Грамадства44

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Уявіце працу, дзе па дарозе ў сталовую можна сустрэць людзей з дзясяткаў краін, дзе ты па рабоце пабываеш на Карыбах, у Азіі, Новай Зеландыі. Здаецца, ідэальная прафесія для чалавека, які хоча паглядзець свет. Ёсць толькі адна дэталь: працаваць давядзецца па дзесяць гадзін штодзень. Сем дзён на тыдзень.

Яна Курушка. Скрын відэа: yakurushka / TikTok

Мінчанка Яна Курушка чатыры гады працуе афіцыянткай на круізных лайнерах і расказвае пра гэта ў сацсетках.

У тыктоку, які Яна вядзе з канца 2025 года, у яе амаль 148 тысяч падпісчыкаў. Ютуб-канал яна запусціла ў красавіку 2026 года: за некалькі месяцаў яго аўдыторыя вырасла да 15 тысячы падпісчыкаў, а 205 апублікаваных відэа сумарна набралі больш за 16 мільёнаў праглядаў.

Як згадвае ў відэа Яна, да працы на круізным лайнеры яна прыйшла амаль выпадкова. Да гэтага дзяўчына працавала ў сферы грамадскага харчавання ў Мінску і Пецярбургу, а пасля пачатку пандэміі вярнулася ў Беларусь. Ёй хацелася знайсці нешта больш цікавае, таму яна пачала вывучаць вакансіі на круізных лайнерах, знайшла агенцтва і пакінула заяўку.

Працэс пайшоў хутка: пасля двух сумоўяў, адно з якіх праходзіла з прадстаўнікамі круізнай кампаніі на англійскай мове. Праз некалькі дзён Яна атрымала кантракт і занялася афармленнем віз і медыцынскіх дакументаў. Як сцвярджае дзяўчына, усё адбылося вельмі хутка. Заяўку яна падала ў канцы лютага, а ўжо 4 красавіка адправілася на свой першы кантракт.

@yakurushka #cruiselife #workontheship ♬ vlog, chill out, calm daily life(1370843) - SUNNY HOOD STUDIO

«На круізных караблях у вас з'явіцца шмат сяброў і знаёмых з розных краін. Вы загаворыце адразу на некалькіх мовах, часам нават у адным сказе. Вас навучаць танцаваць сальсу і бачату. Знойдзеце для сябе любімую страву з кожнай кухні свету.

Свят стане нашмат больш, бо вы адзначацьмеце не толькі свае, але і святы іншых краін. Кожны дзень тут у кагосьці дзень нараджэння, так што вечарынак будзе шмат. Толькі не забывайцеся, што на караблі кожны дзень — як панядзелак», — кажа ў відэа Яна.

Шэсць месяцаў без выхадных

Звычайны кантракт на круізным лайнеры, паводле Яны, доўжыцца каля шасці месяцаў. Пасля яго супрацоўнік атрымлівае прыкладна два месяцы адпачынку, а затым можа ехаць на наступны кантракт. Пры гэтым працаваць у той жа кампаніі не азначае вяртацца на той жа карабель.

«У нас восем лайнераў. У кожнага свой уласны маршрут. Усе яны знаходзяцца ў розных частках свету. Так што, напрыклад, за адзін кантракт вы можаце паглядзець Еўропу і Карыбскія астравы, а за іншы — Азію, Аўстралію і Новую Зеландыю», — тлумачыць мінчанка.

Але тут жа папярэджвае:

«Калі вы хочаце працаваць на круізах, будзьце гатовыя да таго, што выхадных у вас не будзе. Графік працы — сем дзён на тыдзень па дзесяць гадзін у дзень».

Асобную ўвагу дзяўчына звяртае на працягласць круізаў. Насуперак логіцы, сямісутачныя круізы аказваюцца значна цяжэйшымі за доўгія. Як тлумачыць беларуска, госці за кароткі тыдзень імкнуцца паспець абсалютна ўсё: наведаць усе шоу, павячэраць ва ўсіх рэстаранах і паспрабаваць як мага больш. Гэта стварае вялікую нагрузку на персанал. Акрамя таго, дзень змены пасажыраў, так званы embarkation day, адзін з самых складаных: трэба праводзіць адных гасцей, сустрэць новых і нанова запамінаць імёны і нумары кают.

Расклад супрацоўнікаў, паводле Яны, мяняецца кожны круіз. Існуе так званая ратацыя: графік размеркаваны загадзя, і ў кожнага свая чарга. Камусьці можа пашанцаваць на straight shift, калі працуеш адным вялікім блокам з 11 раніцы да вечара з невялікім перапынкам. Іншыя ж трапляюць на split schedule, калі праца разбіта на часткі: сняданак, ланч і вячэру.

Ёсць і начныя змены — Night Shift. Нягледзячы на тое, што працаваць даводзіцца ўсю ноч, у такіх супрацоўнікаў застаецца цэлы дзень, каб выйсці ў порт.

