Грамадства1010

Ціханоўская: Я званіла Сяргею ў ЗША кожны вечар, правярала хатнія заданні дзяцей. Але ж ён малайчынка, справіўся

Святлана Ціханоўская ў эфіры «Белсата» расказала пра дзяцей, як лячыла Карнея, і якая Агнія вельмі камунікацыйная і паўсюль адаптуецца.

Скрыншот відэа «Белсат»

 Галоўнай асабістай перамогай да прыходу ў палітыку Святлана Ціханоўская лічыць дзесяць гадоў, укладзеных у рэабілітацыю сына: Карней, які нарадзіўся без слыху і пачуў першыя гукі толькі ў два з паловай гады, змог пайсці ў звычайную школу, а цяпер «без прыпынку гаворыць».

 У «Раніцы з «Белсатам» лідарка дэмсілаў шчыра адказала на асабістыя пытанні: пра ўльтыматум у ЦВК «альбо выязджаеш, альбо ў турму», пра тое, як Сяргей пасля вызвалення даваў рады з дзецьмі, і чым яна ахвяруе дзеля палітыкі.

Прапаганда малюе Святлану Ціханоўскую «звычайнай хатняй гаспадыняй», якая выпадкова апынулася ў палітыцы. Выпадкова — так, пагаджаецца яна, але асабістыя перамогі да 2020 года былі: каля дзесяці гадоў яна ўклала ў рэабілітацыю сына Карнея, які нарадзіўся без слыху.

«Ёсць ужо такія сістэмы кахлеарнай імплантацыі — такі штучны слых.

І зрабілі майму сыну такую аперацыю досыць позна, у два з паловай гады. Звычайна такую аперацыю робяць у першыя тры-чатыры месяцы жыцця немаўляткі, і тады рэабілітацыя ідзе як у звычайнага чалавека. А калі мой сын пачуў першыя гукі толькі ў два з паловай гады — мы згубілі вельмі шмат часу. Кожны дзень мы хадзілі да спецыялістаў, кожны дзень займаліся дома. Свет гукаў адкрывалі», — расказвае Ціханоўская.

Аднаго моманту перамогі, кажа яна, не было: перамогай былі першыя гукі, першае слова, першы сказ. А вынік — сын змог пайсці ў звычайную школу, не ў спецыяльную. Цяпер Карнею 16, і ён «без прыпынку гаворыць».

«І гэта для мяне такое шчасце! Я памятаю, як мы гэтага дабіваліся. Ёсць цяжкасці, але ж мы справімся з усім», — кажа Ціханоўская.

На пачатку 2020‑га Святлана вырашыла, што зрабіла ўсё, што магла: «Ну ўсё, я буду займацца сабой». Пайшла настаўніцай у анлайн-школу, але, як яна кажа, тут «здарыўся дваццаты год».

Святлана таксама адзначае, што ўсе тыя гады, калі яна займалася дзецьмі, сям'ю матэрыяльна забяспечваў Сяргей, бо працаваць яна не магла. «Вялікая ўдзячнасць у мяне да Сяргея», — кажа Ціханоўская.

Пра дачку: «Душа так не баліць»

Малодшая, Агнія, расла зусім іначай — «вельмі камунікацыйная», паўсюль адаптуецца.

«Зараз мы шукаем школу для дзетак: Карнею ўсё роўна ёсць патрэба асаблівая, а ўжо Агнія куды пойдзе, туды пойдзе. Яна паўсюль адаптуецца. Так, можа, нельга казаць, але за яе вось душа так не баліць, бо, ведаеце, калі пытаюць маці, якога дзіцёнка ты больш за ўсё любіш, то адказ — таго, якому зараз найгорш», — тлумачыць Святлана.

Пра медыцыну ў Беларусі: «сем колаў пекла» камісій

Насамрэч на беларускую медыцыну ў сваім выпадку Ціханоўская шмат скардзіцца не можа: кахлеарны імплант быў закуплены за кошт дзяржавы (праўда, адзін — у Польшчы і Літве робяць адразу на два вухі), рэабілітацыя таксама была забяспечаная. Але сістэма атрымання інваліднасці — зусім іншая справа.

