з Натландам добра паказвае метады пошуку наёмных забойцаў.

У юнака з сям’і двух журналістаў са Ставангера ў Нарвегіі было даволі камфортнае дзяцінства, але пасля захаплення наркотыкамі ён перажыў псіхатычны эпізод, трапіў у рэабілітацыйную клініку, а затым ненадоўга — яшчэ і ў дзіцячы дом.

Там ён пазнаёміўся з іншым падлеткам, вядомым у сетцы пад нікам UnknownHustler («Невядомы дзялок»).

«Невядомы дзялок» пераслаў Натланду анлайн-запыт з пошукам чалавека, гатовага забіць за грошы.

«Забіць у Англіі, 270К», — гаварылася ў аб’яве. Кошт быў указаны ў нарвежскіх кронах (прыкладна 28 тысяч даляраў).

Аднак прапанову Дзялок атрымаў ад яшчэ аднаго падлетка з мянушкай Генерал. Генералу тады было ўсяго 16 гадоў, а ў дзіцячым доме ён на той момант ужо жыў тры гады.

У выніку Генерал прыцягнуў Натланда да выканання задання.

Пазней падлетка звялі з членам «Факстроту» пад нікам Агент 47 (відавочная спасылка на элітнага кілера з камп’ютарнай гульні Hitman). Шведская паліцыя лічыць, што за гэтым псеўданімам хаваецца Алі Шэхад Ахмед, адзін з блізкіх паплечнікаў лідара «Факстроту».

Агент 47 купіў Натланду білет у адзін бок да Манчэстэра і нават дапамог разабрацца з атрыманнем часовага пашпарта.

У мэсэнджары Signal ён праводзіў яго праз усе этапы падрыхтоўкі, а ў выніку перадаў чалавеку з мянушкай «1», які займаўся лагістыкай.

Згодна з інструкцыямі ў духу камп’ютарных гульняў, «1» забяспечыў нарвежца картай і відэазапісамі, на якіх быў паказаны тайнік са зброяй, схаваны ў лесапасадцы недалёка ад Хадэрсфілда. На іншым відэа было паказана, як знайсці тайнік з узнагародай.

Калі Натланд засяліўся ў гасцініцу ў Хадэрсфілдзе разам са зброяй, «Агент 47» даслаў яму яшчэ адно паведамленне: «На заўтра ў нас шмат спраў».

Завяршыць гэтыя «справы» нарвежскі падлетак не паспеў, бо быў арыштаваны. Каго менавіта яму трэба было забіць, ён так і не даведаўся.

Аддзел па барацьбе з тэрарызмам спрабуе высветліць, ці мела запланаванае забойства дачыненне да Ірана.

Юны «Генерал», які завербаваў Натланда для забойства, быў даволі актыўным пасярэднікам.У Швецыі для выканання смяротных заказаў ён наняў Ацілу Азімава, які цяпер адбывае пажыццёвае пакаранне, а таксама яшчэ аднаго 17‑гадовага юнака, які за тры тыдні да нападу Азімава забіў мужчыну па імені Ахмед Замзам, які жыў у Лундзе на поўдні Швецыі.

Два падлеткі-кілеры не атрымалі аплаты, бо трапіліся паліцыі.

Журналіст Саліху кажа, што гэта вельмі характэрна для «Факстроту»: «Ім усё роўна, што падлеткаў зловяць. Калі іх затрымаюць, яны ўжо не змогуць патрабаваць абяцаны ганарар. Мы не ведаем ніводнага выпадку, калі б гэтым непаўналетнім кілерам заплацілі».

«Яны наўмысна шукаюць усё маладзейшых падлеткаў — тыя менш думаюць пра наступствы і больш ахвотна ідуць на рызыку», — кажа Саліху.

Генерал у выніку трапіўся пасля таго, як паспрабаваў арганізаваць забойства 14‑гадовага сына нарвежскага паліцэйскага. Для гэтага ён наняў двух падлеткаў — 15 і 17 гадоў.

15‑гадовы падлетак у выніку расказаў пра ўсё паліцыі. Калі Генерала арыштавалі, у ягоным тэлефоне знайшлі згадкі пра планаваны напад у брытанскім Хадэрсфілдзе. Так быў затрыманы і Натланд.

У маі гэтага года Генерал быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі.

За 15 месяцаў з моманту стварэння аператыўнай групы GRIMM ужо ёсць пэўныя вынікі. Было праведзена больш за 280 арыштаў, сярод затрыманых апынуліся важныя падазраваныя.

Адным з найбольш значных стала затрыманне Алі Шэхада Ахмеда — таго самага «Агента 47». Яго арыштавалі ў курдскім горадзе Сулейманія ў Іраку. Швецыя запытала яго экстрадыцыю.

Алі Шэхад Ахмеда арыштавалі ў Іраку, Швецыя дамагаецца яго выдачы. Фота: разведка Ірака

Стэфан Хэктар, намеснік кіраўніка Нацыянальнага паліцэйскага камісарыята Швецыі, заявіў, што яго ведамства пастаянна пашырае супрацоўніцтва з паліцыяй іншых краін, каб паказаць членам злачынных груповак: бяспечнага месца для іх няма нідзе.

У маі ў Тунісе быў арыштаваны Махамед Махдзіды, вядомы пад мянушкай Moewgli, былы рэпер, якому, паводле меркавання шведскай паліцыі, у «Факстроце» належыць далёка не апошняя роля.

Аднак Рава Маджыд па-ранейшаму застаецца па-за дасяжнасцю — у Іране.

«Ён усё яшчэ актыўны, — кажа журналіст Саліху. — І пакуль уся яго сетка дзейнічае, баюся, мы будзем бачыць новыя напады на праціўнікаў іранскага рэжыму».

Наколькі моцна ўдалося ўдарыць па «Факстроту», пакуль незразумела.

Між тым у іх ужо з’явіліся канкурэнты — сетка «Дален» таксама шукае ў інтэрнэце людзей, гатовых забіваць за грошы.

Тое, як хутка гэтыя метады выйшлі за межы Швецыі ў іншыя краіны Скандынавіі, а затым і ў Вялікабрытанію, паказвае, наколькі эфектыўным аказаўся такі спосаб пошуку кілераў.

Каментары1

  • Гідрант незалежнасьці
    03.08.2026
    Маскалі сябры іранскага рэжыма.

Цяпер чытаюць

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць29

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла Мая Кляшторная4

Беларусы пасля паездкі ў Партугалію атрымалі рахунак на 100 тысяч еўра2

У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС4

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць45

Новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра працуе таксама ў Абхазіі2

Зяленскі: Украіна будзе старацца прымусіць РФ скончыць вайну да зімы1

Дрон упаў на пляж пад Геленджыкам, куды ездзіць шмат беларускіх турыстаў — загінулі шэсць чалавек ВІДЭА24

У Беластоку хуліганы прычапіліся да беларускай сям’і і пачалі яе абражаць24

Першая віцэ-міс Беларусі выйшла замуж ФОТЫ11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць29

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць