Меркаванні

Беларусы не купляюць кнігі па-беларуску. Хто вінаваты?

У інтэрв’ю Андрэя Янушкевіча для «Нашай Нівы» шмат тэмаў «на падумаць». Што вінен чытач выдаўцу, а што выдавец — чытачу? Што ім абодвум вінен аўтар? Хто наогул у нашым свеце камусьці штосьці вінен?.. Магчыма, з гэтага і варта пачынаць, піша на Budzma.org Алесь Кіркевіч.

Andrej Januškievič
Андрэй Янушкевіч

Пазіцыя Янушкевіча: беларускі кніжны рынак у тупіку. На радзіме працягваецца пагром айчыннай кнігі. За мяжой, пасля кароткага ўздыму 2020-2022, людзі ужо «астылі». Не гатовыя купляць кнігу з-за мовы. Час, калі гэта было пазіцыяй ці модай на пазіцыю — мінуў. Прыйшлі суворыя будні.

National Geographic па-беларуску. Усе напішуць, ніхто не купіць

Выдавец аказваецца ў сітуацыі паляўнічага з адным набоем. Без права на памылку. Калі выдасі тое, што не зойдзе людзям — «прагарыш». Мышы з’ядуць тыраж на складах. Калі не выдасі нічога — пра цябе забудуць.

Выданне «Гары Потэра» не мела камерцыйнага поспеху. Атрымаўся стрэл сігнальнай ракетай у паветра, каб звярнуць на сябе ўвагу. Выявілася, што далёка не кожны беларускамоўны чытач — фанат Роўлінг. Не кожны фанат «Гары Потэра» — беларускамоўны. Ды нават і беларускамоўны мог прачытаць кнігу шмат год таму: па-расійску ці па-ангельску.

Давайце ўявім, што раптам з’яўляецца беларускамоўная версія National Geographic. Цуд! Нарэшце! Усе пра гэта пішуць. Шмат хто нават купіць першы нумар. Другі — менш. Трэці — яшчэ менш… Урэшце — глянцавыя часопісы кансервуюцца на складах. Побач з «Гары Потэрам».

Не кожнага аўтара хочацца запрасіць у заплечнік

Чаму так? Выпускаючы Айн Рэнд, Хэмінгуэя, Роўлінг па-беларуску мы спрабуем гуляць у нармальнасць. У даросласць. Ёсць грамадства і яму патрэбныя кнігі на сваёй мове. Кнігі, якія чытаюць па ўсім свеце. Бяда ў тым, што дарослым людзям тыя кнігі часта банальна няма куды паставіць у здымнай кватэры ў Познані ці Варшаве… Бібліятэкі збіраюць, калі ўсё добра. У сітуацыі няпэўнага сёння і туманнага заўтра — бібліятэкі распрадаюць. Але гэта паўбяды.

Сама кніга даўно перастала быць крыніцай ведаў — крыніцай атрымання інфармацыі. Для гэтага ёсць сеціва. Таму кніга — гэта або трэнажор для медытацыі ў цягніку (каб не ўтыркацца ў экран тэлефона). Або — артэфакт. Нейкая дадатковая вартасць: правакацыйнае афармленне ці хаця б аўтограф статуснага аўтара.

Што менавіта з гэтых двух складнікаў можа прапанаваць беларускі кніжны рынак? Кнігі добра прадаюцца на прэзентацыях, калі сам аўтар цікавы. Калі з ім можна зрабіць фота. У такім выпадку ты купляеш і нясеш дадому «частку чалавека» — яго прысутнасць. З той агаворкай, што не кожнага аўтара ты хочаш запрасіць дадому ці хаця б у заплечнік.

Іншы варыянт — лёгкае чытво, але тут пытанне: ці ёсць у нас аўтары, здольныя лёгка і пры гэтым якасна пісаць? Як Букоўскі. Зазвычай атрымліваецца або грувастка, або — зусім ні пра што. Скрайнасці. Сярэдняга варыянта для сярэдняга чытаючага беларуса не атрымліваецца. Магчыма, таму, што сярэдняга чытаючага беларуса — проста не існуе.

Дзе вялікі раман пра 2020 год? Няма

Што застаецца? Перавыдаваць Быкава-Геніюш-Пазняка… тых шаноўных людзей, якія, па праўдзе, усё ўжо даўно сказалі. Выдаваць дзіцячыя кнігі: не факт, што дарослыя будуць чытаць іх дзецям, але купяць — у падарунак. Урэшце, выдаваць кнігі ў рамках праектаў, калі сама кніга ніякім чынам не арыентаваная на камерцыйны поспех…

Ну і галоўнае — праблема аўтараў. Аўтару няма сэнсу быць аўтарам. За гэтым не стаіць фінансавая выгада, прызнанне, пазнавальнасць, тэлеэфіры. Адзінае прызнанне — прызнанне «экстрэмістам». Навошта пісаць? Каб што адбылося?.. Таму вельмі часта пішуць аўтары, якія не могуць не пісаць. Але гэта не значыць, што чытачы не могуць іх не чытаць. Таму і не чытаюць.

Па падзеях 2020-га, па вайне ва Украіне, па масавым выгнанні беларусаў за мяжу ў нас не паўстала аніводнага вялікага рамана. 

Падзеі ёсць, а літаратурнага асэнсавання — няма. Аўтар стае важным для нацыі, калі разжоўвае важнае, пераказвае, стварае міф па слядах падзеі, стварае герояў, у якіх чытач пазнае сябе. Такім аўтарам на вуліцы глядзяць услед. Пацісканне рукі — памятаюць усё жыццё. Ці ёсць у нас такія аўтары?

Можа быць, у гэтым прычына? Вінаватыя ўсё ж не чытачы, не выдаўцы, не лічбавае стагоддзе, але — вакуум у літаратуры?..

Каментары

Цяпер чытаюць

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў3

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце Зімоўскага? Ён паздзекаваўся з гібелі карвета «Меркурый»30

Беларус з Кобрына, які ваяваў за Расію, скончыў на фронце жыццё самагубствам5

«Хоць крыху нармальнай ежы». Дзяўчыну прыемна здзівіла меню беларускага цягніка8

Усю сельскую гаспадарку Ельскага раёна аддадуць «Мазырсолі»3

У Англіі выкарыстаныя навагоднія ялінкі закопваюць на пляжах. Навошта?1

Больш за 700 тысяч. Узламаная «Кіберпартызанамі» база Расстата дазволіла ўдакладніць колькасць забітых і зніклых без вестак на вайне расіян6

Мерц: Адмова Украіне ў шляху да НАТА ў 2008 годзе была памылкай14

Адстаўлены віцэ-прэм'ер Шулейка будзе ствараць на Гродзеншчыне аграхолдынг2

«Пакуль мы будзем дамаўляцца, Пуцін апынецца ў Ратэрдаме». Генсак НАТА выказаўся супраць стварэння адзінай еўрапейскай арміі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў3

Мінчанка нарадзіла ў Мінску на плошчы Перамогі да прыезду медыкаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць