У Мінск будзе лётаць люксавая авіякампанія з Ірана на ўнікальным самалёце. Цэны куслівыя
У Мінск плануе пачаць рэгулярныя рэйсы іранская авіякампанія Atlas Air, якая спецыялізуецца на VIP– і чартарных перавозках, піша Blizko.by.

У флоце Atlas Air 14 самалётаў, але большасць з іх — невялікія паветраныя судны на 3—5 пасажыраў. Для рэйсаў у Беларусь найбольшую цікавасць уяўляе McDonnell Douglas MD-87, які перавозчык выкарыстоўвае ў раскошнай VIP-кампаноўцы.
Гэты самалёт быў пабудаваны ў 1992 годзе. Раней ён працаваў у Японіі ў Japan Airlines, пасля выкарыстоўваўся ў бізнэс-авіяцыі, а ў 2025 годзе атрымаў іранскую рэгістрацыю і ўвайшоў у флот Atlas Air.

У салоне MD-87 усяго 25 месцаў. Крэслы можна раскласці ў паўнавартасныя спальныя месцы, таксама прадугледжаныя асобная зона для перамоў і прыватная прастора. Такая VIP-кампаноўка для MD-87 сустракаецца вельмі рэдка, а сам гэты тып самалёта цяпер амаль не выкарыстоўваецца ў рэгіёне.
Самалёт Atlas Air ужо прылятаў у Мінск у мінулую нядзелю. Менавіта тады яго і сфатаграфавалі беларускія авіяцыйныя аматары.

Продаж квіткоў ужо пачаўся. Першы рэйс павінен адбыцца 16 жніўня 2026 года, пасля чаго пералёты плануюць выконваць раз на тыдзень — па нядзелях. Пры гэтым на сайце Нацыянальнага аэрапорта Мінск гэтыя рэйсы пакуль не адлюстроўваюцца.'

Кошт пералёту даволі высокі. Квіток з Тэгерана ў Мінск каштуе 179 745 600 іранскіх туманаў, а ў зваротным кірунку — 186 896 600 туманаў.

Туман — умоўная разліковая адзінка, якой у Іране карыстаюцца ў штодзённым жыцці. Афіцыйная валюта краіны — іранскі рыял, пры гэтым адзін туман роўны дзесяці рыялам. Такая сістэма часткова дапамагае спрасціць разлікі на фоне вельмі моцнай інфляцыі і абясцэньвання нацыянальнай валюты.
Паводле афіцыйнага курса Нацбанка Беларусі, 100 тысяч іранскіх рыялаў каштуюць крыху менш за 22 беларускія капейкі. Аднак у Іране існуюць некалькі курсаў валюты — ад афіцыйнага да рынкавага, які значна бліжэйшы да рэальнага кошту рыяла.
Калі пералічыць кошт квіткоў у іншыя валюты, пералёт з Тэгерана ў Мінск абыходзіцца прыкладна ў 3893 беларускія рублі па курсе Нацбанка Беларусі. Паводле афіцыйнага іранскага курса гэта каля 1173 даляраў, а па актуальным рынкавым курсе — каля 961 даляра.
Пералёт з Мінска ў Тэгеран яшчэ даражэйшы — каля 4048 беларускіх рублёў, або 1220 даляраў па афіцыйным іранскім курсе і каля 999 даляраў па рынкавай каціроўцы.
Квіток туды і назад каштуе 366 642 200 туманаў, або 3 666 422 000 рыялаў. Гэта прыкладна 7941 беларускі рубель па курсе Нацбанка Беларусі, 2392 даляры па афіцыйным іранскім курсе або каля 1960 даляраў па актуальным рынкавым курсе.
Такім чынам, гаворка ідзе не пра звычайны бюджэтны авіярэйс, а пра вельмі дарагую VIP-перавозку на рэдкім самалёце з усяго 25 месцамі.

Раней, у 2023 годзе, прамы рэгулярны рэйс паміж Тэгеранам і Мінскам ужо спрабавала выконваць іранская Mahan Air. З 2010 па 2017 год паміж дзвюма сталіцамі таксама лётала «Белавія».
Каментары
Кроме того, Иран уже несколько десятилетий под санкциями, туда не поставляются запчасти для самолетов, используются либо собственные иранские имитации, либо серый импорт, часто тоже от неизвестных производителей