Мужу вядомай беларускай адвакаткі далі ў Расіі 9 гадоў калоніі за хабары. А іх сумесную кватэру ў Выбаргу цішком прадалі
Ёсць версія, што кватэру Ганны Келер і расійскага мытніка Уладзіміра Грамыкі проста хавалі ад расійскіх сілавікоў.

Ганна Келер — вядомая мінская адвакатка. Яна працуе з 2000 года і перадусім спецыялізавалася на сямейных справах, займалася разводамі. У 2016 годзе Келер балатавалася ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад партыі Гайдукевіча, але ўрэшце знялася з выбараў. Кандыдаткай тады запісалі і яе дачку Мілену, якой тады было 22 гады.

Як аказалася, у жыцці самой Ганны Келер разыгралася сямейная драма. У чэрвені 2020 года беларуская адвакатка выйшла замуж за расійскага мытніка Уладзіміра Грамыку. Той займаў хлебную пасаду начальніка аддзела Выбаргскай мытні Расіі — на мяжы з Фінляндыяй.
Шлюб аформілі ў Беларусі. Праз некалькі месяцаў пара набыла аднапакаёвую кватэру ў Выбаргу плошчай 42,3 кв. м. Жылі яны ў розных гарадах: Келер працавала ў Беларусі і перыядычна наведвала мужа, яны разам планавалі рамонт і будучы пераезд у гэтую кватэру.
Прыкладна з 2021 года ў Грамыкі склаліся блізкія адносіны з нейкай Святланай Філенка (Сянько). У 2023 годзе ў мытніка ўзніклі праблемы па службе, ён пачаў выпіваць, а Філенка з чэрвеня па снежань 2023‑га часта бывала ў яго кватэры, дзе яны абмяркоўвалі сітуацыю на працы. Урэшце Грамыка выехаў жыць па розных адрасах у знаёмых, а ключы ад выбаргскай кватэры пакінуў Святлане — «прыглядаць» за жыллём.
25 снежня 2023 года ён звольніўся з мытні на пенсію, а на наступны дзень аформіў на Філенка генеральную даверанасць — фармальна, каб яна займалася яго пенсійнымі справамі, пакуль ён сам не збіраўся быць у Выбаргу.
10 студзеня 2024 года Філенка, дзейнічаючы па гэтай даверанасці ад імя Грамыкі, «прадала» яго сумесную з Келер кватэру сваёй маці — пенсіянерцы Марыі Сянько. У дагаворы была фармулёўка, што на момант продажу Грамыка ў шлюбе не быў — што не адпавядала рэчаіснасці.
18 сакавіка 2024 года Грамыку затрымалі сілавікі — у рамках крымінальнай справы за атрыманне хабараў, — і яму абралі меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Менавіта ў гэты перыяд, пакуль ён знаходзіўся пад следствам і арыштам, і выявілася, што кватэра ўцякае з рук сям'і. Неўзабаве пра гэта даведалася і Ганна Келер — з тэлефоннай размовы з мужам.
Грамыка і Келер падалі ў суд, настойваючы, што ніякай згоды на продаж не давалі, а Філенка скарысталася даверанасцю ў сваіх інтарэсах.
Але Філенка і яе маці выставілі сустрэчны пазоў з зусім іншай версіяй: маўляў, увосень 2023‑га Грамыка, пабойваючыся крымінальнай адказнасці, сам папрасіў Філенка аформіць дзве фіктыўныя здзелкі — па гэтай кватэры (на маці Філенка) і па яшчэ адной, трохпакаёвай кватэры (на сваю сястру Ларысу), каб фармальна вывесці маёмасць з-пад магчымага арышту ў крымінальнай справе. Паводле іх слоў, сястра Грамыкі была ў курсе і нават дзякавала Філенка за «дапамогу».
Суд вывучыў абедзве версіі і прыйшоў да прамежкавай высновы. Здзелку па спрэчнай кватэры (маці Філенка) суд прызнаў фіктыўнай. Гэтую здзелку прызналі несапраўднай, а права ўласнасці аднавілі за Уладзімірам Грамыкам.
А вось па другой кватэры — той, што перайшла сястры Грамыкі, Ларысе, — доказаў фіктыўнасці не знайшлі. Кватэра засталася ва ўласнасці Ларысы Грамыка.
Што да самога былога мытніка, то яму прысудзілі 9 гадоў калоніі строгага рэжыму. Суд вырашыў, што Уладзімір Грамыка браў хабары ад кіроўцаў за тое, каб не даглядаць іх аўтамабілі. Ці застаўся ён у шлюбе з Ганнай Келер, невядома.
Каментары
Он занимал деньги под предлогом ведения концертной деятельности и строительства объектов недвижимости. С сентября 2016 по февраль 2019 год он обманул трех человек, злоупотребил доверием еще трех и завладел 700 тыс. долларов. Плюс фигурант дела о взятках, типа там решали вопросы по поводу строительства и выделения земли. Косач вместе со знакомым склонял директора одной из фирм передать им 1,8 миллиона долларов за положительное решение о выделении участка под строительство жилого дома.