Меркаванні1010

Фядута пра помнік Паскевічу ў Гомелі: Чыгуннай нагой стане на мяжы з Украінай, дэманструючы, што ўжо беларускую зямлю Пецярбург не аддасць

Журналіст, перакладчык, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута ў сваёй калонцы на сайце «Беларускі ПЭН» разважае пра новую хвалю ўвекавечання гісторыі ў Беларусі, што адбываецца ў апошні час. Свой артыкул ён назваў «Акупацыя помнікамі».

Неяк нечакана абрынаецца на нас інфармацыя пра новыя гістарычныя знакі. Вось і блогераў павезлі на месца былой Валадаркі. То-бок Валадарка як вуліца імя Валадарскага засталася, нічога яна не былая. Проста Пішчалаўскі замак страціў гордае званне следчага ізалятара №1 і ператвараецца ў цалкам сучасную зону для забаў.

Не, у адрозненне ад суседзяў па СІЗА, я не абураны тым, што фудкорт ці гатэль будуць адкрытыя ў памяшканнях, «дзе нас катавалі». Можа, таму, што мяне там не катавалі, а тое, што адбывалася, я лічыў не катаваннем, а натуральным у сучаснай Беларусі выпрабаваннем для немаладога дзядзькі, які паспеў прайсці пэўны шлях у палітыцы.

Але ж — супала.

Гісторыю перапісваюць у нас на вачах, прычым не толькі на паперы.

У старым горадзе Кёнігсбергу, дзе яшчэ, напэўна, чуваць крокі старога Імануіла Канта і куды маю маму вывозілі з Беларусі ў Германію, паставілі помнік Міхаілу Мураўёву. Таму самаму. Які «вешальнік». Наўрад ці Міхаіл Мікалаевіч бываў у Кёнігсбергу — можа, транзітам, падчас замежнага паходу імператарскай арміі 1813—1815 гадоў.

Але помнік усталявалі не таму, маладому афіцэру, які перажыў цяжкае раненне, а старому генералу ад інфантэрыі — дакладную копію помніка, усталяванага некалі ў 1898 годзе ў Вільні, як альтэрнатыву ўсталяванаму тады ж юбілейнаму помніку Адаму Міцкевічу.

Маўляў: наце! Вось і цяпер помнік Мураўёву там, у калінінградскім анклаве, тое ж самае, той жа сэнс: наце! І Польшчы: наце! І Літве: наце! І жыхарам Латгаліі: наце! Ну, беларусы — народ рахманы, з’ядуць, нават не задумваючыся.

Цяпер у Гомелі рыхтуюцца ставіць помнік фельдмаршалу Івану Фёдаравічу Паскевічу. Таксама — сімвал. Паскевічам у Польшчы ў 1831—1856 гг. неслухмяных дзяцей палохалі. Я гэта не выдумаў: Восіп Пржэцлаўскі ў нарысе, прысвечаным Генрыку Ржавускаму, які больш за сто гадоў захоўваўся ў рукапісным аддзеле Пушкінскага Дома ў Пецярбургу, напісаў. А Пржэцлаўскі дакладна ведаў, што піша: ён з Паскевічам знаёмы быў, бо займаў у Царстве Польскім не апошняе чыноўніцкае месца.

Паскевіч быў выдатным піяршчыкам. Яго сваяк Грыбаедаў падпісаў мір з Персіяй — а слава дасталася Паскевічу (адсюль — графскае званне Паскевіча-Эрыванскага). Узяўшы за тры дні ў 1831 годзе знясіленую Варшаву, паслаў дакладваць імператару ўнука генералісімуса Суворава.

І Мікалай I ацаніў гэты сімвалічны жэст: Сувораў-унук быў выбачаны навекі (бо заплямлены быў удзелам у дзекабрысцкіх змовах — так-так, уявіце сабе), а Паскевіч атрымаў тытул князя Паскевіча-Варшаўскага.

Вось цяпер помнік князю Варшаўскаму будзе стаяць у Гомелі. Памятаеце, як абураліся бестактоўнасцю радкоў на пастаменце помніка Пушкіну ў Магілёве — тых, з «Паклёпнікам Расіі». Тады ўдалося адбіцца.

Цяпер — не адаб’ёмся. Яго светласць Паскевіч-Эрыванскі-Варшаўскі чыгуннай нагой стане на мяжы з Украінай, дэманструючы, што ўжо беларускую зямлю Пецярбург не аддасць.

Той, імперскі Пецярбург, з якога цяперашняя расійская эліта хоча вывесці сваю генеалогію. І адначасова — той, бандыцкі Пецярбург, з якога яна насамрэч і паходзіць.

І ўсё гэта — з імперска-бандыцкай помпай, з урачыстасцю! Толькі вось унука генералісімуса Суворава не хапае, каб адправіць у крамлёўскія падвалы з адпаведнай рэляцыяй. Не Грызлова ж пасылаць. Ён жа — не Сувораў, а, хутчэй, Навасільцаў, прыстаўлены глядзець і дакладваць.

Кант, на магіле якога яшчэ ў дамураўёўскія часы я пабываў (мама вазіла мяне дзіцем, а потым вадзіла па вуліцах у пошуках таго дома, дзе яна працавала ў 1944—45 гадах), казаў: ёсць два цуды, якім я не перастаю здзіўляцца — зорнаму небу над намі і маральнаму закону ўнутры нас. Я не Кант, зразумела.

Але ёсць яшчэ адзін цуд: бясконцая спроба беларускіх кіраўнічых эліт наступаць на граблі ўласнай памяці, робячы выгляд, што яны не ведаюць, што чыняць.

Саступаючы гісторыю (пядзя за пядзяй, пастамент за пастаментам), перапісваючы гісторыю дзеля імгненнай кан’юнктуры, яны аддаюць тое самае, што ставяць сабе ў заслугу. Суверэнітэт. Незалежнасць.

Ад каго — незалежнасць?

Ад Паскевіча?

Не, спадарства, так яно не атрымліваецца. Цень фельдмаршала будзе з’яўляцца ў снах вашым унукам. Як ёсць, у эпалетах. Нават калі яны не ведаюць, кім быў Паскевіч.

Каментары10

  • Акультэр
    08.09.2026
    ён жа маліу́ся на Валета
  • фыв
    08.09.2026
    Давно кстате бондарева на сутка не была. а то репосты НН висят
  • а п
    08.09.2026
    а пры чым тут Украіна?

Цяпер чытаюць

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна15

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна

Усе навіны →
Усе навіны

«Вам вельмі пашанцавала». Заолаг растлумачыў, ці небяспечныя для чалавека сустрэчы з рыссю3

Жыхар Яраслаўля атрымаў 14 гадоў калоніі за здымкі магіл расійскіх вайскоўцаў. Гэта ацанілі як здраду дзяржаве2

У Чэхіі людзям уначы не даваў спаць вожык, якога зацікавіла бляшанка з-пад піва6

Трамп падарыў сваёй асістэнтцы 45 000 даляраў адпускных5

Рэзервістаў у Маскве пачнуць адпраўляць у атрады па знішчэнні беспілотнікаў2

Жаночы форум з Хакамадай у Мінску перанеслі. А яе імя знікла з анонсаў8

«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам55

Бяляцкі сустрэўся з Коўлам1

У Беларусі ўжо +30°С

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна15

«Калі мне было два гады, сваякі павезлі мяне ў Беларусь». Праз сацсеткі дзяўчына адшукала бацьку-расіяніна — але скончылася гісторыя сумна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць