Сель у Непале і Тыбеце: каля 1500 чалавек загінулі ці зніклі. Большасць з іх — турысты, сярод іх 53 украінцы
Прычынай катастрафічнай паводкі мог стаць апоўзень — велізарны кавалак ледавіка ўпаў у горную раку.

У Непале непадалёк ад мяжы з Кітаем адбылася паводка, выкліканая сходам селявога патоку.
Паводле звестак непальскіх уладаў на раніцу чацвярга, загінулі не менш за 162 чалавекі, а каля 850 чалавек, у тым ліку каля 500 замежнікаў, лічацца зніклымі без вестак. Гэта ў Непале.
Кітайскія СМІ паведамілі пра больш чым 550 зніклых у Тыбеце, з іх 260 — замежнікі. Прычынай катастрафічнай паводкі мог стаць велізарны кавалак лёду, які ўпаў у горную раку, піша Бі-бі-сі.
Праз суткі пасля таго, як на мяжы Непала і Кітая адбылася катастрафічная паводка, паліцыя Непала паведаміла пра 162 знойдзеныя целы. Як заявіла паліцыя раніцай у чацвер, 64 целы былі выяўленыя ў раёнах ніжэй па цячэнні ў акрузе Чытван, яшчэ 26 — ва Усходнім Навалпарасі.
Сярод соцень людзей, месцазнаходжанне якіх па-ранейшаму невядомае, — 28 паліцэйскіх. Сель знёс памежны пераход між Тыбетам і Непалам.
У сераду ўдзень, праз некалькі гадзін пасля здарэння, непальская паліцыя заявіла, што зніклымі без вестак лічацца 579 турыстаў, у тым ліку 466 замежнікаў з 28 розных краін. Сярод зніклых — больш за сотню жыхароў Непала, прыкладна столькі ж грамадзян Індыі, 54 грамадзяніна ЗША і 33 брытанцы.
У Тыбеце, паводле звестак кітайскіх дзяржаўных СМІ на раніцу чацвярга, загінулі як мінімум тры чалавекі, больш за 550 лічацца зніклымі без вестак. Сярод іх — 260 замежных грамадзян.
Усе яны знаходзіліся ў момант паводкі ў раёне памежнага пункта ў Г'ірунгу. Гэта асноўны пункт перасячэння мяжы для турыстаў і транспартных зносін паміж Кітаем і Непалам.
Увечары Міністэрства замежных спраў Украіны паведаміла, што ў Непале зніклі без вестак як мінімум 53 украінскія турысты.
«У МЗС паступіла паведамленне пра знікненне сёння раніцай групы турыстаў з 46 грамадзян Украіны ў зоне стыхійнага бедства, — паведаміла знешнепалітычнае ведамства Украінскай службе Бі-бі-сі. — Усяго, паводле інфармацыі Турысцкай паліцыі Непала, на гэты момант у выніку бедства зніклымі без вестак лічацца 53 грамадзяніна Украіны».
Пры гэтым у МЗС адзначылі, што ў ведамства няма інфармацыі пра знаходжанне ўкраінцаў у спісе загінулых або пацярпелых.
Чаму там аказалася так шмат турыстаў
Раён, дзе адбылося стыхійнае бедства, паводле Асацыяцыі тураператараў Расіі, не вельмі папулярны для арганізаваных тураў. Аднак у гэты час года ў Непале асабліва шмат паломнікаў-будыстаў і індуістаў.
У раёне катастрофы знаходзяцца два месцы паломніцтва, якія шануюць і індуісты, і будысты, і джайны. Гэта возера Мансаровар каля гары Кайлаш у Тыбеце, на кітайскім баку, і возера Госайкунда ў Непале, у раёне Расува.
Кожны год да возера Мансаравар праз Непал едуць і ідуць дзясяткі тысяч турыстаў.
Прычым наведваць возера Мансаровар, а таксама купацца ў возеры Госайкунда прынята перадусім менавіта ў гэты час.
Пешы маршрут да гары Кайлаш вельмі папулярны менавіта цяпер, падчас поўні, якая лічыцца добрым знакам.
Каментары
Сённяшняя поўня - свята ў гонар першага буддысцкага сходу, 500 архатаў дамаўляліся, як захаваць навучэнне апасля таго як майстар сышоў у нірвану.