«Але большасць тут працуе не дзеля падарожжаў, а дзеля заробку», — заўважае Яна.

Да таго ж графік не заўсёды дазваляе выйсці ў горад, і часам даводзіцца любавацца ім толькі з карабля.

«Сёння мы адплываем а трэцяй гадзіне. А мой перапынак — з дзвюх да шасці. Таму прыйдзецца займацца чымсьці іншым. Можна пайсці ў трэнажорную залу ці папіць кавы на опэндэку (адкрытай камеры), паглядзець фільмы, але маё любімае — гэта спаць», — прызнаецца яна ў сацсетках.

Ёсць і больш істотныя нязручнасці:

«На лайнеры ежа не такая, як дома, і ў вас не будзе магчымасці паесці што захочаце і калі захочаце. Сняданак, абед і вячэра па раскладзе, таму часам я выбіраю паспаць даўжэй замест таго, каб паесці. Не хапае сну, сонца і свежага паветра, таму, каб нармальна сябе адчуваць, я п'ю вітаміны».

Дзяўчына таксама расказвае пра строгія правілы пунктуальнасці. Лайнер не чакае нікога. Калі супрацоўнік спазніўся да часу, калі трэба быць на борце — звычайна гэта за гадзіну да адпраўлення, — ён можа атрымаць папярэджанне. А калі ўвогуле не паспеў на карабель, яго могуць звольніць і адправіць дадому з таго порта, дзе ён застаўся. Час адплыцця звязаны з бяспекай, партовым раскладам і выдаткамі кампаніі на стаянку.

Ад кавы да арганізацыі харчавання

За час працы абавязкі Яны мяняліся. Дзяўчына працавала ў розных рэстаранах лайнера і ў бары.

Зараз наша суайчынніца працуе на стойцы браніравання рэстарана — Reservation Desk. Як яна сама ўдакладняе, гэта не павышэнне, а змена абавязкаў пры тым жа заробку. Яна браніруе сталы ў рэстаранах, арганізуе віншаванні для гасцей, а таксама працуе з запытамі тых, хто мае алергіі або асаблівыя патрабаванні да харчавання.

@yakurushka #workontheship #cruiselife ♬ vlog, chill out, calm daily life(1370843) - SUNNY HOOD STUDIO

Адным з самых камфортных месцаў Яна называе бар. Прычына — змена з 6‑й раніцы да 12 гадзін дня. Тут не трэба цягаць цяжкія падносы ці прыбіраць брудныя талеркі. Асноўны занятак — варыць каву і размаўляць з гасцямі.

Многія з іх заходзяць у бар рэгулярна, таму з часам Яна ведае пра іх многае: ад таго, адкуль яны, да імя іх сабакі. Важна таксама памятаць, хто любіць падвойны шот эспрэса, а хто п'е айс-латэ. Такая ўвага можа адбівацца і на чаявых. Хаця а шостай раніцы падтрымліваць размову з гасцямі, паводле Яны, хочацца не заўсёды.

Што адбываецца, калі захварэць

На борце ёсць медыцынскі цэнтр, дзе працуюць доктар і медсёстры. Калі ў супрацоўніка тэмпература, атручэнне або прастуда, яму могуць даць лекі і на некаторы час вызваліць ад працы. Галаўны боль ці марская хвароба, паводле Яны, яшчэ не азначаюць бальнічны: у такім выпадку могуць даць таблетку і адправіць на змену.

@yakurushka #workontheship #cruiselife ♬ vlog, chill out, calm daily life(1370843) - SUNNY HOOD STUDIO

«Калі нешта сур'ёзнае, напрыклад апендыцыт, вас шпіталізуюць у найбліжэйшым порце. Таму што на лайнеры няма аперацыйнай, няма стаматолага, гінеколага, рэнтгена. Кампанія пакрые выдаткі на ваша лячэнне. Калі ў вас нейкая хвароба, якая патрабуе доўгага лячэння, ці вы зацяжаралі, вас адправяць дадому.

Але не хвалюйцеся, вас не занясуць у чорны спіс, і потым, калі захочаце, зможаце вярнуцца. Калі ў вас кавід ці дыярэя, вас ізалююць на пяць дзён. А калі нешта экстранае здараецца пасярод акіяна і няма часу чакаць, прылятае верталёт», — тлумачыць яна.

Што тычыцца сувязі са светам, то, паводле Яны, цяпер на большасці лайнераў працуе Starlink. Для персаналу месенджары часцей за ўсё бясплатныя, але за паўнавартасны інтэрнэт са стрымінгам трэба плаціць. Таму многія супрацоўнікі купляюць мясцовыя сім-карты ў партах альбо карыстаюцца інтэрнэтам у партовых тэрміналах.