«У Літве ў мяне адзін паход да доктара і ў сацбяспеку — усё. А я памятаю ў Беларусі гэтыя камісіі бясконцыя: быццам слых можа вярнуцца, ты павінен гэтыя камісіі зноў праходзіць. Гэта вельмі прыніжае», — кажа Ціханоўская і спадзяецца, што рэформы, якія зараз пішуцца, выправяць гэтую сітуацыю.

Самае цяжкае рашэнне: з'ехаць ці застацца

У размове Святлана ўзгадала, як у жніўні 2020-га, пасля сустрэчы ў Цэнтрвыбаркаме, яе паставілі перад выбарам. «Ты з гэтага кабінета альбо выязджаеш, альбо ў турму», — сказалі ёй. І дадалі пра дзяцей, якія ўжо на той момант знаходзіліся за мяжой: «Мы ведаем, дзе вашыя дзеці, не думайце…»

«Я думаю, што гэта было самым цяжкім рашэннем за ўсю перадвыбарную кампанію — з'ехаць ці застацца. Гэта была цяжкая ўнутраная барацьба», — прызнаецца Святлана.

Чаму з'ехала? Калі б Сяргей не быў у турме і за дзецьмі было каму глядзець — магчыма, рашэнне было б іншым.

«Гэта была ўнутраная барацьба паміж мамай і актывісткай на той час. І, можа, мужчына на маім месцы выбраў бы актывізм, але ж маё сэрца належала дзецям, і я разумела, што павінна была іх даглядаць», — кажа Ціханоўская.

Пры гэтым яна падкрэслівае: у той час кожны прымаў цяжкія рашэнні — і Марыя Калеснікава, якая ўключылася ў кампанію замест Віктара Бабарыкі, і супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання, якія сказалі «не». «Я бачыла, што вакол мяне людзі таксама прымаюць цяжкія рашэнні. Гэта было маральна лягчэй зрабіць, бо ты ведаеш, што ты не адзін», — узгадвае Святлана.

Як Сяргей даваў рады з дзецьмі

Пасля вызвалення Сяргей Ціханоўскі забраў дзяцей з сабой у Амерыку. Ці справіўся бацька, які да турмы «не шмат займаўся дзецьмі, больш працаваў»?

«Не, ну слухайце, я званіла кожны вечар, канечне, правярала хатнія заданні. Але ж ён малайчынка. Ён справіўся. Пяцігадовы перапынак — і вельмі добра ён вытрымаў гэта ўсё. І толькі скардзіўся, што трэба гатаваць пастаянна, нешта прыбіраць, а яны непаслухмяныя», — смяецца Святлана.

«Я ж прыбіраюся сама, не хвалюйцеся»

Насуперак чуткам пра тое, што Ціханоўскую абслугоўвае шмат слугаў, побыт лідаркі дэмсілаў выглядае цалкам звычайна: ёсць няня, якая займаецца дзецьмі, калі маці ў раз'ездах: «адвезці-прывезці і ўрокі павучыць». Астатняе — сама.

«Я ж прыбіраюся сама, не хвалюйцеся. Хаджу ў крамы і гатую», — кажа Ціханоўская.

Як яна ўсё паспявае паміж міжнароднымі сустрэчамі? «Як любая іншая жанчына. Мы — жанчыны, і гэтым усё сказана», — адзначае Святлана і дадае без драматызацыі: праз тыя ж выпрабаванні прайшлі тысячы вымушаных з'ехаць беларусаў.

«Людзі думаюць пра сябе, што яны нашмат слабейшыя, чым яны на самой справе з'яўляюцца. І калі жыццё ставіць цябе вось у гэтыя абставіны, ты проста выкараскваешся», — лічыць Святлана.

«Я ахвяравала сваёй роллю маці»

Ці даводзілася прымаць рашэнні на карысць Беларусі, а не дзяцей? Так яна жыве з 2020 года, прызнаецца Ціханоўская.

«Я нават забываюся, у якім класе мае дзеці. Я такая маці: прыязджаю на выхадных, каб правесці час з імі — як быццам я даганяю тое, што не змагла за тыдзень зрабіць з імі. І так, я думаю, што я зараз ахвяравала сваёй роллю маці на карысць ролі палітыка», — кажа яна.

Святлана шмат размаўляла з дзецьмі пра гэта: чаму тата за кратамі, чаму давялося з'ехаць. «Такі вам выпаў лёс, і я спадзяюся, што вы бачыце тыя ахвяры», — кажа маці дзецям, якія сумуюць па родных, летніках і сваіх кватэрах. А думка пра вяртанне на Радзіму «прысутнічае ў жыцці нашай сям'і» пастаянна, адзначае беларуская дэмакратычная лідарка.

Пра пагрозы дзецям: «Гэта было ўпершыню ў такім фармаце»

Нядаўна СМІ абляцела гісторыя пра нібыта падрыхтоўку нападу на Ціханоўскую і яе дзяцей у Варшаве. Званкі і дзіўныя паведамленні ў Telegram былі і раней, кажа палітык, але пагрозы менавіта дзецям — упершыню.

«Я ведаю, што гэтым кейсам займаюцца прафесіяналы. Але ж ты разумееш, што я сябе не стаўлю ў нейкае асобнае становішча. Я такая ж беларуска, як і шматлікія беларусы, якім таксама пагражаюць. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся», — кажа Ціханоўская.

І дадае: тое, што такія кейсы выкрываюцца, — добра, бо дазваляе зразумець, да чаго рыхтавацца

«Дбайце, канечне, пра бяспеку. Бо тое, што мы, беларусы, аб'яднаныя, тое, што мы выстаялі, тое, што мы ўзмацніліся, тое, што мы працягваем нашу працу — гэта, канечне, вельмі перашкаджае нейкім планам рэжыму», — заклікае лідарка дэмсілаў.

Каментары10

  • Аптека, Улица, Фонарь
    01.08.2026
    Она была актрисою и даже за кулисами
    Играла роль, а зрителем был я.
    В душе её таинственной мирились ложь и истина
    Актрисы непростого ремесла.
    Ему единственно верна хотела быть она. (с)
  • имя
    01.08.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Ё
    01.08.2026
    Аб іх складалі лягенды: бой драздоўскай сямейкі супраць варшаўскай. Хто каго нагне?! Зоркі першай велічыні: Саша 3% і Мікалай- малодшы супраць Сярогі і Лідаркі. Толькі самыя кранальныя гісторыі: Як Саша ў народ хадзіў, як Мікалай вучыўся на граць на піяніне, а таксама неверагодная гісторыя кахання Сярогі і Лідаркі.
    Чытайце на НН!

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу4

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

Пасольства ЗША ў Маскве папярэдзіла пра пагрозу тэракта ў адным з расійскіх музеяў. Так было і перад «Крокусам»3

«Дык якія ж вялікія ў вас шляхцічы былі!» Прэм'ер Ірландыі пажартаваў, прымаючы ад Ціханоўскай слуцкі пояс13

Яшчэ два спадарожнікі расійскага аналага Starlink пачалі падаць на зямлю3

«Белтэлекам» пакуль адмяніў анансаванае павышэнне тарыфаў

У Лідзе бабуля падарыла кватэру ўнучцы, а пасля вяртала яе праз суд

Людзі, эвакуяваныя з Алешак, ужо ва Украіне3

У Японіі цягнік сышоў з рэек пасля сутыкнення з мядзведзем3

Адкуль у Ціханоўскага крыўда праз грошы на зубы? Разбіраемся ў гісторыі32

«Белавія» зможа купляць самалёты і запчасткі Boeing5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу4

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць