Беларуса ў ЗША прызналі вінаватым у парушэнні санкцый супраць Расіі
Федэральны суд прысяжных у Бостане прызнаў 37‑гадовага беларускага і амерыканскага грамадзяніна Кірыла Гардзея вінаватым у незаконным вывазе з ЗША ў Расію мас-спектрометра Orbitrap Exploris GC 240 без неабходнай ліцэнзіі, піша Reform.news.

Гардзей быў прызнаны вінаватым па трох абвінавачаннях: змова супраць ЗША, кантрабанда тавараў і незаконны экспарт тавараў, якія падлягаюць экспартнаму кантролю. Максімальнае пакаранне за парушэнне экспартнага кантролю — да 20 гадоў зняволення, за кантрабанду — да 10 гадоў, за змову — да 5 гадоў, таксама магчымыя буйныя штрафы. Прысуд павінны вынесці 12 студзеня 2027 года.
Гардзея затрымалі ў канцы чэрвеня 2024 года. Ён кіраваў транспартна-экспедытарскай кампаніяй Apelsin Logistics у Фларыдзе, якая мела адрас і сайты ў Расіі.
Паводле абвінавачання, у жніўні 2023 года Гардзей аформіў адпраўку спектрометра ва Узбекістан, хоць насамрэч абсталяванне прызначалася для Расіі. Кошт прыбора перавышаў 600 тысяч даляраў. Пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну такое абсталяванне ўнеслі ў спіс тавараў, для экспарту якіх у Расію патрэбная спецыяльная ліцэнзія. Яе ў Гардзея не было. Спектрометр спачатку вывезлі з ЗША ў Турцыю, а адтуль арганізавалі яго дастаўку ў Маскву.
Каментары