Эканоміка1919

Калій пайшоў у Штаты і даў козыры Лукашэнку. А што з гэтага Трампу? І што зменіцца для «Беларуськалія»?

Беларускія калійныя ўгнаенні адправіліся ў ЗША ўпершыню пасля шматгадовага перапынку. Аб'ём сімвалічны, але гэты крок многае можа змяніць.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Кропля ў моры ці важны крок?

Ужо ў кастрычніку 30 тысяч тон хларыду калію з Беларусі мусіць прыйсці ў порт Новага Арлеана. Гэта будзе першая за чатыры гады партыя беларускіх калійных угнаенняў.

Аб'ём пакуль сімвалічны, бо да ўвядзення санкцый у 2021 годзе Беларусь пастаўляла ў ЗША больш за 700 тысяч тон калійных угнаенняў штогод. Але гэтая сімвалічнасць тут важная. Прычым не толькі для Беларусі, але і для Злучаных Штатаў.

Агулам раней пастаўкі з Беларусі пакрывалі каля 10% патрэб ЗША ў калійных угнаеннях. Асноўным жа пастаўшчыком для Штатаў традыцыйна з'яўлялася Канада. На яе прыходзілася амаль 80% паставак калійных угнаенняў у ЗША.

Калі глядзець у глабальным маштабе, то Беларусь сапраўды важны гулец з амаль 20% сусветнага рынку, саступаючы толькі Канадзе і крыху Расіі.

Тым не менш, зняцце санкцый і вяртанне на рынак ЗША наўрад ці зможа моцна паўплываць як на аб'ёмы здабычы, так і на геаграфію паставак, бо раней на ЗША прыходзілася толькі каля 10% экспарту «Беларуськалія».

Што да аб'ёмаў здабычы, то яны маюць фізічныя абмежаванні незалежна ад вяртання на нейкія рынкі ці з'яўлення новых.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Рэкордныя аб'ёмы здабычы нават пры санкцыях

Па афіцыйнай інфармацыі, сёлета «Беларуськалій» ужо вярнуўся да дасанкцыйных аб'ёмаў і нават перакрочыў іх.

Эксперт BEROC Зміцер Крук звяртае ўвагу, што цяпер здабыча адбываецца не толькі на магутнасцях «Беларуськалія» ў Салігорску, але і на Нежынскім горна-абагачальным камбінаце.

«Нежынскі ГАК дае каля 1 мільёна тон хларыду калію, таму за кошт гэтага яны нарошчваюць аб'ёмы і ставяць гістарычны максімум па аб'ёмах здабычы», — тлумачыць эксперт.

Пры гэтым Крук звяртае ўвагу, што менавіта самі аб'ёмы здабычы не з'яўляюцца фактарам, які адлюстроўвае паспяховасць працы прадпрыемства.

Значна важней, якімі цэнамі прадаецца гэтая прадукцыя, а таксама якія існуюць выдаткі на рэалізацыю.

Ускосныя перавагі

Таму эксперт кажа, што цяпер у Беларусі ёсць дзве задачы: павысіць фактычную цану на астатніх рынках і знізіць выдаткі на рэалізацыю.

«Гэта вельмі важна, паколькі «Беларуськалій» на фоне санкцый і абмежаванняў лагістыкі быў вымушаны дэмпінгаваць і пагаджацца з нізкай (нярынкавай) цаной на іншых рынках, перш за ўсё кітайскім.

Па даных за 2023 год атрымліваецца, што тады ад рынкавай цаны «Беларуськалій» фактычна атрымліваў толькі каля 50% ад рынкавага кошту. Такі вялікі дысконт — гэта сведчанне недахопу перамоўнай моцы, калі яны былі вымушаныя пагаджацца на ўмовы купцоў», — тлумачыць эканаміст.

І на з'яўленне такіх дысконтаў акурат ускосна і ўплывалі амерыканскія санкцыі, бо яны закрывалі доступ на іншыя рынкі.

