Раскошнага іранскага самалёта, які ўзяўся лётаць з Тэгерана ў Мінск, хапіла толькі на чатыры рэйсы туды-назад
У Мінск перастаў лётаць незвычайны VIP-авіялайнер іранскай авіякампаніі Atlas Air, які з’явіўся ў раскладзе толькі на некалькі тыдняў. Апошні рэйс з Тэгерана ў Мінск адбыўся 6 верасня, а запланаваны на 13 верасня палёт, паводле адкрытых даных, не выконваўся. Цяпер Мінск увогуле знік са спісу даступных напрамкаў на старонцы браніравання Atlas, піша Blizko.by.

Пра гэты рэйс раней паведамлялася ў сярэдзіне жніўня. Atlas Air планавала выкарыстоўваць для палётаў унікальны McDonnell Douglas MD-87, салон якога быў пераабсталяваны ў люксавы варыянт усяго на 25 пасажыраў. Крэслы раскладаліся ў паўнавартасныя спальныя месцы, у самалёце была асобная зона для перамоў і прыватная прастора. Усё гэта павінна было ствараць атмасферу, больш падобную да пяцізоркавага гатэля, чым да звычайнага авіялайнера.
Кошт квіткоў таксама быў незвычайна высокім. Месца ў адзін бок каштавала прыкладна ад 960 да 1220 даляраў, а білет туды і назад — да 2400 даляраў. Пры гэтым дакладную цану ў цвёрдай валюце было складана вызначыць праз асаблівасці іранскага цэнаўтварэння і высокую інфляцыю.

Першы рэгулярны рэйс Тэгеран — Мінск быў запланаваны на 16 жніўня. Да гэтага самалёт ужо прылятаў у Мінск 9 жніўня. Далей рэйсы павінны былі выконвацца раз на тыдзень, па нядзелях.
Аднак у сезонным раскладзе Нацыянальнага аэрапорта Мінск гэтыя рэйсы так і не з’явіліся. Пры гэтым афіцыйны PDF-расклад пасля абвяшчэння пра новы напрамак двойчы абнаўляўся.
Паводле даных Blizko.by, фактычна адбыліся чатыры рэйсы ў кожным напрамку: 16, 23 і 30 жніўня, а таксама 6 верасня. З Тэгерана ў Мінск яны выконваліся пад нумарамі IRH6446 / ATS6446, а з Мінска ў Тэгеран — IRH6447 / ATS6447.
У анлайн-табло Нацыянальнага аэрапорта Мінск гэтыя рэйсы ўдалося заўважыць толькі аднойчы. Пры гэтым у графе «Авіякампанія» насупраць рэйса ATS6446 было пазначана «Прыватныя ўладальнікі». Усе восем пералётаў, аднак, можна было адсачыць праз адкрытыя сэрвісы маніторынгу авіяцыі.


Наступны рэйс павінен быў адбыцца 13 верасня, але яго, паводле даступнай інфармацыі, не было. Пасля гэтага Мінск знік і са спісу напрамкаў, якія можна выбраць пры браніраванні білета на сайце Atlas.
Афіцыйнай інфармацыі пра тое, чаму рэйсы спыніліся, пакуль няма. Пры гэтым у каментарыях да публікацыі іранскай авіякампаніі ў Instagram адзін з карыстальнікаў напісаў, што набываў у Atlas квіток у Стамбул, але пасля быў вымушаны заплаціць вялізны штраф, паколькі аэрапорт Мехрабад у Тэгеране нібыта ануляваў ліцэнзію авіякампаніі. Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі няма.
Падобны выпадак адбыўся, дарэчы, з грузінскай авіякампаніяй Sky Georgia ў жніўні 2009 года. Тады кампанія выканала два рэйсы паміж Батумі і Мінскам як быццам чартарныя, хоць фактычна яны былі рэгулярнымі. Для рэгулярных палётаў патрабуецца адпаведная акрэдытацыя, якой у авіякампаніі не было. Пасля гэтага адзін з запланаваных рэйсаў не адбыўся, бо беларускі бок адмовіўся прымаць самалёт. Дзяржаўныя СМІ тады паведамлялі таксама пра праблемы з дакументамі пілотаў і парушэнні патрабаванняў Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі і беларускага заканадаўства.
Тэлеграм-канал «ОтВинта | Авиация Беларуси» звярнуў увагу яшчэ на адно супадзенне. 8 верасня ЗША ўключылі Atlas Aviation Group, якая працуе пад брэндам Atlas Air Plus, у санкцыйны спіс у рамках больш шырокіх абмежаванняў супраць іранскага авіяцыйнага сектара. Апошні рэйс з Тэгерана ў Мінск адбыўся 6 верасня — за два дні да ўвядзення санкцый. Пасля гэтага рэйсы ў Мінск зніклі з маршрутнай сеткі авіякампаніі. Ці звязаныя гэтыя падзеі паміж сабой, пакуль невядома.
Цяпер чытаюць
Электронную «Беларускую энцыклапедыю», створаную як прастору «верагодных ведаў пра Беларусь», ціха ліквідавалі разам з рэдакцыяй. Купу артыкулаў перадалі Гігіну
Каментары