«МЛ Віцебск» другі год запар заваяваў золата чэмпіянату. БАТЭ вылецеў з вышэйшай лігі
Сёння прайшлі некалькі матчаў апошняга туру чэмпіянату Беларусі па футболе і вызначыліся чэмпіён, уладальнікі срэбра і бронзы. Былы флагман беларускага футболу БАТЭ сенсацыйна вылецеў у першую лігу.

На золата прэтэндавалі тры клубы: «МЛ Віцебск», мінскае «Дынама» і «Іслач». «МЛ Віцебск» перад апошнім турам апярэжджваў іншыя клубы на адзін бал.
Таму мінулагодняму чэмпіёну для сёлетняй перамогі ў першынстве, трэба было згуляць лепш за канкурэнтаў. Прычым усе тры лідары гулялі ў гасцях.
У выніку «МЛ Віцебск» перамог у гасцях «Белшыну» — 2:0, «Дынама» выйграла ў Наваполацку ў «Нафтана», што датэрмінова фінішаваў апошнім, 2:1. А «Іслач» не змагла перамагчы БАТЭ — 1:1.
Такім чынам у «МЛ Віцебска» — золата ў мінскага «Дынама» — срэбра. «Іслач» трэцяя.
БАТЭ, каб застацца ў вышэйшай лізе, трэба было на сваім полі перамагаць «Іслач», і спадзявацца, каб «Дняпро» прайграў «Мінску». «Дняпро» свой матч выйграў 2:0.
БАТЭ згуляла ўнічыю з «Іслаччу» — 1:1 і пакідае вышэйшую лігу.
У гэтым сезоне клуб выйграў толькі пяць матчаў, згуляў 10 ўнічыю і 15 прайграў, забіў найменшую колькасць галоў сярод усіх клубаў — 22.
БАТЭ — 15‑ціразовы чэмпіён краіны, прычым з 2006 да 2018 года нязменна заваёўваў залатыя медалі, рэгулярна гуляў у групавых раўндах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. А потым, у тым ліку і са смерцю нязменнага кіраўніка клуба Анатоля Капскага ў 2018 годзе, статус флагмана беларускага футболу пачаў страчвацца. У 2019, 2020 і 2021 гадах барысаўскі клуб фінішаваў другім, У 2022‑м — трэцім, у 2023‑м пятым, у 2024‑м — восьмым, у мінулым сезоне — 10-м.
«Дняпро», перамогшы «Мінск» 2:0, нават падняўся на 12‑е месца. «Арсенал» заняў 14‑е месца і будзе гуляць стыкавыя матчы са «Слуцкам», што заняў трэцяе месца ў першай лізе.
Тры апошнія матчы будуць згуляныя заўтра: «Славія» Мазыр — «Дынама» Брэст, «Нёман» — «Гомель», «Тарпеда-БелАЗ» — «Баранавічы».
МЛ Віцебск — 68, Дынама Мінск — 67, Іслач — 65, Дынама Брэст — 54, Нёман — 52, Гомель — 46, Віцебск — 40, Тарпеда-БелАЗ — 36, Мінск — 35, Славія — 34, Баранавічы — 31, Дняпро — 29 Белшына — 27, Арсенал — 27, БАТЭ — 25, Нафтан — 17.
Каментары