«А калі прадпрыемства можа казаць, што вось у мяне ёсць іншыя рынкі, ёсць амерыканцы — гэта ўжо само сабою першы значны ўнёсак».

Схематозы больш не патрэбныя?

Другім важным фактарам эканаміст называе тое, што пасля выключэння з амерыканскага санкцыйнага спісу прадпрыемству стане прасцей гандляваць з іншымі краінамі.

«У іншыя краіны, за выключэннем Кітая, пастаўкі ідуць даволі непразрыста. Калі пашукаць па люстэркавай статыстыцы, куды накіроўваюцца нарошчаныя аб'ёмы калію, то па іншых краінах бачныя толькі нязначныя аб'ёмы. Таму ёсць вялікая імавернасць, што пастаўкі адбываюцца праз выкарыстанне кампаній-пракладак, каб не было бачна першакрыніцы. То-бок зноў жа ідзе гаворка пра дадатковыя выдаткі пры пастаўках прадукцыі», — тлумачыць эксперт.

У той жа час, калі кампанія адкрыта вядзе бізнэс з амерыканцамі, то таксічнасць, якая выклікае негатыўныя наступствы, прынамсі часткова знікае. Такім чынам можна скараціць выдаткі на шэрыя схемы.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Супрацоўніцтва з амерыканцамі паляпшае рэпутацыю

«Па даных за 2023-‑2024 гады было відаць, што ў «Беларуськалія» значна выраслі выдаткі на рэалізацыю: транспарт, фрахты, страхоўкі, банкаўскія разлікі і гэтак далей. Гэта зноў жа былі наступствы таксічнасці праз знаходжанне кампаніі пад санкцыямі.

Таму аднаўленне супрацы з амерыканцамі паляпшае рэпутацыю і дае магчымасці карыстацца больш празрыстымі схемамі і, адпаведна, не несці дадатковыя выдаткі», — кажа Крук.

Таму эканаміст яшчэ раз звяртае ўвагу, што менавіта аб'ёмы здабычы і рэалізацыі — не самы важкі паказчык. І не выключае, што Беларусь наогул можа прадаваць угнаенні Штатам па заніжаным кошце, каб іх купля выглядала больш выгаднай у параўнанні з Канадай.

Калійныя распрацоўкі ў Канадзе. Фота: James MacDonald/Bloomberg via Getty Images

«З улікам знешніх, вельмі значных і буйных пазітыўных эфектаў Беларусь можа не планаваць зарабіць на пастаўках у ЗША. Яны могуць быць гатовыя пайсці нават на істотныя страты на такіх пастаўках. Асабліва з улікам заяваў Трампа, што беларускія ўгнаенні будуць абыходзіцца Амерыцы значна танней за канадскія.

Умоўна кажучы, можна атрымаць страты $50‑100 мільёнаў на пастаўках у Штаты, але атрымаць прыбытку на $500 мільёнаў за кошт паставак у іншыя краіны і вяртання рынкаў Бразіліі і Індыі», — тлумачыць Крук.

Якія аб'ёмы ў выніку будуць пастаўленыя ў Штаты, невядома. У тэорыі магутнасцяў «Беларуськалія» хопіць, каб цалкам задаволіць патрэбы ЗША ў калійных угнаеннях. Але ў рэальнасці такое наўрад ці можна сабе ўявіць, бо ў такім выпадку Беларусі давялося б амаль цалкам спыніць пастаўкі, у тым ліку на такі важны рынак, як Кітай.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Белта»

Але тым не менш той факт, што Беларусь у тэорыі можа на 100% пакрываць патрэбы ЗША ва ўгнаеннях, у пэўным сэнсе козыр для Трампа, які вядзе гандлёвыя войны з Канадай.

Санкцыі Еўрасаюза застаюцца балючымі

Пры гэтым для «Беларуськалія» па-ранейшаму важным фактарам застаюцца менавіта санкцыі Еўрасаюза, праз якія беларускія ўгнаенні не толькі не пастаўляюцца ў краіны ЕС, але і не могуць ісці транзітам праз порт Клайпеды, як гэта было ў дасанкцыйныя часы.

Натуральна, што дастаўка праз Літву найбольш выгадная і хуткая ў параўнанні з дастаўкай праз расійскія парты. Выкарыстанне расійскага порта ва Усць-Лузе ў Ленінградскай вобласці падаўжае маршрут і робіць дастаўку больш дарагой. Апроч таго, гэта павялічвае ўзровень залежнасці Беларусі ад Расіі.

Штатам выгадна было б, каб беларускі калій ішоў праз Клайпеду, таму што праз больш нізкія выдаткі на лагістыку прадукцыя будзе абыходзіцца амерыканцам танней.

«Беларуськалій» жа ў сваю чаргу пры вяртанні магчымасці пастаўляць угнаенні праз Клайпеду таксама мог бы пачаць больш зарабляць, напрыклад, на пастаўках на іншыя рынкі, перш за ўсё ў Бразілію, бо менавіта клайпедскі порт быў для прадпрыемства варотамі ў мора.

Наколькі імаверна, што Еўрасаюз і, у прыватнасці, Літва або Латвія ў перспектыве пагодзяцца прапускаць транзітам праз сваю тэрыторыю беларускія ўгнаенні, дакладна таксама невядома.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Images

Прынамсі да вясны 2027 года чакаць нейкіх змен у гэтым кірунку наўрад ці варта, бо да 28 лютага 2027 года дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза, якія могуць быць працягнутыя.

Як будзе развівацца сітуацыя з працягам санкцый, ці будуць абмяркоўваць выключэнне з санкцыйнага спісу «Беларуськалія», прагназаваць немагчыма. Пры гэтым тэарэтычна можа адбыцца так, што пастаўкі беларускіх угнаенняў у ЕС працягнуць заставацца пад санкцыямі Еўрасаюза, а, напрыклад, транзіт у іншыя краіны можа быць дазволены.

Аднак, прынамсі цяпер, пазіцыя Літвы ў дачыненні да беларускага калію і рэжыму Лукашэнкі застаецца нязменнай.

Каментары19

  • .
    24.09.2026
    Лукашенко переживает, чтобы влезть к американцам в "партнеры", думает, если он там и останется, то избежит суда для себя и своей колхозноой семейки.
  • Жвір
    24.09.2026
    Nk, а ці казаў хто, што калій з Беларусі, калі пойдзе ў Штаты(бо покі зарана казаць, што ён пайшоў), дык на замену канадскаму калію ? Правільна казаць, што разам з канадскім, а не на замену. На адным рынку можа прысутнічаць і два, і тры й болей, вытворцы, кожны з сваім інтарэсам.
  • Indrid Cold
    24.09.2026
    TL:DR - нічога, як заўсёды, не будзе.

Цяпер чытаюць

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

ЦРУ папярэдзіла еўрапейскія ўрады аб магчымай атацы расійскіх дронаў на Іспанію, Францыю або Італію5

«На ракеце». Зяленскі рэзка адказаў расійскім журналістам17

У Беларусі можна цалкам законна прадаваць і купляць кватэры і машыны за даляры. Вось як гэта зрабіць7

«Усе мамкі, не разбіраючыся, супраць». Ціханоўскі падзякаваў мужчынам за непублічную падтрымку95

Пачобут у ЗША сустрэўся з Коўлам ФОТАФАКТ2

Сі Дзіньпін прыбыў у ЗША з трохдзённым візітам, Трамп асабіста сустрэў яго ў аэрапорце5

Навукоўцы знайшлі пах, які прымушае людзей больш траціць у сэканд-хэндах

Навукоўцы высветлілі, дзе на Зямлі найбольшыя шанцы перажыць глабальную катастрофу4

«Ён выбраў мяне сам». У Гомелі 19‑гадовая дзяўчына збірае грошы на ўласнага каня5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў15

Памілаваныя 15 чалавек, сярод якіх 13 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць