Ізраіль упершыню з сакавіка атакаваў Сірыю, абвінаваціўшы Турцыю ў спробе размясціць войскі на авіябазе ў Ідлібе
«Ізраіль не будзе мірыцца з пагрозамі сваёй бяспецы і вітаў бы вяртанне да статус-кво», — паведаміла канцылярыя Нетаньяху.

Ізраіль у аўторак нанёс удары па авіябазе ў сірыйскай правінцыі Ідліб, паведамлялі сірыйскія СМІ. Урад Ізраіля фактычна пацвердзіў атаку, якая выклікала рэзкае асуджэнне як з боку Турцыі, так і з боку амерыканскага пасланніка ў рэгіёне, які назваў яе «непатрэбнай эскалацыяй», піша Бі-бі-сі.
Як паведаміў у аўторак сірыйскі дзяржаўны тэлеканал Ekhbariya са спасылкай на ваенную крыніцу, Ізраіль нанёс восем авіяўдараў па ўзлётна-пасадачнай паласе і складскіх памяшканнях на авіябазе Абу-эд-Духур на паўднёвым усходзе правінцыі Ідліб. Паводле агенцтва Reuters, яшчэ адна ваенная крыніца і мясцовы жыхар заявілі, што пацярпелых няма.
Гэта першы ўдар Ізраіля па аб'ектах сірыйскага ўрада з сакавіка. МЗС Турцыі асудзіла атаку. «Мы заклікаем міжнародную супольнасць заняць больш рашучую пазіцыю, каб спыніць эскалацыю агрэсіі Ізраіля супраць Сірыі», — гаварылася ў яго заяве.
Канцылярыя ізраільскага прэм'ера Біньяміна Нетаньяху фактычна пацвердзіла атаку, апублікаваўшы позна ўвечары ў аўторак у сацыяльнай сетцы X паведамленне на англійскай мове.
«Ізраіль і Сірыя дамовіліся пра статус-кво ў пытаннях бяспекі, які апынуўся пад пагрозай парушэння з боку Сірыі праз дазвол турэцкім войскам размясціцца на авіябазе недалёка ад Алепа, — гаворыцца ў заяве. — Ізраіль неаднаразова папярэджваў Сірыю, што такое размяшчэнне войскаў створыць пагрозу бяспецы Ізраіля. Сірыя вырашыла праігнараваць гэтыя папярэджанні».
«Ізраіль не будзе мірыцца з пагрозамі сваёй бяспецы і вітаў бы вяртанне да статус-кво», — паведаміла канцылярыя Нетаньяху.
У заяве МЗС Турцыі не ўдакладнялася, ці знаходзіліся яе войскі на сірыйскай базе. «Легкадумныя абвінавачанні, вылучаныя канцылярыяй прэм'ер-міністра Ізраіля, накіраваныя на легітымізацыю незаконных авіяўдараў Ізраіля, якія замахваюцца на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Сірыі», — заявіла Упраўленне камунікацыі Турцыі (цытата паводле агенцтва Anadolu).
Том Барак, пасол ЗША ў Турцыі і спецыяльны пасланнік па Сірыі і Іраку, днём у аўторак напісаў у X, што ізраільскія авіяўдары па авіябазе Абу-эд-Духур «уяўляюць сабой непатрэбную эскалацыю, якая не спрыяе рэгіянальнай стабільнасці». Паводле яго слоў, урад сірыйскага прэзідэнта Ахмеда аш-Шараа «неаднаразова заяўляў пра перавагу дээскалацыі ў адносінах з Ізраілем».
Амерыканскі дыпламат таксама паведаміў, што ЗША працуюць над стварэннем механізму прадухілення канфліктаў паміж Ізраілем, Турцыяй і Сірыяй. Паводле яго слоў, Анкара не была папярэджана пра ізраільскія ўдары, «і, такім чынам, назірала за самалётамі, якія накіроўваліся на поўнач у бок яе тэрыторыі, і таму цалкам абгрунтавана магла падрыхтаваць уласны адказ [на атаку Ізраіля на сірыйскую базу]».
«На шчасце, халодная галава дазволіла прадухіліць далейшае пагаршэнне сітуацыі», — сказаў Барак у тэлефонным інтэрв'ю Reuters.
Міністр замежных спраў Сірыі Асаад Хасан аш-Шыбані заклікаў спыніць атакі, заявіўшы, што Ізраілю варта перагледзець сваю пазіцыю ў дачыненні да Сірыі, паколькі ён супрацьстаіць не толькі Дамаску, але і саюзнікам Сірыі, піша выданне.
«Гэтыя атакі не маюць апраўдання з пункту гледжання бяспекі, — заявіў міністр на сумеснай прэс-канферэнцыі з кіраўніком МАГАТЭ Рафаэлем Гросі ў Дамаску. — Мы і надалей будзем прытрымлівацца дыпламатычнага шляху, каб пераканаць Ізраіль адмовіцца ад гэтай палітыкі і прымусіць яго спыніць атакі на Сірыю».
Авіябаза Абу-эд-Духур, размешчаная прыкладна за 70 км ад турэцкай мяжы, з 2013 года не выкарыстоўваецца ў якасці ваеннага аэрадрома і некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі падчас 14‑гадовай грамадзянскай вайны.
Ізраіль неаднаразова наносіў удары па сірыйскіх войсках пасля звяржэння прэзідэнта Башара Асада ў 2024 годзе, а таксама захапіў тэрыторыі на паўднёвым захадзе краіны.
Мэтамі атак былі ўзбраенне і ваенная тэхніка, а таксама ўрадавыя аб'екты на поўдні і ў цэнтральнай частцы краіны. Апошні раз Ізраіль атакаваў Сірыю ў сакавіку.
Ізраіль з глыбокай недаверлівасцю ставіцца да новых уладаў Сірыі з-за іх ісламісцкага мінулага, нягледзячы на цёплыя адносіны прэзідэнта аш-Шараа з Захадам.
У той жа час аш-Шараа ў ліпені заявіў, што Дамаск імкнецца заключыць з урадам Ізраіля пагадненне аб бяспецы.
Удары ў аўторак адбыліся пасля абвастрэння напружанасці ў сферы бяспекі паміж Ізраілем і Турцыяй і ўзмацнення іх рыторыкі наконт Сірыі. Анкара абвінавачвала Ізраіль у спробах падарваць пазіцыі новай улады. У пачатку жніўня кіраўнік МЗС Турцыі Хакан Фідан заклікаў міжнародную супольнасць аказаць ціск на Ізраіль і прымусіць яго паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Сірыі.
Турцыя, якая мае другую па колькасці войскаў армію ў НАТА і ў жніўні падпісала дамову аб узаемнай абароне з Пакістанам і Саудаўскай Аравіяй, стала адным з галоўных саюзнікаў аш-Шараа. Яна займаецца падрыхтоўкай сірыйскай арміі, дапамагае аднаўляць дзяржаўныя інстытуты і інфраструктуру, а таксама аказвае дыпламатычную падтрымку.
У мінулым годзе Турцыя і Ізраіль ужо анансавалі стварэнне канала сувязі, які дапамог бы пазбягаць інцыдэнтаў у Сірыі, дзе дзейнічаюць узброеныя сілы абедзвюх краін.
Каментары