У Азербайджане асудзілі групу журналістаў. Яны атрымалі да 15 гадоў зняволення
Выданне Toplum TV пісала пра карупцыю ў краіне

Азербайджанскі суд вынес прысуды дзевяці журналістам незалежнага СМІ Toplum TV, якое, сярод іншага, пісала пра карупцыю ў краіне. Двое заснавальнікаў гэтага медыя атрымалі па 15 гадоў пазбаўлення волі. Іх абвінавацілі ў фінансавых злачынствах, аднак у Азербайджане такія працяглыя тэрміны звычайна прызначаюць тым, каго прызнаюць вінаватымі ў дзяржаўнай здрадзе, піша Бі-бі-сі.
Акіф Гурбанаў і Руслан Іззэтлі, сузаснавальнікі Toplum TV, былі асуджаныя на 15 гадоў. Відэарэдактар Мушфіг Джабараў, а таксама каардынатары праектаў Ількін Амрахаў і Раміль Бабаеў атрымалі па 13 гадоў. Алі Зейналаў, які займаўся навучаннем журналістаў, і заснавальнік Toplum TV Алескер Мамедлі былі асуджаныя на 14 гадоў. Рэпарцёр Фарыд Ісмаілаў і SMM-менеджар Эльмір Абасаў атрымалі па 12 гадоў пазбаўлення волі.
Пры гэтым Мамедлі, вядомы ў краіне юрыст у сферы медыя, цяпер цяжка хворы.
Toplum TV вядома сваімі расследаваннямі пра карупцыю ў азербайджанскіх міністэрствах, сярод чыноўнікаў і членаў іх сем'яў. Выданне таксама распавядае пра рэальны стан эканомікі, цэнзуру і сацыяльныя праблемы.
СМІ падтрымлівае свой сайт, а таксама YouTube-канал, які цяпер мае каля 100 тысяч падпісчыкаў. Выданне працягвае працу, але ўжо з новым складам рэдакцыі.
У сакавіку 2024 года паліцыя правяла ператрус у офісе СМІ ў Азербайджане, апячатала яго і арыштавала амаль увесь склад рэдакцыі.
Прыняты за два гады да гэтага закон аб дзейнасці СМІ, які цалкам забараніў замежнае фінансаванне прэсы ў Азербайджане, дазволіў прад'явіць супрацоўнікам выдання (як і іншых незалежных медыя) абвінавачанні ў кантрабандзе грошай. Пазней да іх дадаліся абвінавачанні ў незаконным прадпрымальніцтве, адмыванні сродкаў, ухіленні ад выплаты падаткаў і падробцы дакументаў.
У рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы пераслед журналістаў гэтага СМІ быў названы «заглушэннем крытычных галасоў» у Азербайджане. У абарону Toplum TV таксама выступілі праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Рэпарцёры без межаў», якія заявілі, што журналісты сталі «ахвярамі дзяржаўнага пераследу незалежных СМІ ў Азербайджане».
Каментары