@yakurushka #cruiselife #workontheship ♬ vlog, chill out, calm daily life(1370843) - SUNNY HOOD STUDIO

Як уладкавацца на лайнер

Для значнай часткі вакансій спецыяльная вышэйшая адукацыя не патрабуецца. Калі гаворка ідзе пра рэстаран, бар, спа, хаўскіпінг (прыбіранне) і падобныя пазіцыі, асноўнымі фактарамі Яна называе досвед працы і англійскую мову.

Без досведу на некаторыя пазіцыі яшчэ можна трапіць, а без англійскай — практычна не. Чым лепшая мова і большы досвед, тым вышэйшую пасаду і большы заробак можна атрымаць.

Для працы на рэцэпцыі перавагай будзе веданне дадатковых еўрапейскіх моў — напрыклад, італьянскай, французскай, нямецкай ці іспанскай. Для дактароў, інжынераў, афіцэраў і іншых спецыялізаваных пазіцый прафесійная адукацыя, дыпломы і сертыфікаты абавязковыя.

Што тычыцца ўзросту, то ў большасці кампаній мінімальны ўзрост для працаўладкавання — 21 год, хаця на асобныя пазіцыі могуць узяць і з 18. Аднак гэта хутчэй выключэнне.

«Ёсць дзве прычыны, чаму менавіта з дваццаці аднаго. Першая — гэта тое, што лайнер заходзіць у розныя краіны, і ў некаторых з іх ёсць узроставыя абмежаванні для членаў экіпажа. Так што прасцей за ўсё ўсталяваць адзіны мінімальны ўзрост. А другая прычына звязана з алкаголем. Наша кампанія, як і многія іншыя, амерыканская, а там алкаголь дазволены менавіта з 21 года. А на лайнеры вельмі шмат алкаголю: яго і прадаюць, і сервіруюць — і гасцям, і персаналу», — тлумачыць у відэа Яна.

А вось верхняй узроставай мяжы, паводле дзяўчыны, звычайна няма. На лайнерах працуюць і людзі ва ўзросце 50—60 гадоў і старэй.

«Іншае пытанне — наколькі вам самім будзе камфортна. Усё ж такі многія пазіцыі на лайнеры і маральна, і фізічна вельмі цяжкія. Вось я, напрыклад, не ведаю, ці змагу я выцягваць такую працу гадоў у 50», — прызнаецца яна.

Топ-3 самых частых пытанняў ад гасцей лайнера

Яна вылучае тры пытанні, якія госці задаюць ёй часцей за ўсё. Першае — адкуль яна.

«Шмат хто з гасцей не ведае, дзе знаходзіцца Беларусь. Таму гэтая размова заўсёды доўжыцца хвілін 15».

Другое пытанне — колькі яна ўжо працуе на круізах. Паводле Яны, пасля трох-чатырох кантрактаў людзі перастаюць лічыць адпрацаваны час. Прасцей адказаць, колькі засталося да адпачынку.

Трэцяе — ці падабаецца ёй працаваць на лайнеры і ці атрымлівае яна ад гэтага задавальненне.

«Асабліва актуальна недзе а 6‑й раніцы на апошнім месяцы кантракта. Калі ты галодны, стомлены і няма жадання ні з кім размаўляць. Але адказ заўсёды адзін і той жа: праца мары!» — жартуе Яна.

Каментары4

  • Ага
    06.09.2026
    Бывалы, Они там тренируют язык с индусами и филипинцами,а если повезёт тогда с итальянцами)
  • Дайте фото мрази
    06.09.2026
    Бывалы, а чаму менавіта "Сярожу", а не "Франака"? Вы хочаце таксама патрапіць у тэчку Ціханоўскага і Пятрухіна для донараў?
  • Ну-ну
    06.09.2026
    Бывалы, не ўтрымаўся і ляпнуў гадасць.

Цяпер чытаюць

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры4

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Усе навіны →
Усе навіны

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах2

У кавярню ў Мінску нясуць кабачкі ў абмен на каву3

«Яжмаці, яжнараджала»: дэпутат-ваенкам прайшоўся па жанчынах, якія супраць надглядаў у школах45

Мінчук хацеў перавесці без камісіі грошы і страціў 150 рублёў

МЗС Расіі: Сітуацыя складваецца не на карысць Кіева15

«Тут у паловы «карчоў» з Брэста дзіркі скотчам залепленыя». Што могуць праверыць у аўтамабілі на беларуска-польскай мяжы і калі развернуць?

Гістарычны пералом: колькасць пажылых людзей у свеце ўпершыню перавысіла колькасць маленькіх дзяцей16

У нядзелю ў Мінску зменіцца рух грамадскага транспарту

Навукоўцы вызначылі птушку з самым прыгожым спевам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры4

«На караблі кожны дзень — панядзелак». Беларуска расказала пра сваю працу на круізным лайнеры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць